Гісторыя3737

Лукашэнка атрымаў ад Расіі тую ж узнагароду, што і Мураўёў-Вешальнік. Хто яшчэ з беларусаў яе атрымліваў?

Аляксандр Лукашэнка атрымаў ад Уладзіміра Пуціна ордэн Андрэя Першазванага. Гэтая ўзнагарода мае глыбокі сімвалічны змест, які яна набыла за стагоддзі існавання. Расія ўзнагароджвала ёй самых верных і карысных служак, якія адзначыліся ў справе ўцягнення Беларусі ў арбіту імперыі. Магнаты, біскупы і карнікі — паглядзелі, хто яшчэ ў гісторыі Беларусі атрымліваў гэты ордэн і за якія заслугі перад Расіяй. 

30 жніўня Уладзімір Пуцін павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з 70-гадовым юбілеем і падпісаў указ аб узнагароджанні яго ордэнам святога апостала Андрэя Першазванага.

Цалкам абгрунтаванне гучыць так:

«За выдатныя заслугі ў развіцці адносін саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, умацаванні сяброўскіх сувязяў паміж расійскім і беларускім народамі, а таксама за вялікі асабісты ўклад у стварэнне і эфектыўную дзейнасць Саюзнай дзяржавы».

Ордэн святога апостала Андрэя Першазванага. Фота: Wikimedia Commons

Лукашэнка стаў 27-й асобай, узнагароджанай найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Расіі. Раней яе таксама атрымалі патрыярхі Алексій II і Кірыл, экс-прэзідэнт СССР Гарбачоў, лідары замежных краін Назарбаеў, Аліеў, Сі Цзіньпін, а таксама пісьменнік Салжаніцын, які, праўда, адзіны адмовіўся яе прыняць.

Ордэн быў заснаваны Ельцыным у 1998 годзе — як аднаўленне найстарэйшай расійскай узнагароды, якая існавала да рэвалюцыі 1917 года. Акрамя той фармулёўкі, з якой прысуджаецца ордэн, у ягоным статуце канкрэтна прапісана, за што і каму ён можа ўручацца:

«За выключныя заслугі, якія садзейнічаюць росквіту, велічы і славе Расіі, забеспячэнню яе нацыянальнай бяспекі і суверэнітэту».

Гэтая фармулёўка яднае Лукашэнку з іншым вядомым кавалерам ордэна — віленскім генерал-губернатарам Міхаілам Мураўёвым, які вядомы ў гісторыі як «Вешальнік». Такую мянушку ён атрымаў у Беларусі за жорсткае задушэнне вызваленчага паўстання 1863 года. Карыстаючыся сваімі надзвычайнымі паўнамоцтвамі, Мураўёў прывёў да шыбеніцы больш за сотню лідараў паўстання, у тым ліку Кастуся Каліноўскага, а тысячы — да канфіскацыі маёмасці і высылкі ў Сібір.

Граф Міхаіл Мураўёў і карыкатура на «Вешальніка». Фота: Wikimedia Commons

Для астатніх расійскім самадзяржаўем была падрыхтаваная праграма заспакаення і русіфікацыі краю. Менавіта за часамі Мураўёва, верагодна, ягоным прыхільнікам Іванам Карнілавым, прызначаным куратарам Віленскай навучальнай акругі пасля паўстання з мэтай вычысціць школы ад іншадумства, была агучана знакамітая фраза-формула: «што не дарабіў рускі штык, даробіць рускі чыноўнік, руская школа і рускі поп».

Паўстанне ў літоўска-беларускіх губернях было практычна задушана да пачатку верасня 1863 года. Прызначаны ў сярэдзіне мая 1863 года на пасаду віленскага генерал-губернатара, Мураўёў усяго праз некалькі месяцаў атрымаў найвышэйшую ўзнагароду імперыі з афіцыйнай фармулёўкай «за кіраванне Літоўска-Беларускім краем».

Яшчэ адным важным атрыбутам зносін Расіі са сваімі сатэлітамі з'яўляюцца помнікі. Паўсюль, дзе дамінуе Расія, ставяцца помнікі Пушкіну і Аляксандру Неўскаму, як, напрыклад, нядаўна ў Мінску. Фота: БелТА

І тут яшчэ адно сімвалічнае супадзенне, ордэн святога Андрэя Першазванага быў прысвоены Мураўёву ў той жа дзень, што і Аляксандру Лукашэнку — 30 жніўня. Нехта можа сказаць, што па розных календарах, але прыгажосць супадзення гэта не змяншае.

Гэта не адзіныя выпадкі, калі за сваю дзейнасць на Беларусі нехта атрымлівае ад Расіі найвышэйшую ўзнагароду — іх дзясяткі. Гістарычны ордэн не меў канкрэтных крытэрыяў узнагароджання, яго надаваў расійскі манарх тым, каго лічыў вартым адзначыць за ягоную службу на карысць Расіі. 

Ордэн святога Андрэя Першазванага атрымалі многія прадстаўнікі магнацкіх родаў за той ці іншы ўдзел у развале Рэчы Паспалітай і далучэнні Беларусі да Расіі. 

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі і Кацярына II з ланцугом ордэна святога Андрэя Першазванага на шыі. Фота: Wikimedia Commons

У 1764 годзе ордэнам быў узнагароджаны новаабраны манарх Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які атрымаў сталец пры падтрымцы расійскай імператрыцы Кацярыны II. Расія ў той час актыўна ўплывала на палітыку, і ўзнагарода была часткай яе палітычнай стратэгіі. З той жа прычыны за год да таго расійскі ордэн атрымаў іншы кандыдат на трон, граф Міхал Казімір Агінскі, будучы віленскі ваявода і вялікі гетман літоўскі.

Іахім Літавор Храптовіч і Міхал Бжастоўскі. Храптовіч абвешаны ордэнамі, але павесіць расійскі ордэн ён, здаецца, пасаромеўся. Фота: Wikimedia Commons

Ордэн у 1764 годзе перад выбарамі караля таксама атрымалі Іахім Літавор Храптовіч, будучы апошні канцлер вялікі літоўскі, і Міхал Бжастоўскі, будучы падскарбій вялікі літоўскі, якія падтрымалі кандыдатуру Панятоўскага на элекцыйным сейме. Дарэчы тую ж узнагароду атрымае ў 1880 годзе і ўнук Іахіма — Міхал Храптовіч, які будзе ў якасці дыпламата адстойваць інтарэсы імперыі ў еўрапейскіх краінах, у першую чаргу ў Вялікабрытаніі.

Спробы Панятоўскага рэфармаваць дзяржаву і ўзмацніць цэнтральную ўладу прывялі да таго, што Расія ўрэшце паставіла на іншых магнатаў, якія супрацьстаялі яму і ягонай партыі «Фамілія». Пад прыкрыццём расійскіх войскаў для абароны ранейшага ладу Рэчы Паспалітай у 1767 годзе была створана Радамская канфедэрацыя.

Караль Станіслаў «Пане Каханку» і ягоны бацька Міхал Казімір «Рыбанька» Радзівілы. У Караля Станіслава на шыі вісіць знак ордэна святога Андрэя Першазванага. Фота: Wikimedia Commons

Яе маршалак Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку» таксама атрымаў ад Расіі ордэн святога Андрэя Першазванага. Пане Каханку быў галоўным канкурэнтам «прарасійскага» Панятоўскага за сталец Рэчы Паспалітай, супраць яго ўплыву была задзенічана расійская армія, прызваная «Фаміліяй». Але калі новы кароль пачаў праводзіць палітыку па ўзмацненні ўлады, Расія пераключылася на ягонага былога канкурэнта.

Дарэчы ў сям’і Радзівілаў гэты ордэн стаў «сямейным», бацька Караля, Міхал Казімір «Рыбанька», які выступаў супраць рэфармавання анархічнага ладу Рэчы Паспалітай і падтрымліваў добрыя адносіны з уладамі Расіі, таксама быў удастоены ордэна ў 1758 годзе.

У 1772 годзе адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай, паводле якога да Расіі адышлі Інфлянты і ўсходнія ўскраіны Беларусі. У 1776 годзе ордэн атрымаў Аляксандр Міхал Сапега, які пры падтрымцы рускага пасланніка Штакельберга за год да таго атрымаў пасаду вялікага канцлера літоўскага, праз два дзесяцігоддзі ён стане маршалкам Таргавіцкай канфедэрацыі, створанай у інтарэсах Расіі супраць рэформ і новай канстытуцыі. Выступленне канфедэрацыі скончылася другім падзелам Рэчы Паспалітай.

Аляксандр Міхал Сапега і Людвік Скумін-Тышкевіч. Фота: Wikimedia Commons

Вялікія маёнткі пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай атрымаў апошні прадстаўнік Скумін-Тышкевічаў Людвік, які ў 1782 годзе стаў кансулярам Пастаяннай Рады, заснаванай з ініцыятывы расійскай імператрыцы Кацярыны II. Яе склад выбіраўся па пададзеным расійскай манархіняй спісе. У 1787 годзе за верную службу Людвік Тышкевіч атрымаў ордэн святога Андрэя Першазванага. 

Пасля далучэння Беларусі ордэн атрымлівалі ў асноўным прышлыя расійскія чыноўнікі, асабліва тыя, што адзначыліся ў рэпрэсіях супраць мясцовых «бунтаўшчыкоў». Напрыклад, яго атрымаў Мікалай Навасільцаў, які быў прызначаны апекуном Віленскага ўніверсітэта і Віленскай навучальнай акругі, а ў 1823 годзе ўзначаліў камісію, што расследавала таемныя арганізацыі студэнтаў — філаматаў і філарэтаў. Сотні студэнтаў былі прыцягнуты да судовага працэсу, дзясяткі асуджаны да турмы і высылкі, у тым ліку славутыя Ян Чачот, Тамаш Зан і Адам Міцкевіч. Яго жорсткасць у дачыненні да маладых людзей шмат у чым паскорыла пачатак паўстання 1830 года.

Усмірыцель Віленскага ўніверсітэта Мікалай Навасільцаў і кіраўнік усіх католікаў імперыі магілёўскі архібіскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, на грудзі якога знак ордэна святога Андрэя Першазванага. Фота: Wikimedia Commons

Атрымлівалі гэтую ўзнагароду за службу на карысць імперыі і духоўныя асобы, якія спрыялі рэлігійнаму міру ў расійскім разуменні гэтага слова. У 1798 годзе ордэн атрымаў першы магілёўскі архібіскуп-мітрапаліт, амбіцыйны Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, які з гэтым тытулам стаў кіраўніком усіх католікаў Расійскай імперыі, можна сказаць «рускім Папам». Нягледзячы на тое, што большасць католікаў пражывала на далучаных у час раздзелаў землях, рэзідэнцыю магілёўскага архібіскупа перанеслі ў Пецярбург, дзе яна заставалася да самай рэвалюцыі — сяброў трымай блізка, а ворагаў яшчэ бліжэй.

Уніяцкі мітрапаліт Іасафат Булгак са знакам ордэна святога Андрэя Першазванага і Іосіф Сямашка. Фота: Wikimedia Commons

Ордэн Святога Андрэя Першазванага ў 1833 годзе атрымаў і ўніяцкі мітрапаліт кіеўскі Іасафат Булгак, які асудзіў вызваленчае паўстанне супраць расійскіх уладаў, што каштавала яму аўтарытэту і ўплыву на беларускіх землях. Ягоны наступнік мітрапаліт Іосіф Сямашка атрымаў ордэн за сваю ролю ў русіфікацыі Паўночна-Заходняга краю, ліквідацыі ўніі і далучэнні ўніятаў, вельмі часта гвалтоўным чынам, да Рускай праваслаўнай царквы.

Пуцін і Лукашэнка.

Асоба Лукашэнкі як нельга лепш працягвае гэты яскравы шэраг асоб, якія паспрыялі ўцягванню беларускіх земляў у сферу ўплыву Расіі і страце дзяржаўнага суверэнітэту. Ордэнская дыпламатыя, распачатая расійскімі ўладамі ў канцы XVIII стагоддзя, зноў актуалізавалася ў наш час. Зрэшты, такая ўзнагарода становіцца таўром для ўладальніка — ад яе нельга адмовіцца, а для іншых яна пазнавальная прыкмета падданства.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары37

  • Михалон Литвин
    06.10.2024
    Губернатор Литовско-Белорусского края.
  • Рацыя
    06.10.2024
    Лукашэнка-Вешальнік
  • Шляхцич Завальня
    06.10.2024
    Войдёт в анналы истории как Аляксандр Дурны

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Усе навіны →
Усе навіны

У дзень выбараў у Мінску грамадскі транспарт будзе бясплатным4

У Мінску рабочыя затрымалі кур'ера махляроў3

У заходняй навуцы расце цікавасць да Беларусі. Але з перашкодаў не толькі матрошкі ды чабурашкі32

У Варшаве напалі на дырэктара праграмы Каліноўскага18

Больш за 100 сайтаў за 12 хвілін. Hoster.by расказаў пра масавую атаку на беларускія сайты

Вольга Лойка: Усё ідзе да таго, што Беларусь не давядзецца далучаць сілай — яна сама ўпадзе ў рукі Расіі16

У Беларусі ловяць усё больш нарказакладчыкаў з Расіі1

Расійскі анархіст атрымаў 16 гадоў калоніі і скончыў жыццё самагубствам у той жа дзень

Пільны рыэлтар у Мінску пераканаў пенсіянерку не прадаваць кватэру махлярам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Галоўнае
Усе навіны →