Служба бяспекі Украіны паведаміла, што ў ноч на 11 лістапада яна сумесна з іншымі складнікамі Сіл абароны Украіны нанесла ўдары па важных аб’ектах партовай, нафтаперапрацоўчай і транспартнай інфраструктуры Расіі ў порце Усць-Луга Ленінградскай вобласці.

Паводле папярэдняй інфармацыі, беспілотнікі Цэнтра спецыяльных аперацый «Альфа» атакавалі інфраструктурныя аб’екты на тэрмінале «Новатэк — Усць-Луга». Сярод пашкоджаных аб’ектаў — некалькі рэзервуараў, кожны ёмістасцю 30 тысяч тон. Таксама адбыўся разліў нафтапрадуктаў.
На тэрмінале «Усць-Луга Ойл» пашкоджана некалькі рэзервуараў з нафтапрадуктамі, там узнік маштабны пажар. Акрамя таго, узгаранні зафіксаваныя на тэрмінале акцыянернага таварыства «Фактар» і чыгуначнай станцыі Лужская.
Асноўныя пашкоджанні прыпалі на рэзервуарныя паркі, помпавыя станцыі, трубаправоды і інфраструктуру для перавалкі нафты і нафтапрадуктаў. На аб’ектах працягваюцца пажарна-выратавальныя працы.
У межах той жа спецаперацыі СБУ арганізавала ўдар па малым ракетным караблі праекта «Буян-М» «Нара-Фамінск». Гэта судна з’яўляецца носьбітам крылатых ракет «Калібр» і «Анікс». На ваду яго спусцілі ў 2022 годзе.
Акрамя таго, СБУ правяраецца інфармацыя пра знішчэнне расійскіх баявых верталётаў.
У СБУ заявілі, што працягваюць сістэматычна выводзіць са строю нафтавую інфраструктуру Расіі, каб скарачаць паступленні ў бюджэт Крамля, з якога фінансуецца вытворчасць ракет, беспілотнікаў і іншай зброі для вайны супраць Украіны. У ведамстве падкрэслілі, што расійскі тыл не можа адчуваць сябе ў бяспецы і што за атакі на ўкраінскія гарады і цывільную інфраструктуру Расія атрымлівае адказ на сваёй тэрыторыі.
Каментары