Ілюстрацыйнае фота: сацыяльныя сеткі

Ілюстрацыйнае фота: сацыяльныя сеткі

«Прыватных донараў, якія данацяць 10-50 еўра, стала менш»

Кіраўнік арганізацыі Андрэй Стрыжак кажа, што ў 2023 годзе прыватных ахвяраванняў было сабрана блізу 1 мільёна 100 тысяч еўра. З іх 100 тысяч былі выдзеленыя фонду для размеркавання з марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно».

Гэтыя сродкі пералічваліся на падтрымку палітвязням, іх сем’ям, а таксама эвакуацыю з Беларусі ды дапамогу рэпрэсаваным, якія апынуліся на чужыне.

Стрыжак заўважае, што пакуль не можа назваць памер сёлетняй дапамогі ад інстытуцыйных донараў. Гэта стане вядома падчас складання справаздачы падаткавікам Літвы.

Але, прызнаецца ён, агульная сума ахвяраванняў «будзе троху менш, чым летась».

У 2022 годзе фонд салідарнасці «Байсол» прыцягнуў ад прыватных і інстытуцыйных донараў каля 2 мільёнаў еўра.

Сума прыватных ахвяраванняў у 2022-м складала блізу 1 мільёна 200 тысяч еўра, ці на 100 тысяч больш, чым сёлета.

«Прыватных донараў, якія данацяць 10-50 еўра, стала менш, але вырасла колькасць данатаў ад донараў, якія ахвяруюць сумы больш за 10 000 еўра, — тлумачыць Стрыжак. — Вельмі важны прыярытэт на наступны год — падвышэнне колькасці прыватных донараў. Тых, хто данаціць 10 еўра, і тых, хто данаціць больш за 10 000 еўра».

Фонд выплачвае аднаразовую дапамагу палітвязням у памеры 500 еўра.

У выпадку, калі гэтай сумы не дастаткова, то пацярпелы мае права адкрыць прыватны збор на платформе «Байсол».

Паводле Стрыжака, «Байсол» не бярэ камісіі з грошай, сабраных на патрэбы рэпрэсаваных. Тры працэнты забірае арганізацыя, якая забяспечвае функцыянаванне плацежнай сістэмы. Бываюць выпадкі, калі ахвярадаўцы данацяць сродкі на каманду «Байсола».

Сярод эвакуяваных сёлета — сям'я Случака і Нагорнай, Бацюкоў, Івулін, Мацкевіч

Андрэй Стрыжак кажа, што ў 2023 год адбылася пераарыентацыя размеркавання данатаў.

Калі летась яны ішлі ў бок Украіны, то сёлета збольшага вярнуліся на беларускі кірунак.

2022 год быў пікавым па зваротах на эвакуацыю беларусаў у сувязі з вайной. 2023 год вярнуў сітуацыю ў 2020-21 гады.

Паводле кіраўніка «Байсола», сёлета фонд атрымаў 486 заявак на эвакуацыю. З іх 224 звароты задаволеныя. Для астатніх заяўнікаў былі распрацаваныя індывідуальныя эвакуацыйныя маршруты. 

Андрэй Стрыжак устрымліваецца называць колькасць эвакуяваных, але заўважае, што заяўнік на дапамогу можа быць адзін ці з сям'ёю.

Ён адзначае сёлетнюю эвакуацыю сям’і Аліны Нагорнай і Ігара Случака, а таксама былога дырэктара Музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова, які трапіў пад крымінальны пераслед, блогера Аляксандра Івуліна ды праваабаронцы Алега Мацкевіча.

Агулам за тры гады «Байсол» выканаў блізу 25 тысяч заявак аб дапамозе. 1743 з іх былі звароты аб рэлакацыі.

«Калі ўлічыць, што яны паступалі ад сем’яў, то фонд дапамог дзясяткам тысяч беларусаў», — падкрэслівае Андрэй Стрыжак.

Дапамога вызваленым

Паводле Стрыжака, сёлета выйшлі на волю па сканчэнні тэрміну зняволення мінімум 134 палітвязні.

У 2024 годзе, прагназуе ён, колькасць вызваленых не зменшыцца і «Байсол» гатовы дапамагаць ім.

Андрэй Стрыжак тлумачыць, што ў 2020-21 гадах лукашысты давалі за палітычныя справы невялікія па сённяшніх мерках тэрміны ад 2 да 4 гадоў. Калі да суда палітвязень утрымліваўся ў СІЗА, дзе дзень ідзе за паўтара, то тэрмін зняволення скарачаўся.

«Калі лукашысцкая ўлада пабачыла, што пакаранні не спыняюць пратэсты і людзі ўсё роўна рызыкуюць свабодаю, то стаўкі падвысіліся. Цяпер даюць ад 7 да 15 гадоў і больш», — адзначае кіраўнік «Байсол».

Паводле Стрыжака, 2024-ты для «Байсол» стане годам пашырэння магчымасцяў.

Разам з праваабарончымі арганізацыямі плануецца развіццё сістэмы дапамогі вызваленым, а таксама выхад на англамоўныя аўдыторыі, каб прыцягваць увагу да Беларусі і для пошуку рэсурсаў.

Фонд салідарнасці «Байсол» — некамерцыйная няўрадавая арганізацыя, створаная 14 жніўня 2020 года ў адказ на масавыя арышты для збору сродкаў на падтрымку пацярпелых ад рэпрэсій.

Донарамі фонду сталі ўжо больш за 90 тысяч чалавек.

Паводле даных, апублікаваных на сайце арганізацыі, за 2020 год, дзякуючы ахвяраванням людзей, «Байсол» выплаціў 2,9 мільёна еўра для падтрымкі звольненых па палітычных прычынах, а таксама тым, хто быў вымушаны пакінуць краіну з-за небяспекі.

За 2022 год па розных напрамках была аказана дапамога на суму больш за 1 мільён 114 тысяч еўра.

Глядзіце таксама:

«Байсол» аб'явіў акцыю «Падорым дзецям цуд», Ігар Случак падтрымаў яе аўкцыёнам

Стрыжак: Прыедуць мяняць пашпарт і зусім нечакана трапяць у СІЗА

Некалькі дзясяткаў чалавек памежнікі не пусцілі ў краіну — «Байпол»

Беларускі кубінец, якога хацелі выслаць на радзіму, застанецца ў Еўропе

Клас
18
Панылы сорам
1
Ха-ха
5
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?