Як змянілася стаўленне беларусаў да вайны за паўгода — новае сацдаследаванне
Вынікі новага сацапытання амаль не адрозніваюцца ад чэрвеньскага: беларусы не падтрымліваюць дзеянні расійскай арміі, катэгарычна супраць удзелу ў вайне беларускага войска і выступаюць за вывад расійскіх вайскоўцаў з тэрыторыі нашай краіны. Chatham House апублікаваў вынікі апытання за жнівень 2022 года на тэму таго, як вайна Расіі супраць Украіны змяняе погляды беларусаў.
Як праводзілася апытанне
Chatham House апытаў 793 рэспандэнтаў з 4 па 17 жніўня 2022 года. Як і ў мінулы раз, у выбарку трапіла толькі гарадское насельніцтва. Апытанне было праведзенае з дапамогай інтэрнэт-інтэрвʼю (CAWI), то-бок выбарка была абмежаваная карыстальнікамі інтэрнэту, а значыць эканамічна і сацыяльна больш актыўнымі людзьмі. Таму ёсць верагоднасць таго, што падтрымка Лукашэнкі і яго палітыкі ў рэальнасці можа быць трохі вышэйшай, чым адлюстравана ў апытанні.
Але, з іншага боку, даследчыкі прызнаюць, што адхіленні могуць быць і супрацьлеглыя — праз сітуацыю ў Беларусі рэспандэнты маглі не быць дастаткова шчырымі, што таксама мела ўплыў на вынікі.
У апытанні зноў звяртае на сябе ўвагу вялікая колькасць тых, хто не вызначыўся з меркаваннем. Гэта таксама можа быць спосабам пазбегнуць адказу.
Удзел Беларусі ў ваенных дзеяннях
Сацыёлагі задалі беларусам пытанні пра тое, што варта было б зрабіць Беларусі пасля пачатку ваенных дзеянняў паміж Расіяй і Украінай і што варта зрабіць Беларусі ў кантэксце ваенных дзеянняў цяпер.
Беларусы катэгарычна выступаюць супраць удзелу беларускага войска ў вайне. Гэта самы відавочны вынік даследавання.
Толькі 5% апытаных лічаць, што беларусам варта прыняць удзел у ваенных дзеяннях. 5% — гэта агулам і тыя, хто лічыць, што трэба зброяй падтрымаць Расію, і тыя, хто лічыць, што варта падтрымаць Украіну. То-бок гэта ідэя безумоўна маргінальная ў беларускім грамадстве. Аматары разбірацца ў такіх нязначных лічбах убачаць, што колькасць прыхільнікаў падтрымаць Расію на полі бою ў параўнанні з чэрвенем знізілася з 4% да 3%.
Самы папулярны адказ аб правільным сцэнарыі для Беларусі, з пункту гледжання рэспандэнтаў, — «абвясціць аб поўным нейтралітэце краіны, вывесці ўсе замежныя войскі і не выказвацца на карысць ні аднаго з бакоў канфлікту».
Колькасць тых, хто так лічыць, — 28%. Гэта на 4% больш, чым у чэрвені.
Падтрымка ваенных дзеянняў РФ ва Украіне
Амаль палова апытаных — 45% — цалкам не падтрымлівае ці хутчэй не падтрымлівае дзеянні расійскіх войскаў на тэрыторыі Украіны. Каля траціны апытаных падтрымліваюць дзеянні Расіі, і працэнт такіх за чэрвень знізіўся з 33% да 30%.
Стаўленне да расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі
Тут вынікі таксама відавочныя. Амаль палова апытаных — 43% — адмоўна ставяцца да размяшчэння расійскай вайсковай базы на тэрыторыі нашай краіны. Каля чвэрці — 24% — глядзяць на гэта са станоўчага боку.
Прыкладна такія ж вынікі і па размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі: 43% — адмоўна ставяцца да гэтага, 19% — станоўча ці хутчэй станоўча.
Больш падрабязна з вынікамі апытання можна азнаёміцца тут.
Каментары
@https://nashaniva.com/298843