Культура

«Па снах толькі і жыву». Этнографка сабрала беларускі народны соннік. Якія вобразы што прадказваюць?

Аліна Высоцкая дзясятак гадоў вывучае сны і іх інтэрпрэтацыі беларусамі. Яна запісала аўтэнтычныя аповеды: тлумачэнні сноў, апісанні варажбы і абміранняў, перасцярогі і парады. Даследчыца расказала «Нашай Ніве», як збірала інфармацыю для кнігі.

«Фіксаваць сны я пачала ў 2008-м»

Ідэя напісаць сапраўдны беларускі народны соннік у Аліны з’явілася, калі яны яшчэ была студэнткай Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Там праводзіліся этнаграфічныя экспедыцыі, не палюбіць фальклор пасля іх, па словах дзяўчыны, было немагчыма.

«Пасля першай экспедыцыі заўважыла, што тэма са снамі ляжыць на паверхні. Вырашыла пачаць займацца ёй, навуковым кіраўніком у мяне тады быў Уладзімір Лобач, вельмі моцны спецыяліст. Ён дапамог з найменнем тэмы — феномен сну», — расказвае яна. 

Аліна расказвае, што ў беларускай традыцыі існуе вельмі разнастайнае тлумачэнне сноў. 

«Перадаецца вера ў прарочыя сны з пакалення ў пакаленне», — кажа яна. 

Падчас навучання ў аспірантуры Нацыянальнай акадэміі навук мне зноў пашчасціла з навуковай кіраўніцай — Таццянай Валодзінай, яна аформіла ідэю. 

У Акадэміі скончыць вучобу мне не ўдалося: у 2018-м я з’ехала ў ЗША. Але ідэя пра соннік нікуды не знікла, і я пачала працу над тэкстам». 

Аліна Высоцкая. Фота: асабісты архіў

У Беларусі, па словах аўтаркі, гэтую тэму раней ніхто не даследаваў. 

«Была праблема, што не было матэрыялаў, на якія можна было б абаперціся, таму гэта заняло вельмі шмат часу — фіксаваць сны я пачала ў 2008-м. 

А яшчэ адзін момант: калі да 2020-га была магчымасць наведваць Беларусь, збіраць нейкі матэрыял, то ўжо пасля — не. Прыходзілася працаваць з тым, што назбірала», — расказвае Аліна.

«Быў нейкі пусты сон»

Першая экспедыцыя Аліны была ў Докшыцкі раён, каля вёскі Бірулі.

«Вельмі рамантычны, шыкоўны досвед, — успамінае яна. —Докшыцкі раён — гэта месца, дзе можна было зафіксаваць шмат старажытных вераванняў, нават фіксавалася ніжэйшая міфалогія — вера ў дамавічкоў, лесавічкоў. Такое бывае вельмі рэдка, там знайшлі такі дыямент. 

Некалькі тыдняў там жылі, абыходзілі навакольныя вёскі. Але праца нялёгкая: трэба выслухаць чалавека, недзе паспачуваць, недзе пасмяяцца разам. На ўсё гэта трэба ўнутраныя сілы. І нават калі скончыш размаўляць, будзеш ісці назад у лагер, але нейкая шчымлівая дэталь, напрыклад, з біяграфіі кагосьці будзе глыбока ў душы сядзець і не даваць спакою. 

Экспедыцыя ў Докшыцкі раён, 2009 год. Фота: асабісты архіў

У кожнага студэнта была свая тэма, звычайна жывы водгук знаходзяць каляндарныя абрады. Калі, напрыклад, Купальская ноч наперадзе, пытаешся, як раней святкавалі. Бабулі адгукаюцца на гэта, дзядулі — часцей на падзеі падчас вайны. Так даходзім і да сноў, адказы дзеляцца на альбо «я не веру ў іх», альбо «па снах толькі і жыву». 

У экспедыцыі Аліна ездзіла ў асноўным на Падзвінне: Глыбоцкі, Докшыцкі, Расонскі раёны. Таксама Полацкі, Ушацкі, Мёрскі. 

Кніга Аліны падзелена на народны соннік (тое, што бачылі ў сне, сімвалы) і разгорнуты аповед. 

«Можна сустрэць даволі вядомыя тлумачэнні, многія ведаюць, да чаго сняцца зубы, рыба, вада. Але былі і незвычайныя — каноплі, п’яўка. Наўрад ці сучасны чалавек можа нешта наконт гэтага сказаць», — кажа яна.

Аліна прыводзіць значэнні некаторых сімвалаў.

Рыба часцей за ўсё сніцца да цяжарнасці. Даследчыкі звяртаюць увагу на сімвалічнае падабенства эмбрыёна з рыбай і жаночага чэрава з вадаёмам у розных культурах. Нейкія праблемы з зубамі ў сне — да смерці, выпаў зуб з крывёю — кроўнага родзіча. Такі сімвал сустракаецца амаль ва ўсіх славянскіх культурах. Вада — бяда, асабліва брудная.

А вось «п'яўку зловіш — зацяжараеш, увап'ецца — не мінецца, зацяжараеш». Гэта запіс 1889 года, нічога падобнага не давялося сустракаць у сучасных экспедыцыях, кажа этнографка. Такі ж стары запіс і «каноплі — слёзы будуць», бо зараз гэтую расліну не сустрэць.

Улюбёная частка кнігі Аліны — разгорнутыя аповеды, бо там шмат драмы, псіхалогіі, праекцыі жыцця з яго цяжкасцямі і радасцямі. 

«Існуе паняцце «пусты сон», але я лічу гэта штучнай катэгорыяй, бо сны, як кажуць бабулькі, могуць спраўдзіцца і праз 10-30 гадоў. Самае цікавае, што нейкая бабуля можа сказаць: «Быў нейкі пусты сон». Але яна яго ўсё роўна пераказвае, нешта ёсць, што яе ўстурбавала. Яна яго запомніла і трымае ў памяці. Таму думаю, што амаль усе сны можна аднесці да прароцкіх», — разважае яна. 

Аліна дзеліцца аповедам, які быў запісаны ў Докшыцкім раёне. Напісаны соннік не літаратурнай мовай, дыялекты і трасянка цалкам захаваныя.

«Мой брат быў у арміі, яму было 20 лет. І дружыў і з дзеўкай, а тая дзеўка ўродзе яго кінула… Яго адпусцілі з арміі, былі танцы ў дзярэўні. І ён, кагда разышлася вечарынка, ён устраліў іх дваіх: і дзеўку, і яе парня. Ана ў адной дзярэўні жыла, а ён у другой. Хацелі іх пахараніць разам. А тады нехта наплёў, што не нада, што там уся радня плачаць, што праз яе пагіб такі парань, ну і радзіцелі яе. Яна была палячка, а наш праваслаўны. Сказалі, пусць Антона вязуць к Ані. А дзядзька кажаць: «Не парань ідзець к дзеўцы, а дзеўка к парню. Прывязуць — пахаронім разам, а я не павязу». І не павязлі, і пахаранілі на разных кладбішчах. І ей сасніўся сон, мацеры радной: «Мамачка, як я на цябе абіжаюся, што ты мяне не завязла к Антону. А мне цяпер так далёка ісці, што я да яго не дайду». 

Фота: gutenbergpublisher.eu

«Валіцца на самае дно — і вакол мужчыны ў чорным адзенні кідаюць ёй вострыя косы»

Адзін са сноў, які запомніўся Аліне, быў зафіксаваны ў Расонскім раёне ў вёсцы каля возера Нешчарда.

«Там была бабуля, якая перажыла нешта накшталт клінічнай смерці. І сніўся ёй тады такі сон: бачыць гэта возера, валіцца на самае дно, і вакол мужчыны ў чорным адзенні кідаюць ёй вострыя косы. Яна не можа за іх узяцца, бо яны без драўлянай часткі. Толькі адзін літасцівы чалавек кінуў ёй касу цалкам, яна ўхапілася за драўляны канец, уторкнула ў зямлю вострым канцом і так змагла вылезці наверх. Там чакаў яе гармонік. 

Акцэнтавала ўвагу, калі расказвала, што ў яе было жаданне граць, спяваць песні і была ўпэўненая, што цяпер выжыве, не памрэ. Пасля цяжкай хваробы яна змагла ачуняць. 

Вясковы чалавек часцей за ўсё рэлігійны, яна павінна была ведаць вобразы пекла, выраю, але знайшла спакой на сваім родным месцы, возеры Нешчарда». 

Возера Нешчарда, Расонскі раён, экспедыцыя 2011 года. Фота: асабісты архіў

У сонніку існуюць не толькі запісы Аліны, але і з архіва Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, даследчыцы Таццяны Валодзінай, з архіваў розных беларускіх устаноў, ёсць старыя этнаграфічныя запісы некаторых беларускіх класікаў. Агулам у кнізе 2153 запісы, 356 старонак. 

Вось яшчэ адзін з аповедаў пра сон, запісаны ва Ушацкім раёне: 

«Ішлі мы после вайны хадзілі лес рэзаць, і ідзём з бабамі, а паперадзе у нас ішоў малец нейкі. А там касцей у лесе, і чарапок ляжыць. І гэты малец падышоў, і як мячык гэты чэрап падкінуу нагой, даў во так <паказвае> і пашоў. А бабы яму і сталі казаць, што так жа нельзя робіць! Ну і на следушчы дзень ідзём мы, а гэты малец і кажыць: «Прысніўся мне той чалавек, чый гэта быў чэрап і сказаў мне: «Што ты, падла, зробіў, а каб я табе так ***!» Дык той малец тады закапаў усё, і косці, і чэрап. Во як, нельга гэтага робіць, здзекацца так». 

Фотаздымак з Бешанковіцкага раёна, 2013 год. Фота: асабісты архіў

Аліна ўспамінае сон адной з бабуль з незвычайным тлумачэннем. 

«Ёй сніўся гэты сон яшчэ тады, калі яна была дзяўчынай: недзе на паддашку збірала курыныя яйкі, прыйшла да яе прыгожая жанчына ў белым адзенні, бярэ яе за рукі, і яны ляцяць разам на ўсход. Яна расказала гэты сон маме, а тая вельмі расстроілася, бо палічыла дрэнным. Сапраўды, жанчына ў белым — гэта, хутчэй, святы персанаж. Звычайна азначае хваробу, смерць. 

Але бабуля гэтая казала, што яна адчувала шчасце і лёгкасць пасля гэтага сну. 

Праз некаторыя час яна паляцела вучыцца ў Санкт-Пецярбург. Гэты сон яна прымеркавала да такой з’явы ў сваім жыцці», — расказвае аўтарка. 

Пісала кнігу Аліна ў межах фалькларыстыкі. Іншыя дысцыпліны, напрыклад псіхалогію, яна не далучала, бо тады працэс напісання быў бы нашмат даўжэйшым. 

«Псіхалогія тут, безумоўна, прысутнічае, але не ў фройдаўскім паняцці, а проста чалавечым. Калі працуеш над такімі аповедамі, вельмі цяжка заставацца спакойным. 

У першыя гады працы ў мяне ўвогуле было шмат пытанняў да бабуль, дзядуль, якія, напрыклад, расказвалі, як яны гублялі сваіх дзяцей і потым бачылі сны пра іх. Не разумела: як увогуле пасля такога можна жыць? 

З цягам часу вырашыла, што гора ва ўсе часы гора, проста сёння пасля страты альбо падчас людзі звяртаюцца да спецыялістаў. А на той момант такой магчымасці не было. 

Сны — адзін з псіхалагічных механізмаў дапамагчы перажыць страты. На жаль, часцей за ўсё запамінаюцца сны, пранізаныя прадчуваннем кепскага. Сон паказвае, напрыклад, што гэтай дрэннай падзеі не было магчымасці пазбегнуць, так наканавана лёсам. Сучасны чалавек як бы імкнецца ўсё кантраляваць, а традыцыйны існуе з наваколлем, прызнае, што існуе лёс», — разважае аўтарка.

«Гэты жанр — люстэрка сучаснасці, рэчаіснасці»

Аўтарка падзялілася яшчэ адным кавалкам з кнігі — з Ушацкага раёна. 

«Як памёр мой малы брат, тады ж не было чаго надзець, вайна, ну і мама надзела яму некія штонікі маленькія, чуць уссунула на яго. Дык ён ей патом сніўся і казаў: «Мама, чаго вы мне такія штонікі малыя надзелі, мне неяк [няма як, нязручна — НН] ісці ў іх». Дык мама плакала, і тады пайшла і закапала, нейкія штаны бацькавы. І тады большы ён не сніўся».

Ці з’явілася жаданне ў аўтаркі напісаць соннік сучасных беларусаў?

«Так, нават да падзей 2020-га пра гэта думала, — дзеліцца яна. — 

Цікава, што гэты жанр — люстэрка сучаснасці, рэчаіснасці, як гістарычныя падзеі адлюстроўваюцца ў свядомасці людзей. Напрыклад, Другая сусветная вайна, Чарнобыльская трагедыя. І 2020-ы таксама паўплываў на беларусаў. Неяк на адной з імпрэз людзі сталі дзяліцца сваімі снамі, і адна жанчына расказала, што наўпрост за некалькі дзён да падзей ёй прысніўся сон з выбухамі на мінскіх вуліцах, яна акцэнтавала ўвагу на пачуцці страху. 

Магчыма, калісьці мне ўдасца сабраць гэты матэрыял і прааналізаваць яго».

Фота: gutenbergpublisher.eu

Дзе набыць?

З’явіўся «Соннік» у продажы ў канцы красавіка гэтага года ў выдавецтве Gutenberg Publisher. Наклад атрымаўся ў 500 асобнікаў.

Замовіць яго можна на сайце выдавецтва. 

Можна набыць афлайн. У Польшчы:

— у Кракаве (Łobzowska, 15), але папярэдзьце, што хочаце прыехаць (Tr, WhatsApp 510 034 234);

— у Варшаве — у ЦБС (Oleandrów, 6), у Беларускім моладзевым хабе (pl. Konstytucji, 6);

— у Гданьску ў сядзібе БКТ «Хатка (Miszewskiego, 17);

У Літве — у Вільні: крама Hartajka пры школе Стэмбрыдж (вуліца Майроніса (Maironio g.) 11), крама A2 (Замкавая (Pilies g.) 6), Беларускі музей імя Івана Луцкевіча (Віленская (Vilniaus g.) 20).

У Беларусі — у Мінску: ГЦ Купалаўскі, месцы 41-42. 

Чытайце таксама: 

Гісторык напісаў кнігу пра палітыка, які дапусціў у Беларусі адну з самых вялікіх бед. Яго рашэнні дагэтуль уплываюць на развіццё краіны

У чым магія новага спектакля купалаўцаў, які прайшоў з аншлагам у некалькіх гарадах?

Уладзімір Арлоў: «Я мару пра час, калі ў дэмакратычнай Беларусі прэзідэнтам будзе жанчына»

Кафкіянская імперыя і яе метады. 200 гадоў з пачатку «працэсу філаматаў і філарэтаў»

Каментары

Грошы на забойства расійскага лётчыка ў Іспаніі, які перагнаў ва Украіну верталёт Мі-8, перадалі расійскія дыпламаты3

Грошы на забойства расійскага лётчыка ў Іспаніі, які перагнаў ва Украіну верталёт Мі-8, перадалі расійскія дыпламаты

Усе навіны →
Усе навіны

«Сітуацыя складаная» — Павел Муравейка пракаментаваў становішча на паўднёвых рубяжах9

Рэдакцыя New York Times заклікала Байдэна зняць сваю кандыдатуру з выбараў5

Лукашэнка не паверыў Рыжанкову. Пяткевіч выглядае процівагай Крутому. А Круты — вялікая загадка16

У Беларусі дадаткова вывелі сілы і сродкі супрацьпаветранай абароны «для прыкрыцця паўднёвых рубяжоў»

ЕС пашырыў на Беларусь санкцыі, уведзеныя супраць Расіі3

Палітвязня, у якога выпусцілі пяць гумовых куль, зноў будуць судзіць

Мінабароны: Украіна размясціла падраздзяленні спецназу на мяжы з Беларуссю6

У другім туры выбараў у Іране супрацьстаяць адзін аднаму будуць рэфарміст і кансерватар1

Асудзілі міліцыянера з элітнага падраздзялення. Ён хадзіў па вёсцы без трусоў28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Грошы на забойства расійскага лётчыка ў Іспаніі, які перагнаў ва Украіну верталёт Мі-8, перадалі расійскія дыпламаты3

Грошы на забойства расійскага лётчыка ў Іспаніі, які перагнаў ва Украіну верталёт Мі-8, перадалі расійскія дыпламаты

Галоўнае
Усе навіны →