Грамадства99

«Са сваёй коткай я размаўляю па-расейску». Беларуска з Італіі расказала, як моўна беларусізавалася за тры дні да вайны

Шмат беларусаў за мяжой сталі пераходзіць на беларускую мову пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну, а жыхарка горада Трэнта ў Італіі Кацярына Зюзюк прыняла такое рашэнне за тры дні да поўнамасштабнай вайны. У Дзень роднай мовы, 21 лютага 2022 года, яна напісала ў фэйсбуку, што хоча адмовіцца ад расейскай мовы. Пры гэтым Кацярына нарадзілася ў Расіі, а на сённяшні момант амаль палову жыцця пражыла ў Італіі. Выданне BG.Media паразмаўляла з беларускай пра доўгі шлях да беларусізацыі і складаныя стасункі з мовамі, якія дагэтуль пакідаюць нявырашаныя пытанні. 

— Мова, якая найбольш глыбока і дакладна адлюстроўвае мяне, — гэта ўсё ж расейская мова. Але парадокс у тым, што я больш не магу ёй карыстацца. У мяне нейкі бар’ер. Мне разрывае мазгі, калі я пачынаю пра гэта думаць. Расейская мова — гэта частка мяне, але гэтая частка — нешта, чым я не магу карыстацца. 

Екатерина Зюзюк
Кацярына Зюзюк: «Расейская мова — гэта частка мяне, але гэтая частка — нешта, чым я не магу карыстацца». Фота з асабістага архіва

Чырвоны аловак

Мая маці расіянка. Яна скончыла політэхнічны інстытут у Тальяці і па размеркаванні прыехала ў Менск, дзе і пазнаёмілася з маім бацькам — ён беларус. Яны ажанілася, і мая маці засталася жыць у Менску. Але калі я мусіла нарадзіцца, яна паехала да сваіх бацькоў, каб была падтрымка і г. д. 

У сям’і ў мяне размаўлялі па-расейску. Мая маці размаўляла толькі па-расейску, хаця за ўвесь час жыцця ў Беларусі яна беларускую разумее вельмі добра. На нацыянальным уздыме пачатку 90-х уся справаздачнасць вялася па-беларуску. Яна працавала бухгалтарам і таксама справаздачу вяла па-беларуску. І яна адэкватна гэта ўспрыняла ў свой час, не стала скардзіцца, набыла трохтомны расейска-беларускі слоўнік і падпарадкавалася дыханню часу. 

Але ўсё роўна расейская мова для мяне — першая мова. Я памятаю, што калі я яшчэ не хадзіла ў школу, то беларускую мову дрэнна разумела. Мне бацька чытаў казкі па-беларуску, і там было шмат слоў, якія я проста не разумела. А калі мы ездзілі ў вёску да бабулі — гэта было на Гарадзеншчыне, Іўеўскі раён, дзе ўсе размаўлялі па-беларуску, то з маімі стрыечнымі братамі раз-пораз мы адзін аднаго не разумелі.

Такая карціна засталася ў мяне ў памяці: мы сядзелі і малявалі, і адзін з іх мне кажа: «Дай мне чырвоны аловак». А я не ведала, што такое «чырвоны». І я па-першаму гуку думаю: магчыма, яму патрэбны чорны. Дала яму чорны, а ён кажа: «Ты што мне даеш чорны, я ж казаў: чырвоны!» Потым сам убачыў, узяў, і далей мы працягвалі маляваць.

Чацвёрка па беларускай

Беларуская мова доўгі час мной успрымалася не тое каб як замежная, але як чужая. Таму клішэ «матчына мова» — гэта зусім не пра мяне. Гэта мая другая мова. То бок я білінгва фактычна.

У школе я пачала вывучаць беларускую, як і ўсе тады, з трэцяга класа. У мяне быў энтузіязм, мне было цікава. Тое, што ў школе была пастаянна беларуская мова і літаратура, потым ва ўніверсітэце, нівелявала мой адрыў.

Але нават цяпер я горш валодаю беларускай мовай, чым расейскай. Мне не хапае запасу слоў, я магу рабіць памылкі. У школе ў мяне была моцная чацвёрка па беларускай, а па расейскай і па ангельскай я заўсёды вучылася на выдатна.

Нацыянальнае адраджэнне першай паловы 90-х мяне захапіла. Я тады была падлеткам. Тое, што я зараз не падтрымліваю рэжым Лукашэнкі, — рэзультат менавіта таго духу, той субкультуры. Я, дарэчы, ніколі яго не падтрымлівала. Напачатку 90-х я хацела набліжацца да беларускай культуры і мовы, але мне было цяжка. 

Я здавала экзамены, каб паступіць у коласаўскі ліцэй, і напісала на выдатна сачыненне, таму што можна было карыстацца слоўнікамі. А потым на сумоўі завалілася, бо вельмі дрэнна размаўляла па-беларуску. Таму я скончыла 1-ю гімназію імя Францыска Скарыны. 

Кацярына Зюзюк. Фота з асабістага архіву.
Кацярына Зюзюк: «Беларуская мова доўгі час мной успрымала не тое каб як замежная, але як чужая. Таму клішэ «матчына мова» — гэта зусім не пра мяне. Гэта мая другая мова. То бок я білінгва фактычна». Фота з асабістага архіва

Меншасць

Я скончыла іняз з першай мовай ангельскай і другой італьянскай. Каб практыкаваць італьянскую, я была валанцёркай у чарнобыльскіх фундацыях. Ездзіла ў Італію. Даведалася, што можна легальна прыехаць вучыцца, атрымаць стыпендыю. Гэта такі спосаб элегантна эміграваць. Я ім скарысталася. 

Чаму я вырашыла гэта зрабіць? Я не хацела жыць у Беларусі. Калі ў 2001 годзе былі першыя перавыбары Лукашэнкі, канешне, я прагаласавала супраць і пайшла на Плошчу. Было ўсё зразумела ўжо тады. Калі аб’явілі папярэднія вынікі, мы з сябрамі адзін на аднаго паглядзелі і кажам: «Ну, а што мы яшчэ хацелі?» 

Я ўбачыла для сябе яўна два шляхі. Я не змагла б проста жыць і не цікавіцца палітыкай. Адзін шлях — займацца барацьбой з рэжымам, але ў такім выпадку трэба быць гатовай да таго, што можна страціць і свабоду, і здароўе, і сям’ю. Іншы шлях — з’ехаць.

Я падумала тады ў 2001-м:

«Мне 22 гады, нас на Плошчы мала. Магчыма, большасці беларусаў нармальна так, як ёсць. Можа, насамрэч Лукашэнка — іх прэзідэнт. А тое, што мне ён не падабаецца, маім сябрам не падабаецца, — дык, можа, мы ў меншасці, а ўсім і так добра. Навошта мне руйнаваць сваё жыццё, намагаючыся здабыць нешта, што патрэбна толькі мне і гэтай купцы людзей, якая сёння сюды прыйшла?» 

Я вырашыла ў той момант, што лепш з’еду. І менш чым праз тры гады я ўжо жыла ў Італіі. 

У маім горадзе, у Трэнта, нас, беларусаў, на той момант было шэсць чалавек. Мы ўсе адзін аднаго ведалі і ўсе былі расейскамоўныя. 

Я сачыла за тым, што адбывалася ў Беларусі. 2006 год — зноў выбары, пратэсты, Плошча. Тады інтэрнэт не быў так развіты, як зараз. Я не кожны дзень чытала навіны. І тут прачытала ў італьянскай газеце, што ў Беларусі пратэсты, зноў іх разагналі. Я і мае сябры, хлопец і дзяўчына, — тры беларусы — сядзелі ў кафэ. Я ім кажу, што вось, зноў. Сяброўка была са мной на адной хвалі, а хлопец кажа: «Ну дык а што яны хочуць? Пры Лукашэнку добра». Я раззлавалася і кажу: «Слухай, дык чаго ты тады ў Італіі жывеш?» Я вырашыла, што ніколі больш не буду з ім пра палітыку размаўляць, каб не зруйнаваць стасункі. 

Пасля таго, як здарыўся 2020 год, ён памяняў свае погляды і перастаў падтрымліваць рэжым. 

Кацярына Зюзюк
Кацярына Зюзюк: «Я ўбачыла для сябе два шляхі. Адзін шлях — займацца барацьбой з рэжымам, але ў такім выпадку трэба быць гатовай да таго, што можна страціць і свабоду, і здароўе, і сям’ю. Іншы шлях — з’ехаць. І менш чым праз тры гады я ўжо жыла ў Італіі». Фота з асабістага архіва

Тое, што трэба абараняць

Яшчэ з падлеткавага ўзросту мне было цікава перайсці на беларускую мову. Я з бацькам часам спрабавала размаўляць. Яму было лёгка, а мне — ненатуральна. Потым я кінула гэтую справу.

Былі выпадкі, калі яшчэ ва ўніверсітэце адзінкавыя людзі пераходзілі на беларускую мову, і яны выглядалі як белыя вароны. Я ставілася з павагай да такога выбару, але для мяне гэта на той момант было прыцягнута за вушы. Гэта была б не я, калі я ў той момант пачала размаўляць па-беларуску. 

Я была заўсёды нацыяналістычнай: Беларусь самастойная, Беларусь — не Расея, бчб — мой сцяг. З іншага боку, мне беларуская мова была чужой фактычна да 2022 года, калі я вырашыла: усё, цяпер я размаўляю па-беларуску.

Калі я 21 лютага 2022 года напісала пост, што пераходжу на беларускую, я потым паглядзела навіны і ўбачыла гэтую самую прамову Пуціна, што «Украина — это исконно русские земли», і такая думаю: «Калі б я не вырашыла гэта гадзіну таму, то вырашыла б зараз». Калі пачалася вайна, гэта яшчэ раз пацвердзіла, што маё рашэнне было своечасовае і правільнае. 

Я ўпарта цягам апошніх двух гадоў, ужо амаль з паловай, карыстаюся беларускай мовай там, дзе карысталася расейскай. Вяртанне да расейскай для мяне, як я адчуваю зараз, немагчымае. 

Калі мне трэба размаўляць з расейскамоўнымі людзьмі, і калі гэта спецыфічны кантэкст, напрыклад, прафесійныя трэнінгі, арганізаваныя расійскімі спецыялістамі, — то бок працоўны ўзровень, не звязаны з палітыкай, — мне зараз дзіўна размаўляць па-расейску. Я разумею, што гэта гучыць як вычварэнства нейкае. 

Тут трэба быць акуратнымі ў выказваннях. Ёсць расейцы, якія супраць Пуціна, супраць вайны, адэкватныя. Калі я буду казаць, што расейская мова для мяне — гэта мова захопнікаў, я аўтаматычна пакрыўджу такіх людзей, а гэта было б несправядліва. Я хутчэй скажу, што эмацыйная сувязь з расейскай мовай у мяне зараз вельмі змянілася. 

З 2020 года я стала больш успрымаць як сваё ўсё тое, што беларускае. Беларуская мова зараз для мяне мае такое значэнне: калі я размаўляю па-беларуску, для мяне гэта палітычны ўчынак, і гэта быццам бы я трымала ў руках бчб-сцяг. Я не прымаю ўсяго таго, што звязана з рэжымам Лукашэнкі, а ён цалкам расейскамоўны. 

Калі я бачу навіны, што прыйшлі да выдавецтва «Янушкевіч» і арыштавалі ўсе кнігі, ці калі людзей дыскрымінуюць, таму што яны беларускамоўныя, ці калі нейкая прадавачка ў краме кажа: «Размаўляйце са мной на нармальнай мове» — гэта мяне злуе і матывуе лепш за любую прапаганду, што трэба размаўляць па-беларуску. 

Для мяне ў гэтай сітуацыі беларуская мова — нешта, што трэба абараняць, бо яно ў слабой пазіцыі. 

Падзеі 2020 года завяршылі працэс маёй унутранай беларусізацыі. Яна доўга ўнутры спела і вось прарасла. 

Я была заўсёды нацыяналістычнай: Беларусь самастойная, Беларусь — не Расея, бчб — мой сцяг.
Кацярына Зюзюк: «Я была заўсёды нацыяналістычнай: Беларусь самастойная, Беларусь — не Расея, бчб — мой сцяг». Фота з асабістага архіва

Непрымусовая беларусізацыя

Я бачу па чатах дыяспары, італьянскай і не толькі: у 2020 годзе, у пачатку пратэснага руху, амаль усе пісалі па-расейску. Пасля пакрысе мы сталі ўсё больш і больш камунікаваць па-беларуску. Думаю, што якраз пасля пачатку вайны ва Украіне шмат хто перайшоў на беларускую мову. Зараз я гляджу на камунікацыю ў чатах: рэдка хто калі напіша па-расейску. 

Нават людзі, якія не перайшлі на 100% на беларускую мову, намагаюцца мне адказваць па-беларуску. «Ты такая малайчына, размаўляеш па-беларуску, а я вось баюся, бо я размаўляю дрэнна, не хачу размаўляць з памылкамі». На што я заўсёды кажу: «Лепш размаўляць на трасянцы, але не па-расейску». 

Але я нікога не прымушаю, бо лічу, што гэта мусіць ісці з самога чалавека. Гэта рашэнне, якое чалавек прымае сам. Ніхто не мусіць прымушаць да моўнага выбару. 

Сама я не сутыкалася з прымусовай беларусізацыяй. Усё жыццё я бачыла толькі людзей, якія сваім асабістым прыкладам натхнялі на пераход да беларускай мовы. Так і мусіць быць, на маю думку.

Калі расейскамоўны чалавек, які не ведае беларускую, і пра якога я ведаю, што ён адэкватны, са мной размаўляе па-расейску, я з ім размаўляю па-расейску. Мне яму няма чаго дэманстраваць. Я размаўляю з ім на яго мове такім жа чынам, як я размаўляю з італьянцамі па-італьянску, а не па-беларуску. Гэта нармальны механізм камунікацыі — размаўляць на той мове, якая зразумелая абодвум суразмоўцам.

А калі нейкі імперац пачынае казаць «вашая беларуская мова — нават не мова», я з такімі людзьмі размаўляю выключна па-беларуску. 

Хобі

Калі я жыла ў Менску, у мяне была свая музычная група. Лабалі фолк-рок. Спачатку я думала, што музыка мусіць быць па-ангельску, бо ангельская — гэта мова ўсяго свету. Потым я вырашыла, што слухачы мусяць разумець, пра што ты пяеш. Паколькі я вырашыла ў пэўны момант спяваць для расейскамоўных слухачоў, я стала пісаць па-расейску. 

Екатерина Зюзюк
Кацярына Зюзюк: «Калі я жыла ў Менску, у мяне была свая музычная група. Лабалі фолк-рок». Фота з асабістага архіва

Потым у Італіі ў мяне былі перыяды, калі я вярталася да музыкі, перакладала некаторыя свае песні на італьянскую. Потым пісала па-італьянску і па-ангельску. А апошнім часам я захапілася перакладамі на беларускую мову сусветна вядомых песень. У мяне іх набралася каля дзясятка (сярод іх песня Zaz — Je veux, Skin — Purple і інш. — Рэд.). Я іх выконваю дома, але не дужа публікую, бо якасць дрэнная. А дайсці да студыі складана. 

Са сваёй коткай я размаўляю па-расейску. Трэба котку перавесці на беларускую мову таксама. Трэба карыстацца беларускім кантэнтам, чытаць па-беларуску больш. 

Кацярына Зюзюк. Фота з асабістага архіву
Кацярына Зюзюк: «Трэба котку перавесці на беларускую мову таксама». Фота/комікс з асабістага архіва

Шлях я бачу толькі адзін: працягваць карыстацца беларускай мовай актыўна, і пасіўна таксама. 

Каментары9

  • Лейцар коркавы
    11.06.2024
    Добрыя разважанні.
  • гоблен
    11.06.2024
    "Может, на самом деле Лукашенко – их президент. А то, что мне он не нравится, моим друзьям не нравится, — так, может, мы в меньшинстве, а всем и так хорошо. Зачем мне разрушать свою жизнь, пытаясь обрести что-то, что нужно только мне и этой кучке людей, которая сегодня сюда пришла?" ООО, как гоблен вас понимает, мадам! Он действительно их президент! А ещё это понравилось - "не хочу жить в Беларуси" люто плюсую, мадам!
  • Беларус
    11.06.2024
    Малайчына 🤍❤️🤍

Чаму хобіты жывуць у беларускіх вёсках, а эльфы гавораць старабеларускай. Перакладчык «Валадара Пярсцёнкаў» адказвае на ўсе пытанні3

Чаму хобіты жывуць у беларускіх вёсках, а эльфы гавораць старабеларускай. Перакладчык «Валадара Пярсцёнкаў» адказвае на ўсе пытанні

Усе навіны →
Усе навіны

Расія не можа рабіць «Арэшнік» без заходніх тэхналогій

Бондарава патрабуе, каб прыпынкі ў транспарце аб'яўлялі яшчэ і на рускай мове. «Мінсктранс» адказаў, што гэта немагчыма33

NASA падзялілася новым здымкам «Каляднай ялінкі» з зорак

Што цяпер разумней — траціць ці ашчаджаць? Адказвае эканаміст6

Доктару Рандарэнку, моцна збітаму пры затрыманні, далі 4 гады калоніі

«Не адпавядае вобразу манаха». РПЦ адставіла мітрапаліта, які трапіў у сэксуальны скандал5

У Мінску 9-бальныя заторы, аўтобусы ідуць са спазненнем у 30 хвілін

Бортправаднік, які выжыў пасля падзення азербайджанскага самалёта ў Казахстане, расказаў, як усё выглядала знутры5

Мінчук прымацаваў да жырандолі мабільнік, каб здымаць амаральныя паводзіны былой жонкі12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму хобіты жывуць у беларускіх вёсках, а эльфы гавораць старабеларускай. Перакладчык «Валадара Пярсцёнкаў» адказвае на ўсе пытанні3

Чаму хобіты жывуць у беларускіх вёсках, а эльфы гавораць старабеларускай. Перакладчык «Валадара Пярсцёнкаў» адказвае на ўсе пытанні

Галоўнае
Усе навіны →