Журналіста «Еўрарадыё» Тарналіцкага дадалі ў базу «Міратворац» — за некрытычную гутарку з украінскім ухілянтам
Гэта ўжо другі работнік «Еўрарадыё». Але Яўгену Казарцаву ўдалося адбіцца.

У спісе «Міратворац», у які людзей дадаюць за дзеянні супраць бяспекі Украіны, з'явілася імя журналіста «Еўрарадыё» Тараса Тарналіцкага (сапраўднае прозвішча Круцкіх).
Аўтары сайта абвінавачваюць Тарналіцкага ва ўдзеле ў актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны, перашкодах дзейнасці ўкраінскай арміі і ў тым, што ён нібыта асэнсавана спрабаваў падарваць абароназдольнасць Украіны дзеля ўласнай фінансавай выгады.
Беларуса дадалі ў спіс за інтэрв'ю з Віталем Крыкрывенкам — украінцам, які летам 2026 года перайшоў яшчэ з двума мужчынамі ўкраінска-беларускую мяжу, каб не трапіць пад мабілізацыю ва ўкраінскую армію. Пазней Крыкрывенка патрапіў у Еўрасаюз.
Тарналіцкі зрабіў з Віталем гутарку, у якой запытаў яго пра камунікацыю з беларускімі сілавікамі і стаўленне да ўладаў Беларусі, небяспеку для ўкраінцаў у Беларусі і тое, наколькі ўкраінска-беларуская мяжа зручная для тых, хто ўцякае ад мабілізацыі ва ўкраінскую армію. Аўтары «Міратворца» звярнулі ўвагу на апошняе пытанне ды на тое, што «Еўрарадыё» вынесла ў загаловак артыкула ідэю пра меркаваную прывабнасць той мяжы для ўхілянтаў.
Стваральнікі «Міратворца лічаць, што праз такую падачу артыкул папулярызуе маршрут уцёкаў з Украіны праз Беларусь. Таксама аўтары спісу пішуць, што ў артыкуле няма крытычнай прававой ацэнкі ўцёкаў Крыкрывенкі — на іх думку, гэта таксама папулярызуе ідэю ўцёкаў ад мабілізацыі.
Тарналіцкі — не першы журналіст «Еўрарадыё», які трапіў у базу «Міратворца». У чэрвені там з'явілася імя Яўгена Казарцава, кіраўніка выдання, які з 2015 па 2020 гады працаваў на расійскім дзяржаўным рэсурсе «Спутнік».
Казарцаву праз ягоную працу на «Спутніку» закідалі «ўдзел у актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны», распаўсюд расійскай прапаганды і маніпуляванне грамадска значнай інфармацыяй у інтарэсах Крамля. Але ж цяпер яго картку на «Міратворцы» не знойдзеш — яшчэ ў ліпені Яўгена выдалілі са спісу, патлумачыўшы гэта тым, што ён трапіў туды памылкова.
Тарас Тарналіцкі найбольш вядомы як кінакрытык. Ён на пастаяннай аснове супрацоўнічае з «Еўрарадыё» і Budzma.org, але за гады кар'еры пісаў і для дзясяткаў іншых медыя — у тым ліку і для таго ж «Спутніка».
Сваё з'яўленне ў базе «Міратворца» Тарналіцкі не каментуе.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары