Дызайнер стварыў для дачкі азбуку на 24 мовах. Вось дзе яе можна замовіць
Беларускі дызайнер стварыў азбуку для дзяцей, якія гутараць на некалькіх мовах. У яркай кніжцы прадстаўлена аж 24 мовы з розных канцоў Еўропы і Азіі, беларуская сярод іх.
Апошнія чатыры гады Дзмітрый Бука займаецца дызайнам кніг, за гэты час ён апублікаваў і даставіў да чытачоў больш за 10 тысяч асобнікаў. Сёлета мужчына стварыў уласную дызайнерскую студыю BOOKO, што якраз спецыялізуецца на кнігах і іншай выдавецкай прадукцыі.
Азбука для мультылінгваў — першы праект студыі. На старонцы краўдфандынгу для кнігі Дзмітрый расказвае, што на азбуку яго натхніла дачка Ева, якая нарадзілася падчас жыцця пары ў Польшчы. Паводле яго слоў, малая лёгка спраўляецца з чатырма мовамі: у дзіцячым садку яна гутарыць па-англійску, на дзіцячай пляцоўцы — па-польску, а са сваякамі і сябрамі — па-расійску і па-беларуску.
Дзмітрый прызнаецца, што даўно марыў зрабіць кнігу для дзяцей. Спачатку ён спрабаваў знайсці азбуку для Евы, але ні адна кніга не адпавядала яго крытэрам. Бацьку было важна, каб азбука была на некалькіх мовах і пры гэтым была эстэтычна прывабнай, і нарэшце ён вырашыў зрабіць такую азбуку самастойна.
Мужчына стаў шукаць словы, версіі якіх у розных мовах пачынаюцца на адну і тую ж літару — прызнаецца, што ChatGPT моцна палегчыў працэс. Дзмітрый пачынаў з пяці моў, а ў выніку ў кнізе іх 24. Гэта беларуская, руская і ўкраінская мовы, а таксама балтыйскія мовы, заходне– і паўднёваславянскія, раманскія, германскія і семіцкія. Ёсць нават азіяцкія мовы — японская і казахская, мова хіндзі і спрошчаная версія кітайскай мовы. Правяраць тэкст кнігі Дзмітрыю дапамагалі 48 носьбітаў тых моў, што прадстаўленыя ў ёй.
Галоўную ідэю кнігі Дзмітрый фармулюе так: «Ёсць шмат моў. Некаторыя — вельмі падобныя, а некаторыя моцна адрозніваюцца». У яго азбуцы словы на розных мовах прадстаўленыя разам, так што дзіця зможа пабачыць гэтыя падабенствы і адрозненні.
Што да ілюстрацый, іх разам з Дзмітрыем рабіла Ева і яе сябры. Дапамог штучны інтэлект: спачатку у ChatGPT складаліся промты для малюнкаў, а пазней яны ператвараліся ў жыццё з дапамогай сервісаў Midjourney і Magnific AI.
Дзмітрый надрукаваў дзве пробныя версіі кнігі, а потым запусціў краўдфандынг на яе. Спачатку хацеў выпусціць 300 асобнікаў азбукі коштам па 19 еўра і спадзяваўся сабраць на іх грошы цягам месяца, але атрымалася зрабіць гэта менш чым за два тыдні. Мужчына закрывае збор праз пару дзён, і на сёння ён мае замовы на суму ў паўтара раза большую, чым хацеў сабраць: мэтай было сабраць 5600 еўра, а цяпер сума складае больш за 9 тысяч еўра.
Паводле слоў Дзмітрыя, яму важна было паказаць іншым, што выдаць сваю кнігу рэальна: «Маю шмат знаёмых, хто хацеў бы зрабіць сваю кнігу, але баіцца гэтым займацца праз тое, што праект першапачаткова падаецца стратным, што кніга, якую сам прыдумаў, не акупіць ні выдаткаў часу, ні ўласных унёскаў. У шматлікіх выпадках ніхто не здолее адказаць, ці атрымаецца акупіць выдаткі».
Беларус мяркуе, што платформы для краўдфандынгу накшталт Kickstarter вырашаюць такую праблему. Калі б ён не сабраў грошы на кнігу, усе атрыманыя данаты вярнуліся б карыстальнікам, і Дзмітрый не мусіў бы траціць грошы на публікацыю кнігі.
Калі вы жадаеце замовіць сабе азбуку, зрабіць гэта можна тут.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
«Беларуская мова як бы на падкорцы». Блогерка абурылася, што яе сына не вучаць роднай мове ў школе
Каментары
І ўжо самі словы на ангельскай мове маюць пераклады на іншыя мовы.
Значыць, не будзе там Ч, Ш, Ў і г.д.