Грамадства11

Паляшук з хітрынкай. Сябры і калегі — пра зняволенага журналіста Алеся Любенчука

Пра асуджанага на тры гады калоніі журналіста, якому сёння споўнілася 35 гадоў, у публічнай прасторы, на жаль, не так шмат інфармацыі. Прыкрае непаразуменне! У гутарцы з БАЖ сябры і калегі расказваюць пра ягоны выдатны музыкальны слых, любоў да вясковага жыцця і дабрачынную дзейнасць, пра якую да апошняга часу амаль ніхто не ведаў.

«Адразу не скажаш, што гэта адкрыты і вясёлы чалавек»

Калі блізкія пачынаюць распавядаць пра Алеся Любенчука, інтанацыі адразу ж мяняюцца: голас становіцца больш бадзёрым, аднак пасля з’яўляюцца настальгічныя ноткі.

— А вось ягоныя эмоцыі не заўсёды можна было зразумець на твары, — расказвае журналіст Зміцер Міцкевіч. — У Алеся добрае пачуцце гумару, ён любіць пажартаваць, але адразу не скажаш, што гэта адкрыты і вясёлы чалавек. Яго трэба спярша пазнаць, даведацца — і тады будзе зразумела, з кім насамрэч маеш справу.

Алесь Любянчук нарадзіўся ў Пінску, і паляшуцкі код, як кажуць сябры, адбіўся на рысах характару: у добрым сэнсе слова ўпарты, сціплы і заўсёды гатовы дапамагаць іншым.

— Паляшук з хітрынкай! — з такім эпітэтам пагаджаюцца нашы суразмоўцы.

Ён адразу пачаў працаваць журналістам і зразумеў: маё! Прафесійнае жыццё бачыў праз аб’ектыў відэакамеры. Аднак мала хто ведае, што ён таксама выдатны фатограф.

— Самыя мае любімыя здымкі Нёмана зрабіў менавіта Алесь, — прызнаецца тэлевядучая Кацярына Ткачэнка, якая знаёмая з ім на працягу 15 гадоў. — Як таленавіты чалавек, ён захапляецца жыццём ва ўсіх яго праявах: вельмі любіць прыроду, паходы, байдаркі. А яшчэ выдатна ездзіць вярхом!

«Быў бы першай скрыпкай»

У Алеся Любенчука абсалютны слых. Ён файна грае на гітары. Часта шкадаваў, што няма часу займацца, але ж галоўным інструментам для яго заўсёды была скрыпка.

— Якраз трынаццаць гадоў таму святкавалі яго дзень народзінаў, — працягвае Кацярына Ткачэнка. — Прыдумалі незвычайны падарунак. Паклалі ў футляр саламяную скрыпку. Калі ён адчыніў, то вельмі здзівіўся: «А я ж падумаў, што зараз вам сыграю!»

Па словах сяброў, музыка грала вялікую ролю для Алеся Любенчука. Калі чуў фальшывыя ноты ў вулічных бэндаў, заўсёды звяртаў на гэта ўвагу.

— Здаецца, у жыцці ён таксама адчуваў фальш. Ён ніколі ні перад кім не выдыгаў. Такі ў яго характар, — дадае Кацярына Ткачэнка. — А калі б стваралі музычны гурт з журналістаў, то ён напэўна быў бы першай скрыпкай.

«Рабілася добра ад таго, што свет стаў крыху лепшы»

Яшчэ адна малавядомая рыса журналіста — яго рэлігійнасць. Усе, хто яго добра ведае, адзначаюць: гэта сапраўдны хрысціянін, царква грае ў жыцці Алеся Любенчука вялікую ролю.

— Ён дапамагаў людзям, у якіх не так шмат грошай, — узгадвае Зміцер Міцкевіч. — Не праз фонды, а непасрэдна. Збіраў рэчы для шматдзетных сямей ці тых, хто апынуўся ў кепскім фінансавым становішчы. Але ніколі не расказваў пра гэта. Ведалі толькі блізкія людзі.

Здаецца, Алесю Любенчуку падабалася бачыць, калі яго дапамогай карысталіся, і яму рабілася добра ад таго, што свет стаў крыху лепшы.

— У яго моцная эмпатыя, — пацвярджае Кацярына Ткачэнка. — Ён вельмі шмат каму дапамагае, але не афішуе, не выкладае здымкаў у сацсетках. Сапраўдны хрысціянін. Гэта не проста словы, а ягоны жыццёвы стрыжань.

Рэпарцёр пастаянна ездзіў па вёсках, арганізоўваў паездкі, знаходзіў інфанагоды для сюжэтаў.

— Ён ведае шмат людзей, у якіх багаты культурны бэкграўнд. Шукае, што варта паказаць, на што звярнуць увагу. Да таго ж чуе шмат гісторый у царкве і па-за ёй. Гэта вельмі дапамагала ў працы, — заўважае Зміцер Міцкевіч.

Журналістыка на паўзе, але…

Апошнім часам Алесь Любянчук жыў у вёсцы на Гарадзеншчыне. Займаўся аднаўленнем гістарычна-культурнай спадчыны, арганізоўваў рачныя сплавы на чаўнах, дапамагаў дзецям-сіротам. Рэпарцёр вымушаны быў паставіць журналістыку на паўзу.

— Канешне, адысці ад прафесіі было цяжка. Журналістыка дапамагала яму выконваць персанальную місію. З аднаго боку, Алесь папулярызаваў беларускую культуру, з другога — паказваў праблемы, — лічыць Зміцер Міцкевіч.

У маі 2022 года Алесь Любянчук быў затрыманы. Яго абвінавацілі паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім». У кастрычніку 2022 года суддзя Алена Ананіч прызнала рэпарцёра вінаватым і пакарала трыма гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Спроба абскардзіць рашэнне плёну не мела.

Ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі некаторыя звесткі з-за кратаў усё ж прасочваюцца. Цяпер сябры лічаць за лепшае не распавядаць нічога лішняга.

— Галоўнае, што ён не губляе бадзёрасці духу, чытае кнігі і спрабуе вакол сябе наладзіць побыт, як заўжды гэта рабіў, — кажа Зміцер Міцкевіч.

Блізкія журналіста лічаць, што той ведае пра хвалю падтрымкі палітзняволеных, якая не спыняецца.

Каментары1

  • Яська-гаспадар.
    01.09.2023
    Хитрынка тут не поможет. Как говорят, на хитрую … всегда найдётся …. с винтом. По-другому действовать нужно.

У Беларусі з'явіўся народны паэт7

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ4

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт7

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →