Доктарка-ўкраінка дапамагае рэпрэсаванаму беларусу, якому пагражае параліч. Але яму патрэбна і наша дапамога
Падчас зняволення ў 2020 годзе ў жыхара Стоўбцаў Віталя Тысева абвастрылася хранічнае захворванне. Пасля ўцёкаў з Беларусі лекары дыягнаставалі ў яго сур’ёзную праблему. Калі за два месяцы Віталю не зробяць аперацыю, яго можа паралізаваць, піша «Радыё Свабода».
У Беларусі Тысеў у вышуку. На яго завялі крымінальную справу паводле «народнага артыкула» (арт. 342 КК, арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Віталь удзельнічаў у пратэстах у родных Стоўбцах.
Шмат гадоў таму ў Віталя была траўма хрыбетніка. Але яна дазваляла яму жыць і працаваць. Складанасці пачаліся ў 2020 годзе, калі арышт у ізалятары справакаваў запаленне. Пабоі ён проста пераляжаў, да лекараў не звяртаўся, бо баяўся, што гэта створыць клопаты для сям’і.
«Гэта быў як удар па старой траўме, якую, дарэчы, беларускія лекары не дыягнаставалі правільна. Толькі ў Польшчы я дазнаўся, што ў мяне была не проста нейкая траўма, у мяне быў зламаны хрыбетнік», — расказвае Віталь.
У жніўні 2020 года Віталя затрымалі падчас пратэстаў і жорстка збілі. У яго пачаў развівацца агрэсіўны анкілазуючы спандыліт (аўтаімунная хвароба злучальнай тканкі), зрасліся ўсе суставы хрыбетніка і розныя іншыя суставы.
У 2020 годзе ў Віталя пачаўся вялікі запаленчы працэс. Цяпер ён пакутуе ад моцных боляў. Дыягназ лекараў у Беларусі — астэахандроз — аказаўся памылковы. Але і ў Польшчы праблему выявілі не адразу. Спачатку палічылі, што ў Віталя проста крывая шыя.
Тым не менш, у Польшчы беларус атрымаў групу інваліднасці. Але працаваць мусіць, бо не хапае сродкаў на жыццё. Працуе Віталь па сваёй спецыяльнасці, з металаканструкцыямі — ён токар-фрэзероўшчык. Гэта толькі пагаршае сітуацыю са здароўем.
Каб арганізм далей мог функцыянаваць, трэба паставіць імплант на ўвесь хрыбетнік. Польскія лекары гатовыя зрабіць Віталю такую аперацыю ў адной з варшаўскіх клінік. Але яго страхоўка такую працэдуру не пакрывае.
«Рахунак мне выставілі на 81 281 злоты (больш за 17 тысяч еўра). Гэта папярэдняя сума. Сказалі, што калі зацягнуць, то праз два месяцы можа быць паралізацыя. Сабраць такую суму я не магу, бо зарабляю 3000 злотых. Давядзецца браць крэдыт. Але праблема ў тым, што паўгода пасля аперацыі я буду ляжаць, а працаваць не змагу ўвогуле два гады», — працягвае Віталь.
Раней Віталю дапамог фонд BySol. Сабраныя 1,7 тысячы еўра ён патраціў на дыягностыку. Быў варыянт зрабіць яе бясплатна, але чакаць у чарзе давялося б яшчэ цэлы год.
Віталём апякуецца і дапамагае яму былая вайсковая лекарка з Украіны Наталля. Яна таксама жыве ў Шчэціне, наймае пакой у той самай кватэры, дзе жывуць і Віталь з жонкай. Ва Украіне Наталля была лекаркай вышэйшай катэгорыі, працавала намесніцай загадчыка рэанімацыі. Дапамагаць Віталю стала для яе справай гонару.
«Ёсць сімптомы, якія мяне моцна насцярожваюць. Уначы ў яго ёсць сімптаматычныя спыненні сардэчнай дзейнасці, якія пераходзяць у арытмію. У яго такі згіб пазваночніка, калі сціснутае сэрца. Яго галава практычна не рухаецца. Ёсць праблемы з глытаннем. То-бок цяжкую ежу перажоўваць ён не ў стане. У асноўным харчаванне ідзе праз блэндар. Атлант (першы шыйны пазванок. — РС) у яго сціснуты настолькі, што падціскае стрававод. З атлантам цяпер вялікая праблема», — расказвае Наталля.
Стэроідныя і нестэроідныя прэпараты ўжо выпрабавалі, яны не працуюць, дадае Наталля. Арганізм Віталя хутка прывыкае да любога прэпарату.
«10 дзён, максімум месяц, і ён перастае дзейнічаць. Болевы сіндром здымаецца максімальна на 2 гадзіны. Здараюцца правалы ў памяці», — кажа Наталля.
Збіраць ахвяраванні на прыватны рахунак лічыцца ў Польшчы махлярствам. На дапамогу прыйшлі шчэцінскія беларусы, і збор пачаўся на рахунак арганізацыі «Чабор» праз польскую краўдфандынгавую платформу Zrzutka.pl. Сабраныя сродкі пойдуць на аплату шпіталізацыі. Наталля плануе пасля аперацыі забраць Віталя са шпіталя раней, каб даглядаць дома і так ашчадзіць грошы.
Вялікі кавалак свайго вольнага часу Наталля праводзіць з Віталём ужо цяпер. Яна суправаджае яго на кансультацыях з лекарамі. Нават працу шукала і знайшла непадалёк ад дому, каб паспець дабегчы за 10 хвілін, калі што здарыцца.
«Мяне здзіўляюць папрокі, чаму ўкраінка дапамагае беларусу. А я такое ўжо чула. Казалі мне, навошта ён вам, ён жа беларус. Мне гэта ніяк не замінае. У болю і дыягназу няма нацыянальнасці. Я жыву па прынцыпе: «Рабі дабро і кідай у ваду». Тым больш я вайсковы лекар. Я бачыла і больш страшныя рэчы», — дадае жанчына.
Аперацыя ў варшаўскай клініцы Carolina чакаецца ў канцы красавіка. Сям’я Віталя і Наталля спадзяюцца сабраць хаця б частку сумы.
Дапамагчы чалавеку можна па гэтай спасылцы.
Каментары