«Нам сказалі забіраць дакументы»

У Вячаслава двое дзяцей. Раней яны хадзілі ў дзіцячы сад «Кей-Эс-Ві», у гэтым годзе павінны былі пайсці туды ж у пачатковую школу. 1 верасня бацькам аб'явілі, што пачатак заняткаў прыйдзецца адкласці. На днях быў сход, дзе зноў не прагучала добрых навін.

— Нам сказалі, што шанцаў адкрыцца ў школы ў найбліжэйшы час няма. Была праверка, і тыя патрабаванні па будынку, якія выстаўляе камісія, выканаць нерэальна, — перадае словы адміністрацыі бацька. — Нам адкрытым тэкстам раяць забіраць дакументы і шукаць іншую школу.

Са слоў менчука, цяпер ягоныя дзеці вучацца анлайн, а жонцы давялося ўзяць вымушаны адпачынак (пакінуць першакласнікаў дома адных бацькі пакуль не гатовыя). Вячаслаў стаў абзвоньваць іншыя прыватныя школы ў Савецкім раёне Мінска. Высветліў, што заняткі ў класах не пачаліся ў такіх буйных школах, як Stembridge і Eduhill. Аналагічная сітуацыя там: ёсць пытанні з боку правяраючых органаў.

— А там, між іншым, вучацца сотні дзяцей. Мы яшчэ пачакаем тыдзень. Кажуць, у Eduhill чакаюць нейкіх рашэнняў ад выканкама (школа сёлета заязджае ў новы будынак). Калі і яна не адкрыецца, то прыйдзецца ісці ў дзяржшколу. Жонцы, дарэчы, у пятніцу тэлефанавалі з раённага ўпраўлення адукацыі, сказалі: маўляў, раз вашыя дзеці не вучацца, мы дапаможам уладкаваць іх у дзяржшколу.

— І вы гатовыя пайсці на гэтыя ўмовы?

— У нас няма варыянтаў. Бліжэйшыя да нас прыватныя школы або зачыненыя, ці там ужо няма месцаў. А вазіць дзяцей праз увесь горад мы не можам. Самае сумнае, што я даведаўся пра ўсё гэта толькі 1 верасня. Калі б 1 жніўня, можна было б за месяц знайсці варыянты. А цяпер нам з жонкай трэба працаваць, а дзецям — вучыцца, — тлумачыць сітуацыю Вячаслаў.

Па тэлефоне пацвердзілі, што прыватны сад-школа «Кей-Эс-Ві» вымушана зачыняецца.

— Будынак, у якім мы цяпер знаходзімся, выкарыстоўваецца не па прызначэнні, не прыстасаваны пад школу, — коратка патлумачыла дырэктарка. На сайце напісана, што ўстанова працавала на рынку адукацыйных паслуг 26 гадоў.

«У Мінску адкрылася максімум 10 школ»

Журналісты сталі абзвоньваць іншыя школы і высветлілі: некаторыя з іх сапраўды не адкрыліся 1 верасня. У большасці сваёй парушэнні выяўлены некрытычныя — іх можна ліквідаваць за тыдзень-два, чым адміністрацыі школ і заняліся ў экстраным парадку.

— У нас не знайшлі ценявога навеса, пад якім дзеці могуць схавацца ад сонца або дажджу. Яшчэ ўласнік будынка на той момант не паклаў «адмостку» — гэта такі кавалачак асфальту, які прымыкае да падмурку. Трэба было прывесці яго ў адпаведнасць і правесці выпрабаванні па якасці вады, асветленасці і гэтак далей. Мы ўжо ліквідавалі ўсе парушэнні, чакаем толькі вынікаў па замеры вады. Вельмі спадзяемся, што ўжо ў найбліжэйшыя дні зможам атрымаць усе дазволы і адкрыць школу.

— Бацькі не разбегліся? — запыталіся журналісты прадстаўніка іншай прыватнай школы, дзе дзеці таксама не змаглі сесці за парты 1 верасня.

— А куды бегчы? Ва ўсіх такая сітуацыя. Наколькі я ведаю, у Мінску адкрыліся адзінкавыя школы (ну, максімум 10). Нам увесь час тэлефануюць людзі, пытаюцца, ці ёсць месцы, просяць зрабіць бронь. Вядома, я думаю, што бацькоўскі адток будзе, калі школа не адкрыецца ў бліжэйшы час. Пытанне толькі, куды ўсе гэтыя дзеці пойдуць. Не ўпэўненая, што яны змогуць размеркавацца па іншых прыватных школах.

«Абстаноўка вельмі нервовая, але мы будзем змагацца»

Заснавальнік Мінскай мужчынскай гімназіі пацвярджае: з-за праверак дзеці не могуць прыступіць да вучобы, а набралі ў школу сёлета больш за 1000 чалавек. Заняткі павінны былі пачацца 5 верасня, але пакуль і адміністрацыя, і бацькі знаходзяцца ў падвешаным стане.

 — Правяральшчыкаў вельмі шмат, знаходзяць самыя розныя парушэнні, — здзіўляецца Аляксандр Вялічка. — У нас пажарная інструкцыя не ў тым фармаце раздрукаваная: павінна быць A3, а не A4 — не ўпэўнены, што гэта пагражае жыццю дзяцей. Ці няма палічкі ў кладоўцы. І такіх дробных заўваг шмат. З буйнога — толькі тое, што ў асноўным будынку трэба адрамантаваць фасад. Хоць у нормах я нідзе не бачыў патрабаванняў да фасада.

Фота з сайта Мінскай мужчынскай гімназіі

Фота з сайта Мінскай мужчынскай гімназіі

Па словах заснавальніка, гімназіі прапанавалі перадаць спісы вучняў і іх бацькоў, каб дзяцей можна было размеркаваць па дзяржшколах. Ён не гатовы дзяліцца гэтымі данымі, лічыць, што гэта некарэктна.

— А як бацькі рэагуюць на сітуацыю?

— Становішча вельмі нервовае. Мы будзем змагацца, цяпер ліквідуем усе парушэнні.

Новая прыватная школа «Атмасфера» таксама не змагла пачаць працу з 1 верасня. Заснавальнікі ўзялі ў арэнду вялікі 5-павярховы будынак у Мінску і планавалі набіраць дзяцей з першага па дзясяты класы. Як высветлілі, адміністрацыя атрымала заўвагі ад МНС і Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У школе запэўніваюць, што ўсе парушэнні ліквідаваны, ідуць паўторныя праверкі, заняткі могуць пачацца ўжо ў бліжэйшыя дні.

Пакуль не змаглі прыняць дзяцей і такія буйныя прыватныя школы, як «Інавацыя» і «Горад Сонца», — пацвердзілі гэта па тэлефоне. А вось у Green Hill, напрыклад, усё добра, заняткі ідуць па плане.

— Я так разумею, вы са школы, да якой былі пытанні ў правяральшчыкаў? — цікавіцца адміністратар. — Але ў нас, на жаль, месцаў няма, усё запоўнена.

«Такіх жорсткіх праверак не было ніколі»

Наогул, гэта нармальная практыка для сістэмы адукацыі: у пачатку жніўня міжведамасныя камісіі аб'язджаюць школы (прыватныя і дзяржаўныя) і ацэньваюць іх гатоўнасць да навучальнага года. Па выніках такой праверкі выдаецца сертыфікат гатоўнасці. У гэтым годзе нешта пайшло не так. На сайце Камітэта па адукацыі вывешаны спіс мінскіх прыватных школ — па даных на 31 жніўня, з двух дзясяткаў толькі чатыры атрымалі сертыфікаты гатоўнасці да пачатку навучальнага года.

— Нават калі сертыфікат не быў падпісаны, школам раней не забаранялі працаваць, — на ўмовах ананімнасці распавядае прадстаўнік прыватнай школы. — Гэта заўсёды заставалася на сумленні заснавальнікаў і дырэктара школы, які нясе адказнасць за неўстаноўленыя трывожныя кнопкі, непрымацаваныя дазатары для мыла і гэтак далей.

Сёлета планавыя праверкі ў школах сталі ссоўваць на канец жніўня, хоць звычайна так званы «аб'езд» заканчваецца да 20-га жніўня. І дадаткова ў прыватныя школы прыходзілі з маніторынгамі з МНС і Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

— Гэтыя дзяржорганы маюць права выдаць паперу аб прыпыненні дзейнасці. Наколькі я ведаю, менавіта буйныя прыватныя школы ў Мінску атрымалі такія загады. Невялікім школам таксама маглі не падпісаць сертыфікат гатоўнасці, але прадпісанні аб прыпыненні яны не атрымалі, таму працягваюць працаваць.

Абстаноўка зараз вельмі напружаная. Нават тыя, хто спачатку адкрыта даваў інтэрв'ю, просяць не згадваць назвы школ, чакаюць станоўчых рашэнняў ад органаў праверкі.

— Мы пачыналі яшчэ ў дзевяностых, і такіх жорсткіх праверак не было ніколі, — прызнаецца дырэктар невялікай прыватнай школы. — У першы аб'езд усё прайшло добра, а потым да нас вярнуліся. Сертыфікат аб гатоўнасці школы ў выніку не выдалі. Неафіцыйна далі месяц на ліквідацыю заўваг. Прагучала і тое, што нашу школу могуць закрыць, але пакуль мы працуем. Паглядзім, што будзе далей.

Што адбылося? Адкуль столькі ўвагі да прыватных школ?

Цікава, што пытанні ўзніклі нават да тых школ, якія атрымалі акрэдытацыю ад Дэпартамента кантролю якасці адукацыі. Для гэтага трэба адпавядаць патрабаванням усё тых жа інстанцый: МНС, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, МУС. Усё выразна прапісана: якой павінна быць шырыня калідораў і класных пакояў, ступень асветленасці, колькасць туалетаў, нюансы навучальнай праграмы і гэтак далей.

З-за таго, што працэдура акрэдытацыі няпростая, раней яе праходзілі раз у пяць гадоў толькі тыя прыватныя школы, якія планавалі выдаваць атэстаты пасля дзявятага і адзінаццатага класаў. Пачынаючы з гэтага года ў Міністэрстве адукацыі ад школ патрабуюць акрэдытацыі ўжо ў першы год пасля адкрыцця, не чакаючы выпуску дзяцей.

«Мы павінны наладзіць атэстацыю навучэнцаў на прадмет адпаведнасці засвоенай адукацыйнай праграмы і Дзяржстандарту, — у пачатку жніўня падкрэсліў міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Будзем гэтую працу ўзмацняць, але не для таго, каб кагосьці на чымсьці злавіць, а каб разумець узровень ведаў».

У тым жа інтэрв'ю міністр выказаў незадаволенасць тым, што некаторыя прыватныя школы або дзіцячыя сады размяшчаюцца ў кватэрах, катэджах і «нават аб'ектах гандлю і прамысловасці». Таксама яму не спадабалася, што бацькі навучаюць дзяцей анлайн, а на апошнюю чвэрць спрабуюць перавесці іх у дзяржшколу для атрымання атэстата.

«Таму бацькам, каб быць упэўненымі ў сваіх укладаннях, варта пераканацца ў наяўнасці акрэдытацыі, вывучыць устаноўчыя дакументы, паглядзець ўмовы. Адзначу важнасць уключэння ў гэтыя пытанні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. < … > Менавіта на месцах павінны кантраляваць выкананне патрабаванняў, своечасова фіксаваць і рэагаваць на праблемныя моманты», — заявіў ён.

На днях Андрэй Іванец зноў закрануў тэму прыватнай адукацыі і здзівіўся таму, што толькі 13 прыватных школ маюць акрэдытацыю.

«А рэальна сярэдніх школ у нашай краіне, якія зарэгістраваныя ў адзіным Дзяржрэестры юрыдычных асоб, некалькі сотняў, але яны не прыйшлі ў Дэпартамент па акрэдытацыю. Ім не патрэбны гэты сертыфікат? З 1 верасня ён ім спатрэбіцца, таму што яны не будуць мець права выдаваць дакументы аб адукацыі, а мы не зможам потым перавесці гэта дзіця ў дзяржаўную ўстанову. Гэта ў першую чаргу важна разумець бацькам, калі яны аддаюць сваё дзіця вучыцца», — сказаў міністр.

Акрэдытацыя — гэта не адзіная працэдура, якая чакае ўсе прыватныя школы. Зараз на разглядзе парламентарыяў знаходзіцца праект закона «Аб ліцэнзаванні». Атрымліваць ліцэнзіі, верагодна, абавяжуць дзіцячыя сады, школы, гімназіі і нават дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці.

«Прадугледжваецца прыпыненне або нават спыненне ліцэнзіі, калі ўстанова не пройдзе дзяржаўную акрэдытацыю. Такім чынам, будуць ўзаемазвязаныя дзве асноватворныя працэдуры: ліцэнзаванне (дае права на ажыццяўленне дзейнасці) і дзяржакрэдытацыя (дазваляе выдачу выпускнікам дакументаў аб адукацыі)», — растлумачылі ў Міністэрстве.

Праект закона дэпутаты разгледзяць у другім чытанні на восеньскай сесіі.

Чытайце таксама: 

Як Ірына Абельская аказалася заснавальніцай прыватнай школы ў Драздах 

Клас
7
Панылы сорам
8
Ха-ха
4
Ого
7
Сумна
8
Абуральна
34