Расіянка стварыла шрыфт Belarus, але беларускага ў ім няшмат
Кацярына Шуляк — выпускніца Школы дызайну ў Санкт-Пецярбургу. Нядаўна на платформе Behance яна апублікавала новы шрыфт з назвай Belarus. Чаму такая назва і як яна звязана з нашай краінай, разбіраўся CityDog.

На стварэнне шрыфта дзяўчыну натхнілі працы cавецкага мастака і графіка Саламона Тэлінгатэра. У ваенны час ён ствараў агітацыйныя плакаты з антыфашысцкімі лозунгамі, працаваў мастаком у газеце «За Радзіму». На першай паласе гэтай газеты часцей за ўсё змяшчалі яркія заклікі і лозунгі, і ў іх былі адметныя шрыфты. Цяпер іх называюць істужачнымі, або stressed sans.
За аснову свайго шрыфта Кацярына ўзяла плакат Тэлінгатэра са словам «Белорус», адсюль і назва праекта.
Плакат дзяўчына абрала абсалютна выпадкова. Кажа, што глядзела асабліва на пабудову літар. Кацярыне ўвогуле падабаецца дызайн 40-х гадоў, бо падобныя шрыфты і плакаты пазнавальныя нават для цяперашняга пакалення, лічыць дзяўчына.
Гісторыя самога плаката «Белорус» невядомая. Ад яго захавалася толькі маляваная застаўка з выявай салдата і маці, якая адпраўляе свайго сына ваяваць.

Як распавядае Кацярына, створаны ёю шрыфт Belarus — гэта сучасная мадыфікацыя «Антыквы» (спецыяльны шрыфт з засечкамі). У адрозненне ад класічнай версіі, тут няма засечак, але ёсць кантраст паміж вертыкальнымі і гарызантальнымі рыскамі.

Па словах Кацярыны, у слове «беларус» хітрая пабудова літар. З-за гэтага прыйшлося дастаткова доўга думаць над апісаннем усяго астатняга алфавіту.
Шрыфт прадстаўлены на лацінцы і кірыліцы. Ён знаходзіцца ў вольным доступе, і выкарыстоўваць яго можна для любой дзейнасці. Галоўнае — пазначыць аўтарства Кацярыны. Файлы са шрыфтамі можна знайсці ў прэзентацыі на старонцы Behance.
Кацярына распавядае, што, нягледзячы на назву шрыфта, дадаваць варыянт на беларускай мове пакуль не плануе. Аднак кажа: калі будзе попыт, то абавязкова зробіць.

Каментары
Тут жа ўсё, як і ёсць зараз.
"БелОрус" без беларускай мовы і беларускіх літар.