Амерыканскія інжынеры распрацавалі сістэму, якая тушыць агонь без вады, пены і хімічных рэчываў. Замест іх выкарыстоўваюцца гукавыя хвалі, якія чалавек нават не чуе. Як працуе гэтая тэхналогія, расказвае CNN.

Каб падтрымліваць гарэнне, агню патрэбныя тры рэчы: гаручае рэчыва, высокая тэмпература і кісларод. Калі прыбраць хаця б адну з іх, полымя згасне.
У адрозненне ад звычайных сістэм пажаратушэння, якія выкарыстоўваюць ваду, амерыканская кампанія Sonic Fire Tech прапануе ўздзейнічаць на агонь гукавымі хвалямі. Яны парушаюць паступленне кіслароду да полымя, без якога гарэнне немагчыма.
Для гэтага інжынеры стварылі генератар, які выпрацоўвае магутныя гукавыя хвалі частатой ніжэй за 20 герцаў. Такія ваганні называюцца інфрагукам. Чалавечае вуха іх звычайна не ўспрымае, але яны здольныя прымушаць паветра рухацца.
Паводле распрацоўшчыкаў, гукавыя хвалі выклікаюць хуткія ваганні паветра каля полымя, перашкаджаючы паступленню кіслароду ў зону гарэння. У выніку агонь згасае, хоць канцэнтрацыя кіслароду ва ўсім памяшканні застаецца ранейшай.
Сам прынцып вядомы не першы год. Яго вывучалі амерыканскія ваенныя даследчыкі, а ў 2015 годзе студэнты Універсітэта Джорджа Мейсана стварылі кампактную прыладу, здольную тушыць невялікае полымя гукам.
Аднак пакуль эфектыўнасць такога спосабу пацверджаная пераважна на невялікіх узгараннях, калі гукавыя хвалі накіроўваюць непасрэдна на агонь з блізкай адлегласці. Ці атрымаецца гэтак жа надзейна спыняць вялікія пажары, яшчэ трэба даказаць.

Ці заменіць гук ваду?
Sonic Fire Tech прапануе ўсталёўваць акустычны генератар у будынку, а гукавыя хвалі размяркоўваць па памяшканнях праз спецыяльныя каналы, падобныя да вентыляцыйных.
Сістэма павінна ўключацца аўтаматычна, калі датчыкі выяўляюць прыкметы ўзгарання. Распрацоўшчыкі разлічваюць, што гэта дазволіць спыняць пажар на самым пачатку.
Звычайныя аўтаматычныя сістэмы пажаратушэння спрацоўваюць, калі тэмпература дасягае пэўнага ўзроўню. Тады спецыяльныя распыляльнікі пачынаюць падаваць ваду, якая тушыць агонь, але адначасова можа пашкодзіць мэблю, тэхніку і аздабленне памяшканняў.
Гукавая сістэма такой праблемы не мае. Яе можна запускаць пры першых прыкметах небяспекі, не баючыся, што памылковая трывога скончыцца затапленнем пакоя.
Асабліва перспектыўным распрацоўшчыкі лічаць выкарыстанне інфрагуку пры ўзгаранні алею і тлушчу на кухні. Такія пажары небяспечна тушыць вадой: яна можа выклікаць бурнае распырскванне распаленага тлушчу і распаўсюджванне полымя.
Аднак у новай тэхналогіі ёсць істотны недахоп — высокая цана. Паводле ацэнак кампаніі, абсталяванне дома плошчай каля 325 квадратных метраў абыдзецца прыкладна ў $30 тысяч.
Да таго ж сістэма пакуль не прайшла ўсіх неабходных выпрабаванняў. Спецыялісты па пажарнай бяспецы нагадваюць, што традыцыйныя водныя спрынклеры ўжо даказалі сваю эфектыўнасць, а гукавой тэхналогіі яшчэ трэба пацвердзіць надзейнасць у рэальных умовах.
Тым не менш яе ўжо пачынаюць укараняць. Кампанія атрымала некалькі дазволаў на ўстаноўку абсталявання ў Каліфорніі і распачала мантаж першай сістэмы ў прыватным доме. Паралельна інжынеры даследуюць магчымасць выкарыстання інфрагуку для тушэння прыродных пажараў.
Першыя афіцыйныя выпрабаванні для сертыфікацыі планавалася пачаць восенню 2026 года, а атрымаць адпаведны сертыфікат распрацоўшчыкі разлічваюць у 2027-м.
Каментары