Культура

У Вільні завяршаецца рэстаўрацыя Вострай брамы. Знакамітая «Пагоня» на фасадзе кардынальна змяніла колер

У літоўскай сталіцы падыходзяць да канца маштабныя працы па аднаўленні аднаго з галоўных сімвалаў горада — Вострай брамы. Пасля даследаванняў рэстаўратары вырашылі адмовіцца ад звыклага кантраснага выгляду помніка і вярнулі яму гістарычную паліхромію, праз што герб Вялікага Княства Літоўскага набыў зусім іншае каларыстычнае рашэнне.

Атык паўднёвага фасада Вострай брамы на фінальным этапе рэстаўрацыі. Фота: «Наша Ніва»

Як паведамляе Віленская архідыяцэзія, прычынай для пачатку работ стаў аварыйны стан фасадаў гістарычнага будынка. Паводле слоў пробашча парафіі Святой Тэрэзы і рэктара санктуарыя ў Вострай браме мансеньёра Кястуціса Латожы, асабліва моцна пацярпеў дэкор з боку Ліпаўскай вуліцы (Liepkalnio g.), дзе элементы дэкору пачалі крышыцца і асыпацца.

Атык паўднёвага фасада Вострай брамы на фінальным этапе рэстаўрацыі. Фота: «Наша Ніва»
Атык паўднёвага фасада Вострай брамы на фінальным этапе рэстаўрацыі. Фота: «Наша Ніва»

Хоць першапачаткова рэстаўрацыю капліцы і вежы планавалі расцягнуць на два гады, асноўны аб'ём удалося выканаць прыкладна за паўгода. Аднаўленнем ахапілі ўсе чатыры бакі будынка, але галоўную ўвагу надалі найбольш пашкоджаным паўднёваму і заходняму фасадам. Паводле кіраўніка работ Повіласа Любінаса, па зацверджанай Дэпартаментам культурнай спадчыны праграме цалкам адрэстаўравалі верхнюю частку будынка ад даху да першага карніза, а таксама атрымалі дазвол на перафарбоўку ніжняй часткі сцен без умяшання ў архітэктурныя элементы.

Выгляд атыка паўднёвага фасада Вострай брамы да рэстаўрацыі. Фота: Wikimedia Commons

Як «Пагоня» перажыла імперыю і СССР ды стала каляровай у 1986 годзе

Вострая — першапачаткова Медніцкая — брама з'яўляецца адзінай захаванай да нашых дзён брамай гарадской абарончай сцяны Вільні, узведзенай у 1503—1522 гадах. Менавіта праз яе са сталіцы ВКЛ ішоў старажытны гасцінец на Меднікі, Крэва, Ашмяны і далей на Мінск. Сусветную вядомасць помніку прынесла надбрамная капліца з цудадзейным абразом Маці Божай Вастрабрамскай, а саму абарончую вежу пасля пажару 1610 года надбудавалі пышным рэнесансным атыкам па праекце архітэктара Пятра Нонхарта — тады ж на паўднёвым фасадзе з'явіліся і міфалагічныя грыфоны, якія трымаюць герб дзяржавы.

Выгляд атыка ў 1912 годзе. Фота: Ян Булгак / Wikimedia Commons

Гэтая «Пагоня» мае ўнікальны лёс, бо перажыла на сваім месцы і расійскае панаванне, і міжваенную Польшчу, і савецкую акупацыю. Царскія ўлады не чапалі старую геральдыку ВКЛ, бо ўключылі вершніка ў герб Віленскай губерні, аднак у пачатку XX стагоддзя барэльеф на браме не меў колераў і быў аднатонным. У міжваенны час польская адміністрацыя таксама пакінула вершніка ў спакоі, але крыху ніжэй — у нішы над аркай, дзе раней была затынкаваная фрэска Хрыста — павесіла вялізны барэльеф польскага Белага Арла працы віленскага скульптара Баляслава Балзукевіча.

Вострая брама ў 1939 годзе. У нішы пад праездам змешчаны польскі белы арол. Фота: Wikimedia Commons

За савецкім часам польскага арла знялі і замянілі на каваную металічную кампазіцыю ў выглядзе прамяністага крыжа, а да старой «Пагоні» пад самым дахам уладам не было справы: без належнага догляду ляпны герб быў асуджаны на павольнае разбурэнне і забыццё.

Вострая брама ў 1973 годзе. На месцы польскага белага арла з’явілася каваная кампазіцыя ў выглядзе крыжа. Фота: pastvu.com

Той яркі кантрасны выгляд — белы вершнік на насычаным бардовым фоне ў шэрым абрамленні, да якога прывыклі сучасныя гараджане і турысты — з'явіўся 40 гадоў таму, у кастрычніку 1986 года. Тады падчас рамонту брамы літоўскі рэстаўратар Казімірас Балсіс на ўласную рызыку аднавіў пашкоджаны часам барэльеф і вырашыў вылучыць яго геральдычнымі колерамі, за што пазней пацярпеў ад савецкіх органаў.

Апошні раз фасад комплексна абнаўлялі ў 2002—2003 гадах, калі з нішы прыбралі савецкую інсталяцыю і раскрылі фрэску Хрыста Збаўцы Свету XVII стагоддзя, захаваўшы пры гэтым каларыстыку «Пагоні» з узору 1986 года.

Вяртанне гістарычных колераў

Падчас сёлетняй расчысткі гістарычнага дэкору, якой займаўся рэстаўратар Вітаўтас Наркунас, высветлілася, што пры тых самых ранейшых рамонтах да арыгінальных рэльефаў быў груба далеплены лішні матэрыял. Праз такія дадаткі ляпніна, у тым ліку ў зоне картуша з гербам, стала непрапарцыйна масіўнай. Спецыялісты выдалілі ўсе познія напластаванні і вярнулі рэльефам іх першапачатковыя, больш вытанчаныя формы.

Атык Вострай брамы і барэльеф «Пагоні» да пачатку сёлетняй рэстаўрацыі. Фота: Wikimedia Commons
Картуш з барэльефам «Пагоні» да пачатку сёлетняй рэстаўрацыі. Фота: Wikimedia Commons

Яшчэ большыя змены адбыліся ў каларыстыцы будынка: па выніках даследаванняў ранейшых фарбавых слаёў быў распрацаваны новы праект афарбоўкі, які кардынальна змяніў звыклы выгляд помніка.

«Наша Ніва» пабывала на аб’екце і пабачыла, што на паўночным фасадзе рыштаванні ўжо знялі, а на паўднёвым працы знаходзяцца на фінальнай стадыі, таму вынік бачны ва ўсіх дэталях. Архітэктурны дэкор рэнесанснага атыка — карнізы і аркатуры з франтончыкамі, якія дзесяцігоддзямі вылучаліся кантрасным цёмна-шэрым колерам на светлым фоне — цяпер пафарбаваны ў адзіны светла-бежавы тон са сцяной.

Затое актыўны колер набыла фігуратыўная пластыка. Міфалагічныя грыфоны, якія трымаюць гербавы картуш, замест ранейшага шэрага колеру атрымалі жывапісную паліхрамію з градыентам ад тэракотава-чырвонага ў верхняй частцы крылаў і тулава да больш светлага, вохрыста-жоўтага адцення на лапах.

Барэльеф «Пагоні» і ляпныя грыфоны-шчытатрымальнікі ў час рэстаўрацыі. У полі картуша, паміж капытамі і галавой каня ды над яго хвастом, можна заўважыць раскрытыя арыгінальныя фрагменты старажытнай размалёўкі, астатняя частка рэстаўрацыйнымі прыёмамі затаніравана ў тое ж адценне. Фота: Віленская архідыяцэзія

Сама «Пагоня» на паўднёвым фасадзе пазбавілася позняй кантраснай расфарбоўкі 1980‑х гадоў. Цяпер картуш стаў светлым, а ў яго светла-чырванаватым полі змешчаны гняды — чырванавата-карычневы — конь і жаўтаваты вершнік у даспехах з чырвоным шчытом у белай аблямоўцы і з белым жа крыжам.

Тэлеграм-канал пра гісторыю архітэктуры ArchiDucatus звярнуў увагу, што такая бляклая афарбоўка на буйных здымках спачатку магла падацца толькі грунтоўкай перад фінальным слоем. Аднак калі прыгледзецца да поля картуша паміж капытамі і галавой каня ды над яго хвастом, можна заўважыць раскрытыя арыгінальныя фрагменты старажытнай размалёўкі. Усё астатняе поле вакол іх рэстаўрацыйным метадам — дробнымі кропкамі і штрышкамі — затаніравана ў тое ж адценне, што сведчыць пра канчатковасць гэтага варыянта.

Паўднёвы фасад Вострай брамы да рэстаўрацыі. Фота: Wikimedia Commons
Паўднёвы фасад Вострай брамы на фінальным этапе рэстаўрацыі. Фота: Наша Ніва

З зямлі кампазіцыя ў картушы глядзіцца вельмі цэльна і стрымана: паколькі фігура па насычанасці колеру амаль супадае з фонам, ляпны вершнік на кані вылучаецца перадусім за кошт аб'ёму і гульні светлаценю.

Выратаваны Святы Казімір

Па асобнай праграме рэстаўратаркі Лаўра Стрэкене і Ругіле Буткуце правялі кансервацыю і рэтушаванне насценнага жывапісу. Спецыялісткі ўмацавалі аўтэнтычны тынк, які ўжо пачаў асыпацца, і аднавілі згаданую фрэску Хрыста Збаўцы Свету.

Зандажы з раскрытымі фрэскамі з выявамі Святога Казіміра (злева) і Хрыста Збаўцы Свету за рыштаваннямі. Фота: Наша Ніва
Зандаж з фрэскай з выявай Святога Казіміра за рыштаваннямі. Фота: Наша Ніва

Была вернутая да жыцця і выява Святога Казіміра, размешчаная побач з фрэскай Хрыста. Раней гэты роспіс быў настолькі выцвілым і размытым, што яго контуры цалкам зліваліся і амаль не чыталіся на сцяне. Пасля расчысткі і рэтушавання выява святога апекуна Літвы і Беларусі зноў стала выразна бачнай з вуліцы.

Грыфоны сталі чырвонымі таксама і на паўночным фасадзе брамы, часткова схаваным за франтонам капліцы з цудадзейным абразом Маці Божай Вастрабрамскай. Фота: Наша Ніва

Генеральным падрадчыкам работ выступіла кампанія Restauracijos ir statybos trestas. Агульны кошт рэстаўрацыі склаў каля 300 тысяч еўра, прычым увесь праект быў прафінансаваны выключна са сродкаў парафіі без прыцягнення дзяржаўнага бюджэту. Цалкам разабраць рыштаванні з паўднёвага боку Вострай брамы плануюць у першыя тыдні лістапада — да пачатку штогадовых фэстаў Маці Божай Міласэрнасці, якія традыцыйна збіраюць у Вільні тысячы пілігрымаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

«Няма ў нас іншых беларусаў». Лідар «Драздоў» заклікаў дараваць тым, хто «не там лайк паставіў»47

«Няма ў нас іншых беларусаў». Лідар «Драздоў» заклікаў дараваць тым, хто «не там лайк паставіў»

Усе навіны →
Усе навіны

Пазняк: Нават пры мінімальным беларускім раскладзе Пуціла і Пратасевіч пойдуць пад следства103

«Пакінулі на некалькі гадзін аднаго на вакзале». Мужчына памёр пасля падзення з вышыні на працы4

«Першая думка — найлепшая». Экзаменатар — пра нюансы дзяржаўнага экзамену па польскай мове1

Джорджа Мелоні раскрытыкавала ЕС за хаос у перамовах па Украіне3

У Бабруйску запрашаюць на працу тыкток-стрымераў для вечаровых эфіраў. Колькі абяцаюць плаціць?4

Віталь Пінчук закінуў дэбютную шайбу ў НХЛ2

Кушнер раскрыў, пра што ЗША хочуць дамовіцца з Украінай і Расіяй у Абу-Дабі

Перамога дэмакратаў у ЗША напалохала інвестараў у ШІ. Фірмы на біржы Nasdaq страцілі 2,5 трыльёна, кампаніі Маска — 300 мільярдаў9

Доўгачаканае аднаўленне сядзібы паплечніка Касцюшкі ў Відзах-Лаўчынскіх абярнулася заменай драўляных сцен на керамзітабетон2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Няма ў нас іншых беларусаў». Лідар «Драздоў» заклікаў дараваць тым, хто «не там лайк паставіў»47

«Няма ў нас іншых беларусаў». Лідар «Драздоў» заклікаў дараваць тым, хто «не там лайк паставіў»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць