Грамадства

Ліст Паўла Севярынца да каліноўцаў

Кастусю Каліноўскаму было столькі ж, колькі й вам, калі ён абдумваў і рыхтаваў нацыянальна-вызвольнае паўстаньне. Ён быў такі самы студэнт, які таксама вучыўся за межамі Беларусі – бо на радзіме, як і цяпер, панаваў жорсткі рэжым. Яму было ўсяго 23, калі ён узначаліў беларускі рух.

Дарагія «каліноўцы»!

І ў Беларусі, і ў Польшчы звацца каліноўцамі – гэта гонар. Сымбалічна, што Беларусь і Польшча, Беларусь і Эўропа, Беларусь і дэмакратыя надалі вашай праграме салідарнасьці імя Каліноўскага. Кастусь Каліноўскі і для беларусаў, і для палякаў – змагар «за нашу і вашу свабоду», супраць тыраніі, дзеля нацыянальнага вызваленьня. Менавіта Каліноўскі абвясьціў знакаміты прынцып: «Не народ для ўраду, а ўрад для народу!» Менавіта Каліноўскі – аўтар паролю, што найбольш проста й ёміста фармулюе нацыянальную ідэю – «Люблю Беларусь!» Менавіта імем Каліноўскага назваў беларускі народ цэнтральную менскую плошчу ў сёлетнім саквіку.

Каліноўцы... Многія з вас упершыню сустрэліся й пазнаёміліся там, на Плошчы.

Чын Плошчы Каліноўскага стаўся сьведчаньнем мужнасьці й веры беларускай моладзі. Але вы ведаеце: Плошча была ня проста эмацыйным парывам, не адно ўсплёскам пратэсту, а вынікам цьвёрдае волі, вялікага цярпеньня й маральнай трываласьці: згадайце правілы, усталяваныя ў намётавым мястэчку. Жалезная дысцыпліна. Ніякага сьпіртнога й іншага дурману. Ніякага бруду й блуду. Пачарговая варта. І пакуль вакол шалела гэбоўская нечысьць, увесь сьвет бачыў: беларуская моладзь, як і беларуская будучыня – моцная, чыстая, годная. Праграма імя Каліноўскага – гэта працяг Плошчы Каліноўскага. Тыя студэнцкія аўдыторыі, дзе вы вучыцеся, тыя інтэрнацкія пакоі, дзе вы жывяце, тыя вуліцы, па якіх вы ходзіце – усё тая ж Плошча сумленьня й адказнасьці.

Студэнты-каліноўцы!

Кастусю Каліноўскаму было столькі ж, колькі й вам, калі ён абдумваў і рыхтаваў нацыянальна-вызвольнае паўстаньне. Ён быў такі самы студэнт, які таксама вучыўся за межамі Беларусі – бо на радзіме, як і цяпер, панаваў жорсткі рэжым. Яму было ўсяго 23, калі ён узначаліў беларускі рух. І споўнілася толькі 25, калі яго, выдадзенага здраднікам, забілі акупанты.

Студэнт Каліноўскі ахвяраваў сваім асабістым жыцьцём дзеля Радзімы. Студэнт Каліноўскі здолеў арганізаваць шматтысячны супраціў рэгулярнай расейскай арміі й наладзіць закансьпіраванае падпольле пасьля разгрому паўстаньня. Студэнт Каліноўскі заклікаў адрадзіць веру бацькоў, марыў пра перамогу Беларусі пад бел-чырвона-белым сьцягам Хрыста і сьцьвярджаў: «Бог стварыў чалавека, каб ён карыстаў з вольнасьці справядлівай». Мужнасьці, цярпеньня й веры студэнта Каліноўскага сьмяротна баялася імэрыя – і так чакала краіна...

Каліноўцы!

Вашая супольнасьць зараз – гэта фарпост вольнае Беларусі на Захадзе. Усю тысячагадовую гісторыю нам даводзілася ня толькі несьці асьвету, свабоду, дэмакратыю й талеранцыю на дэспатычны, цемрашашльны Усход, але й надаваць ідэалізму, цярплівасьці, веры й хрысьціянскай духовасьці задужа прагматычнаму, тэхналягічнаму Захаду. Вялікія беларускія апосталы гэтай беларускай мсісіі на Захадзе – Тадэвуш Касьцюшка, Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Станіслаў Манюшка, Генрых Сянкевіч. Усе гэтыя вялікія беларусы ўжо ў маладосьці мусілі пакінуць Радзіму; большасьць зь іх, як і вы, вучыліся ў Польшчы, і кожнага зь іх ня толькі Беларусь, але й Захад прызналі маральнымі лідэрамі свайго часу. Калі ўсяго некалькі беларускіх студэнтаў у Польшчы ХІХ стагодзьдзя здольныя былі зьдзейсьніць духовыя перавароты ў цэлых краінах – які тады патэнцыял у некалькіх соцень беларускіх студэнтаў у Польшчы ў ІІІ тысячагодзьдзі!..

Дарагія каліноўцы!

Будзьце ж годныя імя Каліноўскага й наймеьня «беларускія студэнты ў Польшчы». За вамі, як авангардам Новае Беларусі, назірае ўвесь сьвет. Вы – будучая эліта, якая ў свой час зьменіць Беларусь, а магчыма, і ўсю Эўропу. Таму сярод вас няма месца хцівасьці, разбэшчанасьці й нацыянальнаму бяспамяцтву.

«Каму многа дадзена – з таго шмат спытана будзе», кажа Біблія.

Вядома, адразу складана агледзецца й асвоіцца на чужыне, у краіне свабоды, дзе няма цэнзуры, ідэалёгіі й «лініі Сталіна»; і адначасна процьма спакусаў. Але ж вы не паасобку. Як і на Плошчы вы – разам, і ў гэтым вашая сіла.

Таму галоўная задача, якая стаіць перад вамі зараз – не «пакаштаваць усяго, чаго няма ў Беларусі», не давесьці, што «мы таксама ўмеем весяліцца й гуляць па-славянску». Галоўная ваша задача – самаарганізавацца. Як тады, на плошчы.

Першае, што для гэтага трэба рабіць – часьцей зьбірацца. Выкарыстоўвайце для гэтага выходныя, даты беларускага календара й прадастаўленыя арганізатарамі ўмовы.

Другое – дамоўцеся пра супольныя мэты, прынцыпы й правілы вашага жыцьця ў Польшчы. Праграма Каліноўскага – гэта не «шчасьлівы білет на Захад», а пакуль толькі аванс, які дае вам Беларусь і салідарная Эўропа.

Трэцяе – абярыце Раду адказных за выкананьне дасягнутых вамі дамоўленасьцяў. Арганізуйце дружыну, якая будзе сачыць за парадкам і несьці варту ў інтэрнатах. Стварыце ўласную інфармацыйную й юрыдычную службы, культуровыя й спартовыя інцыятывы, каб у кожнага студэнта-каліноўца была магчымасьць для самарэалізацыі й разьвіцьця. Усталюйце кантакты зь беларускай дыяспарай у Польшчы, з «салідарнасьцёўцамі», зь мясцовымі ўладамі, з тымі, хто дапамагае дэмакратыі ў Беларусі. Беларусь чакае ад вас актыўнасьці й дзеяньня.

Чацьвертае – трымайцеся беларускасьці! Сёньня мы ня маем права выракацца роднай мовы й культуры. Размаўляйце паміж сабой па-беларуску. Адзначайце памятныя дні ды сьвят. Разам чытайце беларускую незалежную прэсу, слухайце беларускую музыку, глядзіце беларускія фільмы. Памятайце пароль Каліноўскага: «Люблю Беларусь!»

Нарэшце, пятае. Ведайце, што посьпех Чэхіі, Прыбалтыкі, Сэрбіі, Грузіі й самое Польшчы вызначала духовая моц хрысьціянскага абуджэньня. Беларусам нельга надалей заставаца ў цемры камуністычнай дыктатуры й «праваслаўнага атэізму». А той, хто верыць у Бога і любіць Беларусь – як Каліноўскі. Дамейка, Касьцюшка – бярэ на сябе маральны абавязак адпавядаць.

Трымайцеся гэтак, каб Беларусі не было за вас сорамна.

Ня проста завіцеся «каліноўцамі» – будзьце каліноўцамі!

Жывеце па-беларуску – бо толькі так ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Павал Севярынец, в.Малое Сітна

Каментары

Цяпер чытаюць

«Гігабайты скончыліся, ляжыць відэа». Беларусы дзеляцца, ці хапае ім мабільнага інтэрнэту пасля абмежаванняў

«Гігабайты скончыліся, ляжыць відэа». Беларусы дзеляцца, ці хапае ім мабільнага інтэрнэту пасля абмежаванняў

Усе навіны →
Усе навіны

Зямлю ксяндза Акалатовіча не змаглі прадаць праз аўкцыён1

На якіх вуліцах Мінска часцей за ўсё спыняюцца турысты?

Памерла Альжбета Далэнга-Ужосак

У вёсцы, на якую нядаўна зрабілі налёт расійскія падлеткі, затрымалі мужчыну з наркотыкамі5

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць35

Фон дэр Ляен паабяцала, што Украіна атрымае заблакаваныя Орбанам 90 мільярдаў еўра «так ці інакш»5

У Брытаніі ўпершыню нарадзілася дзіця пасля перасадкі маткі ад памерлай донаркі

У памерлага былога палітвязня Валерыя Цімашэнкі нарадзілася дачка3

«Польшча стала не тая, што раней». Эмігранты, якія вярнуліся ў Беларусь, патлумачылі чаму і падзяліліся ўражаннямі52

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Гігабайты скончыліся, ляжыць відэа». Беларусы дзеляцца, ці хапае ім мабільнага інтэрнэту пасля абмежаванняў

«Гігабайты скончыліся, ляжыць відэа». Беларусы дзеляцца, ці хапае ім мабільнага інтэрнэту пасля абмежаванняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць