Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і экс-кіраўніца ліквідаванага Таварыства беларускай мовы расказала «Народнай Волі» пра тое, якую мае пенсію, пра сённяшняе жыццё і нежаданне з’язджаць з Беларусі.
Нагадаем, што не так даўно Алену Анісім затрымалі на працоўным месцы — у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук.
Па версіі міліцыянераў, Анісім «агрэсіўна сябе паводзіла ў РАУС», за што яе і асудзілі да адміністрацыйнага арышту на 12 сутак. За за гэты час з Акадэміі навук яе звольнілі.
Алена Мікалаеўна падзялілася, што летам не збіраецца кудысьці працаўладкоўвацца, «бо трэба крыху ачуняць, акрыяць, адпачыць».
«З верасня, магчыма, ужо буду шукаць нейкую падпрацоўку, — паведаміла Алена Анісім. — Жыццё пакажа, што будзе далей…
Нейкія мінімальныя грашовыя сродкі ў выглядзе пенсіі я ўсё-такі маю, таму летам магу сабе дазволіць не працаваць».
Алена Анісім была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу VI склікання. Якую яна цяпер пенсію атрымлівае: звычайную ці дэпутацкую?
— У мінулым годзе я адзначала 60-гадовы юбілей, — кажа Алена Мікалаеўна. — Па законе я мела права пайсці на пенсію ў 56 гадоў, але, паколькі ў гэты час, у 2018 годзе, была дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, то адклала яе афармленне.
У 2019 годзе я зноў вылучала сваю кандыдатуру ў Палату прадстаўнікоў, але мяне не зарэгістравалі ў якасці кандыдата ў дэпутаты. Вось тады я і падала дакументы на атрыманне пенсіі. На той час яна была ў мяне сярэдняй па Беларусі.
Праўда, той год, калі адмовілася ад пенсіі падчас дэпутацтва, пералічылі, пасля чаго дадалі 6 працэнтаў.
— Дык дэпутацкую пенсію вы не атрымліваеце?
— На той момант, калі я ішла на пенсію, працэдура была такая. Калі чалавек быў на выбарнай пасадзе поўны тэрмін, але не менш за 5 гадоў, то меў права на штомесячную дэпутацкую даплату да пенсіі. Пра памер даплаты я дакладна не ведаю, але сума істотная.
Паколькі дэпутаты нашага склікання закончылі працу датэрмінова (замест чатырох гадоў адпрацавалі тры), а на наступных выбарах у Палату прадстаўнікоў я не патрапіла, то адпаведна ніякіх правоў на гэтую дэпутацкую даплату я не мела.
Такім чынам, пенсія мне была прызначаная згодна з маім працоўным стажам. А стаж у мяне — больш за 40 з нечым гадоў, таму маю нават званне «Ветэран працы». Праўда, на памер пенсіі гэтае званне практычна не паўплывала.
Асноўнае, што ўплывае на пенсію, — гэта сярэдні заробак. У розныя гады ён быў у мяне розны, бо раней жа я працавала і настаўнікам, і ў Інстытуце.
— Калі не сакрэт, якая у вас цяпер пенсія?
— Да чэрвеня была 707 рублёў, але з 1 мая пенсію паднялі на 5 працэнтаў, таму цяпер дадалося 35 рублёў. У выніку атрымала 742 рублі.
Заплаціш камунальныя, купіш нешта паесці, а на што большае, то ўжо і не разгонішся.
Таму летам адпачну, а восенню буду шукаць нейкую працу, бо дадатковая капейка не пашкодзіць.
— Пасля таго як вы выйшлі з Акрэсціна, ці тэлефанавалі вам са словамі падтрымкі калегі з Акадэміі навук?
— З калегамі я мела магчымасць развітацца, калі забірала працоўную кніжку. І развіталіся даволі цёпла, некаторыя нават сказалі такую рэч: «У нас такое ўражанне, што ты хутка назад вернешся». Гэта мяне, безумоўна, насмяшыла, але хто ведае — усялякае ў жыцці бывае.
Так што з калегамі мы развіталіся вельмі цёпла, па-сяброўску… Усё-такі ў Інстытуце я працавала з 1991 года, быў толькі перапынак на дэпутацтва. За гэты час было шмат чаго добрага, таму лічу, што з калектывам мы разышліся нармальна.
— Цяпер чым вы займаецеся?
— Хатнімі справамі. То ў вёсцы бываю, то ў Мінск вяртаюся. Бацькоўскі дом пастаянна трэба падтрымліваць у належным стане — нешта абнаўляць, нешта даводзіць да толку. Спраў у мяне хапае.
— А не было жадання з’ехаць з Беларусі?
— Не было, няма і, спадзяюся, не будзе.
Усё сваё жыццё я пражыла ў Беларусі і, нават калі ў санаторый з’язджаю, то дзесяць дзён вытрымліваю са скрыпам.
Мае думкі толькі тут, маё жыццё таксама тут. Як бы ні было, я застануся ў Беларусі.
Каментары