Грамадства33

Віталь Гуркоў расказаў, чым займаецца ў Кіеве ў час вайны 

Спартовец падзяліўся, як дапамагае ваярам.

Фота: інстаграм Гуркова

Віталь Гуркоў жыве ва Украіне з 2020 года і працуе трэнерам. Ён скончыў магістратуру Нацыянальнага універсітэта фізічнага выхавання і спорту Украіны, абраўшы тэмай «Спартыўную дзейнасць і сістэму падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спартоўцаў у адзінаборствах», піша «Байсол». 

Апошні год Віталь вяртаецца ў форму пасля леташняй аперацыі на каленях. Літаральна нядаўна Гуркоў атрымаў перамогу ў першым этапе кубка Украіны па тайскім боксе. Часам ён бярэ ўдзел у рознага кшталту дабрачынных зборах і аукцыёнах, падчас якіх збіраюць грошы для ЗСУ. Самай паспяховай можна назваць акцыю EVO DRONES, дзе ўдалося прыцягнуць 100 000 грыўняў для набыцця дронаў.

Паралельна з працай і вучобай Віталь дапамагае беларускім добраахвотнікам і з’яўляецца адным з заснавальнікаў грамадскага аб’яднання «Пагоня». 

Напярэдадні поўнамасштабнай вайны спартоўца быў за мяжой, на Чэмпіянаце Еўропы, у трэнерскім складзе Зборнай Украіны. А сам пачатак вайны Віталь заспеў у Кіеве.

— Я не мог паставіцца абыякава. Да таго ж, шмат маіх сяброў пайшлі ваяваць, — кажа Гуркоў. — Два месяцы я быў у тэрабароне, а пасля пераключыўся на валанцёрскую дзейнасць. У першыя дні было шмат хаосу. Тым больш, на той момант вораг ужо быў у кіеўскай вобласці. Ахвочых пайсці ў тэраабарону было больш, чым магчымасцяў іх прыняць. Пераседзеўшы першую ноч уварвання, я ўступіў у тэрабарону. Гэта было першае месца, дзе я разумеў, куды еду і якія задачы буду выконваць.

Тады яшчэ не было ні Палка Каліноўскага, ні «Пагоні».

— Калі вораг адступаў, і ў Кіеве зрабілася спакойней, пачалося ўпарадкаванне структуры тэрабароны, людзей сталі пераводзіць на кантрактную службу.

У траўні я вярнуўся дадому і сыйшоў з тэраабароны. Я спрабаваў далучыцца да сяброў-украінцаў, якія на той момант ваявалі, але гэта было немагчыма праз пытанні з дакументамі.

Фота: інстаграм Гуркова

У Полк Каліноўскага я ісці не хацеў, бо было шмат пытанняў і ўнутраных разборак. У выніку я цалкам пераключыўся на валанцёрскую дзейнасць і дапамогу. У мяне была магчымасць выязджаць за мяжу, каб прывозіць карысныя рэчы. Таму я ездіў па аўтамабілі і экіпіроўку для сяброў-украінцаў, якія далучыліся да Узброеных сілаў Украіны, а потым пачаў дапамагаць беларускім добраахвотнікам. 

Праз нейкі час Віталь Гуркоў разам з добраахвотнікамі з палка «Пагоня» стварылі грамадскае аб’яднанне «Пагоня»: 

— У той час, з аднаго боку, ужо існаваў Полк Каліноўскага, які быў дастаткова медыйны і атрымліваў даволі шмат дапамогі. А з іншага боку, было многа беларускіх добраахвотнікаў, пра якіх ніхто не ведаў, але ім была патрэбная дапамога не меней. Так я пазнаёміўся з хлапцамі, якія былі ў Палку «Пагоня».

Яны тады рухаліся самі, каля іх не было палітычных дзеячаў, такіх як Сахашчык ці Пракоп'еў, і яны не бралі ўдзелу ў жыцці падраздзялення. Далучаліся і іншыя беларускія добраахвотнікі, раскіданыя па розных падраздзяленнях: 79-й асобная дэсантна-штурмавая брыгада, з брыгады спецпрызначэння Івана Богуна, Другі інтэрнацыянальны легіён.

Усім неабходная была рознага кшталту дапамога. Дзесьці не хапала экіпіроўкі, лекаў, камусьці патрабавалася рэабілітацыя пасля раненняў. Таму ў лістападзе 2022 года было зарэгістраванае грамадскае аб’яднанне «Пагоня», якое давала магчымасць афіцыйна займацца валанцёрскай дзейнасцю, існаваць і дзейнічаць у прававым полі Украінскай дзяржавы. Акрамя таго, мы дапамагаем з верыфікацыяй і адкрыццём збораў на платформе «Байсол» на рэабілітацыю добраахвотнікаў, экіпіроўку для іх бяспекі, рамонт аўтамабіляў, самі машыны».

Чым займаецца грамадскае аб’яднанне «Пагоня»?

«Пагоня» складаецца з беларусаў, якія стала жывуць ва Украіне. Многія з іх ваявалі і маюць пасведчанні ўдзельнікаў баявых дзеянняў:

— Дзякуючы баявому досведу, гэтыя людзі маюць кантакты амаль з усімі падраздзяленнямі: у кожнага ёсць сябры, якія ваююць на розных напрамках. Мяне ўражвае салідарнасць паміж добраахвотнікамі розных падраздзяленняў. Яны падтрымліваюць адно аднаго, наведваюць у шпіталях, шукаюць і перадаюць патрэбныя лекі.

Мы дапагаем беларускім добраахвотнікам незалежна ад падраздзялення, да якога яны належаць. Мы дапамагалі Другому інтэрнацыянальнаму легіёну, беларусам з 79-ай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады, з брыгады спецпрызначэння Івана Богуна, з батальёна «Волат».

Фота: інстаграм Гуркова

Каманда «Пагоні» налічвае каля 30 валанцёраў, сярод іх ёсць і юрыст, які дапамагае беларусам, якія сталі на абарону Украіны, вырашаць пытанні ў юрыдычным полі. З дапамогай «Пагоні» многія добраахвотнікі змаглі атрымаць пасведчанні ўдзельнікаў баявых дзеянняў, што часта бывае даволі складана. Сярод запытаў — дапамога з атрыманнем віду на жыхарства для беларусаў-добраахвотнікаў пасля завяршэння вайсковага кантракта; з дакументамі і дазволамі для іх родных і блізкіх, якія прыязджаюць іх наведаць; з дакументамі параненым байцам, каб яны своечасова атрымлівалі адпаведныя выплаты. 

Часам валанцёры з «Пагоні» самі выязджаюць бліжэй да лініі фронту, каб нешта прывезці. Нядаўна паспяхова завершыўся збор на зімовае адзенне, і валанцёры даставілі яго 79-й брыгадзе ДШБ.

— Калі мы ездзім да лініі фронту, усё звычайна праходзіць нармальна, адзінае, што можа быць гучна. Але было і такое, што хаты, дзе мы зазвычай спыняліся, ужо няма: прыляцела літаральна пад дзверы.

Віталь і сам не раз прывозіў валанцёрскую дапамогу для УСУ, у тым ліку, і ў Бахмут:

— Калі бываем на пазіцыях, дзе больш небяспечна, здараецца, прылятае побач з намі. Некаторых валанцёраў зачапіла аскепкамі, але не тое, каб штосьці сур’ёзнае. Такія паездкі патрэбныя. Гэта магчымасць пабачыцца з сябрамі, паглядзець, у якіх умовах яны жывуць, прывезці нешта карыснае. А яшчэ важны момант: гэта паказвае ім, што іх не забываюць. 

Параненыя беларускія добраахвотнікі нярэдка сутыкаюцца з праблемамі рэабілітацыі. 

Калі добраахвотнік сам скасоўвае кантракт, у яго ёсць праблемы з лекаваннем у медыцынскіх установах Украіны. Пакуль чалавек знаходзіцца на кантракце, гэтыя пытанні закрывае дзяржава. Ёсць праблемы і з выплатамі кампенсацый родным беларусаў, якія загінулі падчас баявых дзеянняў. Аднак, паводле Віталя Гуркова, нягледзячы на складаныя працэсы збору і падачы дакументаў, а таксама доўгае чаканне, гэтыя праблемы зазвычай вырашаюцца.

Паколькі ГА «Пагоня» зарэгістраваная і знаходзіцца ў дзяржаўным рэестры Украіны, яно можа падаваць афіцыйныя запыты з просьбай разгледзець праблему пэўнага добраахвотніка. Такія лісты маюць юрыдычную сілу і мусяць быць афіцыйна разгледжанымі ўкраінскімі структурамі. 

— Я заўсёды казаў, што справы беларусаў ва Украіне залежаць ад саміх беларусаў ва Украіне. Калі мы пра сябе не паклапоцімся, будуць праблемы, і іх трэба вырашаць на прававым узроўні», — кажа Віталь Гуркоў.

 Такім чынам, грамадскае аб’яднанне дазваляе вырашыць шмат дробных пытанняў, якія па выніку будуць мець вялікае значэнне:

— Напрыклад, мы падавалі прашэнне дазволіць пераадукацыю добраахвотнікаў, якія раней знаходзіліся на кантрактах ва УСУ, а зараз захацелі пайсці на курсы перанавучання. Ім быў патрэбны пакет дакументаў, у тым ліку і від на жыхарства, а яго ў іх не было. У такіх выпадках мы пісалі запыт з просьбай вырашыць пытанні з падачай дакументаў на пераадукацыю на падставе таго, што чалавек раней знаходзіўся ў складзе УСУ. У пераважнай большасці выпадкаў дзяржаўныя ўстановы ідуць насустрач. Такое ўзаемадзеянне было ў нас і з Міністэрствам адукацыі, і з Асацыяцыяй сапёраў Украіны. Звычайна там разумеюць, хто тыя людзі, якім мы просім дапамагчы, таму пытанні вырашаюцца.

Дзякуючы магчымасці ўзгаднення дакументаў аб адукацыі без сталага ДНЖ беларусы, у тым ліку былыя добраахвотнікі, могуць прайсці спецыяльныя курсы па спецыяльнасці «сапёр гуманітарнага размініравання» і атрымаць украінскі дыплом дзяржаўнага ўзору.

На дадзены момант ГА «Пагоня» падпісвае мемарандум аб узаемадзеянні з Асацыяцыяй сапёраў Украіны. Яна з'яўляецца сертыфікаваным аператарам гуманітарнага размініравання. Згодна з дамоўленасцю, беларусы, якія прайшлі навучанне і атрымалі дыплом сапёра, змогуць працаваць на аб'ектах размініравання ў складзе гэтай асацыяцыі. Апроч навучання для гэтай працы сапёр таксама павінен мець камплект сродкаў абароны і спецыяльнае абсталяванне для пошуку выбуховых матэрыялаў. Для ажыццяўлення гэтай задумы збіраюць сродкі на «Байсол»: на навучанне і абсталяванне для першай групы.

Каментары3

  • Цікава
    11.02.2024
    Цікава, што ўмовай супрацы з байсолам, як мне падалося, з'яўляецца абавязак гаўкнуць што-небудзь у бок Палка Каліноўскага.
    А полк Пагоня, як я разумею, больш не існуе? Ёсць толькі фонд па зборы грошай з аналагічнай назвай?
  • Цярэсна
    11.02.2024
    А чым Міхалок займаецца?
  • хоп-мусарок
    12.02.2024
    Цярэсна,аткрыу чакры, сидзит в Эстонии и не ..идзит

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»23

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску больш не трэба насіць у ДАІ папяровую медыцынскую даведку

Сабаленка: Часам хочацца, каб пасмяяліся з маёй тупасці3

Новы лідар Сірыі расказаў, якім будзе лад у краіне, калі пройдуць выбары і якія будуць адносіны з Расіяй7

Вярхоўны дыпламат ЕС: Расія датычная да актаў дыверсій у Еўропе

Галоўчанка расказаў, што аліўе сёлета патаннеў3

У Чылі паліцыя знайшла скрадзеныя ў Лос-Анджэлесе гадзіннікі Кіяну Рыўза

Ігар Кулей правёў апошнюю перадачу на «Белсаце» і пайшоў з канала9

«Адсядзеў за сына 40 сутак». Рабочы МТЗ адчуў сябе чалавекам у 2020-м. Вось як склалася яго жыццё далей2

Былы прэзідэнт ЗША Джымі Картэр памёр ва ўзросце 100 гадоў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»23

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Галоўнае
Усе навіны →