Грамадства

«Рэгіструем нумары машын у Літве, фірмы — у Польшчы і працягваем вазіць». Дальнабойнікі расказалі, як цяпер ездзяць праз польска-беларускую мяжу

Увесь грузапаток праз польска-беларускую мяжу цяпер ідзе праз адзіны дзейны пункт пропуску «Кукурыкі — Казловічы». Журналістка Mostmedia.io з'ездзіла да польскай мяжы і паразмаўляла з дальнабойнікамі аб працы ва ўмовах абмежаванняў.

Фота: Марыя Дулевіч / Mostmedia.io

Маршрут пачынаецца ў Белай Падлясцы. Да КПП «Казловічы» адсюль усяго 52 кіламетры. Тут кіроўцы велікагрузаў спыняюцца ў прыдарожных гатэлях, пры неабходнасці рамантуюць машыны і рыхтуюцца да праходжання мяжы.

Недалёка ад выезду з горада — вялікая стаянка з запраўкай. Там, па словах мясцовых жыхароў, заўсёды можна ўбачыць нямала цягачоў. На паркоўцы стаіць мінімум 20 аўтамабіляў.

«Калі выязджаць ноччу, то раніцай ужо буду ў Брэсце»

Сабраўшыся каля адной з машын, вадзіцелі гутараць пра тое, колькі часу гэтым разам зойме праходжанне мяжы.

Аляксандр завяршае маршрут з Еўропы ў Беларусь. Кажа, у жніўні чэргаў амаль не было. Паводле ягоных падлікаў, на дарогу ад Белай Падляскі да Берасця з улікам праходжання мяжы яму спатрэбіцца блізу васьмі гадзін — адна змена.

«Цяпер у адзін бок стаіць каля 90 машын, — тлумачыць Аляксандр. — Калі выязджаць з Белай Падляскі ўначы, то раніцай ужо буду ў Брэсце. А яшчэ ў пачатку жніўня чарга на Варшаўцы была большай, але і яна не параўнаецца з чаргой, якая была ў пачатку года.

Тады працягласць чаргі дасягала 25—30 кіламетраў, а хуткасць праходжання мяжы была ніжэйшай у разы.

«Тады складанасцяў было больш, — успамінае Аляксандр. — Трэба было шукаць аб'язныя шляхі або без усялякага сораму аб'язджаць машыны, якія стаялі побач. За гэта, праўда, і па мордзе можна было атрымаць, але і добра зарабіць — працадаўца даплачваў мінімум 200 еўра за аб'езд».

«Польскі прычэп рэгіструюць у Літве, і ён спакойна праходзіць мяжу»

Па назіраннях кіроўцаў, якія рэгулярна ездзяць з Беларусі ў Заходнюю Еўропу праз Польшчу, чэргаў стала значна менш пасля ўвядзення беларускім урадам забароны на ўезд грузавікоў, зарэгістраваных у Польшчы.

Да ўвядзення пастановы чарга да мяжы пачыналася ад самай Белай Падляскі, гэта значыць расцягвалася на 50 кіламетраў. Але абысці гэтую забарону аказалася нескладана.

«Абмежаванні дзейнічаюць толькі для польскіх велікагрузаў, — тлумачыць іншы дальнабойнік Віталь. — Але польскі прычэп рэгіструюць у Літве, і ён спакойна праходзіць мяжу: заязджаюць, перачэпліваюцца і едуць далей па маршруце. Ім не трэба перазагружацца і праходзіць дадатковыя праверкі».

«Размытнёўку праходзім у Польшчы, а далей едзем праз Літву»

З 1 чэрвеня 2023 новае абмежаванне: Польшча забараніла суб'ектам гаспадарання краін Еўрасаюза рабіць перачэпку беларускіх і расійскіх прычэпаў. А ўжо 1 ліпеня забаранілі вывозіць кабіны і шасі праз Польшчу.

«Але і тут абмежаванні ні на што істотна не паўплывалі. Размытнёўку праходзім у Польшчы, а далей едзем праз Літву. Па тэлевізары Наўседа крычыць, што ён выганіць усіх беларусаў і расіян з краіны, але па факце — суцэльная крывадушнасць. — Віталь смачна мацюкаецца і тлумачыць далей: — Мы рэгіструем нумары машын у Літве, а фірмы — у Польшчы і працягваем вазіць тавар, як і вазілі.

Яны гавораць па тэлевізары пра эмбарга і санкцыі. Па факце —гандаль паміж Літвой, Беларуссю і Расіяй як быў, так і будзе, таму што ніхто не хоча адно аднаму выплачваць няўстойку».

Велікагрузы не ўсюды пускаюць праз мяжу. Напрыклад, літоўскі цягач можа ўехаць у Літву, а польскі ў Літву і далей у Беларусь — не.

«Пачнецца сезон саджанцаў і елак — будзем іх вазіць»

Нягледзячы на аптымістычны на першы погляд настрой, дальнабойнікі заўважаюць змены. На беларускай мытні цяпер больш дбайна правяраюць машыны, ладзяць поўны надгляд грузу і асабістых рэчаў. Напрыклад, ежы для асабістага спажывання ў кіроўцаў павінна быць мінімум, у адваротным выпадку могуць прымусіць выкінуць.

«Можна правозіць прадукты толькі на тры дні, — распавядае яшчэ адзін дальнабойнік Дзмітрый. — Але многія ж так не робяць — напаўняюць халадзільнік як у апошні раз, спадзеючыся на цуд. Я бяру столькі, каб не было шкада выкінуць на мяжы, калі папросяць».

Санкцыі закранулі і структуры грузапатоку. Кіроўцы, якія пагадзіліся пагаварыць з журналістамі, цяпер у асноўным возяць прадукты харчавання: піва, чыпсы, каву і алкаголь.

«Хутка пачнецца сезон саджанцаў і елак — будзем іх вазіць».

«Лагісты складуць маршруты праз Расію»

На пытанні аб ПВК «Вагнер», якую з польскага боку мяжы лічаць пагрозай бяспецы, дальнабойнікі адказваюць з усмешкай.

«Я нават не адразу даведаўся, што яны ўжо ля мяжы праводзяць вучэнні, — распавядае Віталь. — А калі праз гэта закрыюць мяжу, то бяды вялікай не будзе — лагісты складуць маршруты праз Расію (Калінінградскую вобласць). Ехаць туды ні за якія грошы не хочацца, таму што дарогі жудасныя, але ў крайнім выпадку прыйдзецца.

Дрэнна будзе, напэўна, толькі тым кіроўцам, якія, напрыклад, жывуць у Брэсце. Яны дадому звычайна заязджаюць на пару дзён, з сям'ёй сустракаюцца. А калі закрыюць межы для велікагрузаў, то ў іх наўрад ці будзе час на гэта».

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Трамп заявіў, што ён «вельмі раз’юшаны» паводзінамі Пуціна17

Трамп заявіў, што ён «вельмі раз’юшаны» паводзінамі Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Навукоўцы знайшлі спосаб, як знішчаць «вечныя хімікаты» ў вас дома1

Сёння ўвечары прапануюць часова выключыць электрычнасць2

У Ганконгу прадалі працу Шагала за 4,5 мільёна даляраў

«70% мала, давайце 90%». Як Шпілеўская патрабавала ад Коршунава змяніць вынікі сацапытання14

Беларускія блогеры знялі пад Мядзелам вялізную чараду дзікіх гусей ВІДЭА4

Сацыяпатамі (як і прэзідэнтамі) не нараджаюцца, сацыяпатамі становяцца11

Муж Бондаравай расказаў, за што яе пасадзілі на 13 сутак21

Давыдзька паехаў у Расію пабірацца па старых сябрах і перастаў плаціць за мабільны — яго падхапіў крыптабізнэсмен10

Каардынацыйная рада спрабуе даведацца, ці былі на рахунак фонду Анжалікі Мельнікавай пераведзеныя грошы для дзейнасці КР13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп заявіў, што ён «вельмі раз’юшаны» паводзінамі Пуціна17

Трамп заявіў, што ён «вельмі раз’юшаны» паводзінамі Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць