Абмежаванні ў бальніцы, сухпайкі ў школах і прыбіральні на вуліцах. Як Пружаны другі дзень жывуць без вады
У 20‑тысячным райцэнтры адбылася аварыя на каналізацыйна-насоснай станцыі. Жыхары другі дзень выстойваюць чэргі па ваду. «Піць яе сырой нельга. Яна смярдзіць!» — гавораць незадаволеныя людзі.
Жыхары Пружан стаяць у чарзе па ваду. Фота: «Раённыя будні»
У горадзе вада знікла ранкам 16 студзеня. Мясцовыя жыхары адзначаюць, што яе адключылі адразу абсалютна ўсюды. Паводле іх, адбылася «тэхнагенная катастрофа раённага маштабу».
«Няма вады і не кажуць, калі яе дадуць. Шмат гадоў жыву, але такой сітуацыі не згадаю, — адзначае жыхарка райцэнтра.
Жанчына кажа, што паспела купіць бутыляванай вады для піцця і ежы.
«У сваяка ёсць студня, дык у яго набралі яшчэ, ды і дождж цэлую ноч ішоў, дапамог з вадой для тэхнічных патрэбаў», — расказвае суразмоўніца.
Пружаны без вады
Паводле мясцовага райвыканкама, 16 студзеня падача вады спажыўцам была прыпыненая ў сувязі з правядзеннем аварыйна-аднаўляльных прац на сетках водазабеспячэння і каналізацыі горада.
Прычынай аварыі чыноўнікі назвалі паломку аднаго з насосаў. Каб даць рады праблеме, даводзяць яны, задзейнічаныя спецыялісты ўсіх гарадскіх службаў.
«Водазабеспячэнне будзе адноўлена па рамонце ўсіх непаладак», — паабяцаў райвыканкам і паінфармаваў жыхароў, што ў горадзе ў 11 месцах арганізаваны падвоз пітной вады, размешчана 37 біятуалетаў.
На паведамленні чыноўнікаў жыхары райцэнтра адрэагавалі незадаволенымі каментарамі ў сацыяльных сетках.
«Пра падвоз усё зразумелі. Але, напэўна, народ мае права ведаць, як прасоўваюцца работы па рамонце. Каб планаваць свае справы», — гаворыцца ў адным з характэрных допісаў.
«Гэта проста цяжка было нават уявіць, з чым мы сутыкнёмся, — заўважае жыхарка Пружан. — Няма вады, і не абяцаюць, калі яе дадуць. Такое цяпер у нас жыццё».
Жанчыне давялося выстаяць паўгадзіны ў чарзе, каб набраць дзве бутлі вады.
«Зразумела, што піць яе сырой нельга. Яна смярдзіць, але іншай няма», — наракае яна.
Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі настойліва параіў жыхарам кіпяціць ваду, набраную ў месцах яе падвозу, перад ужываннем.
«У горадзе вады пакуль няма, але ўсё працуе. Школы, бальніца. Паставілі біятуалеты, арганізаваны падвоз вады», — расказвае пра сітуацыю яшчэ адна суразмоўніца.
Яна кажа, што ёй пашанцавала з вадой.
«У мяне свой калодзеж у двары ад бабулі застаўся. Але не ва ўсіх гараджан ёсць такая выгода», — заўважае жанчына.
У раённай бальніцы абмежванні ў прыёме пацыентаў. Фота: instagram.com/pruzhany_crb/
Тым часам Цэнтральная раённая бальніца паведаміла, што з-за сітуацыі з вадой абмежаваная планаваная шпіталізацыя і прыём аналізаў «да моманту падачы вады».
У бальніцы кажуць, што ваду ім прывозяць тры разы на дзень, а пацыенты ядуць з аднаразовага посуду.
«Самі разумецце, якая можа быць сітуацыя без вады. Мы ж бальніца. Нам яна патрэбная нават для падтрымання звычайнай гігіены: падлогу памыць, прыбіральні. Пакуль паставілі ў двары біятуалеты», — расказала адна з супрацоўніц лякарні.
Таксама абмежаваны прыём пацыентаў стаматалагічнага профілю. Дапамогу ім акажуць толькі ў экстранных выпадках.
Паўплывала адключэнне вады і на функцыянаванне пяці мясцовых школ. Іх наведвае 747 вучняў.
Намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Вадзім Краўчук запэўнівае: усе навучальныя ўстановы забяспечаныя прывазной вадой, а адукацыйны працэс арганізаваны ў штатным рэжыме.
«Пры двухразовым харчаванні школы ў поўнай меры забяспечаныя сухімі пайкамі і аднаразовым посудам. У трох школах устаноўлены біяпрыбіральні, у дзвюх дзейнічаюць надворныя прыбіральні», — даводзіць чыноўнік.
Па словах мясцовых жыхароў, у дзіцячых садах бацькам паведамілі, каб дзяцей не прыводзілі, пакуль вады няма. У школах вучням трэба быць са сваёй вадой і вільготнымі сурвэткамі.
Пружаны без вады. Піць прывазную ваду можна толькі па кіпячэнні
У крамах раскупленая бутыляваная вада. Некаторыя гандляры ў сацыяльных сетках паведамляюць, што яны будуць дастаўляць ваду па зніжаных цэнах, пакуль праблема не будзе вырашана.
Вырашыць праблему з вадой райвыканкам абяцаў да 10 гадзін раніцы 17 студзеня. Цяпер кажа, што водазабеспячэнне будзе адноўленае да вечара гэтага дня.
37‑гадовага будаўніка з Брэста асудзілі па двух цяжкіх палітычных артыкулах22
37‑гадовага будаўніка з Брэста асудзілі па двух цяжкіх палітычных артыкулах2
У навічка НБА з топ-30 драфта бацька — беларус: вырас у галечы, дзеля развіцця сына прадаў матацыкл22
У навічка НБА з топ-30 драфта бацька — беларус: вырас у галечы, дзеля развіцця сына прадаў матацыкл2
У метро пабілі легенду Мінска — жанчыну, якая шмат гадоў спявае пра Ісуса6868
У метро пабілі легенду Мінска — жанчыну, якая шмат гадоў спявае пра Ісуса68
Беларусам стане складаней уладкавацца кіроўцам буса ў Еўрасаюзе, дый саміх прапаноў стане менш. Вось у чым праблема11
Беларусам стане складаней уладкавацца кіроўцам буса ў Еўрасаюзе, дый саміх прапаноў стане менш. Вось у чым праблема1
«Лютая, абразлівая крытыка ўсяго беларускага. Але з мінулага ў будучыню немагчыма прайсці міма сучаснасці». Насевіч грунтоўна адказаў Алесю Беламу141141
«Лютая, абразлівая крытыка ўсяго беларускага. Але з мінулага ў будучыню немагчыма прайсці міма сучаснасці». Насевіч грунтоўна адказаў Алесю Беламу141
«Спачатку пагрозу прыдумаў, потым сам яе перамог». Прапаганда абвяргае Зяленскага, сцвярджае, што рэтранслятараў не здымалі, бо іх не было3737
«Спачатку пагрозу прыдумаў, потым сам яе перамог». Прапаганда абвяргае Зяленскага, сцвярджае, што рэтранслятараў не здымалі, бо іх не было37
«Тое, што яны робяць, гэта і адпавядае інтарэсам». Пазняк пахваліў Лукашэнку ў сітуацыі з ультыматумам Зяленскага174174
«Тое, што яны робяць, гэта і адпавядае інтарэсам». Пазняк пахваліў Лукашэнку ў сітуацыі з ультыматумам Зяленскага174
Зяленскі: Рэтранслятары на мяжы Беларусі прыпынілі працу7777
Зяленскі: Рэтранслятары на мяжы Беларусі прыпынілі працу77
Фермеры, у якіх летась дашчэнту згарэла ферма з каровамі, не могуць пабудаваць новую праз супраціў суседа44
Фермеры, у якіх летась дашчэнту згарэла ферма з каровамі, не могуць пабудаваць новую праз супраціў суседа4
«Выйшлі з аўтобуса і адмовіліся ад тура». Беларусы расказалі, як мяжа сапсавала ім падарожжа1919
«Выйшлі з аўтобуса і адмовіліся ад тура». Беларусы расказалі, як мяжа сапсавала ім падарожжа19
Украіна заклікае свет звярнуць увагу на зборы вайсковаабавязаных ў Гродзенскай вобласці3030
Украіна заклікае свет звярнуць увагу на зборы вайсковаабавязаных ў Гродзенскай вобласці30
Каментары