Грамадства33

«Кажуць «набі штосьці» — а я ім і прапаноўваю беларускую тэматыку». Тату-майстар расказаў, як беларусізаваў людзей праз татуіроўкі

Віктар Цыркуновіч — вядомы беларускі спецыяліст у сферы тату. Займацца гэтым мастацтвам пачаў у 2000-х — а цяпер да яго звяртаюцца як да высакакласнага татуажыста і беларусы, і палякі. Пра ідэю нацыянальнага тату і развіццё беларускасці ў Польшчы з Віктарам паразмаўляў журналіст выдання Most.

Тату-майстар Віктар Цыркуновіч. Фота з асабістага архіва Віктара

Віктар родам з горада Бярэзань (афіцыйна Беразіно) Мінскай вобласці. Свой шлях як тату-майстар ён пачынаў на пачатку 2000-х і адразу з нацыянальнай тэматыкі. У 2021 годзе ён вымушаны быў з’ехаць з Беларусі і пачаў працаваць у Варшаве.

— Як усё пачыналася?

— У Беларусі напачатку было як: прыходзяць да мяне хлопцы, дзяўчаты; кажуць «набі штосьці» — а я ім і прапаноўваю беларускую тэматыку. Дарэчы, арнаментам, сімваламі і ўвогуле нашай спадчынай, культурай ды гісторыяй я заўсёды вельмі цікавіўся, а моладзі было ўсё роўна, што «біць». 

Арнаменты людзям падабаліся. Пачало прыходзіць усё больш і больш ахвотных зрабіць сабе штосьці беларускае. Спачатку гэта была «татуіроўка дзеля татуіроўкі»: людзі прыносілі зусім невялікія грошы, прасілі штосьці зрабіць, я прапаноўваў розныя варыянты — і такім чынам набіраўся досведу, пашыраў прафесійныя магчымасці. З часам пачаў рабіць і больш складаныя, шматкаляровыя «малюнкі» — Пагоні, сцягі ды іншае. У выніку з’явілася ідэя зрабіць студыю, арыентаваную менавіта на нацыянальную татуіроўку.

— Калі ў цябе з’явіўся ўласны паўнавартасны салон?

— Сваю студыю я адкрыў у 2019 годзе. У якасці назвы абраў «1863». Само адкрыццё, шчыра кажучы, не было вельмі складаным. Нягледзячы на тое, што Бярэзань — раённы цэнтр, там было даволі шмат прапаноў арэнды памяшканняў. З падаткамі ў мяне таксама праблем не было, бо з дзесяць гадоў перад адкрыццём студыі я займаўся рознымі камерцыйнымі справамі, і ІП у мяне існавала. Вядома, былі некаторыя бюракратычныя моманты, але іх мы паспяхова вырашылі, і студыя пачала працаваць.

Дарэчы, я таксама маю адукацыю ў сферы тату, нават з дыпломам дзяржаўнага ўзору. Ужо будучы даволі дасведчаным тату-майстрам, я прыйшоў у школу татуажыстаў ад кампаніі «Дрэва Ведаў». Цікавостка ў тым, што гэтая фірма ва ўсіх сваіх школах выдае дыпломы, афіцыйна прызнаныя на дзяржаўным узроўні — гэта не сертыфікат аб скончаных курсах. На падставе гэтага дыплому я змог адкрыць школу татуажу пры студыі, якая была беларускамоўнай.

Віктар падчас працы. Фота з асабістага архіва героя

— Якія былі найбольш незвычайныя і цікавыя сітуацыі?

— У 2020 годзе, яшчэ перад пачаткам пратэстаў, мне патэлефанаваў хлопец — гаварыў вельмі тэзісна і канкрэтна. Казаў, што хоча зрабіць на плячы Пагоню. Дамовіліся. Прыходзіць высокі, атлетычнага выгляду малады чалавек з паголенай галавой — я пачаў падазраваць, што ён можа працаваць у адпаведных структурах.

Ну, пачынаю рабіць тату. Увесь час хлопец спрабаваў размаўляць пра беларускую ўладу, становішча ў грамадстве і, у выніку, пра «беркута, які пакаяўся» ва Украіне. Я спыніў працу, адклаў прыборы і кажу: «А зараз так: ты мне распавядаеш усю праўду як ёсць — хто ты, адкуль і навошта табе Пагоня. А калі не, то я намалюю табе такое, што аніводзін майстар не выправіць!»

Хлопец і «выклаў», што з’яўляецца АМАПаўцам; ведае, што будзе ў жніўні, і хоча звольніцца, але ў звальненні ўвесь час яму адмаўляюць. Кажа: «Мабыць, толькі праз Пагоню на плячы звольняць…»

Дарабіў я Пагоню — і больш ніколі гэтага хлопца не бачыў. Як склаўся яго лёс — невядома.

— Вось дык гісторыя!

— Так, даволі незвычайная. Яшчэ аднойчы прыйшоў іншы хлопец — «біць» нейкія свае выявы. Я тлумачыў, што студыя ў мяне арыентаваная на беларускую нацыянальную тэматыку, але яму вельмі падабалася, як я раблю тату. Ну, зрабіў яму татуіроўку, усё прайшло добра.

Але праз нейкі час тэлефануе да мяне сябра і кажа, што бачыў гэтага хлопца ў горадзе на праўладным мерапрыемстве. Мне стала вельмі брыдка, і я вырашыў, што нагі гэтага хлопца не будзе ў маёй студыі.

Прайшоў яшчэ час, і тэлефануе да мяне зноў гэты хлопец: хоча зрабіць нешта яшчэ, яму вельмі спадабалася. Я кажу: «Не, больш нічога не зраблю, шукай іншага майстра», — і абгрунтоўваю прычыну адмовы. Патлумачыў яму свае перакананні, светапогляд і тое, што адбываецца ў нашай краіне. Хлопец здзівіўся, пачаў выбачацца; казаў, што «больш ніколі такога рабіць не будзе».

У выніку я выставіў умову: я раблю яму Пагоню. Хлопец згадзіўся. Пасля гэтага я сачыў за ім у сацсетках, і сапраўды — на ніводным дзяржаўным мерапрыемстве яго не было. Спадзяюся, ён змяніў свае палітычныя перакананні і пачаў штосьці аналізаваць: хлопец даволі малады быў, гадоў з дваццаць.

— Як ты апынуўся ў Польшчы?

— На жаль, палітычная сітуацыя склалася так, як склалася, і існаванне студыі з нацыянальнай тэматыкай у Беларусі перастала быць магчымым. Заставацца ў краіне стала банальна небяспечна, таму было вырашана пераязджаць у Польшчу. Такім чынам 1 траўня 2021 года студыя працягнула дзейнасць у Варшаве.

Віктар Цыркуновіч падчас працы. Фота з асабістага архіва героя

— Цікаваць у людзей адразу была высокая?

— Справа хутка пайшла ўгару — вельмі дапамагла і рэклама ў інстаграме, і распаўсюджванне інфармацыі аб адкрыцці сярод знаёмых. Акрамя беларусаў, прыходзілі і ўкраінцы, і палякі — вельмі ветлівыя і зацікаўленыя тэмай Беларусі, беларусаў і супольнай гісторыі ў кантэксце Рэчы Паспалітай. Людзі прасілі рабіць і нейкія свае выявы, і сучасныя, але галоўным заставалася, вядома, беларуская тэматыка. Сярод кліентаў былі нават вядомыя беларускія музыкі. Школа татуажу таксама дзейнічала пры салоне — мы вучылі і выпускалі спецыялістаў. Людзі паступова прыходзілі, справа ішла і ўвогуле ўсё было вельмі файна.

— А так, увогуле, складанасцяў не было?

— На жаль, праз год працы з’явіліся пэўныя складанасці і праблемы з арэндадаўцам таго памяшкання, у выніку якіх мы былі вымушаныя сысці. Студыя перанеслася ў мой дом — і дагэтуль я працую ў сябе, а людзі працягваюць прыходзіць.

Усе матэрыялы, стэрыльныя прыборы, а таксама фарбы апошняга еўрапейскага стандарту 2021 года без праблем замаўляю ў спецыялізаваных тату-крамах і салонах. Справа працягваецца!

— Твае найбліжэйшыя планы?

— У маіх найбліжэйшых планах зноў знайсці памяшканне і працягнуць паўнавартасны салон са школай там. Вельмі рады, што агульная зацікаўленасць нацыянальнай, беларускай тэматыкай павышаецца — людзі хочуць мець выяву чагосьці роднага на сваім целе. Што тычыцца працы татуіроўшчыка, то яна са мной, здаецца, назаўжды, бо без гэтага я не ўяўляю свайго жыцця.

Каментары3

  • mikola
    20.07.2023
    Ni razumeiu amatarau *Tatu*....Geta paczynalasja z Kryminalnikau...Ne 1 byli Indeicy Ameryki ci Afryki...  Pa drugoe-*Tatu* -ni dobra dlja zrouja(Serca)
  • майстрыца манякюра
    21.07.2023
    У 2021 годзе ён вымушаны быў з’ехаць з Беларусі і пачаў працаваць у Варшаве.

    а працаваць у калгасе не?

    https://nashaniva.com/322162
  • Мг.
    21.07.2023
    С помощью татуировок людей превращают в индейцев. Они(индейцы) на своей земле не хозяева.
    Белорусизацией назвать это нельзя. Это бизнес, не более.
    Беларусам этого не надо. Уродование прекрасных женских тел и клеймо на мужском теле. Это очень ужасно.
    С точки зрения медицины и распространения заболеваний, передающихся через не стерильность оборудования, очень много вопросов.
    Не связывайтесь, молодежь.

Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня9

Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня

Усе навіны →
Усе навіны

Як каманда Ціханоўскай вяла перамовы з адміністрацыяй Вучыча13

У Рызе дэмантавалі помнік расійскаму фельдмаршалу Барклаю-дэ-Толі13

У аэрапорце Барселоны затапіла тэрмінал і ўзлётна-пасадачную паласу1

У Мінску адкрылася кавярня, у якой «працуюць» біглі2

Вароны памятаюць крыўду 17 гадоў4

У Малдове завяршылі падлік галасоў: у Санду 55,33%5

ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Канапацкай, Бобрыкава і Сыранкова, а Кавалёвай і Куляша — не31

«Пад домам сабраўся натоўп». Дзяўчына нечакана здала кватэру-«паўфабрыкат» у «Мінск-Свет» за лічаныя хвіліны11

Стала вядома, колькі будзе каштаваць беларускі электраровар2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня9

Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня

Галоўнае
Усе навіны →