Грамадства33

«Як прыходзіць да памяці, то жартуе». Як адчувае сябе паплечнік Вітольда Ашурка, якому беларусы збіралі грошы на рэабілітацыю

Сяргей Пантус тры месяцы знаходзіцца ў польскім шпіталі пасля разрыву анеўрызмы галаўнога мозга. Ён схуднеў і аслаб, але да яго паволі вяртаецца памяць, ён наноў вучыцца хадзіць, піша «Свабода».

«Амаль заўсёды памятаў Зянона Пазняка»

Сёлета 18 чэрвеня Сяргею стала блага на працы, ён упаў, страціў прытомнасць. Мужчыну завезлі ў шпіталь, дзе выявілі разрыў анеўрызмы галаўнога мозга. Зрабілі аперацыю, Сяргей амаль тыдзень правёў у штучнай коме. Беларусы сабралі на лячэнне і іншыя патрэбы актывіста больш за 10 тысяч еўра. Патрэбную суму заданацілі фактычна за суткі.

Як расказала «Свабодзе» абазнаная крыніца, тры месяцы Пантус знаходзіцца ў шпіталях Беластока і праходзіць лячэнне. Яму зрабілі чатыры аперацыі на галаве, чакае яшчэ пятая. Са словаў медыкаў, многія пацыенты паміраюць ад гэтай хваробы на месцы. Стан Сяргея змяняецца хвалямі: то паляпшаецца, то пагаршаецца. У дадатак да сур’ёзнай хваробы мозга ён перанёс запаленне лёгкіх і падхапіў шэраг інфекцый. 

Сяргей у значнай ступені страціў памяць, але яна паціху аднаўляецца. У найгоршым стане ён мог не ўспомніць нават родных, але апошнім часам усё лепш пазнае крэўных і сяброў.

«Каго ён памятаў амаль заўсёды, дык гэта Зянона Пазняка», — усміхаецца суразмоўца.

Палітык наведаў паплечніка ў ліпені ў шпіталі.

«Схуднеў кілаграмаў на дваццаць»

Большую частку лячэння Сяргей ляжыць. Ён моцна аслаб. Цяпер вучыцца наноў хадзіць з дапамогай спецыялістаў, робіць фізічныя практыкаванні, каб аднавіць спраўнасць цягліцаў. Пакуль ён не можа самастойна ўставаць з ложка, але можа сам есці, трымаць лыжку, кубак.

«Ён схуднеў кілаграмаў на дваццаць дакладна. Фізічна ён, вядома, моцна змяніўся», — кажа суразмоўца.

У шпіталі мужчыну давялося пагаліць бараду і бакенбарды, якія ён адпускаў да хваробы, а да таго ж коратка пастрыгчыся з прычыны аперацый. Пасля апошняй з іх Сяргей стаў пачувацца лепш.

«Цяпер, як ён прыходзіць у памяць, у яго і жарты, і ўсё, як было раней. У найгоршым стане ён ляжаў ніякі, нікога не пазнаваў, ні з кім не гаварыў, глядзеў у адну кропку. Яму было не да жартаў. Сам не еў, не паварочваўся, не рухаўся. Цяпер неба і зямля: сам варочаецца, сам есць, уголас гаворыць, а раней пераважна шэптам», — кажа суразмоўца.

Паводле абазнанай крыніцы, Сяргей звычайна знаходзіцца ў добрым настроі, не скардзіцца на здароўе. У шпіталі ён малюе, каб развіваць дробную маторыку. Чытае з сябрамі невялікія гісторыі, пераказвае іх, каб трэнаваць памяць. Разгадвае красворды. Слухае і спявае песні. Яго рэгулярна наведваюць сябры і знаёмыя, прысылаюць паштоўкі падтрымкі нават з іншых краін. 

«Ён якім быў, такім і застаўся. Як любіў ён памідоры, так і любіць. Як быў ласуном, так ім і застаўся. Як спяваў «Аксамітны летні вечар», так і любіць, памятае словы і спявае. Не надта ён памяняўся», — мяркуе асоба, якая ведае пра стан Сяргея.

Што стала прычынай хваробы, невядома.

«Пэўна, анеўрызма ў Сяргея была з дзяцінства. Яна можа разарвацца ў любы момант, незалежна ад цяжкой працы. Можа, ад перажыванняў, можа, павысіўся ціск — тады горача было», — разважае крыніца інфармацыі.

Грошы прызначаныя на рэабілітацыю і арэнду кватэры

Паводле суразмоўцы «Свабоды», пакуль што лячэнне ў шпіталі для Сяргея бясплатнае, яго кампенсуе медыцынская страхоўка. Невялікая частка сабраных грошай пайшла на вітаміны для мозгу. За данаты цяпер аплочваецца арэнда кватэры, у якой жыў Сяргей. Яго могуць выпісаць са шпіталя раптоўна, кажа суразмоўца, таму неабходна, каб жытло было падрыхтаванае. Працаваць і зарабляць на жыццё ён сам пакуль не можа.

Каментары3

  • Анж
    19.09.2023
    Дзякуй Богу што даў шанец! Хай адужвае!
  • Зянонавец
    19.09.2023
    Вялікі чалавек, які стала і ўпарта бароніць Беларусь ад расейскай навалы, здароўя яму і сіл, каб дажыць да перамогі!
  • Метак
    19.09.2023
    Папраўляйся, дружа
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Арыштаваны начальнік камітэта аховы здароўя Мінска Ігар Юркевіч7

Арыштаваны начальнік камітэта аховы здароўя Мінска Ігар Юркевіч

Усе навіны →
Усе навіны

Кампанію, якая развівае гульню «Свет танкаў», прызналі ў Расіі «экстрэмісцкай»3

У Лідзе матацыкліст рызыкнуў сваім жыццём, каб выратаваць хлопчыка4

Z-каналы адмаўляюць мініраванне Крымскага моста, гавораць пра ўдар падводным апаратам

Пасол Турцыі ў Беларусі расказаў пра любімыя беларускія стравы ў іх сям'і4

Памёр кампазітар Яўген Дога3

У Мінску амаль перамаглі баршчэўнік Сасноўскага1

Украінцы падарвалі апору Крымскага моста. Але той устаяў15

Па Слуцку паўзуць чуткі пра забойства з расчлянёнкай. Вось што кажуць у міліцыі2

Кава з апельсінамі, мандарыны з кетчупам. Беларуска шакіруе знаёмых гастранамічнымі вычварэнствамі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны начальнік камітэта аховы здароўя Мінска Ігар Юркевіч7

Арыштаваны начальнік камітэта аховы здароўя Мінска Ігар Юркевіч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць