Мова1515

«Лацінка — гэта ў пэўным сэнсе цывілізацыйны выбар». Мы знайшлі беларусаў, якія гадамі ўжываюць лацінку. Вось іх досвед

У той час, калі ўлады хочуць адмовіцца ад лацінкі ў транслітарацыі геаграфічных назваў, некаторыя беларусы гадамі ўжываюць гэтую графіку паўсюль — нават у афіцыйных паперах. Яны падзяліліся сваімі гісторыямі — як прыйшлі да лацінкі, як рэагуе наваколле і што іх раз'юшвае.

У XIX стагоддзі лацінкай карысталіся беларускія літаратары, уключаючы Яна Чачота, Францішка Багушэвіча і ранняга Янку Купалу. У савецкія часы лацінка не выкарыстоўвалася, пры незалежнай Беларусі яе сфера ўжывання пашырылася. 

Гэтай зімой у Беларусі спачатку крытыкавалі, а потым прапанавалі адмяніць беларускую лацінку як аснову для транслітарацыі. У інтэрнэт трапіла дакладная запіска аб выкананні даручэння Аляксандра Лукашэнкі, згодна з якой лацінку рэкамендавана прыбраць з вуліц і вывесці з ужытку.

«Пачалося з айфона, у якім не было кірылічнай беларускай раскладкі»

Яніна*. Арт-менеджарка, карыстаецца лацінкай з 2016 года, жыве ў Германіі

Беларускай мовай я пачала карыстацца ў 2010 годзе, цалкам перайшла на яе ў 2012-м. У паўсядзённым жыцці я карыстаюся нямецкай, з бацькамі і сябрамі з Беларусі — беларускай. 

Веданне пра лацінку прыйшло з акадэмічнага поля падчас вучобы ў Ліцэі БДУ ці нават на падрыхтоўчых курсах да вучобы. Калі пачалі вывучаць літаратуру XIX—XX стагоддзяў, то я даведалася, што выдавецкая справа вялася двума шрыфтамі, і гэта было нармальна. Шмат выданняў друкаваліся лацінкай і кірыліцай, уключаючы творы Багушэвіча, газеты «Наша Ніва» і «Наша доля». З таго моманту я ведала, што беларуская лацінка існуе — а карыстацца ёй даволі проста.

У 2016 годзе ў мяне з’явіўся айфон, у якім не было кірылічнай беларускай раскладкі, і перапісвацца беларускай лацінкай для мяне стала натуральна. Калі я пераехала ў Германію пяць гадоў таму, паўстала пытанне, якой мовай весці сацсеткі. Я вырашыла, што гэта будуць нямецкая мова і беларуская лацінка (да гэтага я карысталася кірыліцай).

Афіша 2011 года. Фота: Аўтар: commons.wikimedia.org CC BY-SA 3.0

Цяпер я пішу лацінкай асабістыя запісы ў нататніку альбо падпісваю фотаздымкі ў інстаграме. Але калі раблю вялікі тэкст у сацсетках не толькі для сябе — напрыклад, анонс — то пішу ўсё ж кірыліцай, якую пакуль што людзям прасцей чытаць.

Калі шчыра, у беларусаў ніколі не ўзнікала пытанняў да лацінкі. Затое дзіўным чынам яны прыходзілі ад украінцаў: «Чаму ты пішаш польскай мовай? — Гэта не польская, гэта лацінка. — У беларусаў ёсць лацінка?? — Ва украінскай таксама ёсць, прыкінь». Але традыцыя выкарыстання лацінкі ў беларускай мове нашмат больш развітая.

Цяпер многія рускамоўныя беларусы перайшлі на беларускую — вайна ва Украіне ім вельмі дапамагла зразумець, чым важная нацыянальная самасвядомасць і што трэба адмяжоўвацца ад усходняга суседа. Лацінка можа быць адным з сімвалаў такога адмежавання, гэта ў пэўным сэнсе цывілізацыйны выбар. Асабіста мне больш блізкія каштоўнасці грамадстваў, у мовах якіх па дзіўным супадзенні выкарыстоўваецца лацінскае напісанне.

«З Google ці «Яндэксам» лацінка пакуль абсалютна нерэлевантная»

Паланка. Фрылансерка з Мінска, карыстаецца лацінкай з 2005 года

З беларускай мовай я пазнаёмілася ў санаторыі, калі мне было гады тры. Там была беларускамоўная выхавальніца, і для мяне гэта на той момант гучала іншапланетна. Памятаю, я ўсё намагалася запомніць свой нумар у спісе — сёмы. Але калі мяне запыталі, я адказала: «Седьмой». І была такая злая, што не змагла сказаць па-беларуску! 

У садку я застала часы беларусізацыі, а потым у мяне былі вельмі добрыя выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры ў школе.

А ў 19 гадоў, калі я ўжо размаўляла па-беларуску, я пазнаёмілася з хлопцам, які не проста ведаў мову лепей за мяне, але і валодаў беларускай лацінкай. Падумала тады: як гэта я яе не ведаю? Захапілася, пачала пераймаць і адразу стала карыстацца лацінкай у асабістых запісах.

Раней мне падавалася, што мы меней развітыя за заходнія краіны. Дзякуючы лацінцы я адчула сябе больш упэўнена і па-еўрапейску, адчула, што мы нічым не горшыя за Польшчу ці Чэхію. А яшчэ я здзівілася, калі даведалася, што лацінка ёсць не толькі ў Беларусі, а таксама і ва Украіне, і ў Расіі. 

Цяпер мне 37 год, і ў штодзённым жыцці я зазвычай пішу лацінкай. Апрача, можа быць, афіцыйных зваротаў — іх часцей накіроўваю кірыліцай. У мяне ёсць рэспект і да лацінкі, і да кірыліцы, і мне хацелася б, каб у нас былі два паўнавартасныя альфабэты. 

Тое, што ў нас ёсць лацінка, важна для замежнікаў, звязаных з Беларуссю: ім яе лёгка чытаць. Што тычыцца беларусаў у Беларусі, бывае, яны кажуць: «Пишите по-русски или по-белорусски». Калі гэта адбываецца ў нейкай установе, я прашу кнігу скаргаў. Дарэчы, нядаўна ў малазнаёмай краме адразу тры асобы папрасілі мяне размаўляць па-руску: у аддзеле кулінарыі, ахоўнік ды яшчэ і на касе. Я папрасіла кнігу скаргаў, але мне адмовіліся яе выдаць.

Бываюць рэчы, якія мяне проста дзіка раз’юшваюць: калі кажуць, каб я перастала пісаць па-польску. Я адказваю, што не дазваляю маю мову называць польскай. З іншага боку, цяпер я пісьмова ўдакладняю некаторыя рэчы ў прадстаўнікоў аднаго з судоў, і я была здзіўленая, што там не ўзнікла ніякіх пытанняў наконт лацінкі. Гэта непрадказальна. 

З Google ці «Яндэксам» лацінка пакуль абсалютна нерэлевантная. Пашукавікі не хочуць авалодваць ёй і ўвогуле ўспрымаюць беларускую мову са скрыгатам.

Тым, хто пытае пра лацінку, я зазвычай кідаю лінк на «Вікіпедыю». Бывае, нехта кажа, што не разумее правілаў, але я не бачу нічога складанага. Можа, гэта псіхалагічны бар’ер? Бо падобны страх, што будзе складана, таксама праяўляецца і ў мяне, толькі не з мовамі, а ў іншых жыццёвых аспектах.

«Некаторыя сябры і калегі пераходзяць на беларускамоўную лацініцу са мной, такіх чалавек пяць»

Алесь. Гісторык, піша лацінкай больш за 20 гадоў

Я карыстаюся лацініцай вельмі даўно, свядома — пасля таго, як у прынцыпе перайшоў на беларускую мову ў канцы 1990-х гадоў. Чаму? Тут некалькі тлумачэнняў.

Пікет каля Дома ўрада ў 1991 г. Фота: Jazep Stepanovič, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Першае з іх — юнацкая цікавасць і максімалісцкае жаданне рабіць насуперак наркамаўскаму правапісу беларускай мовы, дзе прынята пісаць выключна кірыліцай. Другое — мая сям’я беларускамоўная, рыма-каталіцкага веравызнання. Значная частка рыма-каталіцкай культуры звязаная з лацінскім шрыфтам, а таму для мяне лацініца азначала працяг нацыянальнага развіцця і мой цывілізацыйны выбар.

Рэакцыя людзей на беларускую лацініцу — здзіўленне. Тыя, з кім мы толькі пазнаёміліся, пытаюць: «Хіба вы цяпер у Польшчы?» Я адказваю, што ў мабільніка няма кірылічнай раскладкі, і людзі «спачуваюць»: у мяне, беднага, няма раскладкі. Яны кажуць, што тады зразумела. Для іх гэта тое самае, як сказаць, што я гісторык — і тады зразумела, чаму я размаўляю па-беларуску. 

Лацініца ў мяне збольшага ў асабістым ужытку. Некаторыя сябры, калегі пераходзяць са мной на лацініцу, такіх чалавек пяць. Магчыма, практыкуюцца — я ніколі не пытаў іх матывацыю. Але іх схільнасць зразумелая: я атачаю сябе людзьмі, блізкімі каштоўнасна.

Мае рускамоўныя калегі збольшага прывыклі і кажуць, што разумеюць, калі я ім пішу. Калі людзі ўжо чытаюць па-беларуску, то і лацініцу могуць зразумець.

Больш бывае негатыўных рэакцый на беларускую мову агулам, напрыклад: «А чё, нельзя по-человечески разговаривать?» Я дасылаў сябру замоўны ліст, і мяне спыталі на пошце: «Как это [замоўны ліст] будет по-русски?» І такога скрозь.

У пісьмовых зваротах у дзяржаўныя ўстановы я часам магу ўжыць тарашкевіцу. Але запаўняць беларускай лацініцай такія дакументы — не. У свой час я працаваў на дзяржаўнай працы і запаўняў там дакументы па-беларуску, але не лацініцай. Існуюць нейкія нормы, і, можа, я хацеў бы іх падкарэктаваць, але іду на кампраміс. Бо дзяржорганы і беларускую мову агулам не хочуць прымаць.

Калі разважаць, ці актуальная цяпер лацінка для беларусаў, я ўсведамляю дзве рэчы. Першая — з двух шрыфтоў беларускай мовы кірылічны значна старэйшы. Другая — лацінка з’яўляецца праявай рыма-каталіцкасці і пратэстанцкасці насельніцтва. І ў гэтым гістарычнае і цывілізацыйнае абгрунтаванне прысутнасці лацініцы ў нашым грамадстве.

На жаль, лацініца так і не перамагла англійскую транскрыпцыю, якая часцей за ўсё сустракаецца ў нашых пашпартах. У выніку прозвішча «Чарнякевіч» на польскай мяжы прачытаюць як «Хернякевіх», альбо «Чайкоўскі» як «Хайкхоўскі». Нават транслітарацыя «Nasha Niva», напісаная ў ангельскай транскрыпцыі, чытаецца як «Насха ніва» (на беларускай лацінцы назва пісалася б як «Naša Niva» — НН). Транскрыбаванне лацініцай ангельскага тыпу — гэта для народаў, у каторых няма нацыянальнай лацініцы. А нам так не трэба, бо ў нас ёсць сваё.

Як перайсці на лацінку?

Вам дапамогуць карысныя сэрвісы:

  • Dobrapis.belsat.eu — сэрвіс, які дазваляе пісаць па-беларуску (наркамаўкай і тарашкевіцай) і канвертаваць тэкст у лацінку ці ў звычайную англійскую транскрыпцыю.
  • Slounik.org — мае канвертар кірыліцы ў лацінку і звычайную англійскую транскрыпцыю, а таксама ў лацінку без дыякрытычных знакаў, каб перадаць імя і прозвішча лацінкай для пашпарта.
  • Belazar.info — таксама мае канвертары ў двух кірунках, а яшчэ падказвае афіцыйную транслітарацыю беларускіх геаграфічных назваў у лацінку.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары15

  • Bhagawan
    21.02.2023
    Va ŭsich linux'ach paśla 2008 hoda možna naładzić łacinku
  • biełaruska
    21.02.2023
    vializnaja vam pavaha, spadarstva! ź dniom rodnaje movy vas i nas usich!
  • Za bielaruskuju ĺ, a nie za poĺskuju ł
    21.02.2023
    Abažaju lacinku.
    Toĺki kali laska, u nas užo jość litata "ŭ", poĺskaja "ł" čytajecca hetak ža, nia treba nam dźvie "ŭ".
    U pačatku minulaha stahoddźia pierajšli na boĺš adpaviadajučyja bielaruskaj fanietycy ščžv, "ł" pakinuli bo sa šryftami byla prabliema. Zaraz toj prabliemy niama, "ĺ" užo jość.

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

На свеце з'явілася яшчэ адна краіна доўгажыхароў. Што гэта за краіна?

Цырульніца з-пад Брэста стварыла цудоўны вобраз кліентцы. Яе абвінавацілі ў спрыянні ЛГБТ8

У Германіі спынілі беларускую машыну, якая ўразіла мясцовую паліцыю9

Кіраўніка партыі «Зялёныя» асудзілі на 6 гадоў калоніі3

«Ніхто з кіраўніцтва з ім не спрачаецца». Якія былыя сілавікі абселі кіраўнічыя пасады буйных беларускіх прадпрыемстваў7

У Міжземным моры затанула расійскае судна, якое ішло ў Сірыю1

55 гадзін на машыне і да 100 еўра за падсадку ў аўтобус. Пекла на ўездзе ў Беларусь з Польшчы9

«Пераарыентаваць бізнэс на працу з айчынным сэканд-хэндам». Улады шукаюць рады на заходнія санкцыі1

Расія нанесла ўдар балістычнай ракетай па Крывым Рогу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →