Культура55

Падтрымка, якую ў Польшчы вылучалі і беларускім тэатрам, стала даступнай толькі ўкраінцам? Разабраліся, што адбываецца і як жыве незалежны тэатр за мяжой

Пасля 2020 года многія беларусы згубілі магчымасць працаваць унутры краіны праз сваю грамадзянскую пазіцыю. Сярод іх і творцы. «Купалаўцы» эмігравалі ледзь не цэлай трупай. Але акрамя іх, дзясяткі акцёраў і рэжысёраў з незалежных тэатраў апынуліся ў чужых краінах, вымушаныя пачынаць жыццё з нуля. У Польшчы з 2021 года многіх з іх падтрымлівала Міністэрства культуры: дзякуючы вылучаным сродкам, за тры гады амаль 200 рэзідэнтаў змаглі рэалізаваць новыя праекты на розных польскіх пляцоўках.

У гэтым годзе праграма, раней адкрытая і беларусам, засталася даступнай толькі ўкраінцам. «Гэта можа быць глабальнай і вельмі сур’ёзнай праблемай для нас у будучыні», — б’е трывогу рэжысёрка Валянціна Мароз, кіраўніца Лабараторыі сацыяльнага тэатра, прадстаўніца Беларускага інстытута тэатра — кам’юніці незалежных тэатральных дзеячаў. «І таму я хачу, каб мы былі пачутыя».

«Незалежны тэатр пасля падзей 2020-га проста абваліўся»

Тэатральны інстытут імя Збігнева Рашэўскага ў Варшаве запусціў праграму арт-рэзідэнцый, якой маглі карыстацца беларусы ў крызісны для творцаў момант — у 2021 годзе нехта ўжо з’ехаў з Беларусі, а нехта застаўся без працы ўнутры краіны, бо іх установу ліквідавалі. Ці папросту не праходзіў «фэйс-кантроль» для атрымання гастролькі.

«Калі незалежны тэатр пасля падзей 2020-га проста абваліўся і ўсе праекты былі ці закрытыя, ці знішчаныя, быў шок і неразуменне, як жыць далей, як займацца тэатрам. І калі ў Польшчы запусцілі такую праграму, гэта была магчымасць і грошы нейкія зарабіць, прычым не ў «Бедронцы» (назва буйной сеткі прадуктовых крам у Польшчы. — НН), а займаючыся сваёй прафесіяй. Дзякуючы гэтай опцыі, мы, можна сказаць, уздужалі, падняліся на ногі, з’явіліся нейкія планы, нехта распачаў новыя праекты — гэта абсалютна неацэнна», — каментуе Валянціна Мароз.

Валянціна Мароз. Фота з архіва суразмоўцы

Плюс польскіх рэзідэнцый быў у тым, што яны не проста адкрывалі доступ да сутачных грошай, а давалі «дах» для рэпетыцый і прэм’ерных паказаў. У іх межах магла сабрацца цэлая трупа, каманда, якую да гэтага раскідала па розных месцах свету.

Гісторыі трох беларускіх труп, якія ў эміграцыі пачалі ўсё з нуля

Так, Лабараторыя сацыяльнага тэатра, якой кіруе Валянціна і калектыў якой амаль цалкам эміграваў за мяжу, падчас рэзідэнцыі-2021 зрабіла спектакль па п’есе «Паўгода» айчыннага драматурга Касі Чакатоўскай. Пастаноўка, якая перадае храналогію шасці месяцаў жыцця адной дзяўчыны пасля выбараў у Беларусі, была паказаная ў Познані і на фестывалі ў Любліне.

У 2022 годзе ў межах новай рэзідэнцыі калектыў тры месяцы працаваў над дакументальным спектаклем «Расколіна» — пра разрывы сямейных сувязяў на фоне розных поглядаў на пратэсты і вайну. Новую працу прэзентавалі ў познаньскім «Бараку культуры».

Фота са спектакля па п'есе «Паўгады»

Акцёрская сям’я Новік перабралася ў Польшчу ў 2021 годзе. Андрэй быў адной з зорак РТБД, а Дар’я працавала ў Вялікім тэатры — кожны з іх звольніўся пасля падзей 2020 года.

Андрэй і Дар'я Новік. Фота з архіваў герояў

Дзякуючы польскім рэзідэнцыям, амаль адразу пасля пераезду яны змаглі працягваць займацца любімай працай. Свет пабачылі чатыры спектаклі: «Вярцінскі. Эміграцыя» — гэткая паралель паміж досведам творчых мігрантаў пачатку XX стагоддзя і XXI; «Мора Крысціны», дзе распавялі пра першыя дні пратэстаў у Беларусі ўзору 2020, а таксама антываеннае выказванне «How are you?» — дакументальны спектакль, сабраны з гісторый уцекачоў, і музычны праект «З@mova», створаны па матывах песень і рытуалаў Палесся.

Сцэны з пастаноўкі «Мора Крысціны»

Разам з аднадумцамі Андрэй Новік заснаваў у Варшаве новы незалежны калектыў — BY teatr, але, каб працягваць творчасць і мець грошы на жыццё, усе яго прадстаўнікі дадаткова працуюць у іншых сферах.

Сцэна з праекта «З@mova»

«У нашых шэрагах больш за 20 асобаў. Гэта прадстаўнікі розных тэатральных прафесій з Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны — кампазітары, драматургі, рэжысёры, акцёры. Усе прафесіяналы сваёй справы. Нехта працуе ў таксі, нехта на будоўлі ці кур'ерам, прадаўцом. Такі эмігранцкі лёс: за адныя спектаклі немагчыма пракарміць сям’ю, асабліва калі ён раз на месяц. Але мы ўвесь час спрабуем шукаць нейкае грантавае дафінансаванне, партнёраў, каб захаваць культуру і яе развіваць. Але скажам шчыра, гэта даецца няпроста».

Сам Андрэй 2,5 года адпрацаваў кур’ерам, звольніўся зусім нядаўна:

«Мы адчынілі з сябрамі тэатральную кавярню Michelle і спрабуем працаваць там як барысты, кухары і паралельна як тэатральныя дзеячы — хто рэжысёр, хто оперная дзіва. Штопятніцу ў нас ладзяцца канцэрты розных калектываў і сольныя выступы».

Што тычыцца Дар’і, то ў яе, як кажа муж, складваецца «больш тэатральна». На сёння яна паспяхова працуе ў трох польскіх праектах і выкладае ў мясцовых тэатрах.

Дар'я праводзіць індывідуальныя заняткі па вакале і заснавала ўласны «гукавы тэатр». А таксама ладзіць майстар-класы ў розных гарадах Польшчы. «На апошні, напрыклад, прыйшло 40 асоб», — распавядае Андрэй.

Рэзідэнцыі ўплывалі на выбар краіны для рэлакацыі

Калі перад Андрэем Саўчанкам — кіраўніком, рэжысёрам і акцёрам «Тутэйшага тэатра» паўстаў выбар, дзе працягваць сваю дзейнасць і жыццё, тэатр акурат атрымаў падцвержанне прыёму на рэзідэнцыю Тэатральнага інстытута імя Збігнева Рашэўскага. Гэта і паўплывала на рашэнне па рэлакацыі.

Андрэй Саўчанка ў монаперформансе «Вішнёвы сад»

«Тутэйшы тэатр» працягнуў працу ў замежжы пасля таго, як Андрэя Саўчанку звольнілі з тэатра «На балконе». Да гэтага ён пабываў на Акрэсціна і ў СІЗА і, маючы падпіску пра нявыязд, змог эвакуявацца з Беларусі толькі з другой спробы.

Менавіта дзякуючы рэзідэнцыям, свет пабачылі такія працы «Тутэйшага», як «Святло ў цемры» пра лёс, жыццё і творчасць паэтаў 30-х гадоў ХХ стагодзя; «Віно з дзьмухаўцоў» — эскіз спектакля паводле аповесці Рэя Брэдберы і эксперыментальная праца з імправізацыйным спосабам існавання «Лабараторыя Кантакта».

Калектыў паказвае свае працы ў Варшаве, пакрысе пашырае ядро публікі — людзі ходзяць на спектаклі трупы і гатовыя плаціць за квіткі. У планах і новыя пастаноўкі, а таксама падача заявак на даступныя рэзідэнцыі, каб мець прафесійную базу і магчымасць сканцэнтравацца выключна на творчасці.

Агулам прыходзіцца рэпетаваць у вольны ад іншых прац час.

«Я асабіста спрабую зарабляць адукацыйнымі праектамі: выкладаю аратарскае майстэрства», — каментуе Андрэй Саўчанка. Пры гэтым ён дадае, што і ў Беларусі на выключна творчы заробак таксама выжыць было складана.

«Грошай няма, калі з’явяцца — невядома»

Усяго ў 2021 годзе праз рэзідэнцыі ў Польшчы прайшлі 44 беларусы і беларускі, у 2022-м — 66 і ў 2023-м — 76. На жаль, многае з гэтага было паказана ўсяго адзін раз па той жа прычыне: недахоп грошай. 

Вясной гэтага года чарговы набор быў адкрыты ўжо толькі для ўкраінцаў. На пытанне беларускіх творцаў, чаму так, у Тэатральным інстытуце імя Збігнева Рашэўскага адказалі, што справа ў абмежаваным фінансаванні: «Рэалізацыя праграмы залежыць ад фінансавых рэсурсаў, што вылучаюцца ў выглядзе мэтавай субсідыі з боку Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны па запыце інстытута. Сёлета мы атрымалі адказ толькі на заяўку на субсідыю для творцаў з Украіны» (копія адказу гэтага ліста ёсць у рэдакцыі «Нашай Нівы»).

Ці зменіцца гэтая сітуацыя і калі, не ведаюць нават у самім Міністэрстве — туды дазваніліся польскія калегі, якія актыўна падтрымліваюць тэатральнае беларускае кам’юніці. Адказ з Дэпартамента нацыянальных культурных устаноў таксама пакуль туманны: грошай няма, калі з’явяцца — невядома.

«Тут важна, што да ўлады пасля парламенцкіх выбараў прыйшло новае кіраўніцтва, новыя сілы. Адбылося шмат зменаў у кіраўніцтве розных інстытуцый. Фарміруецца погляд на тое, у які бок усім рухацца. Ну і, магчыма, грошай на культуру, дапамогу ўкраінцам і беларусам ва ўмовах вайны становіцца ўсё менш. І мы трапілі ў гэтую рагатку», — заўважае Валянціна Мароз. 

«Для многіх гэта будзе катастрофа і сыход з прафесіі»

«Наша Ніва» дадаткова накіравала ў Міністэрства культуры ліст з пытаннямі пра будучую палітыку па падтрымцы беларускіх творцаў у Польшчы. Калі мы атрымаем адказ, мы апублікуем яго асобна.

«Без нейкага дадатковага фінансавання, на жаль, многія беларускія творчыя праекты паволі прыходзяць у заняпад і знікаюць. У большасці людзей няма другога выйсця, як ісці працаваць у іншыя сферы, і тады ўжо не знаходзіцца ні магчымасці, ні часу на творчасць», — каментуе Андрэй Новік.

Андрэй Саўчанка ж адразу раіць найперш спадзявацца на сябе:

«Рэзідэнцыі былі добрай магчымасцю знайсці новыя спосабы супрацы і ўзаемадзеяння ў новай краіне. Але ставіць пытанне так, што калі няма рэзідэнцый, то і няма тэатра, я не магу сабе дазволіць. Калі разлічваць выключна на іх, тады ўвогуле ніякі праект тэатральны не будзе існаваць». 

«Рэзідэнцыі, канечне, не вырашалі ўсе праблемы эмігрантаў, — дадае Валянціна Мароз. — Усё роўна паралельна людзі зараблялі грошы на жыццё самастойна. Але, дзякуючы такому фармату, захоўваліся цэлыя калектывы, людзі маглі рэпетаваць, супрацоўнічаць з польскай прафесійнай супольнасцю і адносна мякка інтэгравацца ў новае грамадства — за гэта вялікі дзякуй.

Канечне, з’яўляюцца рэзідэнцыі ў іншых еўрапейскіх краінах, але звычайна там прапаноўваецца зусім іншы фармат. Уявіць сабе, што мы згубім такую магчымасць — для многіх гэта будзе катастрофа і сыход з прафесіі. Таму, спадзяемся, што колы для беларусаў на рэзідэнцыі ў межах Тэатральнага інстытута будуць адкрывацца, нас пачуюць», — рэзюмуе прадстаўніца Беларускага інстытута тэатра.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары5

  • Peter
    23.08.2024
    Пытаннечка , vy naiuny ci shto? Alina vam nichevo nie dalzhna!
  • $
    23.08.2024
    Ну ужо ня сеньня было зразумела - зараз час як той буйны лясны пажар, гіне ўсе і надзея толькі на тое, што некалі гэтае пекла скончыцца. Шмат чаго ужо загінула, шмат чаго яшчэ загіне. Наступствы жахлівыя. С чым параўнаць? Ну хіба што з разгромам пасьля паўстаньня 1863-64. Але ж забіць да канца ўсе ... ? Ну хіба што ліквідаваць апошняе - Беларусь. Можа і надарыцца такое, час пакажа
  • Ну что, сынку, помогли тебе твои ляхи?
    23.08.2024
    Вполне закономерно. После 2025 года думаю еще хуже будет. Без пенёнжэк оставят всякие там офисы со Светками и кабинеты с Латушками

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Усе навіны →
Усе навіны

На Філіпінах віцэ-прэзідэнтка адкрыта прыгразіла прэзідэнту і яго сям'і смерцю2

У беларускіх лясах пайшлі зімовыя апенькі. Якія яшчэ грыбы не спужаліся першых снегападаў?

Ангела Меркель: Я добра ведала намеры Пуціна і ведала, што ён вораг Еўропы11

У Брэсце паставілі скульптуру Дон Кіхота з ветраком, падобным да вентылятара ФОТАФАКТ1

«Жанчыны, на якіх можа разлічваць Гайдукевіч». Найлепшыя твіты тыдня2

Міністр замежных спраў Францыі пацвердзіў права Украіны біць па Расіі французскімі ракетамі2

«Усё ў нашых руках». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні24

Знялі з пасады камандуючага расійскай групы войскаў «Поўдзень». Кажуць, што брахаў начальству пра поспехі1

«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары8

«Падлік галасоў як сатанісцкі рытуал». Былы член камісіі расказаў, як у Беларусі фальсіфікуюць выбары

Галоўнае
Усе навіны →