Гісторыя2323

Адна з найважнейшых беларускіх перамог. Як 510 гадоў таму нашыя продкі адолелі пад Оршай рускую армію

510 гадоў таму, 8 верасня 1514 года, адбылася бітва пад Оршай, у якой продкі беларусаў, літоўцаў, палякаў і ўкраінцаў разбілі суседзяў з Вялікага Маскоўскага княства. Пра прычыны, ход і наступствы гэтай бітвы, якое паказала згуртаванасць нашых народаў і іх непераадольнае жаданне захаваць свабоду і незалежнасць сваёй радзімы, расказвае «Люстэрка».

Беларускія ўлады і прапагандысты робяць усё магчымае, каб беларусы не ведалі сваёй гісторыі: перапісваюць падручнікі ў школах, ствараюць псеўдагістарычныя дапаможнікі для ідэолагаў і нападаюць на нацыянальных герояў праз падкантрольныя СМІ. Яны спрабуюць даказаць, што нашая нібыта гісторыя пачынаецца з СССР, сваёй незалежнасцю мы абавязаныя Аляксандру Лукашэнку, а нашая краіна — частка «рускага свету». 

Насамрэч Беларусь — частка вялікай еўрапейскай сям'і і была ёю вельмі доўгі час. У нашым праекце «Агульная гісторыя» мы раскажам пра людзей і з’явы, якія многія гады звязваюць Беларусь з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй і якія аб’ядноўвалі нашыя краіны ў барацьбе за дэмакратыю і свабоду.

Прычыны вайны — барацьба за спадчыну Кіеўскай Русі

Бітва пад Оршай — частка вайны 1512−1522 гадоў паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам. Канфлікты паміж продкамі сучасных беларусаў і рускіх адбываліся пастаянна. Да гэтага адбыліся войны 1487−1494, 1500−1503 і 1507−1508 гадоў. Ужо пасля — 1534−1537, 1561−1570 і іншыя.

Глабальна кажучы, іх прычынай была барацьба за спадчыну Кіеўскай Русі. Апошняя — сярэднявечная дзяржава, якая існавала з IX стагоддзя на тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі і Украіны (а таксама часткова Польшчы і краін Балтыі). У першай палове XIII стагоддзя на Кіеўскую Русь напалі манголы.

На значнай частцы тэрыторыі сучаснай Расіі і большай частцы Украіны зацвердзілася мангольскае іга. У гарадах працягвалі кіраваць свае князі, якія прызналі ўладу хана. Той даваў ім ярлыкі (граматы), што дазвалялі панаваць у сваім або чужым княстве. Рускія выплачвалі манголам даніну, часта ўдзельнічалі ў ваенных аперацыях Арды.

Найбольш удала ў новую сістэму ўпісалася Масква. Паступова яна падпарадкавала сабе ўсе княствы і па сутнасці манапалізавала адносіны з манголамі. Урэшце маскоўскія кіраўнікі зрынулі іх уладу і пачалі кіраваць без аглядкі на хана.

Рускія вершнікі XVI стагоддзя. Гравюра ў кнізе Жыгімонта Герберштэйна. Выява: commons.wikimedia.org

А вось на землях сучаснай Беларусі мангольскага іга ніколі не было (на нашых продкаў здзейснілі толькі некалькі буйных набегаў). Людзі, якія засялялі краіну, сталі жыхарамі ВКЛ. Спачатку паміж Вільняй, якая стала другой сталіцай ВКЛ пасля Наваградка, і Масквой разгарнулася барацьба за землі, што калісьці ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі. Спачатку ініцыятыва належала менавіта нашым продкам, якія далучылі да ВКЛ большую частку тэрыторыі Украіны — дзякуючы гэтаму на тых землях мангольскае іга доўжылася ўсяго 120 гадоў (у большасці іншых рэгіёнаў Русі яно было ў два разы даўжэйшым).

Але потым ВКЛ пераарыентавалася на Захад, заключыўшы саюз з Польшчай. А вось Масква ад сваіх мэтаў не адмовілася. У выніку паміж дзвюма краінамі пачаліся бясконцыя канфлікты, у якіх усходнія суседзі, што ў большасці выпадкаў былі агрэсарамі, спрабавалі захапіць нашыя тэрыторыі, а мы з пераменным поспехам адбівалі іх націск.

Прычым гэта была не проста барацьба за тэрыторыю, тыповая для заходніх краін таго часу, а супрацьстаянне паміж рознымі цывілізацыямі: расійскай і еўрапейскай.

Узяцце Смаленска і пытанне колькасці армій

Вайна паміж ВКЛ і Масквой пачалася восенню 1512 года, калі рускае войска рушыла на Смаленск — ключавую крэпасць на нашым усходнім памежжы. Першая і другая аблогі былі няўдалымі. Аднак падчас першага паходу Смаленск страціў свае пасады (абшары за межамі ўмацаванай тэрыторыі — напрыклад, крэпасці), падчас другога былі канчаткова спустошаныя ваколіцы горада, а ўраджай на палях загублены ці сабраны маскоўскімі фуражырамі. Ужо падчас другой аблогі жыхары галадалі і былі вымушаныя з’есці ўсіх коней. Таму трэцяя спроба аказалася паспяховай, і 1 жніўня 1514 года горад здаўся.

Пасля гэтага рускія рушылі на захад, захапіўшы Мсціслаў, Крычаў і Дуброўну. 8 верасня 1514 года пад Оршай іх сустрэла войска ВКЛ на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім.

Біяграфія нашага палкаводца незвычайная. Ён нарадзіўся ў 1460-м, стаў паспяховым военачальнікам. У 1497-м, калі яму было 37 гадоў, стаў вялікім гетманам літоўскім, узначаліўшы ўзброеныя сілы краіны. Праз тры гады ён пацярпеў страшную паразу на рацэ Ведраш (цяпер гэта тэрыторыя Смаленскай вобласці Расіі) і трапіў у палон. Толькі праз шэсць гадоў ён даў клятву вернасці маскоўскаму князю, пасля чаго яго выпусцілі з турмы і зрабілі баярынам. Але Астрожскі пры першым жа зручным выпадку збег на радзіму.

Як адзначаў гісторык Алесь Краўцэвіч, «вобраз гетмана Астрожскага ламае расійскую ідэалагему. Маўляў, войны з ВКЛ — гэта супрацьстаянне праваслаўнай Русі і каталіцкага Захаду. Астрожскі быў праваслаўным <…>. Ён мог перайсці на бок Масквы, як зрабілі многія, але з першай магчымасцю ўцёк. Выбраў барацьбу за сваю Айчыну. Для яго праваслаўная Масква была страшнейшай, чым каталіцкі Захад».

Партрэт Канстанціна Астрожскага. Выява: mdl.lt, commons.wikimedia.org

Якое войска было ў Астрожскага? На гэты конт існуе ўстойлівы міф, які гуляе па публікацыях. Згодна з ім, нашае войска складала 30 тысяч, маскоўскае — цэлых 80. Але гэта велізарнае перабольшанне. Перш за ўсё, такіх армій у тую эпоху яшчэ не было.

Як тлумачыў гісторык Алесь Казакоў, «да напалеонаўскіх войнаў па Беларусі ніколі не хадзілі войскі такіх памераў. Я маю на ўвазе, каб такое вялікае войска было ў адным месцы. Так, напрыклад, падчас вайны 1654−1667 гг. агулам на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага дзейнічалі маскоўскія войскі ў некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Але на розных кірунках.

У той перыяд нават у значна больш густанаселеных рэгіёнах Еўропы, дзе можна было пракарміць гэтае войска, не збіралася так шмат людзей у адным баі. У Паўночнай Італіі ў гэты час войскі часцей за ўсё не перавышалі 25 тысяч чалавек. Нават у ваенных статутах ХVII стагоддзя пісалася, што прыблізна такая колькасць для войска з’яўляецца аптымальнай».

Паводле спецыяліста, аўтарам міфа пра 80 тысяч быў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт, якому было важна падняць свой прэстыж і паказаць усёй Еўропе, што ён абараняе каталіцтва ад пагрозы з Усходу. Лічба ж 30 тысяч сустракаецца ў лісце Якуба Пізы, прадстаўніка папы рымскага, які, аднак, не заехаў далей за Вільню. Аналагічныя лічбы сустракаюцца і ў пасла Святой Рымскай імперыі Жыгімонта Герберштэйна (ён праязджаў праз тэрыторыю Беларусі праз тры гады пасля бітвы, у 1517-м). Насамрэч жа, на думку Казакова, нашая армія налічвала 16−17 тысяч, маскоўскую ён лічыць раўназначнай ёй.

Узбраенне рускага пешага ваяра XVI стагоддзя. Рэканструкцыя Фёдара Сонцава на аснове даспехаў са збору Зброевай палаты, 1869 год. Выява: digitalcollections.nypl.org, commons.wikimedia.org

Лічбы на 4−5 тысяч меншыя прыводзіць расійскі гісторык Аляксей ЛобінНа яго думку, «у 1510−1530-х гг. у вялікіх паходах (напрыклад, «гасудараў паход» на Смаленск 1514 г., паход на Літву 1535 г.) магло браць удзел да 20 000 чалавек (гаворка пра маскоўскую армію. — Заўв. рэд.). На асобных тэатрах баявых дзеянняў разгорнутыя конныя раці маглі налічваць да 10 000−12 000 (напрыклад, пад Оршай у 1514 г.).

Пры абсалютным прэваляванні памеснай конніцы над іншымі родамі войскаў агульная колькасць узброеных сіл у гэты перыяд не магла быць большай за 40 000». Лобін лічыў, што войскі ВКЛ налічвалі каля 12 тысяч чалавек — прыблізна столькі ж, колькі іх праціўнікі. Зрэшты, ён падкрэслівае, што Аршанская бітва была буйной бітвай. Нездарма яна ўвайшла ў гісторыю як «Вялікая бітва».

Спрэчкі расійскіх военачальнікаў і ход бітвы

У масавай свядомасці месца Аршанскай бітвы звязанае з Крапівенскім полем, дзе цяпер стаіць помнік і дзе рака Крапіўна ўпадае ў Дняпро. Само поле знаходзіцца паміж Оршай і Дуброўнам. Калі грунтавацца на гэтай версіі, Астрожскі адышоў ад Оршы, пераправіўся трохі вышэй па цячэнні праз Дняпро, і там ля пераправы і адбылася бітва.

Але, як адзначае Алесь Казакоў, гэта толькі адна з трох версій. Згодна з другой, армія пераправілася праз Дняпро пад Оршай і адышла ад ракі трохі на ўсход. Дзесьці паміж гэтым горадам і ракой Крапіўнай і адбылася бітва. Паводле трэцяй версіі, палкаводзец пераправіўся праз раку яшчэ вышэй па цячэнні (чым у першай версіі) і сустрэўся з ворагам у раёне вусця Крапіўны.

Схема Аршанскай бітвы. Выява: Чаховіч Уладзіслаў, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Аднак у гэтым факце — у тым, што мы не ведаем, дзе дакладна адбылася бітва, — няма нічога дзіўнага ці незвычайнага. Аналагічная сітуацыя і з іншымі буйнымі бітвамі той эпохі. Напрыклад, навукоўцы дагэтуль не ведаюць, дзе дакладна адбылася Кулікоўская бітва 1380 года на тэрыторыі Расіі. «Археолагі за 15 гадоў раскопак пакуль не знайшлі слядоў буйнога могільніка XIV стагоддзя», — адзначалі гісторыкі ў пачатку нулявых. Пры гэтым такіх буйных археалагічных даследаванняў на месцы Аршанскай бітвы наогул не было.

Зрэшты, з ходам бітвы таксама ёсць цяжкасці. У летапісах і хроніках яна апісаная няпоўна і супярэчліва. Як адзначае Казакоў, адносна ходу бітвы існуе яшчэ адзін міф: нібыта Астрожскі завабіў ворага пад агонь артылерыі, якую схаваў у засадзе.

Пры гэтым гісторыкі спасылаюцца на твор Герберштэйна, які пісаў: «Літоўцы, наўмысна адступіўшы да таго месца, дзе ў іх былі схаваныя гарматы, скіравалі іх супраць маскавітаў, якія насядалі, і пабілі заднія іх шэрагі, пашыхтаваныя ў рэзерве, але занадта скучаныя, прывялі іх у замяшанне і рассеялі. Такі нечаканы баявы прыём зрынуў маскавітаў у жах, бо яны лічылі, што ў небяспецы толькі першы шэраг, які б’ецца з ворагам; прыйшоўшы ў замяшанне і мяркуючы, што першыя шэрагі ўжо разбітыя, яны кінуліся наўцёкі».

Як піша Казакоў, існаваў нюанс: «У наступным, ужо нямецкамоўным, выданні Герберштэйн дадае, што ў засадзе была артылерыя і пяхота. Але ў Польшчы і ВКЛ не асабліва чыталі нямецкамоўныя выданні. А таму з першага лацінамоўнага выдання замацаваліся звесткі пра гарматы.

«Засада» сапраўды магла быць арганізаваная Астрожскім. Бо ў маскоўскіх летапісах паведамляецца, што з лясоў стралялі ваяры. Але не з гармат, а з ручніц (гаворка пра гладкаствольную стрэльбу. — Заўв. рэд.). У тыя часы гарматы сапраўды выкарыстоўваліся ў палявых бітвах. Але даволі часта яны мелі хутчэй псіхалагічны эфэкт. Вайна вялася ў бліжнім баі. А гарматы былі вельмі маруднымі і неэфектыўнымі. На перазарадку ішло 15 хвілінаў, а трапнасць стрэлу была досыць абмежаванай».

Як дапускаў Аляксей Лобін, флангі войска ВКЛ «былі значна слабейшыя за глыбокаэшаланаваны цэнтр. Магчыма, [Астрожскі] свядома паставіў на флангі лёгкія харугвы, тым самым даўшы «прынаду» рускім ваяводам: захацеўшы стукнуць па слабых частках на крылах каралеўскай арміі, яны так ці інакш выходзілі на засаду <…> альбо падстаўлялі свае флангі пад перпендыкулярны ўдар жалезных латнікаў <…>. З іншага боку, магутны цэнтр наймітаў, які перад сабой бачылі рускія ваяводы, не пакідаў ім выбару наконт кірунку атак».

Асаблівасцю жа рускай арміі былі супярэчнасці паміж двума военачальнікамі: Міхаілам Булгакавым-Голіцай і Іванам Чалядніным — яны спрачаліся, хто з іх больш высакародны і хто мусіць камандаваць адзінай арміяй, — што прывяло да няўзгодненасці іх дзеянняў. Напрыклад, пасля перастрэлкі, якая распачала бітву, Булгакаў-Голіца, што кіраваў правым флангам арміі, вырашыў наступаць самастойна, без узгаднення з Чалядніным. Нашыя продкі, як пісаў Герберштэйн, «зусім не разгубіўшыся, сталі цвёрда і адбілі іх. Але неўзабаве да маскавітаў былі пасланыя падмацаванні, якія, у сваю чаргу, змусілі літоўцаў уцякаць. Такім чынам, некалькі разоў то той, то іншы бок, атрымліваючы падмацаванне, біў іншы».

На думку Лобіна, часткі, падначаленыя Булгакаву-Голіцы, біліся з праціўнікам пры поўнай бяздзейнасці астатніх падраздзяленняў. І толькі праз нейкі час апошнія далучыліся да атакі. Аднак у цэнтры поля тая завяршылася няўдала, а «князь Булгакаў-Голіца пасля няўдалай атакі прыводзіў рассеяныя дваранскія сотні ў парадак і аказаць падтрымку Чалядніну, нават пры жаданні (а жадання ў яго відавочна не было), не мог». Тых жа, хто атакаваў злева, завабілі пад удар з засады.

Пасля таго як праціўнік пабег, пачалося адступленне і іншых частак, што перайшло ва ўцёкі, падчас якога захопнікі панеслі найбольшыя страты. Пераслед цягнуўся 6,5−13 км. Увечары вярнулася адпраўленая ў пагоню кавалерыя, прывёўшы з сабой палонных.

Катастрофа для Масквы і наш Дзень вайсковай славы

Рускія пацярпелі жорсткую паразу. Дакладныя лічбы стратаў невядомыя і дыскусійныя. Аднак агульны вынік бясспрэчны: гэта была яркая перамога нашых продкаў.

«Паміж Оршай і Дуброўнам, аддаленых адно ад аднаго на чатыры нямецкія мілі (каля 20 км. — Заўв. рэд.), ёсць рака на імя Крапіўна; кінуўшыся наўцёкі па яе небяспечных і стромкіх берагах, маскавіты патанулі ў такой колькасці, што загацілі плынь ракі. У гэтым баі былі ўзятыя ў палон усе военачальнікі [і дарадцы] маскавітаў; найгалоўнейшым з іх Канстанцін [Астрожскі] зладзіў на наступны дзень самы пышны прыём, а потым адаслаў іх да караля; яны былі размеркаваныя па літоўскіх крэпасцях. Іван Чаляднін з двума іншымі высакароднымі князямі ўжо пажылых гадоў утрымліваўся ў Вільні ў жалезных кайданах. Калі цэсар (імператар. — Заўв. рэд.) Максіміліян адправіў мяне паслом у Маскву, я, з дазволу караля Сігізмунда (гэта варыянт імені Жыгімонта. — Заўв. рэд.), наведаў іх і суцяшаў; акрамя таго, на іх просьбу я пазычыў ім некалькі залатых. Даведаўшыся пра паразу сваіх, гасудар адразу ж пакінуў Смаленск і збег у Маскву», — пісаў Сігізмунд Герберштэйн.

Станіслаў Гурскі, сакратар каралевы Боны Сфорцы, жонкі Жыгімонта, так апісваў тыя падзеі: «На полі былі відаць целы, што зведалі забойства, з выцеклай на зямлю крывёю, яны ляжалі без галоваў, рук ці ног, а ў іншых галава была разбітая молатам ці рассечаная напалам, у каго аголены пазваночнік, у каго вываліліся кішкі, у каго адсечанае ад цела плячо з рукой, у каго разбітыя мячом твар ці рот, хто рассечаны ад галавы да пупа, у кім тырчала дзіда, хто стагнаў, хто выпускаў дух, хто раздушаны конямі, хто завалены вялізнымі тушамі коней. Вельмі сумнае і жудаснае для самога Госпада відовішча. Нават у багністым рэчышчы Крапіўны і на яе абрывістых берагах, за 4 мілі ад месца бітвы, ляжала вялікая колькасць маскавітаў разам з коньмі, так што плынь загаціла кучай трупаў, і нашыя, ахопленыя смагай, зачэрпвалі шаломамі і пілі крывавую ваду».

Нават калі ў абодвух выпадках мела месца перабольшанне, маштаб катастрофы зразумелы.

Аднак цалкам скарыстацца плёнам перамогі не ўдалося. Пасля вікторыі армія Астрожскага засталася на полі. Палкаводзец не рушыў з месца, пакуль не атрымаў ад караля падмацаванне — да 4 тысяч ваяроў. Пасля гэтага ён выправіўся да Смаленска. Мясцовы біскуп Варсанофій арганізаваў змову і адправіў пляменніка да вялікага князя Жыгімонта, абяцаючы адкрыць вароты. Але маскоўскія ўлады даведаліся пра гэта. Калі Астрожскі падышоў да горада, трупы ўсіх змоўнікаў (акрамя самога біскупа) віселі на крапасной сцяне. Аблога завяршылася няўдала.

У цэлым нашым продкам удалося спыніць націск на беларускія землі, пасля бітвы распаўся саюз Масквы і імперыі Габсбургаў. Войска ВКЛ вярнула Дуброўну, Крычаў і Мсціслаў, але не здолела адбіць Смаленск. Паводле перамір'я 1522 года гэты горадзастаўся ў складзе Маскоўскага княства і вярнуўся ў ВКЛ толькі праз стагоддзе.

Здавалася б, вынікі сціплыя. Але ў гісторыі кожнай нацыі існуюць падзеі, якія ўвайшлі ў нацыянальную міфалогію і нацыянальны пантэон. Сярод іх абавязкова сустракаюцца бітвы. Да прыкладу, у Расіі гэта згаданая вышэй бітва на Куліковым полі (1380). І ў гэтым выпадку абсалютна не важна, што неўзабаве пасля гэтай бітвы манголы, супраць якіх змагаўся князь Дзмітрый Данскі, спалілі Маскву, а іга існавала яшчэ стагоддзе. Нашмат больш прынцыповы факт, што была здабытая адназначная перамога ў «генеральнай бітве», якая стала першым крокам да вызвалення. Таму для сучасных рускіх гэта вялікая падзея.

Бітва Вялікага Княства Літоўскага з Масковіяй, Якуб Піса, 1514 год. Выява: daten. digitale-sammlungen.de, commons.wikimedia.org

Бітва пад Оршай цалкам упісваецца ў гэтую мадэль. Паводле гісторыка Алеся Краўцэвіча, «мілітарызаваная Маскоўская дзяржава, нашмат большая [тэрыторыяй] чым ВКЛ, нарасціла вайсковую сілу ў мангола-татарскія часы.

Калі іга зрынулі, яны кінулі гэтую вайсковую масу на Захад, а потым на Сібір — як калісьці іспанцы, пасля заканчэння Рэканкісты, — на Амерыку. Для ВКЛ нашэсце такой масы маскавітаў было нечаканасцю. Ад сярэдзіны XV стагоддзя раз-пораз з-за ўсходняй мяжы паказвалася армія і несла спусташэнне. І немагчыма было яе спыніць. А пад Оршай удалося не проста спыніць, а знішчыць. Гэта была яркая перамога сярод страшнай паласы паразаў».

Нядзіўна, што з 1990-х гадоў дзень Аршанскай бітвы — 8 верасня — адзначаецца як Дзень беларускай вайсковай славы.

Каментары23

  • Проясните
    08.09.2024
    А кто в итоге уничтожил ВКЛ? А не наши ли это братья козаки с юга?
  • Гога
    08.09.2024
    Да,Были люди в это время!
    Не то что нынешнее племя!!!
  • Каша нейкая
    08.09.2024
    Я не магу чытаць гэты артыкул.
    "Пасля гэтага рускія рушылі на захад, захапіўшы Мсціслаў". Хто такія "рускія" у гэтым артыкуле? Продкі ўкраінцаў? Маскалі?

Лукашэнка стаў прадзедам11

Лукашэнка стаў прадзедам

Усе навіны →
Усе навіны

У класных журналах будуць звесткі аб месцы працы бацькоў3

У Тбілісі пратэстоўцаў рассеялі на праспекце Руставелі6

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?11

Шольц расказаў, што было ў яго таямнічай валізцы6

Беларускай блогерцы адмовіліся прадаваць рэмень «Луі Вітон». Яна абураная40

Беларусам стане складаней ехаць на заробкі ў Літву. Там змяніліся правілы падачы на ДНЖ

Ігара Кулея звольнілі з пасады кіраўніка рэдакцыі навін «Белсата»22

Як мінімум 56 чалавек загінулі падчас цісканіны на футбольным стадыёне ў Гвінеі

Купаўся ў моры, хадзіў у горы і зарабіў 8 тысяч еўра. Беларус расказаў пра сваю сезонную працу ў Харватыі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка стаў прадзедам11

Лукашэнка стаў прадзедам

Галоўнае
Усе навіны →