Рассаднік рускамірства ў маляўнічым кутку Мінска. Што хаваецца за будынкам, дзе славяць «вызваленне» Данбаса
Установа пачыналася з нейтральных эканамічных і культурных мерапрыемстваў, піша Радыё Свабода.
Ружовы будынак «Дома Масквы» знаходзіцца ў адным з самых маляўнічых куткоў Мінску: на ўзвышшы над Свіслаччу. Побач гатэль «Беларусь», некалькі сквераў, царква ў гонар Марыі Магдаліны; недалёка — Траецкае прадмесце і праспект Пераможцаў.
Будынак пачалі ўзводзіць у 2007 годзе. Ідэя належала тагачаснаму маскоўскаму мэру Юрыю Лужкову. Але ішло гэта ў цэлым комплексе з іншымі будаўнічымі праектамі.
Будаўніцтва зацвярджаў Лукашэнка
15 чэрвеня 2007 году Лужкоў прадставіў Лукашэнку эскізы шэрагу будынкаў — «дома Масквы», кварталу «Маскоўскі» на праспекце Дзяржынскага, а таксама забудовы раёну Лебядзіны. Лукашэнку ўсё спадабалася. Больш за тое, ён нават сказаў, што «дом Масквы» стане «ўпрыгожаннем беларускай сталіцы».
Лужкоў абяцаў, што гэта будзе чатырохпавярховы будынак з кінаканцэртнай залай на 300 месцаў, бібліятэкай, выставачнай залай, кавярняй, міні-гатэлем. Таксама там павінна было размяшчацца прадстаўніцтва ўраду Масквы ў Беларусі.
Узводзіць «Дом Масквы» пачалі на вуліцы Камуністычнай. Раней на гэтым месцы стаялі невысокія дамкі з пасляваеннай забудовы. Напрыклад, адтуль выселілі Цэнтр пазашкольнай працы, дзе працавалі харэаграфічныя і музычныя студыі, тэатральныя гурткі.
«Выглядае вельмі па-маскоўску»
Архітэктарам «Дома Масквы» стаў Юры Грыгор’еў (памёр у 2019-м). Гэта ўраджэнец Ленінградскай вобласці, які ад 1974 да 1986 гадоў быў галоўным архітэктарам Мінска. Ён быў аўтарам такіх будынкаў, як Дом літаратара ў Менску, крыты каток у парку Горкага і іншых. На той момант ён быў намеснікам галоўнага архітэктара Масквы.
Адкрыццё адбылося ў ліпені 2009 году. Праўда, надзвычай прадстаўнічым яно не атрымалася. Не было ні Лукашэнкі, ні Лужкова. Беларускі бок прадстаўляў тагачасны кіраўнік Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька, а расейскі — першы намеснік мэра Масквы Уладзімір Рэсін.
«Ён выглядае вельмі па-маскоўску. Больш за тое, чырвоны асабняк з белымі калонамі і зялёным дахам вельмі падобны да будынку маскоўскай мэрыі на Цвярской, 13», — пісала «Российская газета» ў рэпартажы пра адкрыццё.
Першасная задача «Дома Масквы» вызначалася як пляцоўка для правядзення перамоваў між расейскімі і беларускімі бізнэсоўцамі. Культурніцкія імпрэзы першапачаткова не мелі выразнай ідэалагічнай афарбоўкі.
Ад Старыкава да Шумчанкі
З пачаткам вайны ва Украіне ў 2014 годзе сітуацыя пачала мяняцца.
У лістападзе 2015 года Мінск наведваў пісьменнік-канспіролаг, адзін з ідэолагаў «русского мира» Мікалай Старыкаў. Сустрэча з ім мелася адбыцца ў гасцініцы «Беларусь», але пасля скаргаў грамадскасці яе скасавалі. Урэшце ў якасці пляцоўкі выступіў якраз «Дом Масквы».
Тады ж маладафронтаўцы патузаліся з прадстаўнікамі беларускіх прарасейскіх арганізацый, такімі як Сяргей Лушч, Пётр Шапко, Дзмітрый Лемяшонак і іншыя. Маладафронтаўцаў вывелі з будынку сілай.
У 2016 годзе ў «Доме Масквы» запрацавала рэдакцыя сайту «Sputnik Беларусь» — частка расейскай прапагандысцкай медыягрупы Russia Today. На адкрыцці асабіста прысутнічалі міністарка інфармацыі Лілія Ананіч і кіраўнік Russia Today Дзмітрый Кісялёў.
Пры гэтым здаралася, што «Дом Масквы» прымаў і незалежныя мерапрыемствы. У кастрычніку 2017 году там прайшоў форум «Беларусь — краіна для бізнэсу», які праводзіў лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка. Ён тлумачыў, што пляцоўка прапанавала ім свае паслугі пасля таго, як адмовілі гасцініцы «Беларусь» і «Вікторыя». Сам Шумчанка не бачыў у гэтым ніякага ідэалагічнага кантэксту.
Хто ўзначальвае
На сённяшні дзень «Дом Масквы» ўзначальвае генерал-маёр запасу Алег Жанавіч Чарнавус. Ён родам з Менску, але сваё жыццё звязаў з Расіяй.
Гэта прафесійны вайсковец. У свой час ён быў паручэнцам кіраўніка Паветрана-дэсантных войскаў Расеі Уладзіміра Шаманава. У 2010 годзе Чарнавус быў у адным аўто з Шаманавым, калі яны трапілі ў аварыю ў Тульскай вобласці. Пазней Шаманава асабіста наведваў у бальніцы Уладзімір Пуцін.
Сам Чарнавус у той аварыі атрымаў страсенне мазгоў. Вайсковец спачатку быў у рэанімацыі, але жыццю нічога не пагражала. Чарнавус таксама служыў у 205-й брыгадзе ў Будзёнаўску на Паўночным Каўказе.
У адным з інтэрв'ю Чарнавус з непаразуменнем казаў пра тое, што беларуская моладзь успрымае Расею як замежную краіну. Таксама ён шмат крытыкаваў Украіну, найперш за тое, што там зносілі помнікі савецкай эпохі.
Хто прыходзіў з чыноўнікаў
Аляксандр Лукашэнка «Дом Масквы» не наведваў. А вось іншыя чыноўнікі бываюць там рэгулярна. У 2019 годзе фан-дом («фанацкі дом», пляцоўку для заўзятараў) зборнай Расеі ў «Доме Масквы» ў часе II Еўрапейскіх гульняў адкрываў старэйшы сын Лукашэнкі Віктар. Разам з ім на адкрыцці быў міністр спорту Сяргей Кавальчук.
Бывалі там і міністр замежных спраў Уладзімер Макей, і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергеенка, і міністры інфармацыі і культуры, старшыня Менгарвыканкама Уладзімір Кухараў.
Завітваў у «Дом Масквы» і мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел.
«Дні Крыма» і «Звычайны нацызм»
На сёння «Дом Масквы» стаў адным з асяродкаў прасоўвання ідэй «русского мира» ў Беларусі. У снежні 2023 году там адкрылі выставу «Звычайны нацызм», прысвечаную «злачынствам украінскіх неанацыстаў».
«Сярод экспанатаў прысутнічаюць узоры ўзбраення краін NATO, а таксама прадметы, якія пацвярджаюць мэтанакіраваную палітыку кіеўскага рэжыму па знішчэнні праваслаўных храмаў. Найбольш эмацыйная частка экспазіцыі — інсталяцыя «Знішчаная УСУ гарадская інфраструктура населеных пунктаў Данбасу«, якая перадае пакуты і жах вайны, перанесеныя жыхарамі Марыупаля, Лісічанску, Рубежнага, Валнавахі і іншых гарадоў», — гаварылася ў апісанні выставы.
У тым самым снежні ў «Доме Масквы» прайшла іншая канферэнцыя аб захоўванні, падтрымцы і прасоўванні расейскай культуры і мовы за мяжой.
«Роля расейскай мовы і расейскай культуры ў сучасных умовах становіцца ўсё больш значнай у сувязі з пастаяннымі зменамі, што адбываюцца ў нашым свеце. Наша агульная задача — не разгубіць багацце расейскай мовы і культурнай спадчыны, а павялічыць і захаваць», — гаварылася ў кароткім рэзюмэ канферэнцыі, у якой бралі ўдзел беларускія педагогі.
У ліпені 2023 году ў «Доме Масквы» праходзілі «Дні Крыма». Сярод іншага, там гаварылі пра турыстычныя перавагі паўвострава, абмяркоўвалася эканамічная супраца. Таксама там адбылася выстава, прысвечаная маніфесту Кацярыны II аб далучэнні Крыма, Кубані і Тамані да Расіі.
У гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны «Дом Масквы» арганізаваў сустрэчу для студэнтаў Інстытута памежнай службы, Вайсковай акадэміі, Акадэміі МУС, Акадэміі МНС, вайсковага факультэта БДУ. Будучым сілавікам дэманстравалі фільм «Дзе праходзіць мяжа» пра Данбас.
Рэгулярна на мерапрыемствы ў «Дом Масквы» завозяць выхаванцаў Менскай сувораўскай вучэльні, а таксама навучэнцаў іншых школ і гімназій сталіцы. Працу «Дому Масквы» апошнім часам сталі актыўна асвятляць дзяржаўныя СМІ.
Дзе яшчэ ёсць «Дамы Масквы»
Апроч Мінска, «Дамы Масквы» дзейнічаюць яшчэ ў Ерэване (Арменія), Сафіі (Балгарыя) і Сухумі (не прызнаная ў свеце Абхазія).
У Вільні (Літва) «Дом Масквы» не паспелі дабудаваць. У 2022 годзе суд дазволіў яго знесці, але гарадскія ўлады пакуль што гэтага не зрабілі.
У Рызе «Дом Масквы» толькі што, 11 студзеня 2024 году, пастанавілі перадаць у дзяржаўную ўласнасць Латвіі. У заяве латвійскага парламента гаворыцца, што гэтая прастора выкарыстоўвалася для «апраўдання агрэсіўных дзеянняў і пракрамлёўскай інтэрпрэтацыі гісторыі».
Каментары
_________________
Гэбня не сильно фонтанирует идеями. "Беларусь страна для жизни" видимо из той же обоймы.