— Гары Пятровіч, неяк пра Вас даўно не было навін. Жывыя-здаровыя?

— Прыхварэў трохі, перад Новым годам паспеў пару вірусаў падхапіць. Цяпер ужо пайшоў на папраўку, а ў лістападзе прыехаў з дачы ў Мінск і сталічнае паветра мяне, мабыць, атруціла. Падазравалі нават запаленне лёгкіх, але пасля таго, як зрабіў рэнтген, выключылі. Паставілі ВРВІ.

Толькі вылечыўся, стаў сябе добра адчуваць — схапіў нейкі грыпер. Мабыць, прамок пад ледзяным дажджом, ногі прамачыў, і праз два дні — і горла, і кашаль, і тэмпература пад 39. Усё пайшло па новай! Дарэчы, на суд 14 снежня пайшоў з тэмпературай больш за 38 градусаў…

— У якасці сведкі выклікалі?

— Не. Падатковая спрабуе спагнаць з мяне сродкі, а я абскарджваю гэта рашэнне. Вось цяпер справа дайшла да суда.

— А якія ў Вас праблемы з падатковай інспекцыяй, калі не сакрэт? Выдаткі перавышаюць даходы?

— Не. У 2019 годзе, аказваецца, я атрымаў 1600 еўра за назіранне за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў і не заплаціў падаходны падатак. Сцвярджаюць, што я атрымаў гэтыя грошы ад нейкай замежнай фірмы. Спачатку называлі адну кампанію, потым іншую. Мне прадставілі дакументы, якія, па сутнасці, такімі не з'яўляюцца — скрыншоты з камп'ютараў, якія, мабыць, былі канфіскаваныя пры ператрусах. Праходзіў я па справе Алеся Бяляцкага, якую цяпер разглядаюць у судзе.

— Вас ужо выклікалі на суд праваабаронцаў у якасці сведкі?

— Не. І, хутчэй за ўсё, не выклічуць. Таму што я ніякіх паказанняў не даваў — мне не было чаго сказаць па сутнасці пытання. Але, мабыць, Следчы камітэт пераслаў матэрыялы ў выглядзе гэтых самых скрынаў у Міністэрства падаткаў і збораў, а яны — у тэрытарыяльныя падатковыя інспекцыі з патрабаваннем правесці праверкі і спагнаць падаткі.

— І падатковая праверыла вашы даходы за многія гады?

— Не. Папрасілі запоўніць дэкларацыю аб даходах і прызнацца, што я атрымаў гэтыя грошы і не выплаціў падаходны падатак. Я ніякай дэкларацыі не запаўняў, патлумачыўшы гэта тым, што падатковая не валодае ніякімі дакументамі, а тое, што мне прадставілі ў Следчым камітэце — гэта незразумела што: ці то скрыншот, ці то фоташоп. Валодаючы тэхнікай, можна якія заўгодна дакументы зрабіць!

Подпіс стаіць нібыта падобны да майго, але я не магу гэтага пацвердзіць, таму што не бачу арыгінала дакумента ці хаця б яго засведчанай копіі, як гэтага патрабуюць Працэсуальны і Падатковы кодэксы. Таму пра што тут казаць? Так можна мільярд намаляваць і сказаць, што я яго з-за мяжы атрымаў.

Тым не менш, на падставе такіх «смаркатых» доказаў праверка прыйшла да высновы, што я атрымаў гэтыя грошы, а раз атрымаў, то павінен заплаціць падаходны падатак разам з налічанай пеняй. І я абскарджваю гэтыя моманты.

— Як Вы адрэагавалі на смерць Алега Гулака, з якім вы разам працавалі ў Беларускім Хельсінкскім камітэце, які ўжо ліквідаваны па рашэнні суда?

— Я паслаў свае спачуванні яго жонцы Насці. Вельмі сумная вестка… Амаль усе, хто калісьці працаваў у БХК, з'ехалі за мяжу. У Беларусі мала праваабаронцаў з БХК засталося: хто ў Нямеччыне, хто ў Польшчы, хто ў Літве…

Вядома, тое, што адбываецца ў Беларусі… Маё сэрца проста разрываецца ад розных навін… У судзе Бяляцкі, Стэфановіч і Лабковіч сядзяць у жалезнай клетцы, за кратамі, дык яшчэ і кайданкі з іх не знялі! Пры такім канвоі можна было і без клеткі, і без кайданкоў.

Мы заўсёды забываем, што да вынясення прысуду суда на лаве падсудных сядзяць невінаватыя, і павінна дзейнічаць прэзумпцыя невінаватасці. Інакш гэта бесчалавечнае стаўленне, прыніжэнне гонару і годнасці чалавека, які яшчэ не прызнаны судом вінаватым.

Але ў нас, падобна, усё робяць для таго, каб прынізіць чалавека. Гэта старыя савецкія прыёмы… У мяне, можа, таму і здароўе ў апошні час кволае стала, што шмат перажываю і не магу ўсё гэта чуць і бачыць … Коцімся ў тартарары…

— У Вас не ўзнікала жадання з'ехаць за мяжу?

— Не! Калі, не дай бог, выпадзе такое «шчасце» трапіць у турму, то чаго баяцца? У турме нарадзіўся, у турме і памру (калі здарыцца самае дрэннае) [Гары Паганяйла нарадзіўся ў 1943 годзе ў турме для рэпрэсаваных у Архангельскай вобласці. — НН]. Я не той чалавек, які пабяжыць кудысьці хавацца. Што я там, за мяжой, рабіць буду? Каму я там патрэбны? Тут у мяне сям'я, родныя, блізкія, сябры.

Трэба проста рабіць тое, што можаш, трымацца за сваю зямлю, за свой дом, за сваю сям'ю і сяброў. А там ты нікому не патрэбны і ніхто цябе не ўспомніць… нават калі там дадуць нейкую сацыяльную пенсію — гэта ўсё сумнае жыццё вельмі. Я ведаю, што такое чужына…

Чытайце таксама:

Юрыст Гары Паганяйла паскардзіўся ў Вярхоўны суд на Лукашэнку

Клас
55
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
9
Абуральна
8