Культура11

У Барысаве адрамантуюць унікальную Шухаўскую вежу

Гіпербалоіднай канструкцыі хутка споўніцца сто гадоў. Разабраліся, чым адметныя збудаванні інжынера Шухава і ў якім сёння стане вежа ў беларускім райцэнтры.

Шухаўская вежа ў Барысаве. Фота: Wikimedia Commons

Барысаўскія ўлады шукаюць таго, хто распрацуе праграму работ на бягучы рамонт. Гэта абавязковы этап для аб’ектаў, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Статус помніка рэспубліканскага значэння вежа мае з 2011 года. 

Вадацяжная вежа ў Барысаве была пабудаваная ў 1927 годзе для патрэб экіпіроўкі паравозаў пры руху цягнікоў праз станцыю Барысаў. Сёння яна размешчаная на рагу вуліц Энгельса і Гастэлы, пасярод прыватнага сектара ў Новабарысаве. Вышыня вежы складае каля 27 метраў. На ствале размяшчаецца драўляны шацёр, які прадухіляў бак ад ахаладжэння і замярзання ў ім вады. 

Гіпербалоідную канструкцыю ўвёў у архітэктуру ў канцы XIX стагоддзя расійскі інжынер і архітэктар Уладзімір Шухаў (1853-1939). Усяго было пабудавана каля 200 такіх вежаў, 11 з якіх дайшлі да нашых дзён. У Беларусі ў якасці воданапорных вежы Шухава пабудавалі на станцыях Пухавічы, Коханава, Барысаў і Сцяпянка. З іх захаваліся толькі дзве, што робіць іх унікальнымі гістарычнымі аб’ектамі.

Знутры сеткавага ствала вадацяжнай вежы ў Барысаве. Фота: Wikimedia Commons

Другая вежа, узведзеная ў 1929 — 1932 гадах, знаходзіцца на станцыі Коханава ў вёсцы Звянячы Талачынскага раёна. Яе прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю толькі ў 2019 годзе.

Шухаў паспяхова скончыў Маскоўскае тэхнічнае вучылішча і прайшоў гадавую стажыроўку ў ЗША. Ён распрацоўваў праекты для першых расійскіх нафтаправодаў і нафтаперапрацоўчага завода. Яму ўдалося ўпершыню ў свеце прымяніць для будаўніцтва вежавых збудаванняў сеткавыя абалонкі. Ён жа ўвёў у архітэктуру форму аднаполаснага гіпербалоіда вярчэння, стварыў першыя ў свеце гіпербалоідныя канструкцыі, на якія атрымаў патэнт яшчэ ў 1899 годзе.

Шухаў на ровары тыпу «Павук». Фота: Wikimedia Commons

Канструкцыя, распрацаваная Шухавым, жорсткая і добра захоўвае сваю форму пад уздзеяннем знешніх сіл. Небяспечная для вышынных збудаванняў ветравая нагрузка для такіх сеткавых канструкцый невялікая. Гэтая асаблівасць робіць гіпербалоідныя канструкцыі трывалымі, нягледзячы на невысокую матэрыялаёмістасць.

Першая ў свеце гіпербалоідная вежа Шухава ў Ніжнім Ноўгарадзе. 1896 год. Фота: Wikimedia Commons

Да гэтай формы пасля звярталіся многія выдатныя архітэктары. Пабудаваная ў 1963 годзе ў порце японскага горада Кобэ 108-метровая гіпербалоідная вежа па тыпу шухаўскай выстаяла ў адным з самых разбуральных у гісторыі землятрусаў, які адбыўся ў 1995 годзе. Канчаткова сеткавыя абалонкі ў сучасную практыку будаўніцтва ўвялі Рычард Бакмінстэр Фулер і Норман Фостэр.

Шухаўская вежа ў порце японскага горада Кобэ вытрымала адзін з найбольш разбуральных землятрусаў у краіне. Фота: Wikimedia Commons

Служба на карысць Радзімы і ўсеагульнае прызнанне ў СССР самому інжынеру шчасця не прынесла. Апошнія гады жыцця Шухава былі азмрочаныя палітычнымі рэпрэсіямі 1930-х гадоў, пастаяннай бояззю за дзяцей, беспадстаўнымі абвінавачваннямі, смерцю жонкі, звальненнем са службы пад ціскам бюракратычнага рэжыму. Усё гэта падарвала яго здароўе, прывяло да расчаравання і дэпрэсіі. Апошнія ягоныя гады прайшлі ў адзіноце. Ён трагічна загінуў пасля няшчаснага здарэння, у якім інжынер атрымаў цяжкія апёкі 80% цела.

Дзве 128-метровыя вежы Шухава на беразе Акі. 1988 год. Фота: Wikimedia Commons

Усе правы на свае вынаходніцтвы і ўсе ганарары Шухаў перадаў савецкай дзяржаве. Але адкупіцца ад рэпрэсіўнай машыны ягонай сям’і гэта не дапамагло. Пасля ягонай смерці быў рэпрэсаваны сярэдні сын інжынера, які памёр ад сухотаў у высылцы, і прыёмны сын, якому ён даў адукацыю.

Пасля таго, як вадацяжная вежа ў Барысаве страціла сваю асноўную функцыю, яе выкарыстоўвалі як рэзервовую для водазабеспячэння горада. У апошнія гады яна была закінутая і прыйшла ў поўны заняпад.

Фрагмент сеткавага каркаса вадацяжнай вежы ў Барысаве. Фота: Wikimedia Commons

Абследаванне, праведзенае ў 2023 годзе, засведчыла карозію металу апорнага кольца і злучальных элементаў каркаса, заклёпак, гаек і анкерных балтоў, правісанне і аслабленне цяжоў. Але ўсе гэтыя дэфекты не выглядаюць крытычнымі, нягледзячы на паважны ўзрост вежы, якая амаль не ведала значных рамонтаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Макс
    06.09.2024
    Выстаяла на зло ўсім. Дзіўна, што бамжы на металалом не расцягнулі

Цяпер чытаюць

Кацярына Пытлева: Рак вярнуўся7

Кацярына Пытлева: Рак вярнуўся

Усе навіны →
Усе навіны

Адной з мэтаў званка Стуба і Сцёрэ Пуціну была ацэнка псіхалагічнага стану расійскага прэзідэнта5

Памёр полацкі музыкант Руслан Кунцэвіч

Загінуў 42‑гадовы адміністратар лёзненскага пабліка Уладзімір Данюк

Блогерка назвала тры прычыны, чаму расіяне цяпер масава робяць ВНЖ у Беларусі29

Нікалас Мадура ў турме захапіўся рэлігіяй і філасофіяй2

Стралок з Кракава, які забіў дзевяць чалавек, памёр у бальніцы15

Магілёў, Віцебск і Гомель удалося далучыць да БССР толькі таму, што Масква такім чынам хацела спакусіць Заходнюю Беларусь — апублікаваныя дакументы58

«А дзе будзеце мыцца?» У Мінску знайшлі незвычайную кватэру за 450 рублёў у месяц2

Украінскія беспілотнікі атакавалі Ленінградскую вобласць. Паведамляецца пра пажар на НПЗ у Кірышах

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кацярына Пытлева: Рак вярнуўся7

Кацярына Пытлева: Рак вярнуўся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць