Сёння Дзяды. Так выглядаюць сёння віленскія могілкі Росы і беларускія магілы на іх
На відэа вышэй — агульны від, калі глядзець з месца спачыну архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага. Справа — капліца Каліноўскага і паўстанцаў.
Каля помніка адраджэнцам, стваральнікам «Нашай Нівы» Івану і Антону Луцкевічам.
Каля помніка драматургу Францішку Аляхновічу.
На магіле Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага).
Крыж Лявона Вітан-Дубейкаўскага.
Дзядоў ушаноўвалі і каталікі, і праваслаўныя беларусы. Значыць, свята даўняе, дахрысціянскае.
Дамы і двары прыбіралі. Бо ж душы продкаў прыляцяць у госці. На могілках пакідалі свечкі.
А за вячэрай чыталі малітвы і прыгаворвалі: «Святыя дзяды, ляціце сюды!»
Страў трэба няцотная колькасць: пяць, сем, пятнаццаць. Чамусьці няцотнасць сімвалізавала семантыку «таго» свету.
Дзверы адчынялі — каб душам не залятаць праз акно.
Кожны, пачынаючы ад старэйшага, зачэрпваў першую лыжку і перакладаў яе ў асобную міску — для дзядоў.
Найстарэйшы мусіў і першым уставаць з-за стала. Не дай бог каму іншаму: каб жа не памёр раней. У гэтым і сэнс прыказкі: «Не лезь папярод бацькі ў пекла!».
Свечкі пасля вячэры гасілі рытуальным бліном.
Рытуальнымі лічыліся і стравы з тых жывёл, якія ў племені лічыліся татэмнымі.
А яшчэ кнышы — гэта такія завіваныя булачкі з начынкай.
Але не ежа галоўнае. Галоўнае — памяць.
Святыя дзяды, просім вас,
Хадзіце, ляціце да нас,
Есці і піці, што Бог даў,
Што я для вас ахвяраваў,
Чым толькі хата багата…
Мы памятаем вас, мы любім вас, вы працягваеце жыць у нас, а мы пасля будзем жыць у нашых дзецях і ўнуках.
Каментары