У нашым гербе нам трэба спалучыць яйкі і зямны шар, так мінулым разам вырашылі і будзем думаць. Тут у нас сёньня экспэрты – з паляўнічай гаспадаркі, аматары птушак усякія. Прашу не адседжвацца, хто першы?
У нашым гербе нам трэба спалучыць яйкі і зямны шар, так мінулым разам вырашылі і будзем думаць. Тут у нас сёньня экспэрты – з паляўнічай гаспадаркі, аматары птушак усякія. Прашу не адседжвацца, хто першы?
— Проста два яйкі, як нехта казаў, будзе неэстэтычна. Могуць быць яйкі ў гнязьдзе, піраміда зь яек. І голуб міру каб.
— Якія яйкі, чые? У крапінку, белыя, карычняватыя, калі міністэрства нетраў паведамляе пра экзэмпляры з Чырвонай кнігі…
— Апроч зямнога шару – пальмавыя альбо міртавыя галіны – каб накшталт вянка.
— Яловыя могуць быць таксама.
— Пахавальныя?
— Навагоднія! Вы ж на сьвята ўзімку не бярозу аздабляеце, елку.
— А можа, чарапашыны ўзяць? На чым зямля трымаецца ці трымалася? Ва ўяўленьні нашых продкаў, канечне.
— На чарапахах, на сланах…
— Ну, на сланах! Ведаеце, якія ў іх?! Зь іх афрыканцы далікатэсную страву гатуюць на цэлую сям’ю.
— Ну так: на сланах і на кітах.
— Ды што кіты!
— А я чуў, што іхнюю ікру некаторыя яйкамі кітовымі называюць. І сапраўды, яна буйная. Як яйкі некаторыя дробныя.
— А наконт іх колькасьці. Можа, згодна з колькасьцю абласьцей, ці губэрній, як па-моднаму?
— Яйка, яно павінна быць адно, каб як іголка з Кашчэевым жыцьцём – сэнс, моц, жыцьцяздольнасьць краіны ці нас, улады. Каб так высока яйка – у небе, каб ніхто не дастаў. Давайце разам успамінаць: яйка ў качцы, здаецца, качка ў куфры, куфар на ланцугах на дубе магутным…
— Ці пад дубам закапаны – розныя вэрсіі існуюць.
— Існавалі.
— А як жа на самалёце або на паветраным шары?
— Шары мы зьбіваем без размоў.
— Птушкі ёсьць вадаплаўныя, малалятаючыя, зусім не лятаючыя – куры, напрыклад, далей – якія адлятаюць у вырай і якія не. Усіх аднолькава можна назваць умоўна патрыёткамі, бо гэтыя сядзяць поседам, што б тут ні здарылася, а тыя, першыя, адлятаюць штораз, але абавязкова вяртаюцца, ня могуць ужо без тутэйшага мікраклімату. Здаецца, і таго не хапае, і з гэтым дрэнь справы, а яны – усё роўна назад ляцяць, цэлыя тысячы кілямэтраў.
— Сымбаль краіны – бусел, а ня качка, ці кура, ці там гусь, якая Рым уратавала нібыта. Нам пляваць на гэта. Нам сваё трэба. Буслы дзяцей прыносяць у капусту, умоўна кажучы, дэмаграфічную сытуацыю паляпшаюць.
— Гэта на вёсцы. Птушкі гарадзкія – вароны, вераб’і, галубы і некаторыя іншыя – шпакі, сініцы. Гілі – гэтыя больш рэдкія.
— Вясковыя – тыя самыя вароны. Вось лясныя…
— Вароны-вароны, а бусьлянкі хто на вёсцы мае? У горадзе ты бусьлянку бачыў?
— Яйкі пажадана трывалыя – моцныя, у сэнсе абалонкі, шкарлупіньня, бо гэта значыць – моцная дзяржава. Гэта сымбалічна павінна быць. Бо калі проста дробнае галубінае, усе ведаюць – яны слабенькія.
— Але голуб – сымбаль міру. І сацыялізму, як раней казалі.
— Сымбаль-то сымбаль, але абгадзіць яны ўсё майстры.
— Мастацтва вымагае ахвяр.
— Замаскаваныя ў гнязьдзе яйкі (на балоце, напрыклад, якое таксама наш сымбаль) ад ворагаў, ад драпежнікаў, проста ад паляўнічых. А колькі нас цяпер хочуць упаляваць! Ворагі з усіх бакоў пішчом лезуць!
— Але некаторыя гнёзды на зямлі пакідаюць, у траве робяць. Нават замаскаваныя, зь мімікрыяй, так сказаць, але гэта недапушчальна. Такія нам у гербе ня трэба. На такое можна ботам наступіць і не заўважць, і пад абцасам – мокрае месца.
— Можа, пералётныя – гэта ўсё ж не зусім? Каб туды-сюды швэндаліся, па заграніцах. Нас тут ужо амаль нікога не пускаюць, не даюць візаў, а яны ўсё лётаюць. Лепей, каб дома сядзелі – гэта патрыятызм. І каб не набіраліся загранічных ідэй. А буслы якраз – самыя вандроўныя. Яны дзе хочуць бываюць, а мы й радыя, што ў нас гнёзды, на гарэлку іх адразу, радасьці поўныя штаны. Тут яшчэ трэба разабрацца.
— Ну і што буслы, сапраўды? Сьвет на іх клінам сышоўся? Абыдземся і бязь іх. Лепей узяць мясцовую птушку, патрыётку, як я – нікуды ня ежджу, адпачываю ў мясцовай санаторыі, мне іхніх гамбургераў ня трэба.
— А эмблема нашай «беленькай», гарэліцы? Бусел! Два буслы.
— А каньяк малдаўскі? Таксама!
— А яны на нас у суд не пададуць?
— Дык мы ж толькі яйкі возьмем. Хто праверыць?
— А можа, усё ж з гняздом – каб бусел стаяў, ці ўдвух – як гэта бывае, калі едзеш, праяжджаеш. Або – малыя дзюбы цягнуць угору – дай жабку!
— А вось у газэце сёньняшняй пішуць… Баба на вёсцы паспрабавала скончыць самагубствам, залезла на вежу воданапорную, бусла сагнала, а там месца толькі на гняздо. Села і сядзіць. Усёй вёскай умаўлялі не скакаць, а зьлезьці баіцца. Да вечара праседзела, пакуль пажарныя не зьнялі. Прыкольна…
— А можа, яйкі велікодныя пакласьці – пісанкі з арнамэнтам, наш нацыянальны калярыт? Сьвяточныя яйкі лепшыя, чым проста нейкія балотныя. У сэнсе аптымізму нават.
— Гняздо зь сена зь яйкамі ўверсе – гэта накшталт як у саломе ў ясьлях, калі дзіця нарадзілася, асьвяціўшы шлях для чалавецтва.
— Вось у нас тут міністар культуры і рэлігіі фантазіруе зусім па-царкоўнаму. А штосьці ў гэтым ёсьць, і яйкі царкоўныя расьпісваюць, пра якія ўспаміналі тут. Штосьці ёсьць. У яйцэ таксама жыцьцё, вылупляецца кураня або там варона, груган. Ёсьць рацыянальнае зерне. Цяпер царква нават у амапаўскіх войсках нашых, салдаты свае яйкі са сталоўкі асьвячаюць, ці, як у нас казалі некаторыя, сьвенцяць. Гэта – прымета часу. Хай.
— Можа, яйкі замест гнязда – у далонях салдацкіх? Каб паказаць крохкасьць жыцьця, якое абараняе армія? Як чысьціню нашага неба, як спакой нашых гарадоў і вёсак, як стваральную працу нашых працаўнікоў, прабачце за калямбур.
— Як мы зразумеем, што гэта салдацкія рукі? Порахам жа ня пахнуць, напрыклад.
— Можа, гузікі на манжэтах жалезныя зь сярпочкамі-малаточкамі? Ды аўтамат Калашнікава ў руцэ. Хай бачаць.
— Правільна, гэта воін-інтэрнацыяналіст будзе. Ёсьць некаторыя гербы з «калашнікавым», афрыканскія. У некаторых арол у гнязьдзе яшчэ. Або арол зьмяю дзяўбе, схапіў, у дзюбе трымае. Бо яна яйкі жарэ, заглынае, жыцьцё ў зародку. Як нейкая гідра контрарэвалюцыі. Ці там наадварот, рэвалюцыі аранжавай якой-небудзь.
— Штосьці ў гэтым ёсьць: воін-інтэрнацыяналіст трымае ў кулаку яйцо гадзюкі рэвалюцыйнай, па-старому гідры.
— Яшчэ такое існуе – яйцагаловыя, брытагаловыя, скінгэды там усякія. Як гэта на нашым гербе можа адбіцца?
— Ды ніяк. Зямны шар сам яйкападобны. Зямля сплюснутая ад таго, што круціцца. Як разрэзка, разгортка глёбуса бывае – нібы дыня ці мяч для рэгбі.
— А я бачу Зямлю, глёбус у выглядзе яйка, размаляванага кантынэнтамі. Зь вянком, залатой зоркай зьверху. Вянок, які ў гнязьдзе, а лепей – гняздо, колам накшталт вянка, вянок патрэбен абавязкова, безь яго нельга. Вянок, глёбус, у сэнсе яйка, і зорка. Зорачка накшталт віетнамскай з бальзаму, у носе мазаць ад прастуды ці калі заказыча раптам.
— Вянок – прымета пераможцы. Вянкі шырока ўжываліся ў старажытнай Грэцыі і ў Рыме. Лаўровыя, дубовыя…
— Ці ўсё ж на глёбус гняздо зь яйкамі?
— З гняздом на галаве – глёбус зь яйкамі, з гняздом замест капелюша.
— А давайце паглядзім: ці будзе трымацца на галаве міса зь яйкамі?
— Зь якімі лепш?
— Будзем запрашаць цыркача ці самі паспрабуем? Галоў хапае.
— Калі ёсьць ахвотныя.
— Я ня супраць паспрабаваць, я таму й прапанаваў.
— А дзе місу возьмем? І каго па яйкі пашлём?
— А калі зусім – мадэль у натуральную велічыню? З інтэрнацыяналістам, з «калашнікавым»?
— Хто ў нас інтэрнацыяналіст? Дзе ён? Хай бярэ «калаха».
— А потым зробім піф-паф па талерачках ды па яблычках. Ай эм Робін Гуд! А той, які спудлаваў, у галаву пацэліў: «Ай эм соры! Га-га-га!»
— Ладна, разьбяромся да канца зь яйкамі, а пастраляем наступным разам, у Вільгельмаў Тэляў пагуляем.
— Вось я й кажу: галубіныя ды іншыя – дробныя, як бульбачка кабанам, больш нікуды не прыдатная. Чым большае яйка, тым значнейшая птушка зь яго вылузаецца: страўс, напрыклад. Альбо пінгвін, ён амаль як птушка.
— Самыя моцныя дыназаўравыя яйкі, бо – скамянелі.
— Куча яец – хіба гэта прыгожа? Але куча ядраў гарматных ці там шароў більярдных…
— Шароў… Шары не стаяць, не ляжаць кучай, рассыпаюцца.
— А яшчэ такі сюжэт, такое бывае: яйкі ў шапцы, у капелюшы саламяным, як у гнязьдзе. Прыгожа…
— Нашы яйкі гербавыя, значыцца моцныя, асаблівыя, нават своеасаблівыя, эталён можна зрабіць са слановай косткі. А лепш залатыя, пазалочаныя там, з сусальным золатам, як у царкве купалы.
— Усё, абед. Дамовіліся, будзем выносіць на рэфэрэндум, хай народ падтрымае, хай прагаласуе «за».
11 чэрвеня 2005 году
Каментары