Эрдаган заяўляе, што турэцкая разведка забіла лідара «Ісламскай дзяржавы» у Сірыі
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган расказаў, што разведвальныя службы краіны высачылі і забілі лідара групоўкі «Ісламская дзяржава» Абу Хусейна аль-Курашы, піша ВВС.

Паводле Эрдагана, аперацыя па нейтралізацыі джыхадыста адбылася ў Сірыі ў суботу, а турэцкая разведка сачыла за Курашы працяглы час. Ніякіх дадатковых падрабязнасцяў Эрдаган не паведаміў, а незалежнага пацвярджэння яго словаў на гэты момант няма.
Сірыйскія крыніцы паведамілі «Рэйтэрс», што аперацыя была праведзеная каля горада Джандарыс на поўначы Сірыі, недалёка ад мяжы з Турцыяй.
Аб прызначэнні Курашы лідарам ІД групоўка паведаміла ў канцы мінулага года; яго папярэднік, якога таксама звалі Курашы, быў забіты.
У лютым гэтага года амерыканскі спецназ высачыў месца, дзе хаваўся папярэдні лідар ІД Абу Ібрагім аль-Хашымі аль-Курашы. Пасля перастрэлкі джыхадыст прывёў у дзеянне выбуховае прыстасаванне, у выніку чаго ён загінуў разам з членамі сваёй сямʼі. Тады прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што падчас гэтай аперацыі была «ліквідаваная сурʼёзная тэрарыстычная пагроза ўсяму свету».
Цяпер у Турцыі ў самым разгары перадвыбарная кампанія, прэзідэнцкія выбары пройдуць 14 мая, прычым, мяркуючы па апытаннях, у Эрдагана ёсць рэальны шанец прайграць іх.
Тэрарыстычны «халіфат» ІД калісьці займаў тэрыторыю ў 88 тыс. квадратных кіламетраў, ад усходняга Ірака да заходняй Сірыі. Пад ярмом тэрарыстаў жыло каля васьмі мільёнаў чалавек.
У 2017 і 2018 гадах ІД была разбітая на полі бою, спачатку ў Іраку, а потым у Сірыі. Аднак групоўка працягвае браць на сябе адказнасць за напады, такія як выбух у шыіцкай мячэці ў горадзе Кундуз на поўначы Афганістана. У выніку выбуху тады загінулі сама меней 50 чалавек, гэты тэракт стаў найбуйнейшым з моманту вываду амерыканскіх войскаў з краіны.
У ліпені мінулага года ААН папярэдзіла, што групоўка па-ранейшаму зʼяўляецца сурʼёзнай небяспекай. Па некаторых падліках, у шэрагах ІД знаходзяцца ад 6 тыс. да 10 тыс. джыхадыстаў у Сірыі і Іраку, яны знаходзяцца ў асноўным у сельскіх раёнах і перыядычна здзяйсняюць дыверсіі. Па даных ААН, найбольш актыўна яны дзейнічаюць у Афганістане, Самалі і ў басейне возера Чад.
-
«Спадзяюся, ты памрэш і пазбавіш нас ад пакут». Пасля адстаўкі кіраўніка Nvidia Джэнсэна Хуанга праз шпіёнскі скандал падначаленыя расказалі пра ягоныя істэрыкі
-
Урад Чэхіі пазбаўляе грамадскія медыя фінансавай незалежнасці. У адказ у Празе пачаўся найбуйнейшы пратэст з 1989 года
-
Эстонія закрывае мяжу з Расіяй з 1 снежня. Прычынай стала спроба ГРУ падпаліць абаронны завод
Цяпер чытаюць
Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал
Каментары