«У тых, хто застаўся ў Беларусі, свая ізаляцыя. У тых, хто з'ехаў — свая». Лекар-псіхіятр — пра эміграцыю, інтэграцыю і самаідэнтыфікацыю
Як беларусам перажыць кашмар рэальнасці, у якой на рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі накладаюцца і абвінавачванні ў саўдзеле ў вайне Расіі супраць Украіны? Delfi.lt распытала пра гэта Сяргея Папова, лекара-псіхіятра, псіхатэрапеўта і псіхааналітыка, члена Міжнароднай псіхааналітычнай асацыяцыі (IPA). Ён сам у выніку рэпрэсій вымушана апынуўся за межамі краіны і можа прафесійна глядзець на сітуацыю, грунтуючыся ў тым ліку і на ўласным досведзе.
Усё пачалося ў 2020 годзе. Думкі аб пераездзе з Беларусі наведвалі Сяргея і раней, але да лета 2020 года ягоная сям'я ўсё яшчэ планавала жыццё на радзіме і нават збіралася купіць большую кватэру. Былі і працоўныя планы — займацца прыватнай практыкай, працаваць у бальніцы і працягваць выкладаць на кафедры псіхіятрыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
«Але ў 2020 годзе я не мог не рэагаваць на сітуацыю, якая склалася падчас прэзідэнцкай кампаніі, пасля жорсткіх разгонаў мірных акцый пратэсту і арыштаў. Я вельмі хваравіта ўсё гэта ўспрыняў, тым больш што заўсёды быў праціўнікам аўтарытарнага рэжыму», — распавядае Сяргей Папоў. На пратэсты, паводле яго слоў, ён хадзіў актыўна, як на працу, падпісваў тады шматлікія лісты і звароты ад імя медыкаў з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі і гвалт.
Затрымалі Сяргея 7 лістапада 2020 года на пратэсным маршы медыкаў, пасля чаго адправілі адбываць 15 сутак арышту на Акрэсціна, у Жодзіна, а потым у магілёўскую турму. Але адседзеў ён толькі 13 сутак. Захварэў на кавід з вельмі высокай тэмпературай, і калі стала так дрэнна, што ён не мог устаць з ложка, сукамернікі паклікалі ахову, а тыя — хуткую дапамогу.
Даведаўшыся, што Сяргей — лекар з Мінска, калегі з хуткай змаглі вывезці яго ў бальніцу, але пасля гэтага цэлы год быў страх, што забяруць даседжваць двое сутак: «Было відавочна, што калі я працягну актыўна ўдзельнічаць у пратэсных акцыях, то завядуць і крымінальную справу. У той час па ўсіх медустановах рассылалі спісы «нядобранадзейных» супрацоўнікаў. Некаторых адразу звальнялі і потым ужо не прымалі нікуды, кагосьці спрабавалі «перавыхоўваць».
Сяргей спадзяваўся, што ў ягоным выпадку абыдзецца гутаркамі, хоць на працы ўжо быў прэсінг — патрабавалі абяцанняў больш нідзе не выступаць, нідзе нічога не пісаць, не даваць каментары прэсе, не падпісваць ніякіх пратэсных лістоў: «Мяне кантралявалі, перыядычна тэлефанавалі з пытаннем, дзе я знаходжуся. Аб'яўлялі вымовы: напрыклад, аднойчы за тое, што я не распісаўся ў журнале, не пазначыў, куды еду па працоўных справах, быццам з'ехаў невядома куды. Гэта значыць, за мной сачылі».
У пачатку лютага 2021 года Сяргею сказалі, што ў яго ёсць два тыдні, каб звольніцца па ўласным жаданні, хоць кантракт мінаў праз тры гады. І ён вырашыў звольніцца, не ваяваць з сістэмай, каб яшчэ больш не пагоршыць сваё становішча, разумеючы, што ў яго забарона на прафесію.
Дадалася і іншая трывога — за пацыентаў і кліентаў, якіх Сяргей кансультаваў у рамках афіцыйна аформленай прыватнай практыкі: «Я і так увесь час жыў у страху, што прыйдуць з ператрусамі або зробяць яшчэ нейкія непрыемнасці, а тут яшчэ пад пагрозай рэпрэсій маглі апынуцца мае пацыенты, калі пры ператрусе невядома ў чыіх руках апынецца ўся канфідэнцыйная інфармацыя».
Развязаная Расіяй вайна ва Украіне, — якую, дарэчы, ніхто з досыць шырокага прафесійнага медыцынскага атачэння Сяргея не падтрымлівае, — стала апошняй кропляй у суме абставін. Усе асцярогі і страхі — што закрыюць межы, што будзе гета, замкнёнае з абодвух бакоў непераадольным кардонам, — толькі ўзмацніліся. І, нягледзячы на тое, што Сяргей да апошняга спрабаваў неяк уладкаваць жыццё ў Беларусі, прынялі рашэнне з'ехаць, прычым тэрмінова:
«Сабраліся за дзень, узялі самае неабходнае, што ў машыну змясцілася, і паехалі ўсёй сям'ёй разам з сабакам. На мяжы з Літвой прастаялі амаль суткі, бо літоўскія памежнікі не маглі прапусціць нас з дзейнымі візамі праз адсутнасць сертыфікатаў аб антыкавідных прышчэпках. Прыйшлося чакаць дазволу на ўезд па гуманітарных прычынах».
«Хацеў застацца ў Эстоніі, дзе я вырас, але апынуўся ў скандынаўскай краіне»
Спыніцца ў Літве сям'я вырашыла, каб змякчыць траўму пераезду для дзіцяці. Прыватная школа Stembridge, дзе яно вучылася ў Мінску, на той момант ужо працавала ў Вільні, і дзіця пайшло ў клас, дзе ўжо вучыліся ягоныя аднакласнікі. На працягу трох месяцаў сям'і трэба было вырашыць, куды ехаць далей.
У Сяргея была шэнгенская віза адной са скандынаўскіх краін, выдадзеная ў Мінску эстонскім консульствам, а ў яго жонкі — польская. Ехаць вырашылі ў Эстонію, дзе нарадзіўся і вырас Сяргей. У Беларусь ён пераехаў пасля распаду СССР, калі бацькі вырашылі вярнуцца на радзіму ў Віцебск.
«У Эстоніі ёсць знаёмыя, там нам дапамаглі з жыллём і нават ужо знайшлася праца, заставалася толькі пацвердзіць сваю кваліфікацыю і дыплом. Аднак з пераездам у Эстонію ўзніклі вялікія цяжкасці», — распавядае Сяргей.
Па-першае, якраз у той час увялі абмежаванні і перасталі даваць працоўныя візы расіянам і беларусам. Па-другое, склалася невырашальная сітуацыя: для пацвярджэння дыплома ў Эстоніі патрэбныя падставы для знаходжання ў краіне, а для атрымання падстаў патрэбная праца.
Заставаўся толькі адзін варыянт з легалізацыяй, які Сяргей і абраў, — папрасіць прытулак, тым больш што факт палітычнага пераследу відавочны, а потым пацвердзіць дыплом і пачаць працу.
Для рэалізацыі гэтага вымушанага плана сям'і прыйшлося раздзяліцца, бо пры разглядзе прашэння аб прытулку нельга выязджаць з краіны да атрымання дакументаў. Так Сяргей застаўся ў красавіку ў Эстоніі, а жонка з дзіцём — у Вільні да канца навучальнага года.
Праз месяц высветлілася, што Эстонія не можа даць статус уцекача, бо ў адпаведнасці з Дублінскай працэдурай дакументы на бежанства павінны разгледзець у краіне, якая выдала Сяргею візу.
У выніку ён з'ехаў у гэтую краіну, дзе і чакае рашэння міграцыйнага дэпартамента, а жонка з дзіцём з пачатку навучальнага года ў Польшчы. Калі і дзе ўз'яднаецца сям'я, кажа Сяргей, будзем думаць, калі атрымаю дакументы, а пакуль што дзіця ходзіць у польскую школу.
Самому Сяргею трэба будзе здаць яшчэ і моўны экзамен, тэарэтычны па медыцыне і практыку — прыём пацыента ў паліклініцы: «Добра, што дыплом Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта тут прызнаецца».
Чаму Скандынавія?
«Шмат у чым мае рашэнні мінулага, несвядомыя рашэнні, істотна паўплывалі на тое, што я апынуўся ў Скандынавіі», — кажа Сяргей. Больш за 10 гадоў таму, пачынаючы вучыцца псіхааналізу, ён абраў сабе настаўнікаў, якія жывуць тут.
«Цяпер я разумею, што гэта тая краіна і грамадства, у якім хочацца жыць. Чамусьці мне складана было сабе ў гэтым прызнацца.
Часам я думаю, што, калі б у беларусаў не было такога савецкага мінулага і некалькі пакаленняў пражылі б без глабальных сацыяльна-палітычных крызісаў, у Беларусі магло б быць прыкладна такое ж жыццё, як цяпер у Скандынавіі.
Праўда, гісторыя ўмоўнага ладу не прымае. Аднак хацелася б, каб было менавіта так», — кажа Сяргей.
«Праца лекарам у Беларусі, у яе сістэме аховы здароўя, вельмі выматала мяне. Я заўсёды вельмі стараўся прыкладаць больш сіл, каб псіхіятрычная дапамога і ўвогуле сэрвіс псіхічнага здароўя сталі больш гуманістычнымі і сучаснымі.
Але як пацыенты могуць адчуваць, што іх жыццё каштоўнае, калі лекары па змоўчанні знаходзяцца ў прыніжаным становішчы?» — так ён кажа пра складнік з сумы прычын, па якіх ён апынуўся ў эміграцыі.
Пасля 2020 года, паводле яго ацэнкі, усё адкацілася далёка назад: «На сваёй скуры я перажываў, як псіхіятрыя дэградавала, нягледзячы на намаганні многіх калег. Таму былі думкі пакінуць медыцынскую дзейнасць і практыкаваць толькі як псіхааналітык. Але, мабыць, крыху адпачыўшы, адчуваю, што не магу адмовіцца ад гэтай часткі сваёй ідэнтычнасці. Таму рыхтуюся прайсці агонь і медныя трубы працэдуры пацвярджэння дыплома і кваліфікацыі».
«Для мяне гэта другая эміграцыя»
Пакуль у Сяргея мала надзеі на магчымасць вярнуцца ў Беларусь, але калі і так, то ён перакананы, што гэта будзе зноў эміграцыя, хоць і ў тое месца, у якім ты шмат гадоў жыў:
«Эміграцыя — гэта вельмі цяжкі і вельмі балючы досвед. Магчыма, тыя, хто нарадзіўся і вырас у адной краіне, адчуваюць гэта інакш. Але я з'ехаў з Эстоніі, калі мне было 14 гадоў і калі прыехаў туды ў красавіку 2022 года з намерам застацца — гэта накшталт вяртання на радзіму, але ўсё ж гэта эміграцыя. Адчуваеш сябе як дрэва, выдранае са звыклай зямлі, трэба зноў пусціць карані ў новай, інакш не атрымаецца».
Сяргей кажа, што для яго цяперашняя эміграцыя — другая:
«Дом — гэта людзі, прастора вакол, мой погляд на свет і на жыццё такое, што там, дзе я знаходжуся, там і будую свой дом, і клапачуся пра гэтую прастору як пра дом. І пакуль гэта новая краіна».
Дыскрымінацыя беларусаў за мяжой ёсць на ўзроўні бюракратыі, але не ў прыватных зносінах з людзьмі.
«У дачыненні да ўладальнікаў беларускага пашпарта дыскрымінацыя ёсць на ўзроўні бюракратычных працэдур у розных дзяржавах, але гэта зразумела: краіна не абавязаная прымаць усіх ахвотных», — адзначае Сяргей Папоў. Аднак ні ён, ні яго сям'я не сутыкаліся з дыскрымінацыяй на ўзроўні адносін з людзьмі, хоць страх такі быў.
Часам Сяргей заўважаў насцярожанасць, калі чулі адказ на пытанне, адкуль ён прыехаў, але ў працэсе зносін, калі суразмоўцы даведаюцца, які ты, што думаеш і які прыярытэт тваіх каштоўнасцяў, стаўленне вельмі прыязнае.
«У многіх выпадках дыскрымінацыя пачынаецца ўнутры самога чалавека, унутры беларуса ў нашым выпадку, з самадыскрымінацыі, што прыводзіць да падазронага стаўлення да мясцовых жыхароў, потым да дыстанцыявання, пазбягання або прэвентыўнай атакі. Прароцтва, якое самаактуалізуецца», — кажа Сяргей.
Чым геаграфічна далей ад Беларусі, па яго назіраннях, тым менш людзі адрозніваюць беларусаў і расіян, для іх гэта рускамоўная прастора. Сам па сабе гэты факт не з'яўляецца дыскрымінацыяй, але вайна накладае адбітак,
і ў гэтай сітуацыі, упэўнены Сяргей, беларусы проста абавязаныя размаўляць з людзьмі ў розных краінах, тлумачыць, што беларусы — не расіяне, а Беларусь — не рэжым і не Лукашэнка. Частка наяўных абмежаванняў, мяркуе Сяргей, тлумачыцца тым, што беларускі пашпарт — гэта пашпарт трэцяй краіны, якая жыве па нейкіх іншых прынцыпах.
Нежаданне асацыявацца з Расіяй і жаданне праяўляць сваю беларускую ідэнтычнасць стала для Сяргея імпульсам для таго, каб гаварыць па-беларуску.
Паводле яго слоў, ва ўжытку яго сям'і ўсё менш рускага, а ў публічнай прасторы імкнуцца размаўляць пераважна па-беларуску.
«Адбудаваць самаідэнтыфікацыю — гэта важная дадатковая праца, якую беларусы павінны рабіць», — упэўнены Сяргей.
Што адбываецца з псіхікай тых, хто застаўся ў Беларусі, і тых, хто эміграваў?
У эмігрантаў заўсёды больш высокая рызыка развіцця розных псіхічных разладаў у параўнанні з карэнным насельніцтвам, але беларусы часцей эмігруюць у краіны з падобнай культурай, дзе, па назіранні Сяргея, могуць адчуваць сябе лепш, таму што яны перасталі адчуваць пастаянную небяспеку. У той жа час беларусы ў эміграцыі могуць адчуваць стомленасць і дэпрэсію: хтосьці губляе прафесію, хтосьці — магчымасць наведаць бацькоў або развітацца з імі.
«І тыя, хто з'ехаў, і іх блізкія маюць адчуванне разбуранага дому, і мы ўсе перажываем велізарную страту, страту звыклых сувязяў і жыцця, якое планавалі пражыць. Кожны спраўляецца з гэтым па-рознаму. За ўсім гэтым — стомленасць, дэпрэсія, гараванне, ізаляцыя.
У тых, хто застаўся ў Беларусі, свая ізаляцыя. У тых, хто з'ехаў — свая. І нельга сказаць, што некаму лягчэй, а камусьці цяжэй.
Тыя, хто застаўся ў жудаснай беларускай рэальнасці, можа быць, могуць дазволіць сабе крыху больш гараваць, сумаваць. Тыя, хто з'ехаў, часам не могуць сабе дазволіць гараваць, бо вымушаныя развязваць вельмі шмат праблем адначасова, нельга дазволіць сабе расклейвацца», — тлумачыць Сяргей.
На яго думку, няма залатой сярэдзіны паміж жаданнем эмігрантаў заставацца ў беларускім парадку дня і інтэграцыяй у новае для іх жыццё:
«Гэтая сярэдзіна — шэрая, гэта шэрая зона, прасякнутая болем і стратай. І заглыбіцца ў яе немагчыма, таму што занадта балюча. І адгарадзіцца немагчыма, таму што тады занадта шмат гора і пустэчы. Але гэта ўсё трэба асэнсаваць, таму што цяпер Беларусь не вызначаецца геаграфічнымі межамі краіны, яна нашмат большая, таму што вельмі шмат беларусаў з'ехала.
І гэта адказнасць усіх беларусаў, у краіне і за мяжой, захоўваць сваю беларускую ідэнтычнасць — не фармальна, а па сутнасці. Я спадзяюся, што гэта будуць рабіць і беларусы ў эміграцыі. Усё ж з'ехаць з краіны — гэта не з вачэй далоў і з сэрца прэч.
Вырашэнне фармальных пытанняў з дазволамі на жыхарства і працай не перакрэсліваюць пачуццё прыналежнасці да Беларусі. І нават наадварот, калі чалавек сустракаецца з новым, яму яшчэ больш трэба абаперціся на тое, што ўжо ёсць. Таму сярод цяперашніх беларускіх эмігрантаў так шмат беларускай мовы».
Чаму пакінутым у Беларусі сваякам і сябрам часта складана адказаць на пытанне «Як маешся?» ад блізкіх, якія эмігравалі ў Еўропу ці даўно там жывуць?
«Сумленны адказ на пытанне — «кепска», і ён мае на ўвазе дзеянні. Але дзейнічаць у Беларусі немагчыма, дна для рэпрэсій не існуе, можна бясконца падаць у гвалт, жорсткасць, дэструктыўнасць і бессэнсоўнасць. Гэтая сітуацыя выклікае моцны кактэйль пачуццяў — віны, страху і бяссілля», — тлумачыць Сяргей.
Па яго назіранні, паміж тымі, хто з'ехаў, і тымі, хто застаўся ў краіне, — людзьмі, якія знаходзяцца па адзін бок палітычных барыкад, але па розныя бакі дзяржаўных межаў, утвараецца падабенства прорвы.
Прычына ў тым, што ацэнка сітуацыі ў Беларусі прадугледжвае нейкія дзеянні. І ў тых, хто з'ехаў, шмат магчымасцей нешта рабіць і быць актыўнымі. Хай гэтыя людзі не заўсёды могуць зрабіць так шмат, як хацелася б, але яны дзейнічаюць, робяць нешта для паляпшэння свайго жыцця. І ў гэтым плане яны на баку інстынкту жыцця. А тыя, хто застаецца, вымушаныя ўсё трымаць у сабе, і гэта вельмі складана, гэта нешта такое, што супраць жыцця.
Таму ўзаемаадносіны могуць складвацца вельмі складана.
Як успрымаецца той, хто з'ехаў, тымі, хто застаўся? Як той, хто кінуў. Ці яшчэ горш — як той, хто заварыў усю гэта кашу і зваліў. З-за расстання перажываюць усе, але часта няма магчымасці з'ехаць усім разам.
Каб дапамагчы сабе пры перажыванні стрэсу і траўмы, а таксама атрымаць бясплатную псіхатэрапеўтычную дапамогу, можна звярнуцца да платформы https://www.gip-global.org/, samopomo.ch для беларусаў і samopomi.ch для ўкраінцаў. Гэта праект міжнароднай арганізацыі Human rights in mental health, тлумачыць Сяргей Папоў.
І дадае, што ён шануе магчымасць працаваць у гэтай камандзе кансультантам і дапамагаць людзям, якія апынуліся ў складаным становішчы.
Каментары