Выданне Dev.by пагутарыла са сваімі чытачамі, якім давялося праходзіць паліграф.
Гісторыя 1. Сумоўе ў ІТ
«Гэта ж фінтэх! Няможна дапусціць да працы чалавека з «брудным» мінулым!»
technical support і dealer ў фінтэх-кампаніі, Харватыя (з рэлакейтам)
— Каб атрымаць офер, трэба было паспяхова прайсці 5 этапаў сумоўяў, самы апошні — паліграф, пра што папярэдзілі загадзя.
Тэсціраванне я праходзіў у Мінску на Талбухіна, 2. Кампанія разглядала кандыдатаў з усяго СНД і, як я зразумеў, паўсюль мела кантакты з паліграфолагамі.
Мне трэба было ў канкрэтны дзень падысці да гадзіннікавага завода «Луч» — і патэлефанаваць чалавеку, які забраў бы мяне і правёў у офіс. Памяшканне, у якім праводзілася выпрабаванне, складалася з двух невялікіх пакояў. У першым — стол, два крэслы і камп’ютар з датчыкамі, у другі ніхто не заходзіў і не выходзіў, мне здалося, там мае захоўвацца абсталяванне.
У мяне не было досведу праходжання паліграфа, на жаль. Каб ведаў загадзя, якія пытанні мне зададуць, я б падрыхтаваўся, пракруціў у галаве адказы — і вынік быў бы іншым.
Растлумачу, чаму так думаю: перад тэсціраваннем паліграфолаг сказаў, што на першым этапе ён некалькі разоў назаве 5 выпадковых мужчынскіх імёнаў — у рознай паслядоўнасці і ў розных пытаннях. Ніводнае з іх не выклікала ў мяне асацыяцый. Але я вырашыў паставіць свой эксперымент, абраў імя Сямён — і стаў уяўляць, што добра ведаю гэтага хлопца, нафантазіраваў нейкія сітуацыі з ім з мінулага.
У выніку па завяршэнні гэтага этапу спецыяліст спытаў, ці дакладна я не ведаю ніякага Сямёна: «Я бачу, што гэтае імя вылучаецца сярод астатніх». Так я зразумеў, што паліграф не правярае цябе на хлусню, ён фіксуе усплёскі тваіх эмоцый — і ўсё.
У ходзе наступнага этапу тэсціравання ў мяне пыталіся:
- ці краў я на працы — адказ: «Не», паліграф не зафіксаваў эмоцый;
- ці не было ў мяне праблем з алкаголем — тут быў усплёск. Я не п’ю наогул, але ў мяне выпіваў бацька і, адказваючы на пытанне, я міжволі згадаў пра яго;
- было ў спісе таксама пытанне пра наркотыкі. Я адказаў, што ніколі такім не балаваўся — і гэта праўда, — але, калі працаваў у ЗША, меў прыяцеляў, якія палілі траўку. Я ведаю яе пах — ён тут жа паўстаў у маёй галаве.
Гэтыя пытанні задаваліся зноў і зноў, у рознай паслядоўнасці і варыяцыях. Наконт рэзюмэ пытанняў не было.
Праз 40-50 хвілін тэсціраванне завяршылася. Пры канцы, калі я літаральна стаяў у дзвярах, спецыяліст раптам спытаў, чаму я так, а не інакш адрэагаваў на пытанні пра наркотыкі і алкаголь. Вельмі хутка — пэўна, каб я разгубіўся і не паспеў абдумаць адказы і сказаў праўду.
Наогул мне падалося, што мой паліграфолаг працаваў ці неяк інакш быў звязаны з сілавымі структурамі. Падключаючы датчыкі, ён сказаў, што такі ж апарат выкарыстоўваецца ў КДБ. А яшчэ, калі гаворка зайшла аб пратэстах (не ў часе тэсціравання, а да яго), ён сказаў, што «ўсё гэта падстроіў Захад».
Праз дзень эйчарка паведаміла мне, што паліграф я не прайшоў. Паводле яе слоў, я не адзін такі — яшчэ адзін кандыдат зрэзаўся ў той жа дзень. Калі шчыра, было вельмі крыўдна, што я не падышоў: выходзіла так, быццам бы я чалавек з благімі схільнасцямі, хаця гэта няпраўда.
Навошта наогул трэба было праходзіць паліграф — як патлумачылі мне ў кампаніі, калі б я супрацоўнікам, атрымаў бы доступ да кліенцкай базы і ўсёй унутранай інфармацыі. Няможна было дапусціць да яе чалавека з «брудным» мінулым. Гэта ж фінтэх!
Калі ў будучыні мне прапануюць яшчэ раз прайсці паліграф, каб атрымаць офер, я пайду: мне здаецца, я цяпер ведаю, як паводзіцца на тэсціраванні, каб дабіцца поспеху.
Гісторыя 2. Сумоўе не ў ІТ
«Але што можа скрасці, напрыклад, тэсціроўшчык або офіс-менеджар?»
кіраўнік групы распрацоўкі ў вытворчай кампаніі (не ІТ), Беларусь
— На першым жа сумоўі папярэдзілі, што давядзецца прайсці паліграф.
У кампаніі ёсць штатны спецыяліст-паліграфолаг, і паліграф праходзяць усе супрацоўнікі, нават тыя, што не нясуць матэрыяльнай адказнасці.
У мяне гэта быў першы досвед, падчас выпрабавання я не хваляваўся, але было вельмі цікава.
Усё праходзіла прыкладна як у фільмах: пасадзілі ў фатэль, падключылі кучу правадоў і датчыкаў, якія рэгіструюць дыханне, пульс, электраправоднасць скуры. Да фатэля таксама падвялі датчыкі, якія рэгіструюць зрушэнне.
Спачатку задавалі стандартныя пытанні, каб вызначыць узровень рэакцыі: «Вас завуць Алена?», «У вас 5 пальцаў?» Потым ужо пыталіся:
- ці не краў я на папярэдніх месцах працы;
- ці не падаслалі мяне канкурэнты;
- ці не схлусіў я ў сваім рэзюмэ;
- ці пазначыў усю праўду пра сваю адукацыю;
- ці не прымаю я наркотыкі;
- ці не злоўжываю алкаголем.
Спецыяліст адразу папярэдзіў, што методыка недакладная — розныя ўспаміны і асацыяцыі могуць уплываць на рэакцыю. Напрыклад, пытанне аб наяўнасці судзімасці часта выклікае нядобрыя асацыяцыі, нават калі цябе не судзілі, — датчыкі гэта фіксуюць.
Пасля некаторых адказаў паліграфолаг пытаўся, якія думкі прыйшлі мне да галавы, калі ён агучыў пытанне.
Тэсціраванне доўжылася прыкладна гадзіну. З іх паўгадзіны, пэўна, сышло на падрыхтоўку і размовы, яшчэ паўгадзіны — уласна на сам паліграф. Падчас выпрабавання я часам не мог утрымацца ад смеху: аж вельмі пацешныя пытанні.
Пра тое, што я ў выніку прайшоў гэты этап і магу пераходзіць на наступны, мне паведамілі праз 2-3 дні (без аніякіх дэталяў). На ўсе сумоўі спатрэбіўся месяц. А далей я атрымаў офер, і цяпер працую ў гэтай самай кампаніі.
На пытанне, навошта наогул патрэбная такая праверка на ўсю кампанію і яе падраздзяленні, я не магу адказаць. Магчыма, таму, што на вытворчасці шмат дарагой сыравіны і прадукцыі, якую можна скрасці.
Але што можа скрасці, напрыклад, тэсціроўшчык або офіс-менеджар? Сашчэпкі?
Дарэчы, падчас тэсціравання я размаўляў з паліграфолагам на тэму, як падманваюць паліграф. І ён расказаў, што, бывае, людзі прыходзяць з канцылярскай кнопкай у абутку і ціснуць на яе, каб зрабіць сабе балюча і заблытаць датчыкі на пытаннях, дзе можа ўсплыць нязручная праўда. Але паліграфолаг дасведчаны — і такія сігналы адрознівае.
Кіберпартызаны — пра выкачаныя базы, агентаў рэжыму, Пазняка і КДБ. Новы «Ток» з Юліянай Шаметавец
BELPOL даў справаздачу, што яго каманда паспяхова прайшла паліграф
«Пашанцавала, што трапіліся такія суддзі». Беларускі добраахвотнік, якога падазраюць у забойстве пабраціма ў Літве, расказаў сваю версію падзей
Каментары