«У канцы года плануюцца яшчэ масавыя вучэнні». Гамельчукі распавядаюць, як прайшлі ваенныя зборы
Гамельчукі вяртаюцца з вайсковых збораў, якія ўсхвалявалі грамадскасць сёлета ў кастрычніку. «Флагшток» даведаўся, чым займаліся ваеннаабавязаныя падчас збораў. Паводле іх расповедаў, беларусаў у канцы года чакаюць новыя «масавыя вучэнні».
У кастрычніку «Наша Ніва» паведаміла, што, паводле крыніц, Лукашэнка прыняў прынцыповае рашэнне правесці ў Беларусі патаемную мабілізацыю з мэтай павелічэння колькасці баявых часцей. Яна будзе праходзіць пад выглядам праверкі боегатоўнасці. Таксама стала вядома, што жыхароў Гомельшчыны з пачатку восені сталі масава выклікаць у ваенкаматы. Тады многія грамадзяне не ведалі, як рэагаваць на позвы і ці варта наведваць ваенкамат.
«Флагшток» пагаварыў з двума жыхарамі Гомельскай вобласці, якія восенню 2022 года прайшлі ваенныя зборы і мабілізацыйныя вучэнні. На ўмовах ананімнасці выданне публікуе расповеды Аляксандра і Уладзіміра (імёны змененыя).
Аляксандр (жыхар раённага цэнтра) атрымаў позву на зборы ў пачатку кастрычніка і праходзіў іх на працягу двух тыдняў у войсках Сіл спецыяльных аперацый.
«На даны момант вайсковыя зборы не маюць асаблівай масавасці. Зыходзячы з таго, што Сілы спецыяльных аперацый яшчэ ні разу не рабілі збораў, гэта быў іх эксперымент, на якім яны трэніраваліся. Яны забіралі прадстаўнікоў розных спецыяльнасцяў: нехта перавучваўся на іншы ВУС [ваенна-уліковая спецыяльнасць], а нехта (хто застаўся на штатных пасадах) аднаўляў страчаныя навыкі.
Я не заўважыў, каб вялася падрыхтоўка да канкрэтных дзеянняў. Гэта была класічная праца па метадычках СССР, нейкай вузканакіраванай падрыхтоўкі не было. Адзіная асаблівасць вайсковых збораў — трэба было ўкласціся ў перыяд збораў, таму некаторыя моманты (агнявая падрыхтоўка, да прыкладу) у нас былі ў шчыльным графіку.
Палітрукі, на здзіўленне, ні на што не настройвалі, тым [рэзервістам], хто казаў, што іх адправяць у паўднёва-ўсходнюю частку Беларусі, адказвалі: «Гэта не наша вайна».
З-за таго, што падобных кароткіх збораў раней не праводзілі, былі вялікія праблемы з матэрыяльным забеспячэннем,
хлопцы праз некалькі дзён хадзілі з мазалямі, нехта да крыві сціраўся.
Рады зборам адназначна ніхто не быў: нехта прапусціў магчымасць зарабіць, нехта чакае, калі народзіцца яго дзіця».
Уладзіміра выклікалі на некалькі дзён на мабілізацыйныя вучэнні ад буйнога прадпрыемства Гомеля.
«У нас мабілізацыйныя вучэнні ладзіліся не масавыя. Прыязджалі ваенкамы з усёй вобласці, праводзілі нешта кшталту канферэнцыі. Часта рабілі ўпор, што гэта не мабілізацыя, а вучэнні, каб не хаваліся, а калі будуць хавацца, будзе толькі горш.
Вайну каментавалі ў такім плане — маўляў, ім [украінцам] там не салодка, але, калі да нас сунуцца, будзе яшчэ горш. Часта казалі словамі прапагандыстаў пра Украіну і ўвогуле палітыку ў краіне, мне ўвогуле падалося, што яны як зомбі! Яны ніяк не тлумачылі, навошта гэта, проста «ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася», але на саміх вучэннях тэма Украіны ўвесь час праскоквала.
Саслужыўцы тэму Украіны асабліва не ўздымалі, у вольны час жартавалі, глядзелі прыколы, гулялі ў гульні, а ўвогуле склалася ўражанне, што большасць актыўна імкнецца выконваць свае функцыі».
Абодва суразмоўцы «Флагштока» адзначылі: камандзіры паведамлялі ім, што ў канцы лістапада — снежні 2022 года плануюцца масавыя вучэнні.
«Як нам тлумачылі, зборы праводзяцца, каб быць гатовымі ў любы момант арганізаваць мабілізацыю. Магчыма, гэта падрыхтоўка да яе пачатку. У канцы года плануюцца яшчэ вучэнні. І яны ўжо будуць не паказальнымі, а масавымі», — распавёў Аляксандр.
«У нас проста сказалі, што будуць праводзіцца вучэнні па мабілізацыі (ці гэта будзе пачатак мабілізацыі) з поўным працоўным днём у канцы лістапада — пачатку снежня. Першапачаткова, калі нас збіралі для паказальнай мабілізацыі, нам нічога не казалі пра гэтыя вучэнні», — сказаў Уладзімір.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, якую апублікавалі некаторыя раённыя газеты Гомельскай вобласці, да канца года па даручэнні Лукашэнкі будзе праводзіцца кантрольнае апавяшчэнне ваеннаабавязаных і кантрольная яўка на пункты збору ваеннаабавязаных па ўказаным у позвах адрасе. Абвестцы будуць падлягаць афіцэры запасу, а таксама ваеннаабавязаныя, у якіх у 2022 годзе не ўдакладнілі даныя воінскага ўліку.
Каментары