Імёны ўсіх суразмоўцаў зменены.

«Бабуля сказала ўнучкам паказваць нам факі»

Наста:

— У 2020 годзе мне было 14 гадоў. Памятаю незвычайную атмасферу ў Мінску. Мне адначасова хацелася ўсміхацца і плакаць. Было шмат прыгожых людзей, якія верылі ў лепшую будучыню. Нават незнаёмыя віталіся «Жыве Беларусь!». У мяне быў смешны выпадак, калі я так сказала адной жанчыне, а яна на хвілінку задумалася (мабыць, не ведала, што трэба адказваць) і потым выдала: «Во истину живе!». Ну разумееце, як на Вялікдзень кажуць «Во истину воскресе!». І хлопец побач пажартаваў: «Так, мы сапраўды ўваскрэслі!» Мы разам зарагаталі.

Потым мы стаялі каля дарогі з кветкамі і сцягамі. Кіроўцы ехалі вельмі павольна — і мы ім давалі «пяць». Было шмат крэатыўных плакатаў, нешта было напісана на сценах, на асфальце — я тады ўпершыню здзівілася таму, што Мінск можа быць жывым горадам, а не стэрыльным.

Наша вуліца гудзела ўвесь дзень. Памятаю, што я кожны ранак прасыпалася і слухала, ці чуваць гудкі. Верыла, што пакуль ёсць гэты шум, ёсць і надзея. Але былі і не вельмі прыемныя выпадкі. Аднойчы мы стаялі ў ланцужку каля дарогі і міма нас ехаў тралейбус. Амаль усе ў ім паказвалі нам V. А адна бабуля ехала з дзяўчынкамі гадоў 4-5. Па яе твару было зразумела, што ёй вельмі непрыемна глядзець на нас. І яна сказала ўнучкам паказваць нам факі. Тыя, здаецца, нічога не зразумелі — але сталі паказваць сярэднія пальцы і смяяцца. 

Неяк мы з сяброўкамі прывезлі кветкі на «Пушкінскую» — месца, дзе забілі Тарайкоўскага. Да нас падышла бабуля (мне адразу падалося, што яна з тых, хто заўсёды вучыць дзяцей, як жыць) і папрасіла быць больш асцярожнымі.

Распавяла, што яе з сяброўкай аднойчы спрабавалі забраць у бусік менавіта за кветкі на гэтым месцы. Сяброўку забралі, а яна схлусіла людзям у масках: «Хлопчыкі, я вельмі ў прыбіральню хачу. Я жыву вось у гэтым доме, зараз хуценька збегаю і вярнуся». Галоўны махнуў рукой і яе адпусцілі.

«Восенню з’явілася новая гульня — у АМАП»

Антон:

— Памятаю, што ў нашым двары ў жніўні 2020-га мы часта гулялі ў выбары. Нехта раптам крычаў: «Хто галасаваў за Ціханоўскую?» — і амаль што ўсе падымалі рукі. За Лукашэнку галасавалі 2-3 чалавекі. У нас была дзяўчынка, якая заўсёды лічыла галасы (я тады не разумеў, чаму мае бацькі жартаўліва называлі яе Ярмошынай). І кожны раз яна вельмі засмучалася, калі перамагала Ціханоўская.

Потым з’явілася новая гульня — у АМАП. Мы падзяляліся на дзве групы: дзеці з першай спакойна хадзілі па двары, пакуль раптоўна не выскоквалі дзеці з другой групы — «амапаўцы» (яны заўсёды бегалі з палкамі).

Крычалі: «АМАП!» — і ўсе разбягаліся хто куды. Трэба было паспець заскочыць на якую-небудзь лаўку ці залезці на дрэва да таго, як «амапавец» па табе стукнуў.

Аднойчы жанчына, якая ўбачыла нашу гульню, спачатку вельмі спужалася, а потым пачала плакаць. Нашы бацькі кінуліся яе суцяшаць. А мы ўсе разгубіліся і не разумелі, што ж нарабілі.

«Дзяўчына замест адказу пачала плакаць: «Мой тата не б’е людзей на вуліцы!»

Дзяніс:

— Памятаю, што мая сястра ў жніўні 2020 была ў летнім лагеры. І

пасля выбараў нейкія хлопцы хацелі пабіць яе і яшчэ некалькі дзяўчынак, бо дзяўчынкі — гэта быццам Ціханоўская, а хлопцы — Лукашэнка. 

А я восенню 2020 года пазнаёміўся з вельмі прыгожай і разумнай дзяўчынкай. Мы шмат размаўлялі, яна распавядала, які ў яе строгі тата і як ён патрабуе ад яе высокіх адзнак у школе. Што тата кажа, што трэба добра вучыцца, каб потым паступіць у нейкую ВНУ ў Чэхію. Я тады таксама пачаў марыць пра гэту краіну.

А аднойчы дзяўчынка сказала, што ёй вельмі сумна, што яна зараз амаль не бачыць тату — ён кожныя выходныя змушаны выходзіць на працу. Я спытаў, кім жа бацька працуе. Мне вельмі страшна было пачуць адказ. Сярод маіх знаёмых ужо былі тыя, у каго затрымлівалі бацькоў.

А дзяўчына замест адказу пачала плакаць: «Мой тата не б’е людзей на вуліцы!» Я падумаў: «Чамусьці я, калі распавядаю пра бацьку, ніколі не пачынаю з такого ўдакладнення».

Больш мы з гэтай дзяўчынай не сустракаліся.

«Сябра не хацела пускаць на дзень нараджэння яго бабуля-ябацька»

Мікіта:

— Чамусьці запомнілася, як на вуліцы жанчына казала хлопчыку гадоў 8, што трэба быць асцярожным — а ён ёй якраз горда дэманстраваў намаляваны на паўрукі бчб-сцяг. «Сын, ну можа не трэба было ў школе?» Хлопчык паглядзеў на яе і адказаў: «І што, я б быў на ўвесь клас адзіны без сцяга як дурань?!» У маёй школе таксама ўсе малявалі сцягі, нават першакласнікі.

А аднаго майго сябра не хацела пускаць да мяне на дзень нараджэння яго бабуля-ябацька. Яна ўбачыла на маім заплечніку бчб-стужкі і таму лічыла нашу сям’ю здраднікамі. Увогуле яна дала згоду на тое, каб ён прыйшоў, але з умовай, каб ён праспяваў нам афіцыйны гімн Беларусі — і нават некалькі дзён рэпетавала з унукам.

Ён сапраўды, чырванеючы, спеў гімн — а потым мы пачалі вучыць яго нармальным песням. Мабыць, ён потым іх спяваў бабулі, бо пасля таго дня яна забараніла нам сябраваць.

Чытайце таксама:

Шоумен Яўген Булка, які з'ехаў у Ізраіль, танна прадае свой загарадны дом пад Лагойскам

Словы падтрымкі, якія працуюць, а якія не — меркаванне жонкі затрыманага

Як людзі ператвараюцца ў паслухмяных выканаўцаў

Клас
3
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
32
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?