Расійскі маркетплэйс Wildberries можа правесці частковы рэбрэндынг лагатыпа, скараціўшы яго да абрэвіятуры WB, паведамляе ТАСС.
Гендырэктарка кампаніі Таццяна Бакальчук заявіла, што цяпер анлайн-рытэйлер мае патрэбу ў некаторым абнаўленні брэнда — і ў кампаніі гэта адчуваюць. Але канкрэтных тэрмінаў па выкананні гэтай задачы сваім спецыялістам не ставяць.
«Перайменавання, хутчэй за ўсё, не будзе, але, магчыма, мы будзем адштурхоўвацца ў новым лагатыпе ад назвы WB, таму што доўгая назва не заўсёды прыгожа глядзіцца, — заявіла Таццяна Бакальчук. — Дызайнерскія каманды працуюць, думаюць».
Гендырэктарка таксама нагадала, што за час існавання маркетплэйса ягоны лагатып мяняўся ўжо 3 разы. Да прыкладу, летам у рамках рэкламнай акцыі кампанія на суткі змяніла англамоўную назву Wildberries на рускі аналаг «Ягодки». Але праз дзень ад гэтай ідэі адмовіліся.
Wildberries — найбуйнейшы анлайн-рытэйлер Расіі, які працуе на рынку з 2004 года. Ён распаўсюджаны таксама ў некаторых краінах постсавецкай прасторы, у тым ліку і ў Беларусі.
Каментары