Грамадства

Выбары стагоддзя ў Турцыі: чаму за імі сочыць уся Еўропа

Пра тое, што апошнімі днямі адбываецца ў Турцыі і чаму ўсе так пільна сочаць за цяперашнімі выбарамі, піша Рашэд Чоўдхуры, які жыве там. 

Рэджэп Таіп Эрдаган. Фота: Firdia Lisnawati / AP

Апошнямі днямі і нават тыднямі тут, у Манісе, горадзе з насельніцтвам прыблізна такім, як у беларускім абласным цэнтры, роўна так, як у Стамбуле, мегаполісе з насельніцтвам у паўтары Беларусі, у гарадскім пейзажы дамінуюць твары: твары на плакатах, твары на банерах, твары на ўлётках. Шкада, што я не магу падзяліцца фатаграфіямі гэтых твараў, бо з 18:00 учора і да 21:00 сёння дзейнічае забарона не толькі на палітычную агітацыю, але і забарона на публікацыю навін, якія змяшчаюць у сабе элементы агітацыі. 

Аднак усё ж варта іх апісаць словамі ў мэтах ілюстрацыі, а не агітацыі. Больш за ўсё дамінуе твар прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Ягоны твар глядзіць на вас з банераў, што вісяць пасярэдзіне вуліцы. Ён глядзіць на вас з улётак, прыклееных на электрычныя тумбы пасярэдзіне тратуара. Ён глядзіць кудысьці ў далечыню з аграмадных постараў на білбордах уздоўж дарогі. А ў Стамбуле ён нібыта назірае за рухам з банераў памерам з будынак. 

Што кажуць усе гэтыя банеры, постары ды ўлёткі? Яны запэўніваюць прыхільнікаў і скептыкаў, што Эрдаган — гэта «правільны мужчына ў правільны момант».

Часам на іх адзін Эрдаган. А часам разам з ім ёсць нейкі кандыдат у парламент ад ягонай партыі — Партыі правасуддзя і развіцця (AKP). Часам ён разам з усімі парламенцкімі кандыдатамі ад АКР у правінцыі.

Турэцкая палітычная культура візуальна арыентаваная, таму нават у звычайны час кожны лідар, ад прэзідэнта рэспублікі да мэра раёна, спрабуе паказаць як мага больш свой твар. Таму не дзіва, што паўсюль таксама выявы лідара альянсу з шасці аб’яднаных апазіцыйных партый Кемаля Кылычдароглу з Рэспубліканскай народнай партыі (CHP).

У адрозненне ад правай і рэлігійна накіраванай АКР, СНР — гэта левацэнтрысцкая свецкая партыя, сфармаваная самім заснавальнікам Рэспублікі Турцыя Мустафой Кемалем Атацюркам, у чые часы (і нейкі час пасля) яна была адзінай у краіне дазволенай партыяй, пра што не перастае ёй нагадваць Эрдаган. 

Разам з ягоным спакойным тварам (таксама вусатым і таксама немаладым, як у Эрдагана, бо яму 74 гады, і такім чынам ён на пяць гадоў старэйшы за прэзідэнта) на плакатах Кылычдароглу прысутнічае дэвіз «Табе слова». То-бок «Даю табе слова, што выканаю абяцанні». 

Ці здолее выканаць, ці не — сказаць немагчыма, не толькі таму, што абодва кандыдаты знаходзяцца блізка адзін ад аднаго па ўзроўні народнай падтрымкі, і не толькі таму, што ёсць яшчэ адзін кандыдат Сінан Аган, які зменіць альбо не зменіць суцэльную карціну вынікаў, і нават не толькі таму, што з дыстанцыі літаральна днямі зняўся яшчэ адзін кандыдат Мухарэм Інджэ пасля таго, як усплылі відэа сэксуальнага характару з ягоным удзелам (дыпфэйкі, па ягоных словах), а яшчэ і таму, што рабіць любыя прадказанні ў прэсе наконт таго, хто пераможа на выбарах, таксама забаронена турэцкім заканадаўствам паміж 18:00 учора і 21:00 сёння. 

Але звернем увагу на Кылычдароглу: у чым галоўныя адрозненні паміж ім і Эрдаганам. Па-першае, ён абяцае прынесці ў Турцыю больш дэмакратыі.

Напрыклад, па ягоных словах, калі ён пераможа, больш ніхто не будзе пасаджаны ў турму за выказванне ў твітары (што ў сучаснай Турцыі раз-пораз здараецца).

Ён абяцае даць сапраўдную свабоду Цэнтральнаму банку,

каб той усталёўваў па сваім разуменні эканамічных патрэб (а не па жаданні прэзідэнта) працэнтныя стаўкі, каб больш эфектыўна змагацца з інфляцыяй, якая зараз стаіць на адзнацы 42% (для параўнання, у Беларусі за мінулы год яна 12,8%). 

Таксама ён абяцае вярнуць сістэму парламенцкай рэспублікі, якая дзейнічала ў Турцыі да 2018 года.

І часта звяртаецца да моладзі, абяцаючы ёй дастойнае жыццё ў эканамічным плане. Тое ж робіць ягоная партнёрка па альянсе, галоўная жанчына ў турэцкай палітыцы Мераль Акшэнер з правай Добрай партыі (İYİ Parti). І, дарэчы, сам Эрдаган. 

Яшчэ адно важнае адрозненне паміж Кылычдароглу і Эрдаганам тычыцца лёсу 3,6 мільёна сірыйскіх уцекачоў, якія знайшлі прытулак у Турцыі пасля пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі ў 2011 годзе. Яшчэ да пачатку кампаніі партыя Кылычдароглу СНР стала абяцаць, што, калі прыйдзе да ўлады, яна прымусова вышле ўсіх сірыйцаў у Сірыю. Эрдаган казаў, што адпраўляць людзей у ваенную зону немагчыма.

З цягам часу Кылычдароглу змякчыў пазіцыю і сказаў, што будзе дамаўляцца з кіраўніком Сірыі Башарам Асадам, каб той прымаў тутэйшых сірыйцаў, і будзе адпраўляць толькі тых, хто пагодзіцца туды вярнуцца. 

Кылычдароглу да пачатку кампаніі пасварыўся з Еўрасаюзам, напісаўшы ў твітары, што, калі ён пераможа на выбарах, Турцыя перастане быць еўрапейскім лагерам для ўцекачоў (бо многія туркі сапраўды не згодныя з еўрапейскай палітыкай не пускаць да сябе сірыйскіх уцекачоў пасля 2015 года, вымушаючы тым самым іх заставацца ў Турцыі). Але зараз Кылычдароглу, наадварот, абяцае больш шчыльна сябраваць з Захадам і ў хуткім парадку разгледзець шведскі зварот на ўступленне ў НАТА. 

Эрдаган тым часам хваліцца дасягненнямі на эканамічным фронце, у тым ліку вайскова-прамысловым комплексам: на некаторых постарах ягоны твар паказаны на фоне дрона Bayraktar. Але і акрамя яго ёсць таксама чым пахваліцца, напрыклад, нядаўна пабудаваным караблём-дронаносцам, турэцкаю электрычнаю машынаю TOGG, Стамбульскім аэрапортам (найвялікшым па колькасці пасажыраў у Еўропе) і новай шашой, хуткаснымі чыгункамі і лініямі метро, пабудаванымі па ўсёй краіне за апошнія два дзесяцігоддзі.

Турцыя пры Эрдагане дасягнула 48-га месца (паміж Аргенцінай і Чарнагорыяй) у індэксе развіцця чалавека, які складае праграма развіцця ААН, у той час як Беларусь скацілася да 60-га (паміж Коста-Рыка, Уругваем і Панамай). Але праблема Эрдагана палягае ў тым, што многія туркі сябе параўноўваюць далёка не з Чарнагорыяй, а, скажам, з Германіяй, якая знаходзіцца на дзявятым месцы ў індэксе і дзе жыве, паводле падлікаў навукоўцаў, прыблізна сем мільёнаў чалавек турэцкага паходжання.

У маім квартале Манісы Акмесджыце галасаванне праходзіць у школе. Людзі ідуць галасаваць сем’ямі, як на свята. У той жа час не толькі тут, але і па ўсёй краіне (дзе спажыванне гарбаты на душу насельніцтва найвышэйшае ў свеце) зачыненыя ўсе чаёўні, каб людзі ішлі галасаваць замест таго, каб піць гарбату. Пра тое, што атрымаецца ў выніку, мы даведаемся ўжо сёння. 

Сёлета Турцыя адзначае сотую гадавіну заснавання Рэспублікі Турцыя. Куды пойдзе гэтая краіна ў наступным стагоддзі, часткова вырашаць менавіта сённяшнія выбары. 

Пра аўтара:

Рашэд Чоўдхуры нарадзіўся ў Мінску ў беларуска-бенгальскай сям’і. Грамадзянін Беларусі і Канады. Атрымаў ступень доктара філасофіі па гісторыі ў МакГілаўскім універсітэце ў Манрэалі (правінцыя Квебек, Канада). Акрамя МакГіла, працаваў у Фондзе Карнегі за міжнародны мір у Вашынгтоне і Універсітэце Манітобы ў Вініпегу (правінцыя Манітоба, Канада). З 2019 года ёсць прафесарам-асістэнтам на кафедры паліталогіі і міжнародных адносін ва Універсітэце Джэляля Баяра ў Манісе ў Турцыі. 

Каментары

Цяпер чытаюць

Камандзір РДК Дзяніс Капусцін жывы. Яго смерць была інсцэніроўкай9

Камандзір РДК Дзяніс Капусцін жывы. Яго смерць была інсцэніроўкай

Усе навіны →
Усе навіны

У Гомелі пара зарэгістравала свой шлюб у касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі3

У цэнтры Мінска зноў выстраілася вялізная чарга. Па што гэтым разам?10

Мінабароны Расіі толькі праз два дні пасля заявы пра атаку дронаў на пуцінскую рэзідэнцыю нешта пра яе расказала1

У Фінскім заліве зноў пашкодзілі кабель, які звязвае Фінляндыю і Эстонію2

Што паглядзець у навагоднюю ноч? Альтэрнатыўная праграма перадач на YouTube11

Вось так выглядае пентхаўс за $1 000 000 каля плошчы Перамогі ў Мінску13

Сярод «экстрэмістаў», якіх Лукашэнка памілаваў пад Новы год, ёсць і хатнія хімікі1

Вялікае рабаванне банка ў Германіі. Як злачынцы скарысталі Каляды і абчысцілі амаль усе ячэйкі3

Выйшаў з начнога клуба і знік. У Мінску пятыя суткі шукаюць хлопца3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Камандзір РДК Дзяніс Капусцін жывы. Яго смерць была інсцэніроўкай9

Камандзір РДК Дзяніс Капусцін жывы. Яго смерць была інсцэніроўкай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць