Журналіст Бі-бі-сі Фрэнк Гарднер сказаў, што перажыў зневажальны досвед. Сваёй гісторыяй ён падзяліўся з Бі-бі-сі.
«Калі ў панядзелак я ляцеў з Варшавы назад у Лондан, мне давялося паўзці па падлозе самалёта, каб дабрацца да прыбіральні. Я паралізаваны з моманту, калі 20 гадоў таму ў мяне стрэлілі баевікі Аль-Каіды ў Саудаўскай Аравіі. Мой досвед падчас гэтага палёту быў надзвычай нязручным фізічна і зневажальным.
Я разумею, што дыскамфорт, з якім сутыкаюся я і іншыя пасажыры з абмежаванымі магчымасцямі, меншы ў параўнанні з жахамі, якія адчуваюць людзі ў зонах канфліктаў па ўсім свеце.
Я выдатна ведаю гэта, бо асвятляю іх гісторыі, і таму мой выпадак адносна нязначны.
Але гэта было вельмі зневажальна — паўзці ў касцюме па падлозе самалёта перад іншымі пасажырамі.
Польская авіякампанія LOT, якая выконвае рэйсы ў Хітроу і назад, заявіла, што яе палітыка не заключаецца ў тым, каб трымаць вазок у праходзе самалёта.
Гэта непрымальна для пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі, бо гэтыя прылады меншыя за дзіцячую каляску, іх можна лёгка скласці і пакласці ў шафу або паліцу над галавой.
British Airways, Easyjet і ўсе іншыя авіякампаніі, якімі я нядаўна лётаў, маюць вазкі на борце.
На мой погляд, гэта нескладана выправіць. Гэтая «палітыка», несумненна, памылковая — яе трэба неадкладна змяніць.
Цяпер 2024 год, а не 1970-ы, і мяне шакуе тое, што ў брытанскія аэрапорты дапускаюць авіякампаніі, якія фактычна заяўляюць: «калі вы не можаце хадзіць, вы не зможаце скарыстацца туалетам у нашых самалётах».
Польскія авіялініі LOT заявілі Бі-бі-сі, што «выбачаюцца за сумны досвед» і «за нязручнасці і дыскамфорт, выкліканыя адсутнасцю інваліднага вазка на борце».
У заяве гаворыцца, што з-за «абмежаванай прасторы» на блізкамагістральных рэйсах няма інвалідных вазкоў на борце, але авіякампанія разумее «важнасць даступнасці» і «актыўна тэстуе спосабы бяспекі інвалідных калясак на борце падчас блізкамагістральных рэйсаў».
«На жаль, мяне гэта не пераконвае, бо ў маі я ляцеў гэтай авіякампаніяй з Таліна ў Лондан, і там адбылося тое ж самае», — кажа журналіст.
Па яго словах, персанал на зямлі быў даволі бескампрамісным і адхіляў ідэю, што самалёт павінен мець такое абсталяванне.
«Наадварот, падчас палёту ў панядзелак бартавы персанал паводзіў сябе фантастычна.
Яны былі збянтэжаныя, выбачаліся і дапамагалі, як маглі. Яны заахвочвалі мяне скардзіцца на сітуацыю, таму што бачылі, як гэта няправільна.
Я адчуў нешта падобнае 12 гадоў таму на кенійскіх авіялініях. Пасля маёй заявы авіякампанія вырашыла праблему, і я атрымаў некалькі выдатных лістоў ад турыстычных фірмаў, у якіх дзякавалі за тое, што цяпер іх кліенты з абмежаванымі магчымасцямі адчуваюць сябе камфортна на рэйсах гэтай авіякампаніі.
Я здзіўлены тым, што гэтае пытанне прыйшлося падымаць зноў. Вялікабрытанія надае шмат увагі абароне правоў людзей з інваліднасцю. Тэлевядучая і актывістка Сафі Морган вядзе фантастычную працу па павышэнні дасведчанасці ў гэтай галіне, яна нават сустракалася з прэзідэнтам Байдэнам, каб абмеркаваць гэта.
Але ганебна, што пасажыры з абмежаванымі магчымасцямі, якія вылятаюць з брытанскіх аэрапортаў, па-ранейшаму падвяргаюцца такой дыскрымінацыі», — напісаў Гарднер.
Каментары
Так любое учреждение можно зачмырить, ползая по коридорам и крылечкам.
А ещё есть поезда, автобусы, такси, дирижабли...
З тае пары дзяржаўная авіякампанія LOT, як і сьлед быць дзяржаўнай - пэрманэнта стратная, нязручная, пастаянная датаваная з бюджэту, а дзяржрагуляцыі няспрыяльныя да канкурэнтаў.
Ну і вось дзяржаўны прапагандыст, які за безумоўна сьцяганыя з брытанцаў сродкі на ўтрыманьне дзяржканалу пралецеўся на дзяржаўным самалёце.