Грамадства174174

Пазняк выступіў у Вільні — расказаў пра будучыню Беларусі, а літоўскі радыкал назваў яго фашыстам

Разам з Паўлам Усавым, сваім намеснікам па руху «Вольная Беларусь», Зянон Пазняк сустрэўся з беларусамі — не абышлося без правакацый і згадвання агентуры. «Наша Ніва» наведала сустрэчу.

На сустрэчу ў віленскім Доме нацыянальных культур на Гарбарнай (Raugyklos) сабралася дзясяткі чатыры чалавек. Паслухаць патрыярха апазіцыі прыйшлі збольшага мужчыны, прычым немаладыя — адзінкі з аўдыторыі былі малодшыя за 40 гадоў. Тэма сустрэчы была абазначаная як будучыня Беларусі і перспектыва новай Еўропы.

Пазняк узяў слова ледзь не ад пачатку сустрэчы – і гаварыў без перапынку больш за гадзіну. Дасведчаны аратар, ён і ў 80 гадоў цудоўна трымае ўвагу слухачоў.

Пачаў адразу з сутнасці:

«Ідзе вайна, і вайна сур’ёзная, гібрыдная. Гэта вайна за выжыванне цэлых нацый, перш за ўсё Украіны і Беларусі. Дбаючы пра будучую вольную Беларусь, мы павінны правільна ацэньваць становішча, у якім мы цяпер: Беларусь знаходзіцца пад расейскай акупацыяй і прарасейскім рэжымам Лукашэнкі, які фактычна выконвае ролю акупацыйнай адміністрацыі. Адбываюцца сістэмныя рэпрэсіі ўсяго беларускага ў палітычнай, культурнай, этнічнай і сацыяльнай сферах.

Калі ў гэтай сітуацыі не будзе перамогі над расейскім Мордарам, то перспектывы незалежнасці, дэмакратыі і існавання не толькі Беларусі, але і Прыбалтыкі, і Украіны будуць змрочныя».

Павел Усаў і Зянон Пазняк. Фота: Наша Ніва

Палітык гаварыў пра тое, як вызваляць Беларусь. З гэтай мэтай Пазняк лічыць перспектыўнай працу з Палком Каліноўскага. Дадаткова адзначае: пакуль беларусы не зразумеюць, што Расія — наш вораг, мы не будзем мець перспектывы як краіна.

Далей Пазняк перайшоў да будучыні незалежнай Беларусі. У тым, што лукашэнкаўскаму рэжыму прыйдзе канец, ён не мае сумневаў. На гэты час Зянон мае распрацаваную праграму — ён увогуле лічыць важным мець дакладныя планы на будучыню. Гэтую праграму ён і раскрываў на сустрэчы.

Медыцына, адукацыя, войска павінны забяспечвацца дзяржавай, паводле Зянона. Абавязкова павінна адбыцца люстрацыя, лічыць палітык, бо без люстрацыі будзе працяг, хоць і па-іншаму, карупцыі і сабатажу. Люстрацыя можа быць павольнай ці жорсткай, Зянон больш прытрымліваецца жорсткай пазіцыі:

«Падыход павінен быць такі, каб пакараныя былі тыя, хто парушыў закон — здзейсніў карупцыйнае злачынства, забіў чалавека ці незаконна яго пасадзіў у турму, гэтым зоймецца следства. Але мы вымушаныя будзем працаваць і з той бюракратыяй, якая працавала ў час Лукашэнкі. 

Гэта таксама нашы людзі, яны прыстасоўваліся да жыцця, і яны будуць працаваць на новую сістэму, але кожны такі чыноўнік падпіша дэкларацыю пра супрацоўніцтва з новымі ўладамі, частка з іх будзе прыведзеная да прысягі».

Фота: «Наша Ніва»

Пазняк лічыць важным улічваць геапалітычны статус Беларусі. Ён называе нашу краіну буферам паміж агрэсіўнай Расіяй і Заходняй Еўропай:

«Калі пазбавімся ад Мордара, мы павінны дбаць пра тое, каб такое не паўтарылася. Нам важна развіваць сваю дзяржаву, але ў сучасным свеце жыць ізалявана вельмі цяжка. Мы павінны ўзаемадзейнічаць эканамічна і палітычна з усім светам, і ў першую чаргу з нашымі суседзямі».

Палітык мяркуе, што для новай Беларусі было б важна як мага хутчэй далучыцца да НАТА. Яшчэ адна прапанова Зянона — супольнасць Украіны, Беларусі, Латвіі і Літвы. У гэтым саюзе не было б межаў, а таксама было б магчыма аднавіць шлях паміж Балтыйскім і Чорным морам. Тады Беларусь магла б атрымліваць нафту і газ з поўдня і поўначы, што дазволіла б пазбегнуць эканамічнай і палітычнай залежнасці ад Расіі. На сёння ж Беларусь, кажа Пазняк, з’яўляецца стратэгічным плацдармам Расіі. 

Перайшлі да пытанняў, і сярод іх былі розныя — ад праблемы амністыі капіталу да таго, што Пазняк думае датычна будучых прэзідэнцкіх выбараў у ЗША.

«Я заўсёды падтрымліваў Трампа, лічу, што для Амерыкі гэта адзін з найлепшых прэзідэнтаў. Ён каласальна панізіў беспрацоўе — такога ўзроўню беспрацоўя ў ЗША ніколі не было, — спрыяў амерыканскаму бізнэсу. У Другую сусветную вайну Амерыка працавала ў тры змены, днём і ноччу, бо ўсе фабрыкі былі на яе тэрыторыі, а цяпер яны ўсе ў Кітаі. Трамп — добры бізнэсмен, ён некалькі разоў цярпеў банкруцтвы і выплыў».

Зянон апісвае Трампа як палітыка, здольнага да рашучых дзеянняў, і як доказ прыводзіць забойства іранскага ваеннага дзеяча Касема Сулеймані, звязанага з падтрымкай групіровак ХАМАС і «Хезбала». Сулеймані загінуў пасля авіяўдару амерыканцаў.

Пазняк лічыць, што перамога Трампа на выбарах спрыяла б і канцу расійска-ўкраінскай вайны — маўляў, Трамп ведае, як гэта хутка зрабіць. Зрэшты, Зянон сказаў, што і сам ведае, як скончыць вайну за дзень-два, але адмовіўся казаць, як канкрэтна.

На сустрэчу прыйшоў і Жыльвінас Світоюс — літоўскі блогер, які часта наведвае беларускія мерапрыемствы ў Вільні і задае выступоўцам пытанні, якія нібыта павінны выкрыць іх сувязь з ваяўнічым «ліцвінізмам». Яго пытанне было звязанае з тым, што Пазняк называе Літву Летувай — так, як гэта прынята ў тарашкевіцы. 

Фота: «Наша Ніва»

Світоюс запытаўся ў палітыка па-ўкраінску, навошта той вырашыў змяніць назву Літвы. Цікава, што з падобным пытаннем блогер звяртаўся ў сакавіку і на сустрэчы з гісторыкам Уладзімірам Арловым, і той эпізод скончыўся сваркай. І ў гэты раз літовец паводзіў сябе эмацыйна: яму патлумачылі, што Літва і Летува — два варыянты назвы краіны, якія можна выкарыстоўваць у беларускай мове, і што беларусы не навязваюць літоўцам і літоўскай мове такую назву краіны.

Пазняк адзначыў, што называць так Літву — права беларусаў, Жыльвінас парыраваў: «Наша права — каб вас (Зянона Пазняка — «НН») тут больш не было!» Літоўца паспрабавалі вывесці, але ж той спыніўся на некалькі хвілін, каб назваць і Пазняка, і ўсіх беларусаў у зале фашыстамі.

Сварка відавочна закранула палітыка за жывое.

Пазней, калі блогер пакінуў залу, Зянон паразважаў пра стаўленне Літвы да беларусаў, поўнае абмежаванняў — ён называе яго няправільным. Тлумачэнне простае: 

«Гістарычна мы былі суседзямі. І калі гэта будзе паламанае, калі з беларусаў будуць рабіць ворагаў, гэта дае магчымасць Пуціну і расейцам стаяць у Беларусі, іх уплыў павялічваецца. А што гэта значыць, калі Пуцін стаіць у Беларусі, у Ашмянах і ў Гродне? Гэта пагроза для ўсёй Прыбалтыкі, таму я здзіўляюся такой палітыцы, шкоднай для Літвы».

Пазняк згадаў канец 80-х — пачатак 90-х, часы супрацы БНФ і літоўскага руху «Саюдзіс», што некалі спрыяла незалежнасці Літвы. Ён адзначае, што ў Беларусі і Літвы супольны геапалітычны вораг — Расія, нагадвае пра гістарычнае адзінства Беларусі і Літвы, а таксама выступае за добрасуседства паміж краінамі.

А цяперашнія абвінавачванні ў бок беларусаў у ваяўнічым ліцвінізме, на думку Пазняка, з’яўляюцца часткай гібрыднай вайны Расіі і працай расійскай агентуры.

Сустрэча зацягнулася на дзве з паловай гадзіны, Пазняк асобна падзякаваў усім, хто пратрымаўся да канца. А на развітанне адзначыў, што пытанні з літоўцамі «мы ўладкуем», тым больш што Захаду патрэбная дэмакратычная Беларусь як буфер з Расіяй:

«Мы ў цяжкім стане — нас акупавалі, нас выгналі, забралі нашу маёмасць, пазаводзілі крымінальныя справы. Дапамажыце нам — і тады мы дапаможам вам».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары174

  • Против патриорхата
    15.06.2024
    Паслухаць патрыярха
    Опять этот патреорхат, нужно 100 процентов женщин в оппозиции сделать, по справедливости
  • Acab
    15.06.2024
    Медыцына, адукацыя, войска павінны забяспечвацца дзяржавай, паводле Зянона. - quod erat demonstrandum
    Нацыянал-сацыяліст, параспытаць, і зброю мець забароніць і яшчэ безьліч інтэрвэнцыяў супраць асобы
    Адныя Сцылы з Харыбдамі.
  • ass
    15.06.2024
    ахахахахахах, 50 человек на лидера нации)))
    Но что же за имперские словечки у Зянона? Что за прибалтика такая? Есть такая страна на карте?

Стрыжак расказаў, як яго вербавалі спецслужбы5

Стрыжак расказаў, як яго вербавалі спецслужбы

Усе навіны →
Усе навіны

У Лідзе затрымалі ўладальніка кавярні «Тутака»

Z-канал: Імаверна, Крыгер арганізоўваў дыверсіі ў Бранскай вобласці5

Раіла біць нагой у сківіцу кожнаму маскваротаму, называла акупацыю Марыупаля кармай — хто такая Ірына Фарыён, якую забілі ў Львове37

У Вілейскім раёне кіроўца пагрузчыка ледзь не ўрэзаўся ў пахавальную працэсію

Украіна спяшаецца стварыць ваенныя беспілотнікі са штучным інтэлектам1

Зяленскі павіншаваў Трампа з абраннем кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі і назваў яго прэзідэнтам7

30-хвілінны марынад для простага курынага шашлыка6

Як змяніць беларускія нумары на літоўскія. Што трэба і колькі каштуе працэдура?15

Ірына Фарыён памерла ў бальніцы15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стрыжак расказаў, як яго вербавалі спецслужбы5

Стрыжак расказаў, як яго вербавалі спецслужбы

Галоўнае
Усе навіны →