«Не трэба нічога баяцца, давайце рухацца наперад». Блогерка з Асіповічаў расказвае ў тыктоку, як пад 50 гадоў рэзка змяніла жыццё і стала дальнабойніцай
Жыхарка Асіповічаў Алёна — дальнабойніца, яна вядзе старонку ў TikTok, у якой ужо больш за 40 тысяч падпісчыкаў. Жанчына для многіх — узор для пераймання і безжурботны матыватар. У роліках і жывых эфірах яна адкрыта расказвае пра сябе: бліжэй да 50 гадоў развялася з мужам, купіла матацыкл і насілася па дарогах разам з байкерамі, потым стала дальнабойніцай і з першага заробку зрабіла пластыку твару ды нарасціла касіцы. Выданне «Люстэрка» паглядзела старонку Алены ў TikTok і на аснове апублікаваных відэа расказвае пра пазітыўную і энергічную суайчынніцу.
«Памяняла мужа на матацыкл»
Алена нарадзілася ва Украіне. У дзяцінстве жыла ў Германіі (тады яшчэ ГДР), яе тата быў вайскоўцам. Скончыла ўкраінскую ВНУ, некалькі гадоў працавала інжынерам па ахове працы, выйшла замуж і нарадзіла дачку.
«Калі дачка вучылася ў старэйшых класах, мы з мужам развяліся. У той час мае бацькі ўладкаваліся ў вайсковым гарадку Асіповічы ў Беларусі, клікалі і мяне туды. Так я стала беларускай», — расказала ў адным з жывых эфіраў у TikTok Алёна.
Першыя ўражанні ад Беларусі ў яе аказаліся не вельмі добрымі: у гэтым былі вінаватыя «хмары кусучых камароў» на бацькоўскім лецішчы, а яшчэ смог і попел ад лясоў, якія гарэлі ў спёку.
Аднак у выніку ў краіне яна засталася, знайшла працу на будоўлі, была рознарабочай. У той час яна яшчэ не была легалізаваная ў нашай краіне, у тым ліку па гэтай прычыне іншай працы не знайшла.
Як успамінае Алёна, ёй не было складана перабудоўваць сябе пасля папяровай працы ў офісе на зусім іншы кірунак — непрэстыжны і цяжкі, да таго ж трымаў добры заробак.
«Я заўсёды была моцнай, таму што любіла і дагэтуль люблю спорт, больш за ўсё мне падабаецца цягаць жалеза. Так што будоўля была своеасаблівай спартзалай. Вядома, стомленая з працы вярталася, але потым я пераарыентавалася — уладкавалася аўтамаляром у вайсковую часць».
У Беларусі Алена другі раз выйшла замуж, але праз некалькі гадоў пара разышлася. Яна ўспамінае, што развод не стаў для яе трагедыяй, хутчэй наадварот — «выраслі крылы» ад таго, што цяпер магла жыць так, як хацела і «не трэба ўтрымліваць мужа».
«Памяняла мужа на матацыкл», — рагатала блогерка ў адным з «лайфаў», калі ў яе спыталі пра першае, што яна зрабіла пасля разводу.
З байка — за руль фуры
Алёна расказала, што любоў да матацыклаў у яе была з дзяцінства. Спярша дзяўчынку катаў і вучыў ездзіць на К-750 дзядуля, потым — тата на ІЖы, а ў студэнцтве яе на «Яве» вазіў сусед. А тут калегі па працы, у якіх былі байкі, прапанавалі жанчыне праехацца.
«Паехала і раптам успомніла адчуванні ад язды на матацыкле-вецер, хуткасць, Свабода, шчасце, якія вярнулі мяне ў дзяцінства, юнацтва. Пакатушкі мяне так натхнілі, што на наступны ж дзень я пайшла ў аўташколу, запісалася на курсы на катэгорыю A (B і C у мяне былі яшчэ з інстытута)».
Па словах блогеркі, начальства вайсковай часці са здзіўленнем глядзела на яе, калі яна надумала ганяць на матацыкле. А Алёна была так захопленая гэтай ідэяй, што яшчэ да адкрыцця катэгорыі A купіла за 1600 даляраў класічны байк Kawasaki Vulcan.
«А я ж «метр з кепкай» — рост усяго 158 см, на фізры заўсёды апошняя стаяла. І калі ўжо атрымала правы і ездзіла на байку, то пры прыпынку на святлафоры не магла дастаць нагамі да зямлі, абапіралася на насочкі. Усе смяяліся з гэтага, казалі, што я падобная на балерыну. Праўда, потым знаёмы падрэгуляваў байк, каб мне было зручней».
Праз некаторы час Алёна купіла матацыкл магутны — Honda Shadow з рухавіком 1100 куб. см. Новенькая хутка ўлілася ў байкерскае асяроддзе і ездзіла на «тусоўкі, злёты і сходкі», дзе ў асноўным была моладзь, але жанчыне гэта дыскамфорту не дастаўляла.
«Сярод байкераў вельмі шмат дальнабойнікаў. Яны расказвалі пра сваю працу, я зразумела, што мне гэта вельмі цікава. Пачала больш вывучаць тэму, распытвала знаёмых, што ды як, а потым вырашыла, што пайду на курсы адкрываць катэгорыі на фуры, а потым — у дальнабой!»
Алёна ўспамінае, што кіраўніцтва вайсковай часці не магло паверыць у тое, што жанчына, якой тады было блізка да 50 гадоў, і праўда наважыцца сысці ў незнаёмую для яе сферу, прычым не на самую лёгкую працу. Праз некаторы час жанчына развіталася з вайсковай часцю, забрала адтуль сваю працоўную кніжку і знайшла працу кіроўцам-міжнароднікам у польскім аўтапарку адной з літоўскіх кампаній.
Алёна адзначыла, што наймальнік нават не заводзіў з ёй размову пра яе ўзрост, неспрактыкаванасць. Галоўным былі допуск да працы ад медыкаў і жаданне самога работніка працаваць.
У лютым мінулага года Алёна адвучылася на «код 95» (сертыфікат для працы кіроўцам у транспартнай фірме ў Еўропе), прайшла двухтыднёвую стажыроўку і адправілася ў самастойныя рэйсы па Еўропе на аўтарэфрыжаратары.
«У рэйсах хацелася сесці і заплакаць»
З першых рэйсаў жанчына пачала распавядаць пра сваю працу і жыццё ў Instagram, а потым — і ў TikTok. Але некаторыя карыстальнікі (часцей гэта мужчыны) досыць негатыўна рэагуюць на яе відэа: хтосьці пасылае «на кухню варыць боршч», іншыя з'едліва называюць «бабуляй».
«Вам няма чаго рабіць? Чаму вы лічыце, што месца жанчыны толькі на кухні? І так — я бабуля: маёй унучцы ўжо паўтара года. Так што мне ўсё адно на вашы словы», — казала ў жывым эфіры Алёна.
Жанчына адзначала, што ад еўрапейцаў такіх выказванняў не пачуеш, да таго ж яны больш спагадлівыя: калі патрэбна дапамога, то яны адгукнуцца. Хоць Алёна практычна заўсёды спраўляецца сама.
«Праўда, спачатку ў рэйсах бывалі выпадкі, праз якія проста хацелася сесці і заплакаць. Але я думала, а сэнс мне плакаць — ад гэтага ж сітуацыя не зменіцца. Памятаю, у Італіі навігатар павёў мяне па вузкім горным серпантыне, дзе з аднаго боку — абрыў. Я ехала максімум 70 км/г, а ў галаве былі думкі, што ўпаду цяпер у прорву, а калі застануся жывая, то верталёт будзе фуру выцягваць, колькі ж мне давядзецца за гэта аплачваць.
Адлегласць у 29 кіламетраў я ехала паўтары гадзіны, уся майка была мокрая ад поту. А потым аказалася, што гэта мне навігатар няправільна наладзілі, таму паехала праз цьмутаракань».
Пасля такіх выпадкаў Алёна не давярае цалкам навігатару і заўсёды правярае інфармацыю, якую прапануе гаджэт. Часам падыходзіць да калег на дарозе, каб удакладніць правільнасць пракладзенага маршруту.
«Але нават на адлегласці мне дапамагае мой сябар Юрка, ён таксама байкер і дальнабойнік. Дарэчы, гэта дзякуючы яму я і сышла ў перавозкі. Я заўсёды яму тэлефаную, калі паламаўся матацыкл або калі не ведаю, як увязаць груз. Добра, калі ў жыцці ў чалавека ёсць такі сябар».
«Адчуваю сябе каралевай»
Былі ў працы Алены і непрыемныя моманты, калі на паркінгах даводзілася «адшываць» падпітых калегаў. Але па-сапраўднаму страшна было ў Францыі, калі ўначы дзверы яе «рэфа» ўскрылі злачынцы.
«У мяне на рэфе сігналізацыя стаяла, яна адразу завыла, а я не зразумела, што гэта. Выйшла з кабіны паглядзець, пайшла вакол машыны: ззаду дзверы адчыненыя, але нікога не было, бандзюгі спалохаліся гуку і збеглі. Вось тут у мяне халадок па спіне і пайшоў, зразумела, чым гэта магло скончыцца».
З тых часоў Алёна трымаецца мераў асцярогі: не выскоквае з фуры пасярод ночы на двор, а калі кладзецца спаць, то фіксуе дзверы кабіны знутры, каб староннія не маглі іх ускрыць звонку.
Жанчына распавядала, што рабаўнікі фур дагэтуль ужываюць метад усыплення кіроўцаў з дапамогай запуску ў кабіну газу, асабліва гэта распаўсюджана ў Францыі. Таму дальнабойніца ўвесь час пакідае адкрытым люк, тады прыток свежага паветра не дасць задыхнуцца, калі так зробяць і з ёй.
Праз год кіроўца перайшла ў іншую фірму, цяпер яна возіць шторны паўпрычэп. Працаваць на ім фізічна цяжэй, чым на рэфрыжаратары: дальнабойніцы трэба рассоўваць і засоўваць цяжкі тэнт, цягаць дошкі, якія мацуюцца на бартах, зацягваць рамяні, што ўтрымліваюць груз. Але і тут Алёна знайшла пазітыў: усе гэтыя дзеянні яна ўспрымае як фізічныя практыкаванні для цягліц, якіх ёй так не хапала ў мінулай кампаніі.
Неяк Алёне прапаноўвалі перайсці працаваць на базу кампаніі і дапамагаць маладым кіроўцам: не было б рэйсаў, але шмат працы з дакументамі. Жанчына адмовілася ад гэтага, маўляў, зусім не яе.
«Мне падабаецца ехаць, кожны дзень глядзець на нешта новае. Адчуваю сябе каралевай — сяджу высока, машына вялікая, а вакол усё маленькае. Гэта дае ўпэўненасць, энергію. Асабліва я люблю ездзіць па Францыі, Міма вёсак, руін і старажытных замкаў. Цяпер, здаецца, мушкецёры выскачаць да цябе на дарогу».
«У мяне шмат планаў наперадзе»
Жанчына працуе на кадэнцыях: некалькі тыдняў рэйсаў чаргуюцца з адпачынкам. Блогерка кажа, што, прапрацаваўшы нават тры-чатыры тыдні, стомленасці яна не адчувае, «як быццам толькі ўчора заступіла». А прабыўшы дома некалькі дзён, разумее, што сумуе па працы. Нават калегі мужчыны дзівіліся яе вытрываласці.
«За суткі працы я атрымліваю 400 злотых (каля 300 рублёў). Зараз я буду працаваць шэсць тыдняў, вось і лічыце мой заробак. Вядома, з гэтага трэба адняць мае выдаткі ў рэйсах, за кадэнцыю шэсць тыдняў гэта прыкладна 500 еўра. Адкласці грошы атрымліваецца. Да прыкладу, за першы год працы я накапіла 8000 еўра».
Па словах Алёны, у выдатках на ежу яна сябе не абмяжоўвае: што падабаецца, то і купляе. Калі ў рэйсах выпадаюць выходныя, то часам яна заходзіць у кавярню, каб паспрабаваць там што-небудзь смачнае з мясцовай кухні. Напрыклад, нядаўна была ў рэстарацыі каля Вероны, дзе вырашыла ўпершыню ў жыцці паспрабаваць вустрыц і дазволіла сабе выпіць крыху віна.
Алёна расказвае, што ў яе была вялікая мара, на якую раней не хапала грошай, — зрабіць падцяжку скуры твару і блефарапластыку. Гэтыя аперацыі яна змагла дазволіць сабе пасля першага заробку дальнабойніцы. А потым яшчэ змяніла прычоску: увесь час была з кароткай стрыжкай, а стала бландынкай з афрыканскімі касіцамі.
Характэрна, што на стрым (а яна іх праводзіць штодня і па некалькі разоў) Алёны кожны раз падключаюцца ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў чалавек. Прычым сярод іх даволі шмат жанчын, старэйшых за 40 гадоў, якія хочуць змяніць сваё жыццё, але не наважваюцца гэта зрабіць, маўляў, узрост ужо не той.
«Мяняць сваё жыццё ніколі не позна, — вельмі часта кажа Алёна ў сваіх эфірах. — Паглядзіце на мяне. Не трэба нічога баяцца, давайце рухацца наперад. Напрыклад, у мяне шмат планаў наперадзе. З найбліжэйшых — адпачыць на Кубе. А доўгатэрміновыя — набыць кватэру дзе-небудзь у Іспаніі на беразе мора і жыць там».
Чытайце таксама:
У сеціве з'явілася карта ўсіх аўтадарог свету. Як там выглядае Беларусь?
«Мы пазажыраліся». Што гавораць беларускія дальнабойнікі пра канкурэнцыю з азіятамі
Каментары