Свет3131

Наколькі мы ад іх адстаём: як Капенгаген ператвараецца ў горад без выкідаў і як капенгагенцы інакш арганізуюць сваё жыццё

Сталіца Даніі паставіла амбіцыйную мэту стаць вугляродна-нейтральнай да 2025 года. З 2005 года тут скарацілі выкіды на 75%. Але галоўныя змены адбыліся ў свядомасці людзей: палова паездак цяпер здзяйсняецца на веласіпедах, у школах больш не падаюць чырвонага мяса, жыццё «без лішняга» стала модай.

Капенгаген Копенгаген Copenhagen
Капенгаген. Скрын відэа: visitcopenhagenofficial / YouTube

Французскае выданне Le Monde знаёміць з вопытам сталіцы Даніі на шляху да выхаду планеты з экалагічнага крызісу. Прапануем вашай увазе скарочаны пераклад.

Сталіца Даніі доўгі час была піянерам у барацьбе з кліматычным крызісам. Ужо ў 2009 годзе яна паставіла перад сабой мэту стаць вугляродна-нейтральнай да 2025 года, гэта значыць не выкідваць больш CO2, чым могуць улавіць прыродныя паглынальнікі на яе тэрыторыі — расліны.

На той час праект быў радыкальны, амаль рэвалюцыйны. Ні адзін іншы горад ці нават краіна не ставілі перад сабой мэту дасягнуць «нулявога ўзроўню выкідаў» за такія кароткія тэрміны. Парыж устанавіў такую ​​мэту толькі ў 2018 годзе, а Францыя — у 2019 годзе, з гарызонтам да 2050-га.

Праўда, ажыццявіць план аказалася складаней, чым здавалася. Да 2025 года горад не ўкладзецца, але задача ўсё ж будзе выкананая, імаверна, у 2027-м.

Капенгаген, у якім жыве 660 тысяч насельніцтва (у агламерацыі — 1,1 мільён), ужо скараціў выкіды на 75% пачынаючы з 2005 года і дасягне скарачэння на 80% да 2025-га. І гэта нягледзячы на тое, што колькасць насельніцтва за гэты перыяд вырасла на чвэрць.

Выкіды горада зараз складаюць 1,2 тоны CO2 у год на чалавека, а калі ўлічваць аднаўляльную энергію, што выпрацоўваецца горадам за яго межамі, то нават 0,8 тоны.

Гэта дасягненне, улічваючы, што мэта Парыжскага пагаднення па клімаце 2015 года заключаецца ў зніжэнні выкідаў да ўзроўню не менш за 2 тоны на чалавека. Парыж, напрыклад, мае паказчык 2,2 тоны на чалавека.

Дзесяць розных бакаў для смецця

Калі трапляеш у капенгагенскую сям'ю, разумееш, наколькі гэтыя людзі апярэджваюць па сваёй экалагічнай культуры.

У цёплы чэрвеньскі вечар 33-гадовая Малін Ліндквіст (Malin Lindqvist) і 35-гадовы Андэрс Фалянцін (Anders Fallentin), разам са сваімі дзецьмі, 7-гадовым Альфрэдам і 3-гадовым Георгам, вячэраюць з сябрамі за доўгімі сталамі пад дрэвамі, на прыродзе. На стале маладая бульбачка, салата з сачавіцы, запечаныя памідоры і ласось. Хто што хоча, тое і есць.

«Мы не вегетарыянцы, але прынцыпова стараемся есці чым менш мяса», — кажа Андэрс Фалянцін, гісторык і экскурсавод. У кватэру яны вяртаюцца на роварах, дзеці сядзяць у спецыяльнай платформе, прымацаванай да ровара. У пары няма аўтамабіля.

Спяць дзеці на двух'ярусным ложку, Малін чытае ім казку перад сном. Пакой, як і ўсе дзіцячыя пакоі, з адным адрозненнем: амаль усё тут — ад мэблі і пасцелі да робата Lego і пірацкага карабля Playmobil — набыта патрыманым, з рук.

«Я перапрацоўваю і перарабляю ўсё. Гэта займае час, але мне падабаецца. Цяпер я б адчувала сябе дрэнна, купляючы нешта новае», —

кажа яна, ужываючы тую ж філасофію ў сваёй працы мастака па касцюмах.

Яна шведка, пераехала ў Капенгаген дванаццаць гадоў таму, замест Ikea яна асвоіла блышыныя рынкі, сэканд-хэнды і сайты, дзе прапаноўваюць ужываныя рэчы тыпу нашага «Куфра».

Сям'я аддае перавагу закупцы прадуктаў оптам, на канікулы ездзіць на цягніку ў Стакгольм, стараецца максімальна ашчаджаць ацяпленне і старанна сартуе свае адкіды — на іх думку, гэта «база».

Як і астатнія жыхары, яны размяркоўваюць смецце па дзесяці розных кантэйнерах: шкло, папера, кардон (асобна), упакоўкі, пластык, метал, арганіка, небяспечныя адкіды і электроніка, тэкстыль і рознае іншае асобна (тое, што не паддаецца сартаванню).

Малін і Андэрс далёкія ад фанатызму. Проста яны імкнуцца ў жыцці «задавольвацца малым» і «запаволіцца», але лічаць, што маглі б «рабіць значна больш, асабліва што датычыць выкарыстання мясцовых прадуктаў».

Змена гарадской інфраструктуры

Сёння вобраз Капенгагена непарыўна звязаны з веласіпедам. 45% паездак на працу ці ў школу робяцца на ім (мэтавы паказчык — 50% да 2025 года) Таксама 27% усіх перамяшчэнняў у горад, з горада і па горадзе робяцца на веласіпедах, у параўнанні з 29% на аўтамабілях.

Гэта цудоўнае дасягненне для мегаполіса, вядомага сваім халодным, дажджлівым і ветраным кліматам. У Капенгагене налічваецца 745 000 веласіпедаў, якія штодня праязджаюць 2,6 мільёна кіламетраў па 397 кіламетрах веласіпедных дарожак, першая з якіх была пабудаваная ў 1905 годзе.

Але і тут ёсць што палепшыць. Колькасць веласіпедыстаў расце, але іх доля ў агульных паездках застаецца на ранейшым узроўні, нягледзячы на ​​павелічэнне насельніцтва.

Капенгаген Копенгаген Copenhagen
Капенгаген. Фота: Wikimedia Commons

Заторы на святлафорах, вялізныя перапоўненыя паркоўкі ля станцый метро, ​​перапоўненыя цягнікі… Гэтыя нязручнасці цяпер датычаць і веласіпедыстаў. Штогод каля 10 мільёнаў еўра выдзяляецца на развіццё веласіпеднай інфраструктуры, але, па ацэнках крыніцы ў мэрыі, каб сітуацыя змянілася, неабходна ў дзесяць разоў больш.

Найбольшай крыніцай выкідаў вуглякіслага газу застаецца аўтатранспарт. Дарожны рух — гэта сектар, які найменш скараціў свае выкіды з 2005 года (толькі на 24%), і цяпер на яго прыпадае тры чвэрці вугляродных выкідаў у горадзе.

Па словах кліматычнага аналітыка Нільса Бетлоўскі Крыстэнсена (Niels Bethlowsky Kristensen), «муніцыпалітэт добра выкарыстаў «пернік», пабудаваўшы мноства аб'ектаў веласіпеднай інфраструктуры, дадатковыя лініі метро і развіўшы сетку аўтобусаў, якую з 2025 года цалкам заменяць электробусамі. Але недастаткова выкарыстаў бізун, каб ускладніць доступ аўтамабіляў у горад». Ідэю гарадскога падатку на аўтамабілі выбарцы ў 2012 годзе адхілілі.

Зелянейшы горад

Капенгаген таксама зрабіў больш экалагічнай вытворчасць энергіі, пашырыў выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі, такіх, як ветраныя турбіны і сонечныя фермы, а таксама выкарыстоўвае біямасу — драўняныя трэскі, што імпартуюцца са Швецыі, Нарвегіі і Германіі. Але з-за крытыкі эколагаў ад яе горад плануе адмовіцца на карысць цепланасосаў.

Паўсюль узнікаюць праекты, накіраваныя на зніжэнне энергаспажывання будынкаў. Напрыклад, кантэйнеры ператвараюць у пакоі для студэнтаў. У горадзе шмат кампактных драўляных жылых дамоў. Сталіца таксама робіцца зелянейшай: за пяць гадоў пасадзілі 70 000 дрэў, на кожнага жыхара прыпадае ў сярэднім 41 квадратны метр зялёных зонаў. Прычым гэта рэальная густая зеляніна: высокія травы, кусты і дрэвы.

Таксама ў Капенгагене створаная спецыяльная дрэнажная сістэма для адводу вады ў час інтэнсіўных ападкаў у каналізацыйную сетку і прадухілення паводак.

Змена харчовых звычак

Для таго, каб прышчапіць новыя звычкі ў харчаванні, муніцыпалітэт на базе 24 школ горада стварыў так званыя «школы харчавання». «Заняткі там такія ж, як і ў іншых месцах, з адной розніцай: вучні праводзяць адзін тыдзень у год на кухні, каб навучыцца гатаваць экалагічна.

Са жніўня ў школах больш не падаюць ялавічыны, бараніны і цяляціны — гадоўля гэтых жывёл прыводзіць да асабліва вялікіх выкідаў CO2. У цэлым з 2018 па 2024 год дзякуючы скарачэнню спажывання мяса шкодныя выкіды ад грамадскага харчавання знізіліся на 25%. Таксама паменшала колькасць харчовых адкідаў: людзей вучаць купляць роўна столькі, колькі з'ясі, не выкідаць недаедкаў.

Смеццеспальваючы завод

Смеццеспальваючы завод, які перапрацоўвае 590 тысяч тон адкідаў у год, пастаўляе гораду не толькі электрычную, але і цеплавую энергію. Сам будынак пабудаваны па аўтарскім праекце. На яго схілах уладкавалі гарналыжныя спускі — тое самае можна было б зрабіць на мінскіх сметніках, а ў Капенгагане там ёсць яшчэ і 85-метровая сцяна для скалалажання, пешаходныя сцежкі і бар, у які кожны дзень заходзіць каля тысячы наведвальнікаў.

На схілах ля смеццеспальваючага завода.

Плануецца, што з дзяржпадтрымкай будзе рэалізаваны праект, які дазволіць ужо ў 2025 годзе практычна цалкам ачышчаць ад вуглякіслага газу выкіды заводу ў атмасферу.

Рэалізацыя плану пераўтварэння Капенгагена ў вугляродна-нейтральны не канчатковая мэта. Горад імкнецца дасягнуць адмоўнага паказчыку выкідаў да 2035 года. Гэта значыць выкідваць менш CO2, чым могуць паглынуць яго прыродныя паглынальнікі. Горад таксама хоча скараціць свой вугляродны след на 50% у параўнанні з 2019 годам.

Самае галоўнае, што датчане змянілі свядомасць людзей: яны цяпер самі арганізуюць сваё жыццё з думкай пра экалогію, пра тое, каб нам перадаць планету наступным пакаленням такой жа добрай, якой яе атрымалі нашы продкі.

Каментары31

  • Я
    08.09.2024
    Дешевая пропаганда. У них - добра, у нас - дрэнна. Про Европу - только прагрэс, наука, деньги. Про РБ и РФ - про пьянство, катаклизмы, палитвязняу. В итоге образы хорошего и плохого у читателя сформированы. А слабо про мигрантов в Дании рассказать? Про расизм? Про кол-во самоубийств в Скандинавии? Про кол-во убийств женщин в Швеции? Напишите, жым жым? Лашпеты закомплексованные.
  • Ёсік
    08.09.2024
    Ты жывеш ціха, ня серыш вакол сябе, А вакол цябе жывуць вар'яты, якія шумна сябе паводзяць, раскідваюць сьмецьце. Цяжка так жыць.
  • Acab
    08.09.2024
    Лудыскія мары спраўджаюцца. Ненацешуся

У Маскве за паклёп на Лукашэнку судзяць палітолага Суздальцава. Пагражае да 5 гадоў5

У Маскве за паклёп на Лукашэнку судзяць палітолага Суздальцава. Пагражае да 5 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

«Для працяглага жыцця гэта краіна, напэўна, не падыходзіць». Чым Грузія робіцца падобнай да Беларусі і чаму беларусам лепш у Польшчы13

Беларусаў вярбуюць у расійскае войска праз інстаграм9

Папулярнаму дамену.io пагражае закрыццё3

«Штадлер» не мае намеру прадаваць завод у Фаніпалі. Хоць беларускія чыноўнікі сцвярджалі іншае5

Дзмітрыеў просіць вярнуць паслоў у Мінск. «Санкцыі б’юць па людзях, а не па ўладзе»140

Што такое «размандыкваць» і чаму Лукашэнка незадаволены, што чыноўнікі займаюцца гэтым?19

У Еўрапарламенце Віктара Орбана правялі з трыбуны песняй Bella Ciao14

Археолагі сцвярджаюць, што старажытны горад на Менцы ўзнік у канцы X стагоддзя16

Што з беларускага кіно пакажуць на фестывалі «Паўночнае ззянне»? Вялікі спіс

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Маскве за паклёп на Лукашэнку судзяць палітолага Суздальцава. Пагражае да 5 гадоў5

У Маскве за паклёп на Лукашэнку судзяць палітолага Суздальцава. Пагражае да 5 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →