Інакш будзе пададзены пазоў у Вярхоўны суд аб ліквідацыі палітычнай партыі.
Пра гэта «Народнай Волі» распавёў старшыня пакуль яшчэ зарэгістраванай Беларускай партыі «Зялёныя», бізнэсовец Дзмітрый Кучук.
— Па-першае, Мінюст даслаў нам афіцыйны ліст аб тым, каб мы правялі з'езд і прынялі рашэнне аб самаліквідацыі, — распавядае навіны Кучук. — Ліст ад 7 чэрвеня, але мы, на жаль, атрымалі яго толькі сёння.
У лісце гаворыцца пра тое, што мы павінны праінфармаваць Мінюст аб сваіх дзеяннях па вырашэнні пытання па самаліквідацыі Беларускай партыі «Зялёныя» да 14 чэрвеня. Мы на гэта можам адказаць завочна Мінюсту, што з'езд у нас запланаваны на студзень 2024 года і мы, вядома, занясём у парадак дня пытанне аб самаліквідацыі.
Па-другое, мы атрымалі тлумачэнне ад Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных аб тым, што тычыцца апрацоўкі персанальных звестак пра членаў партыі.
Высветлілася, што Мінюст «пры запыце ў палітычнай партыі інфармацыі, якая змяшчае спецыяльныя персанальныя звесткі, павінен быў даслаць нам спасылку на спецыяльны заканадаўчы акт, які прадугледжвае права дзяржаўнага органа на атрыманне такой інфармацыі». Я разумею так: калі нам спасылкі ніхто не дасылаў, значыць, Мінюст не мае права патрабаваць у нас персанальныя даныя заснавальнікаў нашай партыі.
Па-трэцяе, у нас нядаўна адбылася размова з прадстаўніком Мінюста, і нечакана высветлілася, што кудысьці зніклі нашы партыйныя дакументы, якія мы высылалі ў Мінюст: статут, пасведчанне аб рэгістрацыі, пратакол. Са слоў чыноўніка, гэтых дакументаў у іх няма. Мабыць, трэба будзе разбірацца, як такое магло здарыцца. Спадзяюся, разбяромся з гэтай незразумелай сітуацыяй…
Каментары