Грамадства55

«Сустрэць мужчыну з вышыўкай на рукавах — гэта нонсэнс». Што яшчэ мы не ведаем пра беларускі арнамент?

Ці можна прачытаць беларускі арнамент? Ці магчыма вылучыць з яго сімвалы, якія абароняць нас ці падораць каханне? Што азначаюць чырвоны, белы і чорны колеры на кашулях нашых прадзедаў і прабабуль? І чаму вышыўка на рукавах мужчынскіх кашуль — гэта нонсэнс? Выданне Palatno расказвае цікавосткі пра беларускі традыцыйны арнамент.

«Самая галоўная задача арнаменту: «Каб усё было па-правільнаму»

Арнамент прыйшоў да нас ад нашых далёкіх продкаў. Арнаментальныя сімвалы спрадвеку суправаджалі жыццё нашых прабабуль і прадзядуль. Сучасныя людзі намагаюцца раскласці арнамент на кавалкі і прачытаць яго як кнігу. Аднак гэта немагчыма, бо нашыя продкі мелі міфалагічнае мысленне і ўяўлялі арнамент як цэльную сістэму.

Пра гэта тлумачыць кіраўніца Школы традыцыйнага строю Кацярына Ваданосава: сучасныя людзі імкнуцца падпарадкаваць усё логіцы і спрабуюць кожны элемент арнаменту разглядаць як матэматычную мадэль. А для нашых продкаў такі падыход не быў уласцівым.

«Я ездзіла па вёсках і пыталася ў стагадовых жанчын, якія мэты яны праследавалі, калі вышывалі той ці іншы арнамент. Яны адказвалі мне невыразна: «На ўсё добрае, каб было прыгожа, па-правільнаму». І гэта самая галоўная задача арнаменту: «Каб усё было па-правільнаму».

Разам з тым, многія элементы арнаменту маюць своеасаблівыя назвы. Гэтыя назвы ў розных рэгіёнах розныя. Напрыклад, у Неглюбцы майстрыхі па-рознаму называюць пэўныя ўзоры, але гэта не значыць, што гэтыя ўзоры сімвалізуюць урадлівасць глебы ці доўгае жыццё».

Фота: Palatno

беларускі арнамент, арнамент беларусаў, строй беларусаў, традыцыйны народны строй Беларусі

Фота: Palatno

Кацярына Ваданосава лічыць, што на тлумачэнне асобных элементаў арнаменту паўплываў навуковец Міхаіл Кацар. Дарэчы, дзякуючы яму арнамент з’явіўся на чырвона-зялёным сцягу. Кацар не быў этнографам па адукацыі, але звязаў жыццё з этнаграфіяй: ездзіў па беларускіх вёсках і занатоўваў арнаменты.

«Кацар думаў, што арнамент можна чытаць як кнігу, а потым напісаў яшчэ і кніжку пра гэта. Гэтая кніжка саслужыла кепскую службу.

Падчас буму на рэчы з беларускім арнаментам людзі палічылі, што могуць узяць адзін элемент і надаць яму нейкую ахоўную функцыю. Бо гэта было вельмі проста, бо гэта лёгка ўкладваецца ў сучасную сістэму мыслення. Цяпер навукоўцы вымушаны змагацца з гэтай тэорыяй. Таму мы вельмі часта расчароўваем тых, хто пытаецца пра ахоўную функцыю беларускага арнаменту», — зазначае суразмоўца.

беларускі арнамент, арнамент беларусаў, строй беларусаў, традыцыйны народны строй Беларусі

Фота: Palatno

Колеры ў арнаменце: што яны азначалі?

Міфалогія колеру прысутнічае ў любой традыцыйнай культуры. Людзі спрадвеку надавалі значэнне колерам. У вышыўцы арнаменту продкі беларусаў больш за ўсё выкарыстоўвалі чырвоны колер — ён быў адным з самых папулярных. Аднак вышывалі таксама чорным па белым і нават белым па белым. Адным з прыкладаў з’яўляецца вёска Неглюбка.

«У свой час у Неглюбку ссылалі людзей. Яны жылі ў вузкім коле: дзяўчаты не выходзілі замуж за хлопцаў з суседніх вёсак, а хлопцы з Неглюбкі не бралі прышлых дзяўчат. Так сфарміравалася лакальная ўнікальная культурніцкая традыцыя. Там мы можам сустрэць кашулі, вышытыя ярка-чырвоным колерам, амаль барвовым. Разам з тым, там ёсць белыя кашулі, вышытыя найбагацейшай складанай вышыўкай, але белай».

Па словах Кацярыны Ваданосавай, трэба ад пачатку разумець, як выкарыстоўвалі кашулі з вышыўкай розных колераў. Дзяўчаты надзявалі белыя кашулі на вяселле, а пасля жыцця ішлі ў іх у свой апошні шлях: менавіта ў белых кашулях жанчын клалі ў труну. У Беларусі можна сустрэць і арнамент сіняга колеру — гэта абумоўлена лакальнай традыцыяй.

беларускі арнамент, арнамент беларусаў, строй беларусаў, традыцыйны народны строй Беларусі

Кацярына Ваданосава працуе над гродзенскай кашуляй. Фота: Palatno

Упрыгожанні — пацеркі, пярсцёнкі, завушніцы — прыйшлі ў беларускае сялянскае асяроддзе позна. Гэтыя вырабы немагчыма было зрабіць самому, іх куплялі. У беларускім традыцыйным строі няма канкрэтнага шэрагу ўпрыгожанняў, якія насілі нашыя продкі.

«Калі была магчымасць надзець пацеркі, іх надзявалі. Калі была магчымасць пракалоць вушкі і надзець завушніцы, гэта рабілі. Насілі заручальныя пярсцёнкі — з імі звязаны цэлы пласт павер’яў, казак і легендаў».

«Мужчынская кашуля з вышытымі рукавамі — нонсэнс»

Вышыўка на беларускіх традыцыйных строях заўсёды мела ахоўную функцыю. Звычайна вышывалі ў тых месцах, дзе заканчвалася тканіна альбо сшывалася з іншай тканінай.

«Вышывалі там, куды, ва ўяўленнях нашых продкаў, магла пранікнуць нячыстая сіла. Арнамент абараняў носьбіта кашулі ці іншага элемента строю ад злых сіл», — падкрэслівае Кацярына Ваданосава.

Менавіта таму ў беларускім традыцыйным строі ніколі не вышывалі рукавы на мужчынскіх кашулях: бо іх пакрой адрозніваўся ад крою жаночых кашуль, у вышыўцы проста не было сэнсу. Замест гэтага расшывалі манішкі на грудзях.

«Сустракаліся вышытыя манішкі і ў жанчын, але каб сустрэць мужчыну з вышыўкай на рукавах — гэта нонсэнс. Калі вы ўбачыце мужчыну, у якога вышытыя рукавы, то ён альбо маскаль, альбо скраў кашулю ў сваёй жонкі».

Што трэба ведаць, каб зрабіць сабе строй

Кацярына Ваданосава раіць шмат чытаць: ад спецыялізаваных кніг і каталогаў да напрацовак «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства». Яна рэкамендуе кнігі Вольгі Лабачэўскай і Зінаіды Зіміной («Беларускі народны строй»), Марыі Віннікавай («Традыцыйны беларускі касцюм»), дапаможнікі Галіны Рудніцкай.

«Па маім досведзе, жанчыне пасуюць тыя строі, адкуль яна родам. Калі я апранаю маладзечанскі строй (мая бабуля была з-пад Маладзечна), я адчуваю сябе вельмі арганічна. Пры тым, што гэта сіні строй. А калі апранаю калінкавіцкі строй з агромністай колькасцю ручной працы, то разумею, што нясу на сабе скарб, але мне ў ім не так камфортна. Я хутчэй апрану сціплы строй, але да якога я маю хоць якое-небудзь дачыненне».

Трэба таксама хадзіць па музеях, вывучаць малюнкі і фотаздымкі з кніг. Кацярына раіць наведаць Нацыянальны мастацкі музей, дзе зараз праходзіць выстава традыцыйных беларускіх строяў — на такія імпрэзы варта хадзіць, каб паглыбіцца ў тэму.

беларускі арнамент, арнамент беларусаў, строй беларусаў, традыцыйны народны строй Беларусі

Фота: Palatno

беларускі арнамент, арнамент беларусаў, строй беларусаў, традыцыйны народны строй Беларусі

Фота: Palatno

Наступная рэкамендацыя — вывучыць лакальныя асаблівасці традыцыйных строяў. Калі чалавек не ведае, з якога рэгіёна паходзяць яго продкі, то прыкладна даведацца пра гэта можа дапамагчы іх строй, калі той застаўся:

«Часам арнаменты розныя і адначасова падобныя. Мы ніколі не зблытаем дамачоўскія кашулі з неглюбскімі, а вось кашулі з Магілёўшчыны можна зблытаць з кашулямі са Смаленшчыны. Нельга сказаць, што вось заканчваецца адзін рэгіён, а далей адразу ўсё адрозніваецца. Гэта як рака, у якой усё перацякае з аднаго ў іншае. Можна атрыбутаваць арнамент шырокім тэрытарыяльным арэалам, а калі хочацца больш вузка — трэба пастарацца».

Строй адрозніваўся і па ўзросце таго, хто яго насіў. Да прыкладу, у дзяўчат былі багата аздобленыя строі, бо іх выраблялі для замужжа. Жанчыны сталага веку апраналіся больш стрымана.

«Узрост — гэта статус. Ад узросту і цяпер залежыць тое, як чалавек мусіць выглядаць.

Этнограф Міхаіл Раманюк зрабіў вялізарную працу: здымаў жанчын у традыцыйных беларускіх народных строях, але ў нас закрадаецца грэблівае стаўленне да гэтых строяў, бо жанчыны былі сталага веку. На іх былі шыкоўныя строі, але жанчыны хадзілі ў іх да таго, як выйшлі замуж, а потым у рэальным жыцці ўжо не насілі іх».

Ад хусткі да пояса: што самае складанае?

Кацярына Ваданосава шмат гадоў займаецца беларускім традыцыйным строем. Яна называе сябе папулярызатарам-практыкам: сама робіць строі і можа сказаць, што атрымліваецца зрабіць прасцей, а што нашмат цяжэй.

Па яе словах, самым простым элементам з’яўляецца хустка: «Хусткі бываюць розныя: іх можна вышываць, можна плесці махры, а можна яшчэ больш замарочыцца». Наступнае — паясное адзенне. Для хлопцаў гэта штаны, а для дзяўчат — спадніцы і андаракі.

Далей ідуць фартухі. Яны таксама бываюць розныя: «Усё залежыць ад уменняў майстрыхі, эстэтычных прэферэнцый і лакальных асаблівасцей».

Затым — кашуля: «Яна вельмі лёгка кроіцца, складаецца з прамавугольнікаў розных памераў. Цяжкасці ўзнікаюць з аздабленнем кашулі. Часам бываюць кашулі, якія патрабуюць шмат часу, каб зразумець, як яны ўвогуле зроблены».

беларускі арнамент, арнамент беларусаў, строй беларусаў, традыцыйны народны строй Беларусі

Фота: Palatno

беларускі арнамент, арнамент беларусаў, строй беларусаў, традыцыйны народны строй Беларусі

Фота: Palatno

Больш складанымі ў вытворчасці будуць гарсэты ці камізэлькі. А самае складанае — гэта пояс, але хопіць аднаго разу, каб навучыцца ткаць яго. Кацярына раіць звярнуцца па дапамогу да чалавека, які ўжо рабіў паясы, альбо выкарыстоўваць дапаможнікі.

«Насамрэч, беларускія традыцыйныя строі — складаныя з-за арнаментальных, эстэтычных складнікаў, з пункту гледжання аздаблення. У плане крою яны досыць простыя».

Спатрэбіцца каля чатырох месяцаў, каб вышыць самую простую кашулю. Па меркаванні Кацярыны, усё залежыць ад часу, які чалавек прысвячае вышыўцы. А вось для таго, каб стварыць сабе строй з нуля, пачаткоўцу спатрэбіцца некалькі гадоў.

Каментары5

  • Recce
    18.11.2023
    Можна яшчэ матэрыялы пра Азбуку беларускага арнаменту. Даўно ніхто не пісаў пра гэта. Больш матэрыялаў пра наш беларускі арнамент і нашы вышыванкі. Дзякуй.
  • Sawed
    18.11.2023
    Магілёўшчына і Смаленшчына то мажліва наша культура Дняпра таму і крыху блытаюць. Але калі прыняць за тое што Смаленск гэта Беларусь то і пытанні знімаюцца. У вёсках на Смаленшчыне жыве беларуская мова.
  • Mind
    18.11.2023
    Дщякуй за артыкул. Цікава пабачыць і пачытаць ці ёсць асаблівасці беларускага традыцыйнага Арнаменту на Паазер'і, Падняпроўі, Палессі, і Цэнтральнай Беларусі?
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»7

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»

Усе навіны →
Усе навіны

Ветэрану з Гродна 97 гадоў — у 1945-м ахоўваў мост пад Ніжнім Ноўгарадам, а пасля вайны змагаўся з «бандэраўцамі»19

Анархісту ў Расіі далі 16 гадоў за падпал ваенкамата. Ён збег у Бішкек, яго злавілі і дэпартавалі

Брусэль плануе скараціць дыпперсанал у Беларусі11

Чарговы беларускі трэнер узначаліў кіпрскі «Арыс»

Колькі шэнгенскіх віз атрымалі беларусы ў 2024 годзе і якія краіны іх часцей выдаюць?9

Адзінаццаць гадоў Лукашэнка развівае гарады-спадарожнікі. Пакуль атрымліваецца не вельмі

У ЕС узгаднілі адмену штампаў на мяжы Шэнгену1

Людзі ў шоку ад таго, колькі каштуе восем дзён плыць па рэках Палесся на цеплаходзе «Белая Русь»13

Беларус знайшоў на набытым участку дзіўныя рэчы на выпадак апакаліпсісу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»7

Памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. «Ледзь хадзіў пасля інсульту — а яго кінулі ў ШІЗА»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць