«Гэта проста дурасць ваенная». Журналісты пагаварылі з тымі, хто выжыў пасля ракетнага ўдару ў час узнагароджання найлепшых украінскіх вайскоўцаў
Сталі вядомыя падрабязнасці масавай гібелі байцоў 128-й брыгады УСУ. Удар быў нанесены 3 лістапада падчас цырымоніі ўзнагароджання ў Запарожскай вобласці.
Як паведамлялася раней, расійскія войскі 3 лістапада нанеслі ўдар ракетай «Іскандэр М» па ўкраінскіх вайскоўцах пад час цырымоніі ўзнагароджання ў гонар Дня артылерыі ў Запарожскай вобласці. Загінула 19 байцоў 128-й асобнай горна-штурмавой брыгады, дзясяткі людзей атрымалі раненні.
Карэспандэнты The Washington Post пагаварылі з тымі, хто выжыў. Ваенныя на ўмовах ананімнасці параўналі цырымонію з тымі, што адбываліся ў савецкую эпоху, са сцэнамі з расійскіх прапагандысцкіх фільмаў аб Другой сусветнай вайне.
Жахлівыя страты ўзнялі вострыя пытанні аб тым, чаму такое буйное публічнае мерапрыемства было праведзена ў месцы, якое было лёгка відаць расійскім беспілотнікам і знаходзілася ў межах дасяжнасці расійскіх ракет, якія (паводле некаторых звестак іх было дзве), былі выпушчаны праз 10 хвілін пасля пачатку цырымоніі.
Як адзначылі выданню суразмоўцы, звычайна такія цырымоніі ўзнагароджання невялікія, на іх прысутнічае каля 30 чалавек, і яны праходзяць у добра абароненым бункеры ці траншэі. Аднак 3 лістапада збор прайшоў на адкрытай пляцоўцы, і ў ім прынялі ўдзел каля 100 чалавек, у тым ліку тыя, хто не быў узнагароджаны.
«Яны сабралі людзей з усіх частак — найлепшых людзей. У спісе [тых, хто ўзнагароджаны] было 43 чалавека. Насамрэч, людзей было значна больш», — цытуе выданне словы ўкраінскага вайскоўца.
Па словах іншага байца, месца правядзення цырымоніі «пастаянна знаходзіцца ў межах дасяжнасці ўдараў балістычных ракет і ўсяго астатняга, што ляціць здалёку».
Як адзначае выданне, ракета патрапіла ва ўнутраны двор будынку, дзе праходзіла цырымонія, а таксама пашкодзіла бліжэйшую дарогу.
Шмат хто з прысутных атрымаў траўмы галавы, бо быў на цырымоніі без шлемаў.
«Медыкі сказалі, што нічога падобнага яны не бачылі з пачатку поўнамаштабнай вайны», — перадае выданне словы аднаго з прысутных.
Першапачаткова ўлады не паведамілі аб інцыдэнце. Спачатку інфармацыяй абменьваліся родныя тых, хто загінуў. Як сказаў адзін з суразмоўцаў The Washington Post, каб сваякі вайскоўцаў не «паднялі крык» у сацсетках, «то ніхто б і не даведаўся».
Навіны аб ракетным удары пачалі прасочвацца ў сацыяльныя сеткі з вечара пятніцы. Бліжэй да нядзелі ўкраінскія агенцтва навін паведамілі аб нападзе, а міністр абароны Украіны Рустэм Умераў заявіў, што ў брыгадзе адбылася «трагедыя», але не паведаміў ніякіх падрабязнасцяў. Пазней 128-я брыгада апублікавала колькасць тых, хто загінуў, на сваёй старонцы ў Facebook.
У панядзелак Дзяржаўнае бюро расследаванняў Украіны заявіла, што ўзбуджае крымінальную справу па фактах нападу па артыкуле «халатнае стаўленне ваеннага служачага да службы».
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі выказаў спачуванні сем'ям тых, хто загінуў, і заявіў, што камандзір брыгады Дзмітрый Лысюк адхілены ад пасады на час расследавання.
У сваім выступе ў нядзелю Зяленскі адзначыў, што гэта была «трагедыя, якой можна было пазбегнуць». Па словах прэзідэнта, уся сітуацыя аналізуецца штохвілінна, і «будзе ўстаноўлена, хто канкрэтна парушыў правілы бяспекі людзей у раёне доступу аэраразведкі ворага. Ніякага пазбягання адказнасці».
Аднак галоўнае пытанне, на якое звяртаюць увагу субяседнікі The Washington Post, гэта пытанне аб тым, як расійскія ваенныя даведаліся аб месцы і часе правядзення цырымоніі.
«Пакуль незразумела, што менавіта адбылося, — ці то мясцовыя жыхары патэлефанавалі і паведамілі, што сабралася шмат людзей, ці адбылася ўцечка інфармацыі з унутраных штабоў брыгад», — прыводзіць выданне словы аднаго з байцоў.
Па словах субяседніка, такі ўдар нельга спланаваць без папярэдняй падрыхтоўкі:
«Нельга запусціць ракету за дзве хвіліны або за 15. Калі праціўнік накіраваў туды ракету, ён выдатна разумеў, што там шмат кіраўніцтва і ўдар будзе дастаткова магутным».
Па словах іншага байца, «усе злуюцца на камандаванне. Яны маглі аддаць загад перанесці ўсё ў іншае месца ці якое-небудзь сховішча. Перанясіце ўсё і правядзіце цырымонію там. Чаму гэтага не адбылося, я не ведаю. Гэта проста дурасць ваенная».
Аднак нават пасля трагедыі, піша выданне, некаторыя чыноўнікі выступілі ў абарону практыкі ўзнагароджання медалямі паблізу зоны баявых дзеянняў. Былая намесніца міністра абароны Ганна Маляр заявіла, што цырымоніі зʼяўляюцца «вельмі важнай часткай» ваеннай культуры.
Па яе словах, расіяне маглі даведацца аб цырымоніі з-за «ненаўмыснай уцечкі інфармацыі», выкліканай «чалавечым фактарам».
«У сувязі з тым, што поўнамаштабная вайна працягваецца ўжо больш за год, пачуццё небяспекі ў многіх спрытупілася. Чалавеку цяжка пастаянна знаходзіцца ў стане павышанай увагі і канцэнтрацыі пры рызыцы смерці»,
— прыводзіць выданне словы Маляр.
На думку ж байцоў, практыка цырымоній у савецкім стылі павінна быць неадкладна спынена. «Салдаты і афіцэры баяцца, што гэта не будзе зроблена і ўсё можа, не дай бог, паўтарыцца»,
— цытуе аднаго з іх The Washington Post.
Чытайце яшчэ:
Ва УСУ назвалі колькасць вайскоўцаў, якія загінулі ў Запарожскай вобласці падчас узнагароджвання
Каментары