Памятаеце кацяня, якое праехала 10 км у Гродне ў маторы аўто? Яно знайшло гаспадыню
У аўтасэрвісе на праспекце Касманаўтаў хацелі адрамантаваць аўтамабіль, а знайшлі кацяня. Яно прыбыло туды ў маторным адсеку Citroen, які прыехаў з мікрараёна Альшанка, нагадвае гісторыю Hrodna.life.
Супрацоўнікі аўтасэрвісу адвезлі кацяня да ветэрынара, які прызначыў некалькі ўколаў для вока. Пакуль супрацоўнікі аўтасэрвісу лячылі яго, пра кацяня напісала ледзь не ўся Беларусь. Медыйны ахоп зрабіў сваю справу.
«У чацвер нам патэлефанавала гарадзенка Вольга і сказала — я хутка буду, чакайце! Не паспелі мы апамятацца, як Вольга прыехала па кацяня на таксі. Яна прызналася, што гатавала на кухні і гартала Instagram, дзе даведалася пра гісторыю гэтага пухнатага камячка. Вольга сказала, што спыніла гатаванне і памчалася да нас», — распавядаюць супрацоўнікі ААТ «Гроднааўтасэрвіс».
Жанчына прызналася, што любіць катоў і што ў яе дома ўжо ёсць адзін кот, але старэйшы.
«Мы ўрачыста перадалі Вользе кацяня і з радасцю адвезлі яе дадому, па дарозе заехаўшы ў заакраму па ўсё неабходнае. Мы дзякуем Вользе за спагадлівасць і вельмі рады, што кацяня цяпер будзе ў добрых людзей», — дадалі ў аўтасэрвісе.
Каментары