Ад сервіроўкі сталоў да мыцця паілак: пашырылі пералік работ, на якія можна наймаць падлеткаў
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі змяніла спіс лёгкіх работ, якія могуць выконваць падлеткі ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў. Адпаведная пастанова № 50 ад 23 жніўня ўступіць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання, якое запланавана на 8 верасня.
Новыя віды работ, якія наймальнік можа даверыць падлеткам 14-16 гадоў, такія:
- узважванне на вагах, камплектаванне, сартаванне, упакоўка тавараў, раскладка на паліцы і ўстаноўка цэннікаў на тавары;
- сервіроўка сталоў і збор бруднага посуду ў кавярнях, рэстаранах і іншых установах грамадскага харчавання;
- прыбіранне клетак, вальераў, загонаў, падсобных памяшканняў і гнездавых дамкоў, мыццё кармушак і паілак;
- рамонт і пераплёт кніг;
- ручное мыццё аўтамабіляў;
- рэстаўрацыйныя работы (але, як і будаўнічыя ды будаўніча-рамонтныя работы, без выкарыстання машын і абсталявання, электрамеханічнага і пнеўматычнай інструмента, небяспечных матэрыялаў, без падымання на вышыню).
Каментары