Аўтобус з пасажырамі з Беларусі з'ехаў у кювет у Калужскай вобласці Расіі
Да месца ДТЗ прыбыў эвакуатар, але ён не здолеў выцягнуць аўтобус назад на дарогу.
Пасажырскі аўтобус, які ехаў з Беларусі з 25 пасажырамі ў салоне, з'ехаў у кювет на трасе М-3 у Калужскай вобласці ўвечары 24 жніўня, паведаміў у сваім тэлеграм-канале губернатар рэгіёну Мікалай Калінічоў.
«Пасажыры чакаюць магчымасці працягнуць дарогу ў кавярні побач. На месцы працуюць супрацоўнікі Дзяржінспекцыі бяспекі дарожнага руху і МНС. Людзям прапанаваная ўся неабходная дапамога, але пакуль у ёй патрэбы няма», — аператыўна ўдакладніў ён.
Да месца здарэння выехаў в. а. пракурора Бароўскага раёна Аляксандр Новікаў, які сустрэўся з кіроўцам і пасажырамі. Яны распавялі пра абставіны ДТЗ.
Як адзначыла пасажырка, якая ехала на адным з месцаў у пярэдняй частцы салона, большасць пасажыраў спала ў момант аварыі, але яна добра ўсё бачыла. Аўтобус пачаў рэзка тармазіць з-за фуры, якая нечакана «ўклінілася» проста перад аўтобусам, піша Tochka.by.
«Дарога мокрая, кіроўцу прыйшлося з'ехаць у кювет, каб не ўрэзацца ў яе. Фура проста падрэзала і з'ехала», — распавяла яна.
Аб пацярпелых у аварыі не паведамляецца. Мяркуючы з нумароў, з Масквы аўтобус ехаў у Гомельскую вобласць.
Каля васьмі гадзін раніцы 25 жніўня пракуратура Калужскай вобласці паведаміла, што аўтобус дасталі з кювета, ён спраўны, усе пасажыры працягнулі свой маршрут у Беларусь.
Каментары