Эканоміка22

У Беларусі ўжо некалькі гадоў ажыятаж на банкаўскія ячэйкі. У чым прычына?

Знайсці вольную ячэйку для захоўвання каштоўнасцяў у Беларусі складана ўжо некалькі гадоў. Вакантныя сейфы можа прапанаваць менш за траціну банкаў. Office Life высветліў, з чым звязаны такі ажыятаж, як змяніліся цэны на гэтую паслугу і чаму банкі не павялічваюць колькасць сховішчаў у адказ на змяненне попыту.

Попыт на дэпазітарныя паслугі, а менавіта на банкаўскія ячэйкі, у Беларусі пачаў расці некалькі гадоў таму. Ужо ў 2020—2021 гадах знайсці свабодны сейф, прынамсі, у Мінску стала праблемай.

З таго часу сітуацыя мала змянілася. Вакантныя ячэйкі тэарэтычна знайсці можна, але далёка не ўсюды яны будуць патрэбнага памеру і нават у патрэбным горадзе, не кажучы ўжо пра размяшчэнне паблізу. Ды і цэны на такую паслугу за апошнія пару гадоў выраслі ў сярэднім на 25—30%.

Поўная канфідэнцыйнасць, але без гарантый

Арэнда банкаўскай ячэйкі зручная па многіх прычынах. Там можна адносна бяспечна захоўваць любыя каштоўнасці: наяўныя грошы, каштоўныя металы, ювелірныя ўпрыгажэнні, важныя дакументы (напрыклад, акцыі і аблігацыі).

Чаму адносна? Таму што банк не нясе адказнасці за тое, што ў ячэйцы. Што ў ёй захоўваецца — ніхто, акрамя ўладальніка, не ведае, бо ніякі вопіс не складаецца. Адпаведна, кліент нічым не можа пацвердзіць свае страты ў выпадку форс-мажору (да прыкладу, пры стыхійным бедстве або рабаванні).

На гэты выпадак, дарэчы, у банкаў ёсць паслуга давернага захоўвання, калі прадметы і каштоўнасці перадаюцца кліентам паводле вопісу і ацэньваюцца.

Але нават з улікам згаданай рызыкі захоўваць каштоўнасці ў банку ўсё ж такі больш бяспечна, чым дома. А забраць іх можна без усялякіх абмежаванняў у любы час.

Праўда, ёсць нюансы: грошы ў ячэйцы, у адрозненне ад дэпазітаў, не працуюць, і, больш за тое, іх захоўванне стварае дадатковыя выдаткі. Затое такая паслуга забяспечвае максімальную ў нашых умовах канфідэнцыйнасць. Можна дадаць, што ў Беларусі гэтая паслуга даступная як для грамадзян краіны, так і для нерэзідэнтаў.

Рэкорд па часе карыстання ячэйкай — 17 гадоў

Працэс карыстання ячэйкай максімальна просты. Кліент прыходзіць у банк з дакументам і адным ключом, які яму выдаецца пасля падпісання дамовы.

У кожнай ячэйкі па змоўчанні два замкі. Ключ ад другога знаходзіцца ў банку. Пасля таго, як сейф адчыняюць, работнік банка выходзіць, і кліент можа нешта адтуль забраць або пакласці. Прычым месца, дзе ён усё гэта робіць, знаходзіцца па-за полем зроку відэакамер, якія здымаюць толькі агульны план памяшкання.

Важна, што адначасова ў дэпазітарыі можа знаходзіцца толькі адзін кліент. Таму час на гэтую аперацыю звычайна абмежаваны 15—20 хвілінамі, каб не ствараць чаргі.

Што яшчэ зручна: незалежна ад таго, на які час заключаны дагавор арэнды ячэйкі, яго можна прадоўжыць да заканчэння тэрміну на любы перыяд. Зразумела, пры ўмове перадаплаты.

Як кажуць у банках, самыя распаўсюджаныя тэрміны — ад трох месяцаў да года. Але сустракаюцца і значна больш працяглыя — 5, 10 гадоў і нават больш. У адным дэпазітарыі сказалі, што максімальны тэрмін, на які кліент у іх заключаў дагавор закрытага банкаўскага захоўвання, склаў 17 гадоў.

Колькі каштуе арэнда ячэйкі ў Беларусі і суседніх краінах

Звычайна цана за арэнду ячэйкі вызначаецца пасутачна і залежыць ад працягласці дагавора (чым большы тэрмін — тым танней), а таксама ад памеру ячэйкі.

За апошнія два гады гэтая паслуга прыкметна падаражэла: у сярэднім прыкладна з 0,5—0,7 да 0,7—0,9 рубля за суткі. У некаторых банках у залежнасці ад катэгорыі кліентаў і памеру ячэйкі тарыфы нават дасягаюць 1,4—1,5 рубля.

Многа гэта ці мала? У сярэднім гадавы «абанемент» у Беларусі ў пераліку на валюту складае ад $70—100. Для параўнання: у Польшчы такая паслуга каштуе 1700—1800 злотых ($400—450), у Літве — €150—300. У расійскім Ашчадбанку — 19 тысяч расійскіх рублёў за год, ці крыху больш за $200.

Пры гэтым трэба ўлічваць, што за мяжой арандаваць сейф у банку часта можа толькі рэзідэнт, а таксама ёсць шмат іншых абмежаванняў. Напрыклад, забаронена захоўваць там наяўныя, што ёсць наступствам еўрапейскага трэнду на барацьбу з адмываннем грошай. Магчыма, з той жа прычыны колькасць банкаў, якія прапаноўваюць такую паслугу, у еўрапейскіх краінах таксама скарацілася.

Ажыятаж стымулююць продаж каштоўных металаў і расіяне

Каб разумець маштаб попыту на ячэйкі, можна паглядзець на прыклад Белгазпрамбанка: у яго больш за 500 ячэек толькі ў Мінску, а ў цэлым па Беларусі — звыш 1000. Вакантныя з іх цяпер не больш за 15%, і ў асноўным самыя маленькія. А найбольш запатрабаваныя сярэднія (210 × 320 × 290 мм) і вялікія (590 × 410 × 220 мм).

Прычыны росту попыту на арэнду ячэек у банках называюць розныя.

Аляксандр Свінцыцкі, начальнік аддзела рознічных аперацый Белгазпрамбанка, кажа:

— У цэлым за апошні год попыт на паслугу прадстаўлення фізічным асобам у арэнду ячэек для дэпазітарнага захоўвання каштоўнасцяў вырас прыкладна на 40% і працягвае расці, асабліва ў Мінску.

Мы звязваем гэта перш за ўсё з павелічэннем продажу каштоўных металаў насельніцтву. Зразумела, зліткі зручней захоўваць у банку, чым дома. Тэрмін іх захоўвання больш працяглы, што таксама адбіваецца на колькасці свабодных ячэек. Да таго ж для пакупнікоў мерных зліткаў і трымальнікаў прэміяльных картак банка прапануецца акцыйная цана. Такія прапановы звычайна добра запатрабаваныя.

Можна меркаваць, што сваю ролю адыграла і зніжэнне ставак па валютных дэпазітах, праз што захоўванне валюты на рахунках цяпер стала менш прывабным.

Дарэчы, у попыце на банкаўскія ячэйкі, аказваецца, ёсць фактар сезоннасці. Напрыклад, у перыяд летніх адпачынкаў ён заўсёды ўзрастае. Аналагічна, з'язджаючы на працяглы тэрмін па працы, людзі таксама імкнуцца засцерагчы свае каштоўнасці — аднесці іх на гэты час у банк.

Чаму прапанаванне не паспявае за попытам

Цікава, што банкі, нягледзячы на відавочна ўзрослую колькасць кліентаў, не спяшаюцца павялічваць свае дэпазітарыі. У большасці з іх такую паслугу аказваюць максімум адно-два ЦБП у сталіцы і па адным — у абласных цэнтрах. А ў многіх банкаў ячэек няма наогул.

Прычыны гэтага ў банках не каментуюць. Ці згадваюць, што да памяшкання дэпазітарыя прад'яўляюцца пэўныя патрабаванні па абароненасці і тэхнічным аснашчэнні, што няпроста і дорага.

Можна таксама выказаць здагадку, што з улікам выдаткаў на ўтрыманне і абслугоўванне сховішчаў гэтая паслуга для банкаў менш выгадная, чым адкрыццё рахункаў, дзе на грашах кліентаў пры спрыяльных эканамічных умовах можна зарабіць больш. Так, цяпер у сістэме прафіцыт ліквіднасці, але як доўга гэта працягнецца, ніхто не ведае.

Каментары2

  • Базыль з-пад Хойнiкау
    07.08.2023
    Ну это они зря... Опыт БелГазпромБанка прошел бесследно? Тут бы опыт на трехлитровые банки + герметик повысить - и то надежнее будет.
  • Tresk
    07.08.2023
    Акцыі і аблігацыі ў папяровым выглядзе??7 хіба толькі гадоў выпуску царскіх чамоў

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Усе навіны →
Усе навіны

Дубль Аляксея Протаса забяспечыў «Вашынгтону» перамогу над «Лос-Анджэлесам»

СМІ расказалі пра даўгі беларускага блогера Улада Бумагі па расійскіх падатках2

Трамп пагражае вярнуць Панамскі канал пад кантроль ЗША. Панама выключае такую магчымасць7

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю9

Брытанскі блогер, які змагаўся за беларускі ДНЖ і хадзіў да Кубракова, усё ж выехаў з Беларусі. Выпусцілі не з першай спробы16

Шрайбман адказвае, ці могуць перамовы па Украіне прайсці ў Беларусі11

Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Пуціным, каб хутчэй скончыць вайну ва Украіне15

Блогер паказаў, як выглядае найгоршая шаурма ў Мінску3

На вакзале ў Варшаве памёр беларус22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Галоўнае
Усе навіны →