«Мінская спадчына» зноў бярэцца за кляштар бернардзінцаў і касцёл Св. Язэпа
Навуковаму кіраўніку аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны перададзена на ўзгадненне праектна-каштарысная дакументацыя.
Нашумелы праект па пераўтварэнні тэрыторыі і будынкаў былога кляштару бернардзінцаў у гатэльны комплекс падае прыкметы жыцця пасля амаль трохгадовага перапынку.
Як паведаміў «НН» старшыня «Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч, «Мінская спадчына» перадала праектна-каштарысную дакументацыю на ўзгадненне навуковаму кіраўніку аб’екта Аляксандру Кропатаву.
«Гэта можа азначаць хуткі пачатак рамонтна-рэстаўрацыйных, ці, хутчэй, рамонтна-будаўнічых працаў на тэрыторыі кляштару», — мяркуе А. Астаповіч. Па ягоных словах, калі распрацаваны «Мінскпраект» праект будзе ажыццёўлены, да 70% аўтэнтычнай забудовы комплексу будзе знішчана, найперш унутраная частка, фрэскі.Старшыня Таварыства аховы помнікаў кажа, што за тры гады зацішша праект амаль не змяніўся. Цяпер Антон Астаповіч рыхтуе зварот да кіраўніцтва краіны з хадайніцтвам аб перадачы кляштару бернардзінцаў каталікам. Ён паведаміў таксама, што мае інфармацыю пра зварот Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да Аляксандра Лукашэнкі з такой жа просьбай. «Па маёй інфармацыі, той зварот перададзены з Адміністрацыі на разгляд у Міністэрства культуры», — сказаў А. Астаповіч.
Адказны за СМІ пры Сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Аляксандр Амяльчэня пракаментаваў інфармацыю старшыні Таварыства аховы помнікаў наступным чынам:
«Тэма гэтая застаецца актуальнай для нас. Мы не спынілі нашых намаганняў па вяртанні касцёла Св. Язэпа і кляштара бернардзінцаў. Мы не робім гэта ў форме маніфестацый. Гэта робіцца ў форме зваротаў, у тым ліку пісьмовых, у розныя інстанцыі».
Вяртання кляштара з касцёлам Святога Язэпа ў Верхнім горадзе мінскія вернікі дамагаюцца больш за 17 гадоў. У 2005 годзе кіраўніцтва касцёлу ў Беларусі звярнулася да ўладаў з адпаведным патрабаваннем. Аднак 25 мая 2005 году тагачасны старшыня Мінгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў выдзеліў з бюджэту сродкі на рэканструкцыю і рэстаўрацыю помніка XVII—XVIII ст., комплексу будынкаў №6, 8 па вуліцы Кірылы і Мяфодзія з прыстасаваннем пад гатэльны комплекс і аб’екты гандлёва бытавога прызначэння. У сакавіку 2007 года праект пераўтварэння кляштара ў гатэль трапіў у СМІ. Вернікі пачалі кампанію па абароне бажніцаў. Пад сценамі касцёлу Св. Язэпа рэгулярна ладзіліся супольныя малітвы, былі сабраныя тысячы подпісаў пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне вернікам святыняў. У красавіку таго ж года Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі адобрыла перадпраектную прапанову па рэканструкцыі і прыстасаванні будынкаў былога кляштару бернардзінцаў пад гатэльны комплекс. Пры гэтым Рада прапанавала завяршыць навукова-даследчыя працы і дапрацаваць праект. А потым ініцыятары праекту ўзялі трохгадовую паўзу.
***
Кляштар бернардзінцаў заснаваны ў 1624 г. Фундавалі Андрэй і Ян Кансоўскія. Пасля пажару да 1652 г. быў збудаваны каменны касцёл і кляштар. Пасля рэканструкцыі 1752 будынкі набылі цяперашнія рысы. У 1864 г. касцёл прыстасавалі пад праваслаўную палкавую царкву Св.Кірыла і Мяфодзія (з 1872 г. пад архіў), а карпусы пад казармы Каломенскага пяхотнага палка і следчую камісію. У 1983 г. касцёл часткова рэстаўраваны (арх. Г. Босак).
Каментары