Акрамя немца Крыгера, да смяротнага пакарання ў постсавецкай Беларусі прысудзілі яшчэ 12 іншаземцаў. Але ёсць нюансы
Грамадзянін Германіі Рыка Крыгер — не першы іншаземец, якога прысудзілі да расстрэлу ў гісторыі сучаснай Беларусі. «Медыязона» з дапамогай «Кіберпартызан» знайшла яшчэ 12 чалавек, якім была прызначаная вышэйшая мера. Усе гэтыя прысуды прыйшліся на першае дзесяцігоддзе пасля развалу СССР.
Варта адзначыць, што ў той пераходны перыяд адразу пасля распаду СССР пытанні грамадзянства для многіх людзей былі вырашаныя не асабліва выразна, і таму адназначна сцвярджаць, што ўсе ніжэй пералічаныя асобы былі грамадзянамі іншых краін, не выпадае.
Паводле беларускага заканадаўства, аўтаматычна грамадзянамі краіны пасля распаду СССР рабіліся тыя асобы, якія пастаянна жылі на тэрыторыі Беларусі на стане на 12 лістапада 1991 года. Калі да 17 жніўня 2002 года гэтыя людзі атрымлівалі грамадзянства іншай краіны, то беларускае грамадзянства яны трацілі, але калі нічога не рабілі — то заставаліся пры ім. Месца нараджэння чалавека значэння пры гэтым не мела, бралася пад увагу толькі месца ягонага пражывання.
«Медыязона», аднак, лічыць іншаземцамі ўсіх тых, у каго ў прысудзе месцам нараджэння была пазначаная не Беларусь. Арганізацыя Belpol праверыла людзей з гэтага спісу, і мяркуючы па даных з сістэмы АІС «Пашпарт», беларускі пашпарт яны не атрымлівалі. Але паколькі ў 1990-я можна было без усялякіх праблем жыць у Беларусі і з савецкім пашпартам без нейкіх у ім пазнак, то і гэта не ёсць вырашальным аргументам на карысць таго, што гэтыя людзі дакладна былі грамадзянамі іншых краін.
Расіяне
«Медыязона» знайшла 5 выхадцаў з Расіі, якіх беларускія суды прысудзілі да смяротнага пакарання. Трое з іх былі расстраляныя. У дачыненні да яшчэ двух чалавек невядома, ці быў прыведзены прысуд у выкананне.
У 1994 годзе Віцебскі абласны суд прысудзіў да расстрэлу Віктара Кузміцкага, ураджэнца Омскай вобласці. Яго абвінавацілі ў забойстве, крадзяжы, хуліганстве, дробным крадзяжы і крадзяжы маёмасці шляхам махлярства. У 1995 годзе 36-гадовага Кузміцкага расстралялі.
Аляксея Бутакова з Іркуцкай вобласці той жа суд прысудзіў да вышэйшай меры па артыкуле аб забойстве ў 1996 годзе. За 4 гады да гэтага ён быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай. У 1998 годзе ва ўзросце 22 гадоў Бутакова расстралялі.
14 жніўня 1996 года Брэсцкі абласны суд прысудзіў ураджэнца Свярдлоўскай вобласці Эдуарда Кардзюкова да смяротнага пакарання. Яго абвінавацілі ў крадзяжы дзяржаўнай маёмасці, выкраданні або пашкоджанні дакументаў, незаконным абароце зброі, падрыхтоўцы да пашкоджання дзяржаўнай маёмасці, забойстве. 5 лістапада 1998 года 24-гадовага Кардзюкова расстралялі.
У чэрвені 1994 года Гомельскі абласны суд прысудзіў да расстрэлу ўраджэнца Бранскай вобласці Уладзіміра Якавенкі. Яго абвінавацілі ў забойстве. 14 лютага 1995 года прысуд уступіў у законную сілу, пра яго абскарджанне, як і пра прывядзенне ў выкананне не паведамляецца.
Невядома і тое, ці быў прыведзены ў выкананне прысуд у дачыненні да Рамана Балоніна з Пскоўскай вобласці. 30 красавіка 1998 года Віцебскі абласны суд прысудзіў яго да расстрэлу па артыкуле аб забойстве. Раней ён быў судзімы і выйшаў на волю па ўмоўна-датэрміновым вызваленні.
Валерыя Міхайлава родам з Татарскай АССР 28 кастрычніка 1994 года Брэсцкі абласны суд прысудзіў да расстрэлу па артыкулах аб крадзяжы, падрыхтоўцы да крадзяжу і забойстве. Ці быў прыведзены прысуд у выкананне, невядома.
Украінцы
За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі да расстрэлу прысудзілі дваіх выхадцаў з Украіны; аднаму з іх прысуд змякчылі, што было з другім, невядома. Ігара Якіменку з Хмяльніцкай вобласці ў 1992 годзе судзіў вайсковы трыбунал Беларускай вайсковай акругі. Па артыкулах аб забойстве, парушэнні статутных правіл вартавой службы, якія пацягнулі шкодныя наступствы, незаконным абароце зброі і дэзерцірстве яго прысудзілі да расстрэлу. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета РБ смяротны прысуд замянілі на 20 гадоў калоніі асаблівага рэжыму.
Сяргей Марыненка нарадзіўся ў Луганскай вобласці. 8 лютага 1996 года Віцебскі абласны суд прысудзіў яго да расстрэлу па артыкуле аб разбоі і забойстве. 22 лютага 1996 года ён быў накіраваны ў СІЗА № 1 Мінска, што было далей, не ўдакладняецца.
Ураджэнцы Грузіі, Кыргызстана, Латвіі, Казахстана
Тэнгіз Кутарба нарадзіўся ў Абхазскай АССР, што ўваходзіла ў склад Грузіі. 21 ліпеня 1993 года Брэсцкі абласны суд прысудзіў яго да расстрэлу па артыкуле аб незаконным абароце зброі і наўмысным забойстве з хуліганскіх памкненняў. 11 сакавіка наступнага года 31-гадовага Кутарбу расстралялі.
18 студзеня 1994 года Віцебскі абласны суд прыгаварыў Алега Быкава родам з Кыргызстана да расстрэлу па артыкуле аб забойстве, згвалтаванні і крадзяжы. 26 красавіка 1995 года 33-гадовага асуджанага расстралялі.
Ураджэнца Рыгі Генадзя Дымперса судзіў той жа Віцебскі абласны суд. 24 лютага 1994 года выхадца з Латвіі прысудзілі да вышэйшай меры па артыкуле аб забойстве і катаванні. 1 чэрвеня 1995 года яго расстралялі.
13 студзеня 1997 года Брэсцкі абласны суд прысудзіў ураджэнца горада Чымкент у Казахстане Васіля Раскошнага да расстрэлу па артыкуле аб забойстве. Вярхоўны суд замяніў вышэйшую меру на 15 гадоў пазбаўлення волі.
Падрабязнасці тэракту Крыгера пад Азярышчам — разбураныя шпалы і ніводнага параненага
Рыка Крыгер не стаў абскарджваць смяротны прысуд — ён уступіў у сілу
З'явілася яшчэ некалькі ФОТА з суда над Рыка Крыгерам
Немца Крыгера прысудзілі да смерці за кастрычніцкі выбух у Азярышчы?
Стала вядома, хто абараняў Рыка Крыгера
МЗС Германіі пра лёс асуджанага на смерць Крыгера: Трэба набрацца цярпення
Каментары