«ГУБАЗіК павёз мяне ў свае кабінеты, а там — прапагандыст АНТ». Гісторыя пінскага праваабаронцы
Аляксандр Рамановіч, пінскі праваабаронца і грамадскі актывіст распавёў «Нашай Ніве», як правалілася яго першая спроба з’ехаць з Беларусі, а таксама аб тым, што, меркавана, дапамагло яму ў другі раз атрымаць пару дзён на ад’езд.
«Байсол» абвясціў збор сродкаў для Аляксандра Рамановіча.
Распавядаючы пра сваё жыццё ў Беларусі пасля 2020 года, Аляксандр кажа, што псіхіка да ўсяго адаптуецца. Так, былі затрыманні і вобшукі, але ўсё ж неяк атрымлівалася весці свой сціплы быт.
У 2022 годзе да яго ўваліўся ГУБАЗіК — тады сілавікі палічылі, што Аляксандр можа быць адміністратарам аднаго чату, але не знайшлі ніякіх доказаў. Таму пашчасціла абысціся адміністратыўкай.
— Яны злаваліся, што не могуць даць мне 15 сутак. Бо я даглядаў брата, які інвалід першай групы. Таму, калі мяне везлі ў ІЧУ, прыехала супрацоўніца гарадскога аддзела сацыяльнай службы і зафіксавала факт таго, што я не знаходжуся дома каля інваліда. Праз некаторы час сабралася камісія і пазбавіла мяне апякунства. Лічу, што адбылося ўсё па наводцы ГУБАЗіКа, бо не магло ўсё так супасці.
Больш-менш спакойным мужчына называе 2023 год. Аляксандр заставаўся ў Беларусі і хадзіў на палітычныя суды. Але раптам прыйшлося ўсё кінуць. Адзін дзень у сакавіку 2024-га перавярнуў жыццё.
— Прачнуўся я ад грукату. Дзверы ў маім доме лёгка выламаць, яны не жалезныя, а драўляныя. Пачуў крык: «Працуем!». У хату ўваліліся ўзброеныя людзі ў масках і два ў цывільным. Высветлілася, што ў цывільным тыя ж губазікаўцы, якія прыязджалі да мяне ў 2022-м.
Соннага мужчыну выцягнулі з ложка, кінулі на падлогу ў позе ластаўкі. Кайданкі заціснулі так, што нават праз тры месяцы ў Аляксандра на руках застаюцца сляды. Адразу пачалі шукаць тэлефон — гэта не заняло шмат часу, бо ён быў каля ложка.
— Пачалі дапытвацца воблачны пароль да тэлеграма, які я сапраўды не памятаў. Гэта ўсё суправаджалася болевымі прыёмамі, у асноўным заломваннем рук. Калі б я ведаў, я б і сказаў, боль быў невыносны.
У тэлефоне нічога адшукаць не атрымалася. Аляксандр пасміхаецца, што мае карысную звычку чысціць перапіскі і кэш. Кажа, што нават за мяжой увечары рука машынальна цягнецца да тэлефона.
Пачаўся допыт. Сілавікі хацелі высветліць, чаму Аляксандр прыходзіць на палітычныя суды, а потым інфармацыя пра іх з’яўляецца на «Вясне» і ў незалежных СМІ.
— Нічога не казаць — гэта не выйсце, бо яны могуць скалечыць ці нават забіць. І так гэтыя болевыя прыёмы… Станавіліся нагой на спіну і выломвалі рукі. Пагражалі прыбіць геніталіі да падлогі. Сілавік узяў у рукі цвік і малаток, некалькі разоў ударыў міма. Пагражалі і дубінку ў задні праход усадзіць і нават рыхтавалі яе. Мабыць, мне пашанцавала, што ўсё адбывалася не ў РАУС, а дома, бо пагрозамі і скончылася. Казалі, што адправяць мяне голым гуляць па горадзе, а потым за гэта затрымаюць.
Аляксандр кажа, што яго расаду (памідоры, перцы ў скрынях) спецыяльна ўсю перавярнулі, бо ведалі: вялікі агарод — яго сродак зарабіць грошы. Будучы актывістам не першы год, мужчына даўно меў праблемы з афіцыйным працаўладкаваннем.
Праваабаронца тлумачыць, што на допыце абраў так званы метад святлафора: зялёны — гэта інфармацыя, якую сілавікі і так могуць ведаць, таму яе можна агучыць; жоўты — тое, што непажадана казаць, але ў крайнім выпадку можна; а чырвоны — інфармацыя, якую нельга выдаваць ні ў якім разе.
— Распавядаючы пра суды і інфармацыю на «Вясне», я сцвярджаў, што наўмысна праваабарончаму цэнтру нічога не дасылаў. Але ў мяне вельмі шмат сяброў, я не памятаю, з кім я што абмяркоўваў. І не ведаю, ці мог хто перадаваць навіны ў СМІ ці яшчэ куды.
Аляксандра адвезлі ў ІЧУ, дзе ён прабыў да наступнага дня — тады яго судзілі за непадпарадкаванне пад час вобшуку. Актывіст кажа, што гэта вельмі смешна: як ён мог не падпарадкавацца людзям са зброяй? Суддзёй быў сумнавядомы Андрэй Бычыла. Гэта ён адправіў за краты інваліда другой групы Мікалая Клімовіча, які меў хваробу сэрца — у выніку палітвязень памер у калоніі.
— Я адразу заявіў хадайніцтва, што мне патрэбна дапамога адваката, таму што я цяпер не ў стане сам сабе бараніць. Я суткі не еў, бо ў ІЧУ не кармілі.
На дзіва, суддзя адразу задаволіў хадайніцтва і перанёс пасяджэнне з 15 на 29 сакавіка. Аляксандру дазволілі пайсці дамоў, хоць ён чакаў перазатрымання.
Два тыдні прайшлі даволі ціха. Аляксандр ацэньваў свае шансы застацца на волі 50 на 50 і не губляў аптымізму. Але ў нейкі момант мужчына пабачыў у лукашэнкаўскіх СМІ інфармацыю пра сваю справу — нехта з сілавікоў выхваляўся, што прыпынена дзейнасць пасобнікаў экстрэмісцкага фарміравання, даецца прававая адзнака. Пасля таго, як гэта прагучала на ўсю краіну, праваабаронца зразумеў: заставацца ў Беларусі больш нельга, бо пасля суда ён можа доўга не выйсці на свабоду.
— Таму за дзень да суда я вырашыў эвакуіравацца. На той момант у мяне на тэлефоне выявілі шпіёнскую праграму. Я дыстанцыйна пракансультаваўся з экспертам, ён распавёў, што і дзе трэба паглядзець. Выглядала шпіёнская праграма як звычайная праграма сістэмы.
Пры гэтым Аляксандр упэўнены, што праграму ўсталявалі пад час вобшуку, калі капаліся ў тэлефоне. Не знайшоўшы там нічога, сілавікі страцілі цікавасць да гаджэту і нават думалі яго пакінуць дома, калі забіралі праваабаронцу.
Спецыяліст, які дапамагаў, распавёў, як адключыць шпіёнскую праграму. Аляксандр пачаў рыхтавацца да эвакуацыі, звярнуўся ў «Байсол».
— Вырашыў апошні раз вярнуцца дадому, каб развітацца з блізкімі. У мяне ж там два інваліды. Тата — інвалід 3 групы, яму за 70 гадоў, а брат — інвалід першай. У брата бываюць вельмі моцныя прыступы эпілепсіі. Гэта адна з прычын, чаму я так доўга заставаўся ў Беларусі — адчуваў адказнасць.
Толькі Аляксандр падышоў да дому, як з’явілася «Джылі» з і два губазікаўцы яго затрымалі. Атрымліваецца, за ім сачылі і вырашылі затрымаць пасля выдалення шпіёнскай праграмы. На ўсялякі выпадак склалі новы пратакол і змясцілі ў ІЧУ.
На наступны дзень праваабаронцу судзілі, як было запланавана — суддзя прызначыла 15 сутак арышту. Пасля Аляксандра ўжо сустракаў вядомы яму супрацоўнік ГУБАЗіКа Сліжэўскі (так ён пазначаны ў рапарце).
— Ён сказаў: «Зараз прыедуць людзі. Трэба, каб ты ім расказаў тое, што і нам. Адмовішся, будзе горш. А так, можа, яшчэ і выйдзеш». Я пагадзіўся, хоць нават не разумеў, хто прыедзе.
Праваабаронцу адвезлі на паўночны апорны пункт, дзе ГУБАЗіК мае свае кабінеты. Там Аляксандр пабачыў машыну АНТ і прапагандыста Андрэя Аляксандрава (пасля той будзе здзекліва жартаваць у праграме «Будзе дапоўнена…» наконт таго, што ў Беларусь прыйшла вясна, а ГУБАЗіК прыйшоў да «Вясны»).
— Інтэрв’ю запісвалі прыкладна паўгадзіны. Аляксандраў усё спрабаваў мяне выцягнуць на размову, хто экстрэмісты, а хто не. Згадаў тэракт у «Крокусе» і справу Зельцэра — пытаўся, каго я лічу экстрэмістамі.
У тым самым выпуску «Будзе дапоўнена…» прадэманстравалі відэа размовы Аляксандра, дзе ён кажа, што будзе эвакуіравацца — запісана гэта было дзякуючы той самай шпіёнскай праграме.
Аляксандра павезлі ў Брэсцкі ІЧУ. Праваабаронца кажа, што там умовы горшыя, чым у Пінску.
— Драўляныя нары без усяго — нават пад галаву нельга нічога пакласці. Калі табе пашанцавала і ёсць куртка, можна хаця б накрыцца. Асабліва кепска справа з клапамі. У маёй першай камеры мы некалькі дзён лічылі, колькі задавілі. Атрымлівалася па 130-150 штодзень.
У камерах праваабаронца быў з тымі, хто меў «экстрэмісцкія» артыкулы.
— У асноўным сядзелі за рэпосты. Праз гэта ІЧУ праходзіла шмат тых, каго затрымалі на мяжы. Быў адзін хлопец-студэнт, які заканчваў універсітэт. Ён хацеў працаўладкавацца ў Следчы камітэт, але праверылі тэлефон — і завялі крымінальную справу. З ім працаваў КДБ, спрабавалі раскруціць нават на «здраду радзіме».
За дзень да сканчэння тэрміну супрацоўнік ГУБАЗіКа прыехаў для Аляксандра на допыт. Але працаваў без асаблівага энтузіязму — проста запісваў адказы, не патрабуючы сказаць штосьці канкрэтнае.
Нават апынуўшыся за варотамі ІЧУ, праваабаронца не мог паверыць, што яго адразу не перазатрымаюць.
Як ён зразумеў з размоў з сілавікамі, яго выпусцілі на пару дзён за тое, што пагадзіўся на інтэрв'ю.
— Позна ноччу я пераступіў парог хаты. А на наступны дзень з'ехаў з Беларусі — спачатку ў трэцюю краіну, праз некалькі тыдняў у Польшчу. Некаторы час жыў у шэлтары. Цяпер адчуваю сабе ў бяспецы — гэта галоўнае.
«Байсол» абвясціў збор сродкаў для мужчыны.
Каментары